Top.Mail.Ru

«Дзякуючы рэгіёнам мы захавалі цёплыя, сяброўскія адносіны паміж Беларуссю і Расіяй»

Аляксандр Лукашэнка і Валянціна Матвіенка абмеркавалі пытанні міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння


Пашырэнне і ўмацаванне адносін паміж рэгіёнамі Беларусі і Расіі — ключавая тэма гэтых дзён. 25 — 26 чэрвеня ў Мінску і Мінскай вобласці праходзіць XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Менавіта з нагоды гэтага саюзнага мерапрыемства праходзіць візіт у Беларусь расійскай парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Валянцінай Матвіенка. Перад насычанай двухдзённай праграмай — сустрэча з беларускім лідарам, якая адбылася ў Палацы Незалежнасці. 

«Галоўнае звяно ў нашых адносінах — рэгіянальнае супрацоўніцтва» 

«Валянціна Іванаўна, вы ведаеце мае адносіны да вас. Ёсць пра што пагаварыць. Я памятаю сваё абяцанне», — пачаў размову Аляксандр Лукашэнка. 

«Аляксандр Рыгоравіч, я ведаю, што вы ўсе абяцанні выконваеце», — заўважыла Валянціна Матвіенка. 

Кіраўнік дзяржавы выказаў удзячнасць спікеру Савета Федэрацыі за тое, што яна знайшла час прыехаць у Беларусь. «Думаю, што не пашкадуеце, — заўважыў ён. — Усё-такі ўбачыце, як брацкая, не чужая вам зямля жыве, як мы спраўляемся з праблемамі, якіх хапае і ў вас, і ў нас. Але час цяпер такі — шалёны: усё круціцца-верціцца, часам не паспяваеш паглядзець па баках». 


Гаворачы аб Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі, а таксама ўзаемадзеянні Беларусі з расійскімі рэгіёнамі ў цэлым, Аляксандр Лукашэнка нагадаў свой асноўны тэзіс. «Дзякуючы рэгіёнам мы захавалі гэтыя цёплыя, сяброўскія адносіны паміж Беларуссю і Расіяй», — падкрэсліў ён, згадаўшы, як напачатку нялёгка было дамаўляцца. «Тады рэгіёны нас выратавалі. Мы напрамую з імі мелі адносіны», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.  

Прэзідэнт назваў Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі вельмі важным мерапрыемствам, якое спрыяе ўмацаванню супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі. «Гэты рэгіянальны форум, які мы праводзім, прыносіць і нам, і вам — расіянам і беларусам — мільярды рублёў, канкрэтныя кантракты, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Мы бачым адно аднаго, знаёмімся з нашымі магчымасцямі. Гэта вялікая справа». 

Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць Валянціне Матвіенка і Наталлі Качанавай за тое, што спікеры курыруюць міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне дзвюх краін. «І нямала, сапраўды, мы грузім на гэтыя жаночыя плечы», — лічыць ён.  

«Але яны надзейныя. Праўда, Аляксандр Рыгоравіч?» — удакладніла Валянціна Матвіенка. 

«Надзейныя, і дзякуй богу, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Я рады, што вы ўзялі пад свой патранаж галоўнае звяно ў нашых адносінах — рэгіянальнае супрацоўніцтва. Нішто не можа з гэтым параўнацца. Гэта нароўні з пытаннямі бяспекі, якія цяпер для нас вельмі актуальныя: і для Беларусі, і для Расіі». 


«Няма той сілы, якая магла б разбурыць гэтае адзінства»  

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Расія і Беларусь — гэта наша агульная Айчына. «Не мы з вамі вінаватыя, што тут дзве дзяржавы ўтварыліся, — заўважыў ён. — Але гэта вельмі сяброўскія, брацкія дзяржавы. Я думаю, няма той сілы, якая магла б разбурыць гэтае адзінства». 

«Хаця ахвотных вельмі шмат», — заўважыла Валянціна Матвіенка.  

«Вельмі шмат, — пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка. — Але я ўпэўнены (і аб гэтым гаварыў нядаўна прадстаўнікам Зяленскага), што ўсё роўна нашы народы (беларускі, расійскі і ўкраінскі. — „Зв.“) будуць разам. Раней або пазней мы будзем усё роўна разам. А як інакш?» 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што родныя спікера Савета Федэрацыі пахаваны ва Украіне. «Вы сёння на карысць працуеце не толькі Расіі, але і Беларусі, і не супраць той жа Украіны, — дадаў беларускі лідар. — Ну, як гэта ўсё разарваць? Гэта немагчыма. Нашы людзі там жывуць, заўсёды разам жылі і сябравалі. І будуць сябраваць. Пройдзе гэты час, мы галаву сваю ў парадак прывядзём і наладзім нашы адносіны. Я ў гэтым абсалютна перакананы. У гэтым плане вы можаце на Беларусь разлічваць».  

«Чым шырэй развіваюцца гэтыя сувязі, тым больш надзейны наш Саюз» 

Валянціна Матвіенка выказала ўдзячнасць беларускаму лідару за магчымасць сустрэцца. «Для мяне заўсёды гэта вялікая радасць і гонар, — удакладніла яна. — Дзякуй, што знайшлі час». 

Старшыня Савета Федэрацыі выказала спачуванне і словы падтрымкі беларускаму народу ў сувязі з жахлівым тэрарыстычным актам, учыненым супраць нашых дзяцей на тэрыторыі Бранскай вобласці. «Гэта чарговае злачынства кіеўскага рэжыму», — канстатавала спікер.  


Валянціна Матвіенка расказала, што падчас яе візіту ў Беларусь у адным са сталічных паркаў будзе адкрыты помнік Аляксандру Мамкіну — гераічнаму лётчыку, які добраахвотнікам пайшоў на фронт і ў гады Вялікай Айчыннай вайны здзейсніў 74 баявыя вылеты. Яна нагадала, што Аляксандр Мамкін атрымаў заданне эвакуіраваць выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома, якіх фашысты планавалі вывезці ў Германію або выкарыстаць у якасці донараў. Падчас апошняга вылету самалёт, у якім знаходзіліся дзеці, быў абстраляны. Аднак гэта, як акцэнтавала ўвагу спікер, не перашкодзіла гераічнаму лётчыку пасадзіць транспартны сродак. Юныя пасажыры засталіся жывыя. Аляксандр Мамкін атрымаў вельмі сур’ёзныя апёкі, у выніку чаго загінуў.

«Чым адрозніваюцца дзеянні фашыстаў таго часу і цяперашніх? — звярнула ўвагу Валянціна Матвіенка. — Тады мы ратавалі дзяцей з небяспек, у якіх яны знаходзіліся, а сёння (кіеўскі. — „Зв.“) рэжым абстрэльвае мірны аўтобус з дзецьмі. Вось гэта дараваць нельга. Гэта жахлівае злачынства. Жадаю найхутчэйшага выздараўлення дзецям». 

Спікер Савета Федэрацыі выказала ўдзячнасць лідарам Беларусі і Расіі за тое, што прэзідэнты актыўна і дзейсна падтрымліваюць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, якое за гэтыя гады ўжо стала каркасам Саюзнай дзяржавы. «І чым шырэй развіваюцца гэтыя сувязі, чым яны мацнейшыя паміж нашымі людзьмі, тым больш надзейны наш Саюз», — падкрэсліла Валянціна Матвіенка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю