Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: Калі ёсць традыцыя — значыць, ёсць краіна

Прэзідэнт узяў удзел у дабрачынным навагоднім свяце ў рамках акцыі «Нашы дзеці»


Яшчэ адна пераднавагодняя традыцыя, калі Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з маленькімі беларусамі, сабрала на галоўнай ёлцы краіны ў Палацы Рэспублікі каля трох тысяч дзяцей з усіх рэгіёнаў краіны. Маляўнічае казачнае музычна-сцэнічнае шоу ў выкананні найлепшых творчых калектываў Беларусі, падарункі ад імя кіраўніка дзяржавы, насычаная культурная праграма — незабыўныя ўражанні ў хлопчыкаў і дзяўчынак застануцца надоўга, а, магчыма, і на ўсё жыццё. 

Сярод запрошаных на галоўную ёлку краіны — дзеці-сіроты, хлопчыкі і дзяўчынкі, якія засталіся без апекі бацькоў, выхоўваюцца ў апякунскіх і прыёмных сем’ях. У цэнтры навагодніх урачыстасцяў былі і выхаванцы кадэцкіх вучылішчаў, дзеці з сем’яў бежанцаў, дзеці загінулых пры выкананні воінскага абавязку, пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, навучэнцы, якія дасягнулі поспехаў у грамадскай рабоце. 


«Няма тых дзяцей, якія б не мелі патрэбу ва ўвазе»

Звяртаючыся да ўдзельнікаў навагодняга свята, кіраўнік дзяржавы заўважыў, што яшчэ за кіламетр ад Палаца Рэспублікі, дзе праходзіла ўрачыстасць, чуваць было, як весяляцца дзеці. 

«Вы людзі шчаслівыя, і мы з вамі: у нас — двайное свята, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — А калі зусім дакладна, то ў вас — двайное свята. Па-першае, мы праводзім стары год і сустракаем абсалютна новы — 2026-ы год. І другое свята, самае жаданае, напэўна, для ўсіх нашых... Хацеў сказаць, малых. Ну якія вы ўжо малыя? Па тым шуме, якія я пачуў далёка за межамі гэтай залы, я зразумеў, што вы ўжо далёка не малыя. Але тым не менш, усе вы — вучні, навучэнцы, студэнты. І ў вас прыемны час — час канікул. Таму двайное свята — Новы год і канікулы». 

Звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы і на яшчэ адну дэталь — Дзед Мароз са Снягурачкай парадавалі беларусаў снегам. «Снег, марозік, — удакладніў Прэзідэнт. — Абяцалі, што яшчэ большы будзе марозік. Мы па-сапраўднаму, як ніколі, сёлета, напэўна, зможам сустрэць наш Новы год. А снег і мароз у гэты час — гэта добры настрой. Бачу, што ў вас гэта прысутнічае».


Адзначыў Аляксандр Лукашэнка і яшчэ адзін момант, аб якім гаварыў падчас навагодняга балю для моладзі, што днямі прайшоў у Палацы Незалежнасці. «Краіна заўсёды моцная традыцыямі, — канкрэтызаваў ён. — Калі ёсць традыцыя — значыць, ёсць краіна. Значыць, ёсць пэўная асаблівасць гэтай краіны. Гэтымі асаблівасцямі, традыцыямі наша краіна не падобная на іншыя. У нас даўным-даўно нарадзілася вельмі добрая традыцыя — у гэтыя пераднавагоднія святы вітаць вас — малых, дарослых людзей (вашых настаўнікаў, выхавальнікаў, бацькоў, усіх, у каго ёсць маленькія дзеткі, хто мае дачыненне да выхавання дзяцей)».


Па словах кіраўніка дзяржавы, бываць у гэтыя пераднавагоднія дні ў дзяцей, віншаваць іх — добрая традыцыя. «Асабліва тых, хто ў гэтым вельмі-вельмі мае патрэбу, — удакладніў беларускі лідар. — Хаця няма ў краіне тых дзяцей, у свеце няма тых дзяцей, якія б не мелі патрэбу ва ўвазе і тых падарунках, якія мы дорым нашым дзецям».

У гэтай сувязі Прэзідэнт выказаў удзячнасць дарослым. «Тым, хто працуе на фермах, у палях і на заводах, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Усім тым, хто зарабляе грошы (і нядрэнныя) і дзеліцца з нашымі дзецьмі. Дзякуй вам за тую ўвагу, якую вы ўдзяляеце ў гэтыя пераднавагоднія святы нашым дзецям».

