Top.Mail.Ru

Падрабязнасці перагавораў прэзідэнтаў Беларусі і Інданезіі Аляксандра Лукашэнкі і Прабова Субіянта, якія адбыліся 2 ліпеня ў Джакарце

Перагаворам папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы з удзелам роты ганаровай варты, выкананнем гімнаў дзвюх краін, зброевымі залпамі і народнымі танцамі


Картэж Аляксандра Лукашэнкі па дарозе ў Палац Незалежнасці ў Джакарце суправаджаў ганаровы эскорт матацыклістаў, а затым больш за сотню кавалерыстаў на конях. Пасля прадстаўлення членаў афіцыйных дэлегацый Аляксандр Лукашэнка пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей. Пасля сумеснага фатаграфавання лідары краін пачалі афіцыйныя перагаворы, які прайшлі ў вузкім і пашыраным складах.

«Для беларусаў работы ў Інданезіі дастаткова»

«Падчас падрыхтоўкі да гэтага візіту і знаходзячыся другі раз у Інданезіі за час сваёй прэзідэнцкай службы, я абсалютна перакананы, што для беларусаў работы ў Інданезіі дастаткова, і мы гатовы папрацаваць сур’ёзна, каб рэалізаваць тыя мэты, якія вы паставілі перад сваім гіганцкім народам і вялікай краінай», — заявіў Прэзідэнт Беларусі падчас перагавораў у вузкім складзе.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што напярэдадні адбыліся перагаворы на ўзроўні членаў урадаў дзвюх краін і ўжо дасягнуты пэўныя дамоўленасці. «Нашы міністры, члены ўрада з інданезійскага і з беларускага боку ўчора (1 ліпеня. — „Зв.“) сустракаліся і абмеркавалі асноўныя пытанні, асноўныя кірункі нашай работы — Беларусі ў Інданезіі і Інданезіі ў Беларусі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я абсалютна перакананы, што аб многім ужо дамовіліся. Таму нам трэба зацвердзіць гэтыя дамоўленасці і без затрымак і бюракратыі дзейнічаць. Толькі наперад».

Прэзідэнт адзначыў, што напярэдадні ў яго з Прабова Субіянта таксама адбылася добрая размова, якая паслужыць фундаментам для далейшых крокаў па паляпшэнні і развіцці беларуска-інданезійскіх адносін. Ад імя ўсёй дэлегацыі Беларусі кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць Прэзідэнту Інданезіі за дружалюбны прыём, які быў аказаны беларускаму боку.

«Нашы народы ведаюць цану суверэнітэту і незалежнасці»

Падчас перагавораў у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка правёў гістарычныя паралелі паміж Беларуссю і Інданезіяй, народы якіх ведаюць цану суверэнітэту і незалежнасці.

«Пасля вашага выбрання ў 2024 годзе палітычны дыялог і эканамічныя сувязі паміж нашымі краінамі прыкметна актывізаваліся, дзякуючы актыўнай незалежнай пазіцыі, якую вы занялі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнымі прынцыпамі супрацоўніцтва для нас з’яўляюцца ўзаемная павага, гатоўнасць аказваць падтрымку адзін аднаму, у тым ліку на міжнароднай арэне. Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, паміж беларусамі і інданезійцамі шмат агульнага». 

Беларускі лідар адзначыў, што ў Інданезіі ўдаецца паспяхова ўвасабляць у жыццё дэвіз «Адзінства ў разнастайнасці», высечаны на дзяржаўным гербе краіны. «У гэтым адзінстве — сіла вашага народа», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У сваю чаргу для беларусаў важным гістарычным арыенцірам стаў дэвіз «Разам за моцную і квітнеючую Беларусь!»

«Нашы народы ведаюць цану суверэнітэту і незалежнасці, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Як інданезійцы, так і беларусы суверэнітэт і незалежнасць адстойвалі ў жорсткай барацьбе з замежнымі захопнікамі. Вопыт, набыты ў барацьбе за права самастойна распараджацца сваім лёсам, сваёй зямлёй, пакладзены ў аснову міралюбівай, але цвёрдай і паслядоўнай палітыкі беларускай дзяржавы на сучасным этапе».

Аляксандр Лукашэнка прывітаў рашэнне інданезійскага боку аб адкрыцці пасольства ў Мінску. «Упэўнены, што гэта дыпламатычная місія (Інданезіі. — „Зв.“) будзе поплеч працаваць з беларускім пасольствам у Джакарце, дапаможа нарасціць інтэнсіўнасць кантактаў паміж нашымі краінамі», — сказаў Прэзідэнт. Ён запэўніў, што кіраўніку дыпмісіі будзе аказана ўсялякая падтрымка з беларускага боку.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў удзел у перагаворах прадстаўнікоў ключавых ведамстваў Беларусі і Інданезіі, якія ўжо абмеркавалі з калегамі кола галіновых задач. «Гэта сведчыць аб узаемнай нацэленасці на актывізацыю ўсебаковага ўзаемадзеяння», — адзначыў ён.

Больш за тое, прадстаўнікі дэлегацый вырашылі значную колькасць пытанняў перагаворнага парадку дня і тым самым знялі частку работы з лідараў дзвюх краін, аб чым з гумарам згадаў Прэзідэнт Інданезіі.

«І вы жартам, але вельмі дакладна вызначылі ход нашых перагавораў, — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да свайго інданезійскага калегі. — Сказалі: „Нам і рабіць практычна няма чаго, бо міністры добра папрацавалі“. Гэта сапраўды так. Будзем у гэтым напрамку рухацца наперад».

«Прыйшоўшы да вас са сваёй прадукцыяй, мы гатовы навучыць і падрыхтаваць дастатковую колькасць вашых людзей»

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, патэнцыял беларуска-інданезійскага супрацоўніцтва значны. «І справа не ў тым, што вы гіганцкая краіна, мы ў параўнанні з вамі невялікая дзяржава, — удакладніў ён. — Але мы валодаем патрэбнымі для вас тэхналогіямі і кампетэнцыямі. І мы ў гэтых адносінах гатовы з вамі працаваць. У гэтым плане няма закрытых тэм. Мы нікога не баімся, як і вы ў Інданезіі, бо мы робім гэта не супраць кагосьці, а робім гэта на карысць нашых краін і народаў». 

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падпісанне ў снежні 2025 года пагаднення аб зоне свабоднага гандлю паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Інданезіяй стала адным з найбольш значных момантаў беларускага старшынства ў ЕАЭС у мінулым годзе.

«Мы з вамі (Прэзідэнтам Інданезіі. — „Зв.“) адзіныя ў намеры дапамагчы дзелавым колам максімальна выкарыстоўваць перавагі, якія дае новы гандлёвы рэжым», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў бакоў ёсць усе магчымасці, каб, напрыклад, неўзабаве на вуліцах Джакарты і іншых гарадоў Інданезіі з’явіліся ў вялікай колькасці аўтамабілі і іншая тэхніка, вырабленая ў Інданезіі па беларускіх тэхналогіях.

«Мы не хочам толькі гандляваць з вамі, — удакладніў беларускі лідар. — Гэта таксама нядрэнна. Але мы разумеем, што гэта не той шлях у сучасным свеце. Таму, прыйшоўшы да вас са сваёй прадукцыяй, мы гатовы навучыць і падрыхтаваць дастатковую колькасць вашых людзей у Інданезіі». 


Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што падрыхтоўка інданезійскіх спецыялістаў магчыма і ў беларускіх установах адукацыі, і гэта патрэбны, але доўгі шлях. Больш кароткі і ўжо апрабаваны Беларуссю ў іншых краінах свету — навучанне інжынераў непасрэдна на мясцовых вытворчасцях, на канвеерах.

«Мы хочам для сваіх народаў дабра»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на выгаднае геаграфічнае становішча Беларусі — у цэнтры Еўропы, што дае магчымасці для папулярызацыі інданезійскай прадукцыі на еўрапейскім рынку. «Вы заўсёды можаце на нас разлічваць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Можаце з тэрыторыі Беларусі працаваць на Еўропу. І мы акажам вам у гэтым усялякую падтрымку. Мы з вамі сябры, і будзем рабіць усё неабходнае, каб вы калі-небудзь не пашкадавалі аб тым, што з намі звязаліся».

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз выказаў удзячнасць Прабова Субіянта за запрашэнне наведаць гэту квітнеючую краіну і за гасцінны прыём, аказаны беларускай дэлегацыі ў краіне тысячы астравоў.

«Паважаны Прэзідэнт. Дарагі сябар. Я вымавіў гэта не як дзяжурную фразу, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Напэўна, таму, што мы падобныя з вамі па характары, за кароткі прамежак часу мы сталі сябрамі. А яшчэ і таму, што мы хочам для сваіх народаў дабра. Мы хочам зрабіць багатымі, самадастатковымі нашы дзяржавы». 

Папярэдні візіт беларускага лідара ў гэту краіну адбыўся каля 13 гадоў таму. І Прэзідэнт Інданезіі ў ходзе перагавораў выказаў некаторае шкадаванне, што паміж візітамі быў такі працяглы прамежак. Але, на думку Прэзідэнта Беларусі, у гэтым ёсць і станоўчы аспект. «Бачны кантраст, бачная дынаміка, той прагрэс, якога вы дасягнулі за гэты час, ён надзвычайны, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Мы бачым, з якой хуткасцю вы ідзяце да сваіх мэт».


Па выніках афіцыйных перагавораў падпісаны шэраг міжнародных дакументаў. Галоўны з іх — Дарожная карта развіцця ключавых кірункаў супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Інданезія на 2026–2030 гады.

Заключаны мемарандумы ў галінах прамысловай кааперацыі, культуры, аховы здароўя, акрэдытацыі. Падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі і Нацыянальным агенцтвам даследаванняў і інавацый Інданезіі аб навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісалі і гандлёва-прамысловыя палаты дзвюх краін. Заключаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Упраўленнем фінансавых паслуг Інданезіі. Яшчэ адзін мемарандум датычыцца супрацоўніцтва па абмене інфармацыяй, звязанай з легалізацыяй злачынных даходаў і фінансаваннем тэрарызму, фінансаваннем распаўсюджвання зброі масавага паражэння.

«Мы шчаслівыя, што вы выбралі нас»

Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка адзначыў: беларусы шчаслівыя, што ў рэалізацыі намечаных планаў у Інданезіі, якія ў гэтай краіны вялізныя, яны ўбачылі Беларусь. 

«Для нас тут ёсць непачаты край работы, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Яшчэ раз хачу запэўніць: усё, аб чым мы дамовіліся, мы рэалізуем. Так, мы не такая гіганцкая краіна, як Інданезія. Але ў нас ёсць тое, што трэба вам».

Беларускі лідар адзначыў, што размова не проста аб гандлі таварамі, што вырабляюцца ў Беларусі або Інданезіі, галоўнае — гэта тэхналогіі. «Тэхналогіі, у якіх вы маеце патрэбу, — удакладніў ён. — Вы дыверсіфікуеце ўсё. Вы не хочаце быць залежнымі ад пэўнай адной дзяржавы. Вы хочаце мець у Інданезіі ад максімуму дзяржаў свету. І чым больш, тым лепш. У гэтым таксама сутнасць вашай незалежнасці. Таму мы шчаслівыя, што вы выбралі нас».

Па словах кіраўніка дзяржавы, Інданезія была, ёсць і, зразумела, будзе адным з ключавых партнёраў Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі. «Рады адзначыць, што за апошні час беларуска-інданезійскія сувязі прыкметна актывізаваліся, — заявіў беларускі лідар. — Прагрэс дасягнуты ў многіх галінах, ёсць канкрэтныя напрацоўкі на будучыню. І патэнцыял гэтых напрацовак вялізны». 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў ходзе праведзеных перагавораў на найвышэйшым узроўні бакі ў дружалюбнай і канструктыўнай атмасферы абмеркавалі шырокае кола перспектыўных кірункаў узаемадзеяння. Ён падкрэсліў, што ў многім гэтаму садзейнічала дружба паміж лідарамі краін.

Асаблівая ўвага была ўдзелена праектам у гандлёва-эканамічнай і інвестыцыйнай сферах, а таксама гуманітарным ініцыятывам.

«Пацвярджаю рашучасць беларускага боку ажыццявіць усе мэты і задачы, зафіксаваныя ў Дарожнай карце развіцця ключавых кірункаў супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Інданезіяй да 2030 года. Гэта — галоўны з падпісаных намі дакументаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы адкрыты для рэалізацыі сумесных узаемавыгадных праектаў і пашырэння кааперацыі з Інданезіяй»

Прэзідэнт адзначыў, што забеспячэнне харчовай бяспекі — адно з самых надзённых пытанняў у глабальным парадку дня. «Вы гэта пытанне вырашаеце паспяхова і бачыце ў гэтым наша месца, — заўважыў ён. — Ваенныя канфлікты, энергетычныя калапсы, праблемы на традыцыйных гандлёвых маршрутах — усё гэта неадкладна адбіваецца на кошце харчовага кошыка для простых людзей. Я цвёрда ўпэўнены: умацоўваць харчовую бяспеку, каб наладзіць устойлівае самазабеспячэнне, лягчэй сумеснымі намаганнямі. Мы да гэтага гатовы».

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што Беларусь гатова ўнесці важкі ўклад у работу, якая ў гэтым кірунку праводзіцца кіраўніцтвам Інданезіі. Размова аб пастаўках угнаенняў, сельскагаспадарчай тэхнікі, велікагрузнай тэхнікі і іншых тавараў.

«Мы гатовы не проста пастаўляць вам гэту тэхніку, а навучыць тысячы вашых людзей працаваць на такой тэхніцы, — дадаў Прэзідэнт. — Мы гатовы навучаць вашых людзей не толькі ў Інданезіі, але і на канвеерах нашых заводаў. Мы гатовы таксама дапамагчы інданезійскім сябрам па асобных запатрабаваных харчовых пазіцыях. Па пастаўках малака, мяса, іншых прадуктаў харчавання».

Сярод прыярытэтаў — і развіццё двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы прамысловасці. «Мы адкрыты для рэалізацыі сумесных узаемавыгадных праектаў і пашырэння кааперацыі з Інданезіяй, — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Не толькі просты гандаль, але і стварэнне сумесных прадпрыемстваў з глыбокай лакалізацыяй».

Беларусь гатова аказаць неабходнае садзейнічанне ў падрыхтоўцы медыцынскага персаналу і кваліфікаваных кадраў для мадэрнізацыі інданезійскай эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў супрацоўніцтве Беларусі і Інданезіі не было і няма закрытых тэм. «Пачынаючы ад харчавання і заканчваючы ваенна-прамысловым комплексам, — канкрэтызаваў ён. — Гэта стала магчыма, спадар Прэзідэнт, дзякуючы вашай энергічнай падтрымцы беларускай дзяржавы ў Інданезіі. Мы людзі ўдзячныя, умеем цаніць сяброўства. І мы будзем гэта памятаць заўсёды».

«Гэты візіт абсалютна планавы» 

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Прэзідэнту Інданезіі за запрашэнне наведаць краіну, а таксама за сардэчны прыём, аказаны беларускай дэлегацыі.

«Я з цеплынёй успамінаю свой папярэдні візіт у Інданезію, які адбыўся ў 2013 годзе, — сказаў беларускі лідар. — З задавальненнем адзначаю, як хутка мяняецца ваша цудоўная краіна і ўпэўнена расце яе эканоміка. Я задаволены тым, што ў выніку нашага візіту ў Інданезію, пасля перагавораў з Прэзідэнтам Інданезіі ў Мінску і дзякуючы рабоце нашых міністэрстваў, членаў усёй дэлегацыі, прадстаўнікоў бізнесу мы ўжо на сённяшні дзень тут заключылі дагавораў на дзясяткі мільёнаў долараў».

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэты візіт ён з інданезійскім калегам планаваў яшчэ год таму. «Гэта я гавару для таго, каб у Беларусі разумелі, што гэты візіт абсалютна планавы, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Даўно мы дамовіліся аб тым, што тут сустрэнемся, абмяркуем нашы планы, дарожную карту. Што мы і зрабілі». 

Па словах беларускага лідара, шчырае сяброўства і плённае супрацоўніцтва звязваюць абедзве дзяржавы ўжо больш за трыццаць гадоў. «На самай справе нашмат больш, бо на момант устанаўлення дыпламатычных адносін у 1993 годзе ўжо быў вопыт узаемадзеяння нашай рэспублікі — БССР — з Інданезіяй, — нагадаў ён. — Беларуская дэлегацыя з першых сесій Генеральнай Асамблеі ААН выступала катэгарычна супраць каланіяльнага прыгнёту Інданезіі і патрабавала спынення спроб задушыць інданезійскую незалежнасць ваенным шляхам. Вы паспяхова з гэтай праблемай справіліся. І сёння на міжнародных пляцоўках Мінск і Джакарта дэманструюць супадзенне мэт і падтрымліваюць адна адну. Вы паставілі амбіцыйныя задачы перад краінай. Мы побач з вамі».

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць свайму інданезійскаму калегу за прынятае рашэнне аб адкрыцці пасольства, аб бязвізавых паездках нашых грамадзян у Інданезію і адкрыцці прамога авіярэйса.

«Беларусы не проста прыглядаюцца да Інданезіі як да вельмі цікавага турыстычнага напрамку, многія ўжо адкрылі яго для сябе, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Нашы дэлегацыі ўдзялілі асаблівую ўвагу тэме ўзаемных паездак. Таму і адкрыццё пасольства, і адмена візавых абмежаванняў, увядзенне свабодных паездак беларусаў у Інданезію, як гэта ў нас адбываецца, — гэта вялікі крок наперад». 

«Мы вельмі цэнім нашы адносіны, якія развіваюцца на аснове ўзаемнай выгады» 

Прэзідэнт Інданезіі Прабова Субіянта па выніках перагавораў выказаў надзею, што партнёрства Беларусі і Інданезіі стане яшчэ больш моцным.

«Гэты візіт падкрэслівае наша сяброўства, якое ўмацоўваецца, — адзначыў ён. — У глабальнай дынаміцы, якая пастаянна змяняецца, Беларусь з’яўляецца галоўным партнёрам Інданезіі ў Еўразіі. І мы вельмі цэнім нашы адносіны, якія развіваюцца на аснове ўзаемнай выгады. Спадзяюся, што партнёрства Беларусі і Інданезіі стане яшчэ больш моцным, і супрацоўніцтва прынясе рэальную карысць для народаў абедзвюх краін».

Прабова Субіянта падкрэсліў важнасць такіх кірункаў супрацоўніцтва, як прамысловасць, сельская гаспадарка і гандаль. Прэзідэнт Інданезіі адзначыў, што краіны зацвердзілі дарожную карту развіцця супрацоўніцтва да 2030 года, якая стане асновай развіцця адносін у наступныя пяць гадоў.

«Гэта дарожная карта вызначае рамкі для нашай узаемнай работы, — удакладніў ён. — Інданезія і Беларусь маюць вялікі патэнцыял супрацоўніцтва ў розных сферах. Наша супрацоўніцтва будзе факусіравацца на развіцці прамысловасці, мадэрнізацыі сельскай гаспадаркі. У індустрыі прамысловасці мы бачым вялікі шанц для павелічэння аб’ёмаў і інвестыцый, і супрацоўніцтва дзвюх краін. У развіцці культуры, чалавечых рэсурсаў мы таксама прасоўваем больш цесную работу. Мы вельмі цэнім, што Беларусь ратыфікавала пагадненне Інданезіі з ЕАЭС аб свабодным гандлі».

Прабова Субіянта расказаў, што на перагаворах з Аляксандрам Лукашэнкам яны таксама абмяняліся поглядамі на глабальныя праблемы і дамовіліся далей падтрымліваць намаганні па падтрымцы міру і стабільнасці.

Паводле прэс-службы Прэзідэнта

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю