Top.Mail.Ru

«Мір, свабода і незалежнасць — гэта наша спадчына і найвялікшыя каштоўнасці, якія трэба берагчы і абавязкова абараняць»

Аб чым Прэзідэнт гаварыў беларусам з нагоды Дня Незалежнасці на Кургане Славы.


Па традыцыі ў гэты найважнейшы дзень, у які мы святкуем і 81-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Аляксандр Лукашэнка ўсклаў вянок да падножжа Кургана Славы, прыняў удзел ва ўрачыстым мерапрыемстве ў мемарыяльным комплексе. 

Звяртаючыся да гасцей урачыстасці, якія сабраліся каля падножжа велічнага Кургана, і да ўсіх беларусаў і не толькі (выступленне кіраўніка дзяржавы на Кургане Славы ў прамым эфіры трансліравалі ўсе нашы тэлеканалы), Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сёння мы — мільёны беларусаў — адзначаем галоўнае дзяржаўнае свята нашай любімай Радзімы. «Сустракаем яго летняй раніцай у святым месцы, сярод палёў Міншчыны, якія спеюць, без страху гледзячы ў роднае сіняе неба», — удакладніў ён.

«Нізкі паклон і вечная слава ўсім, хто загінуў за свабоду і незалежнасць роднай Беларусі»

Прэзідэнт перакананы, што для большасці беларусаў гэта свята абазначае мір. «Вызваленне нашай сталіцы 3 ліпеня ў 1944 годдзе ў ходзе аперацыі „Баграціён“ вярнула гэты мір на параненую беларускую зямлю і стала важным этапам на шляху Вялікай Айчыннай вайны да Вялікай Перамогі, — нагадаў беларускі лідар. — Вось ужо сапраўды, па тых падзеях, мемарыялах і помніках, якія беларускі народ узвёў у даніну павагі пераможцам, можна вывучаць як мінімум гісторыю Вялікай Айчыннай вайны». 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што менавіта тут, дзе цяпер знаходзіцца Курган Славы, на подступах да сэрца Радзімы, самкнулася кальцо «Мінскага катла» вакол стапяцідзесяцітысячнай групоўкі фашыстаў, пасля разгрому якой у лічаныя тыдні была вызвалена ўся Беларусь.

«Сёння па волі народа ў гэту знакавую дату Вялікай Айчыннай вайны мы святкуем Дзень Незалежнасці і аддаём даніну памяці тым, хто загінуў смерцю адважных за наша мірнае сёння, — сказаў беларускі лідар. — Мы ўспамінаем ахвяр вайны і ўшаноўваем нашых дарагіх ветэранаў вайны і працы, чые стойкасць, мужнасць і любоў да Радзімы будуць заўсёды прыкладам для нас і будучых пакаленняў. Нізкі паклон і вечная слава ўсім, хто загінуў за свабоду і незалежнасць роднай Беларусі».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў ушанаваць іх памяць хвілінай маўчання.

«Задача ўсіх людзей добрай волі — аб’яднацца, спыніць вар’ятаў у імя будучыні ўсяго чалавецтва»

Па словах кіраўніка дзяржавы, у мірнай, шчаслівай краіне, нашай Беларусі, нам цяжка сёння ўявіць, што адчувалі людзі тады ў спустошаных ворагам гарадах і вёсках, кожны дзень сутыкаючыся вочы ў вочы са смерцю. «Але яны не сталі на калені, — акцэнтаваў ён увагу. — Яны змагаліся, выжылі і перамаглі. Вораг, які прыйшоў на нашу зямлю тады, напоўніцу адчуў сілу народнага гневу рэспублікі-партызанкі. Зямля гарэла пад нагамі акупантаў».

Падчас разваг на тэму, хто найбольш пацярпеў у Вялікай Айчыннай вайне, Прэзідэнт папрасіў мець на ўвазе адну важную дэталь. «Хоць такой праблемы быць не павінна, але, тым не менш, мы павінны памятаць: знішчэнне савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны (вы памятаеце, трэць або чвэрць фашысты планавалі пакінуць на гэтай тэрыторыі) пачалося тут, з Беларусі, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Менавіта тут пачалося знішчэнне тых, хто жыў у Савецкім Саюзе. І мы сёння прама называем гэта генацыдам беларускага народа».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны на барацьбу з ворагам узнялася ўся краіна: і старыя, і малыя, чырвонаармейцы, партызаны, падпольшчыкі. «Многія пайшлі на фронт добраахвотнікамі або цэлымі сем’ямі ў лясы, не скарыўшыся ворагу, — удакладніў беларускі лідар. — Дзеля нашай свабоды ўсе яны ступілі ў неўміручасць, ахвяраваўшы сваімі жыццямі. Гэта ў іх гонар і ў славу найвялікшага подзвігу па нашым славянскім звычаі насыпаны курган — сімвал мужнасці народа, яго барацьбы за свабоду і нязгаснай памяці ўдзячных нашчадкаў».

Кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў, што прыклад нашых гераічных продкаў паказвае: за будучыню трэба змагацца. «Чалавек заўсёды можа і павінен супрацьстаяць злу, якім бы моцным і выдасканаленым не было гэта зло, — перакананы Аляксандр Лукашэнка. — Сёння свет знаходзіцца на крутым пераломе і ніхто не ведае, з чым мы сутыкнемся заўтра. Вы бачыце, што робіцца вакол нас. Захад зноў вырашыў усе свае даўгі і праблемы спаліць у сусветным пажары. І адначасова спаліць некалькі мільёнаў жыхароў нашай планеты».

Задача ўсіх людзей добрай волі, і ў першую чаргу моладзі, як падкрэсліў Прэзідэнт, — аб’яднацца, спыніць вар’ятаў, спыніць у імя будучыні ўсяго чалавецтва.

«Нам ні ў якім разе нельга страціць гэту Перамогу»

«Наша свята — сімвал свабоды і незалежнасці, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Яно ўвасабляе памяць аб подзвігу народа-пераможца і вечную ўдзячнасць нашчадкаў. Мы ганарымся нашымі ветэранамі і ўсімі, хто падарыў нам магчымасць жыць і працаваць на сваёй зямлі. Яны паказалі свету прыклады небывалай доблесці, стойкасці і патрыятызму. Нам трэба што б там ні было захаваць і перадаць будучым пакаленням веру ў пераможны дух продкаў, уласныя сілы і ў тое, што разам мы справімся з любымі выклікамі. Нам ні ў якім разе нельга страціць гэту Перамогу. Гэта годнасць нашага народа, гэта прыкмета яго велічы. Такія факты ў гісторыі не страчваюцца».

6274_result.jpg

Беларускі лідар звярнуў увагу на тое, што мір, свабода і незалежнасць — гэта наша спадчына і найвялікшыя каштоўнасці, якія трэба берагчы і абавязкова абараняць. «Трэба ўмацоўваць народнае адзінства, эканоміку і абарону нашай Айчыны, — падкрэсліў Прэзідэнт. Кожны дзень, кожную гадзіну. У гэтым абавязак сучаснікаў перад мінулым і будучым, каб жыла і квітнела наша любімая Беларусь! Калі мы ўсе разам прасякнемся гэтым пачуццем (вось гэтыя дзеткі, якія ўступаюць у жыццё, больш дарослыя і мы) мы захаваем нашу краіну — ціхую, спакойную, пад мірным блакітным небам. Здароўя вам, дарагія сябры, шчасця і дабрабыту. З Днём Незалежнасці! Са святам вас!». 

У завяршэнні ўрачыстасці пад залпы гармат прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. 

«У памяць аб іх такую Беларусь мы павінны захаваць»

Пасля цырымоніі Прэзідэнт падышоў да ветэранаў, паразмаўляў з імі. «Дзякуй вам, у вашай асобе — тым, у імя каго ўзведзены гэты велічны манумент, — звярнуўся ён да галоўных удзельнікаў урачыстасці. — Вялізны дзякуй ад усіх нас тым, хто да гэтай хвіліны не дажыў. У памяць аб іх такую Беларусь мы павінны захаваць».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што камусьці, асабліва моладзі, нечага не хапае. «Як я жартую, то бульбы, то яшчэ нечага, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Але вы, і мы ў тым ліку, разумеем, што гэта дробязі ў параўнанні з тым, што давялося перажыць у свой час у маладосці вам і тым, каго сёння няма. Таму гэта самае простае. Бульба ў нас будзе. Яна ўжо ёсць. Здароўя вам! Доўга жывіце! Вы — гэта не толькі памяць, вы — будучыня нашай краіны. Дзякуй вам і, яшчэ раз паўтараю, у вашай асобе ўсім тым, каго сёння з намі няма. За вамі стаяць нашы героі, ваеннаслужачыя, якія зусім нядаўна адстаялі нашу краіну, спыніўшы мяцеж, якія нашу Беларусь нікому не аддадуць!».

Прэзідэнт заўважыў, што не нагнятае абсатноўку. Па яго словах, каб не «прашлёпаць сітуацыю, як гэта было ў чэрвені 1941 года», мы павінны быць гатовы да ўсяго. «Не ўгаворваць, не закалыхваць, не заяўляць, што ўсё ціха, спакойна, нічога не будзе, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Усё будзе добра, але рыхтавацца мы павінны да самага горшага. Будзе лепш — мы будзем рады. Простая народная палітыка». 

Каля падножжа Кургана Славы Прэзідэнт таксама паразмаўляў з дзеючымі ваеннаслужачымі і курсантамі.

Ваяваць мы не хочам больш, чым хто-небудзь. Але..." — пачаў Аляксандр Лукашэнка. «Любімую не аддаюць!» — працягнулі побач. «Гэта дакладна!» — пагадзіўся Прэзідэнт. 

Да беларускага лідара нечакана звярнуўся курсант 3 курса агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі Расціслаў Далгоў. 

«Таварыш Прэзідэнт, я ішоў да вас доўгіх 11 гадоў: з 2014 года, як мы прыехалі сюды з Украіны», — распавёў малады чалавек. 

«З Украіны прыехаў? Але мы цябе не пусцім ваяваць. Будзеш ужо Беларусь абараняць!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Расціслаў ад сябе асабіста і ад свёй сям’я выказаў кіраўніку дзяржавы ўдзячнасць за тое, што Беларусь стала для іх не толькі домам, а пачаўся новы этап у жыцці гэтай сям’і.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, ці працуюць яго бацькі, ці выхоўваюцца ў сям’і яшчэ дзеці. Як высветлілася, іх у бацькоў трое. 

«Мой бацька — ваш вельмі вялікі фанат», — звяртаючыся да Прэзідэнта, сказаў курсант і папрасіў сфатаграфавацца з беларускім лідарам. Пасля памятнага фатаграфавання з курсантамі Ваеннай акадэміі кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь заўсёды адкрыта для ўкраінцаў. «Вы нашы людзі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — І нікога не слухайце, што мы ваюем або ваяваць збіраемся. Гэта нашы людзі!»

1509-2_result.jpg

«З хлебам будзем. І з бульбай таксама»

Нягледзячы на святочны настрой, як заўсёды, Прэзідэнта хвалююць справы надзённыя. Па прыбыцці да мемарыяльнага комплексу ён пацікавіўся ў старшыні Мінскага аблвыканкама, як у вобласці спраўляюцца з уборачнай. Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі, што на Міншчыне, у цэлым па краіне, работы ідуць згодна з планам.

«Першы ўкос ужо ўсё, — удакладніў Прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын. — Віцебшчына засталася. Цёпла стала, ужо кукуруза стала нармальна ўзнімацца». 

Ужо ў размове з ветэранамі, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што надвор’е сёлета будзе садзейнічаць добраму ўраджаю. «Гасподзь падарыў нам добрае надвор’е, — канстатаваў ён. — Дажджы, дажджы, але гэта на карысць. Глядзіце, ніколі такіх палёў не было. Значыць, з хлебам будзем. І з бульбай таксама».

Акрамя таго, Прэзідэнт закрануў тэму добраўпарадкавання тэрыторыі вакол мемарыяльнага комплексу «Курган Славы». На яго думку, вакол кургана, які сам па сабе павінен быць без насаджэнняў, трэба высадзіць больш дрэў: «Часта еду ў аэрапорт, гляджу: калі б парк пэўны, гай большы. Губернатар абяцае тут парк закласці добры». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю