«Наша краіна адыгрывае найважнейшую ролю ў забеспячэнні харчавання на нашай зямлі»
Паўнапраўным членам ФАО Беларусь стала ў 2005 годзе. У рамках арганізацыі наша краіна ўдзельнічае ў распрацоўцы і прыняцці рашэнняў па міжнародных праблемах у сельскагаспадарчай і харчовай сферах, абменьваецца з краінамі-членамі інфармацыяй аб прынятых мерах і дасягнутым прагрэсе ў галіне павышэння якасці харчавання і ўзроўню жыцця насельніцтва, паляпшэння эфектыўнасці вытворчасці і размеркавання сельскагаспадарчых прадуктаў.

«Харчовая праблема абвастраецца»
«Вы для нас людзі нечужыя, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, вітаючы Цюй Дун’юя і яго калег у Палацы Незалежнасці. — Асабліва прадстаўнікі Кітайскай Народнай Рэспублікі, нашых сяброў. Але ўлічваючы, што вы чыноўнік міжнароднага ўзроўню, ёсць аб чым пагаварыць сёння. І тое, што вы прыехалі ў Беларусь, — гэта, напэўна, невыпадкова. У сілу таго, што наша краіна адыгрывае найважнейшую ролю ў забеспячэнні харчавання на нашай зямлі».
Па словах Прэзідэнта, магчымасці Беларусі і палітыка нашай краіны ў галіне вытворчасці прадуктаў харчавання, тэхналогій і забеспячэння прадуктамі людзей планеты ў ФАО добра вядомыя.
«Мы валодаем высокаразвітай сельскай гаспадаркай, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Мы вырабляем увесь шлейф неабходнай сельскагаспадарчай тэхнікі для апрацоўкі тых ці іншых культур. Але самае галоўнае, мы сёння супрацоўнічаем з тымі дзяржавамі, якія маюць патрэбу ў тэхналогіях у галіне аграрнага бізнэсу. І не толькі прадаем туды харчаванне, але робім усё, каб гэтыя краіны, іх грамадзяне мелі магчымасці вырабляць у сябе сельскагаспадарчую прадукцыю. Мы навучаем людзей (і там, і ў Беларусі) і многае дасягнулі ў вытворчасці прадуктаў харчавання і забеспячэння грамадзян, напрыклад, той жа Афрыкі».
Асаблівую ўвагу беларускі лідар засяродзіў на злабадзённым пытанні. «У сілу таго, што геапалітычныя працэсы набылі нядобры характар, сёння мы адчуваем (у свеце. — „Зв“.) дэфіцыт не толькі харчавання, але і дэфіцыт асабліва мінеральных угнаенняў, якія, натуральна, садзейнічаюць росту ўраджайнасці тых ці іншых культур, асабліва пшаніцы, кукурузы, — канкрэтызаваў ён. — У сілу гэтага харчовая праблема абвастраецца».

«Усялякая спроба ізаляваць Беларусь ад сусветнага рынку мінеральных угнаенняў контрпрадукцыйная»
Аляксандр Лукашэнка запэўніў гендырэктара Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый у тым, што наша краіна гатова ўнесці свой уклад у забяспечэнне мінеральнымі ўгнаеннямі спажыўцоў у свеце, асабліва тых, хто ў гэтым мае патрэбу.
«Больш таго, каля 20 % усіх мінеральных угнаенняў у свеце — за вытворцамі ў Беларусі, — адзначыў Прэзідэнт. — Таму ўсялякія санкцыйныя абмежаванні, усялякая спроба ізаляваць Беларусь ад сусветнага рынку мінеральных угнаенняў контрпрадукцыйная і вельмі негатыўна ўплывае на забеспячэнне людзей планеты прадуктамі харчавання».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова больш шырока супрацоўнічаць з ФАО для таго, каб забяспечыць сусветную супольнасць, аграрны сектар, мінеральнымі ўгнаеннямі, павысіць узровень забяспечанасці харчаваннем у свеце.
«Адным словам, спадар Цюй, кажыце, што мы павінны зрабіць, — сказаў Прэзідэнт. — Вы нашы магчымасці ведаеце. Што мы, беларусы, павінны зрабіць для паляпшэння сітуацыі з забеспячэннем харчаваннем грамадзян, якія насяляюць нашу планету?»

«У вас справа не стаіць за словам»
У сваю чаргу, генеральны дырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый выказаў удзячнасць беларускаму лідару за сустрэчу. Цюй Дун’юй падкрэсліў, што для яго вялікі гонар знаходзіцца ў Беларусі, назваўшы гэты візіт у нашу краіну ў статусе генеральнага дырэктара ФАО гістарычным.
«У гэтага візіту некалькі мэт, — адзначыў ён. — Першая — прывітаць вас. Вы вядомы не толькі ў Расіі і Кітаі. Вы вядомы палітык ва ўсім свеце. Я хацеў бы выказаць сваю ўдзячнасць, сваю найвышэйшую ацэнку таму ўкладу, які вы ўносіце ў развіццё Беларусі. Мы асабліва цэнім, я асабліва цаню ўсё тое, што вы зрабілі з моманту набыцця краінай незалежнасці ў 1990-х, да моманту яе росквіту. Цяпер Беларусь з’яўляецца краінай з сярэднім узроўнем даходу. І гэты працэс ажыццяўляўся ў вельмі складаных умовах — гэта значыць, была зроблена вялізная праца. Вы прадэманстравалі проста цудоўны баланс паміж палітычным падыходам, стабільнасцю, эканамічным развіццём і сацыяльнай абаронай».
Другой мэтай візіту гендырэктара ФАО ў Беларусь, па яго словах, з’яўляецца вывучэнне харчовай бяспекі ў нашай краіне. «Бо тут яна таксама на высокім узроўні, які можна прыводзіць у прыклад, — падкрэсліў Цюй Дун’юй. — Мы ведаем, што Беларусь забяспечвае прадуктамі харчавання не толькі сябе. Гэтыя прадукты ідуць і ў іншыя краіны, асабліва ў дапамогу афрыканскім краінам і краінам Азіі. Гэта значыць, у вас справа не стаіць за словам. Бо заходнія палітыкі толькі гавораць, гавораць, але да спраў, як звычайна, не даходзіць».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Даслоўна
«Беларусь з’яўляецца прыкладам балансу ва ўсім»
Як адзначыў у размове з журналістамі генеральны дырэктар Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Цюй ДУН’ЮЙ, у яго адбылася вельмі карысная сустрэча з беларускім лідарам. «Спадар Прэзідэнт — моцны лідар і сапраўдны прафесіянал сваёй справы, што пацвярджаецца яго работай і росквітам Беларусі ў цяперашні момант, — падкрэсліў гендырэктар ФАО. — Беларусь сапраўды займае ўнікальную пазіцыю, у тым ліку і для нашай арганізацыі, бо яна здольная забяспечваць прадуктамі харчавання не толькі сябе, але і іншыя краіны, ўносячы вялізны ўклад у харчовую бяспеку па ўсім свеце. І гэта ўнікальная пазіцыя, якую мы сапраўды ў ФАО вельмі цэнім».
Цюй Дун’юй звярнуў увагу на тое, што Беларусь займае трэцяе месца па долі экспарту калійных угнаенняў у свеце. «Калій — гэта вельмі важнае ўгнаенне для шматлікіх відаў культур, — канстатаваў ён. — І тое, што Беларусь знаходзіцца на трэцім месцы (па экспарце. — „Зв“.) пасля такіх буйных пастаўшчыкоў, як Канада і Расія, гэта сапраўды вельмі ўражвае».
Гендырэктар удакладніў, што на парадку дня — узаемадзеянне паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі і ФАО. «Абмяркоўвалі, як нарасціць гэта супрацоўніцтва, бо для нас яно вельмі важнае, — падкрэсліў кіраўнік ФАО. — Беларусь з’яўляецца прыкладам балансу ва ўсім: палітыка, стабільнасць, абарона экалогіі і многія іншыя працэсы. І што яшчэ больш важна, у Беларусі вялізны патэнцыял. У будучыні краіна мае магчымасць накарміць да 1 мільярда чалавек, а гэта сапраўды вельмі каштоўна».
Цюй Дун’юй падзяліўся, што ў яго засталіся добрыя ўражанні ад наведвання нашай краіны. «У Беларусі жывуць цудоўныя людзі, — сказаў ён. — У Беларусі вялізны патэнцыял, і я ад душы жадаю яму рэалізавацца. Вы павінны ганарыцца тым, што вы беларусы, бо ў вас ёсць мір, гармонія, стабільнасць. Гэта дарагога каштуе».
Даведка «Звязды»
З моманту ўступлення Беларусі ў ФАО рэалізаваны двухбаковыя праекты тэхнічнага супрацоўніцтва на суму каля 2 мільёнаў долараў, а таксама шэраг рэгіянальных праектаў арганізацыі. У цяперашні час ажыццяўляюцца чатыры праекты ФАО на суму 470 тысяч долараў. На перыяд да 2030 года прадугледжана магчымае фінансаванне праектаў для нашай краіны на суму да 1 мільёну долараў.