«Сёння, як ніколі, ва ўсіх роўныя магчымасці»

Па словах кіраўніка дзяржавы, чароўнае дзейства, якое разгорнецца на сцэне Палаца Рэспублікі, будзе прадэманстравана многім дзеткам. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што тысячы беларускіх дзяцей будуць мець магчымасць пабываць на галоўнай ёлцы краіны і паглядзець гэты навагодні цуд.

«У гэтай зале абсалютна розныя дзеці, і па сваім становішчы ў тым ліку, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Але, дарагія мае, паверце майму жыццёваму досведу, мы ў дзяцінстве, магчыма, усе розныя. Але сёння, як ніколі, ва ўсіх роўныя магчымасці. Трэба толькі адно — трэба працаваць».

Маленькім беларусам, школьнікам Аляксандр Лукашэнка пажадаў найперш вучыцца. «Будзеце вучыцца — значыць, перспектыва ў вас добрая, — канстатаваў ён. — Значыць, вы станеце тымі, аб кім вы марыце, на каго раўняецеся. Таму без усялякіх натацый: вучыцеся. Прапусціце гэты час — вы ніколі яго не дагоніце. Ëн проста ад вас уцячэ». 


Асобныя словы падзякі кіраўнік дзяржавы адрасаваў настаўнікам, выхавальнікам і бацькам. «Дзякуй вам за тую вялізную працу, якую вы ўкладваеце ў нашых дзяцей, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Я ведаю, як гэта нялёгка. Можа, мы не ўдзяляем такую ўвагу вам з боку дзяржавы, якую павінны былі ўдзяляць. Мы абавязкова (вы падказвайце) будзем выпраўляць гэты недахоп». 

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць ім яшчэ і за тое, што яны выхоўваюць у дзецях сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы. «А калі вы выхоўваеце патрыётаў, значыць, вы і самі патрыёты і абавязкова павінны быць гэтымі патрыётамі», — дадаў ён. 

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў удзельнікам навагодняй урачыстасці ад яго імя павіншаваць Дзеда Мароза і Снягурачку з Новым годам, авансам падзякаваць ім за дзейства, якое пасля разгарнулася на сцэне, і ўручыў казачным персанажам падарункі.


«Добрага вам настрою, каб ён не сапсаваўся, — сказаў кіраўнік дзяржавы прысутным на галоўнай ёлцы краіны. — Я ўпэўнены, ён будзе лепшым да канца нашага чараўніцтва. З Новым годам, дарагія, з Новым годам вас!»

Па заканчэнні навагодняга прадстаўлення «Чараўніцтва Новага года» яго ўдзельнікам уручылі кветкі ад Прэзідэнта. 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА і Лізаветы ГОЛАД


Запрошаныя на галоўную ёлку краіны падзяліліся сваімі ўражаннямі

«Самы лепшы падарунак на Новы год»

Грандыёзнае навагодняе прадстаўленне ў Палацы Рэспублікі нікога не пакінула абыякавым. Госці свята, якія прыбылі з розных рэгіёнаў краіны, адразу трапілі ў атмасферу сапраўднага чараўніцтва. Да пачатку спектакля дзяцей чакалі роставыя лялькі, фотазоны, новыя знаёмствы і сотні яркіх здымкаў. А затым юныя гледачы цалкам акунуліся ў казку: суперажывалі героям, радаваліся і засмучаліся разам з імі. Цікавы сюжэт, меладычныя песні і дынамічныя танцы ў спалучэнні з яркімі дэкарацыямі і ўражлівымі спецэфектамі прыйшліся па душы хлопчыкам і дзяўчынкам. Пасля заканчэння прадстаўлення яны дзяліліся эмоцыямі, імкнучыся падоўжыць чароўныя імгненні.


Вучань асіповіцкай сярэдняй школы № 5 імя Ф. А. Крыловіча Яраслаў Масленчанка з гонарам расказвае пра сваю радзіму: «Гэта развіты горад, які славіцца сваёй чыгункай. І мне вельмі падабаецца жыць у ім».


Малады чалавек прызнаўся, што трапіць у Палац Рэспублікі на навагодняе мерапрыемства з удзелам кіраўніка дзяржавы для яго самая вялікая ўзнагарода. «Мы стараемся добра вучыцца ў школе. А яшчэ я ўдзельнічаю ў конкурсах чытальнікаў і іншых культурна-масавых мерапрыемствах, наведваю мясцовы цэнтр творчасці, займаюся ў тэатральным гуртку, — падзяліўся хлопчык. — А калі даведаўся, што паеду ў Мінск, я не паверыў у гэта. Падумаў, што, можа, мяне з кімсьці пераблыталі. А потым, калі ўбачыў у загадзе сваё прозвішча, вельмі ўзрадаваўся, адразу патэлефанаваў бацькам і падзяліўся добрай навіной. Мама з татам таксама ўзрадаваліся. Затым я стаў адлічваць дні да гэтай найважнейшай падзеі, чакаў, калі яна, нарэшце, адбудзецца. Гэта самы лепшы падарунак на Новы год, па-іншаму і не скажаш». 

Больш за ўсё ад казачнага мерапрыемства, дадаў Яраслаў, ён чакаў сустрэчу з Прэзідэнтам краіны, а таксама цудоўнае навагодняе прадстаўленне, якое падрыхтавалі ў Палацы Рэспублікі. «Мне вельмі хацелася акунуцца ў гэты свет навагодняй казкі, і я шчаслівы», — адзначыў ён.

У будучыні Яраслаў хоча звязаць сваё жыццё з журналістыкай. «Мне вельмі падабаецца прафесія журналіста, калі да мяне падыходзяць, задаюць пытанні, бяруць інтэрв’ю. Гэта заўсёды вельмі цікава і хвалююча! — падзяліўся школьнік. — Я лічу, што гэта вельмі патрэбная прафесія ў наш час».

Вучань сярэдняй школы № 1 горада Паставы Уладзіслаў Якубовіч выдатна вучыцца, удзельнічае і перамагае ў алімпіядах па матэматыцы і фізіцы. «Акрамя таго, займаюся прафесійным плаваннем, рэгулярна наведваю наш мясцовы басейн», — расказаў хлопец.


Паводле слоў Уладзіслава, такія яркія мерапрыемствы сапраўды вельмі важныя. «Яны не толькі надаюць навагодні настрой, але і дазваляюць кожнаму дзіцяці паглыбіцца ў свет цудоўнай навагодняй казкі», — падагульніў ён. 

Для вучаніцы гімназіі № 1 горада Брэста Валянціны Дзярабінай трапіць у такое знакавае і прыгожае месца — вельмі пачэсна. «Я добра вучуся, таму і была запрошана ў Палац Рэспублікі на гэта святочнае прадстаўленне. На працягу некалькіх гадоў я перамагала ў раённых алімпіядах па рускай мове, а таксама ў абласных конкурсах чытальнікаў. Акрамя таго, займаюся тэатральным мастацтвам і танцамі. І мне гэта вельмі падабаецца», — паведаміла школьніца.


Валянціна прызналася, што ў Мінску да гэтага ўжо бывала не раз, але трапіць у Палац Рэспублікі, тым больш з такой важнай нагоды для яе, — вельмі хвалююча. «Больш за ўсё я хацела не толькі ўбачыць, але і пачуць кіраўніка нашай дзяржавы. Ды і ў цэлым, як я і чакала, было вельмі цікавае, яркае і запамінальнае прадстаўленне, якое нікога не пакінула абыякавым. Я запомню гэты казачны дзень на ўсё сваё жыццё», — падагульніла яна.

Вучань гімназіі № 5 горада Віцебска Уладзіслаў Гарбуноў трапіў у Палац Рэспублікі таксама за добрую вучобу. «Я, можна сказаць, выдатнік. Мой сярэдні бал на сёння складае прыкладна 9,1. Акрамя таго, я рэгулярна ўдзельнічаю ў самых розных мерапрыемствах. Зусім нядаўна, напрыклад, заняў першае месца ў конкурсе „Разумнікі і разумніцы“. Таксама бяру ўдзел у алімпіядах па беларускай і англійскай мовах, а яшчэ займаюся ў секцыі па боксе. Лічу, што ўмець пастаяць за сябе і сваіх блізкіх — вельмі важна для кожнага мужчыны», — адзначыў Уладзіслаў.


Чаканні ад свята, паводле слоў школьніка, былі самыя хвалюючыя. «Усё прайшло выдатна, мы ўсе змаглі акунуцца ў свет чароўнай навагодняй казкі. Але самае цікавае і важнае для мяне было ўбачыць нашага Прэзідэнта. Убачыць кіраўніка дзяржавы не па тэлевізары, а на свае вочы, паслухаць, што ён нам скажа, — найлепшы падарунак на Новы год», — сказаў ён. 

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю