Top.Mail.Ru

Лукашэнка ў інтэрв'ю Le Point выказаўся аб сваім стылі праўлення і сумленнасці беларускіх выбараў

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не лічыць сябе дыктатарам. Аб гэтым ён заявіў у інтэрв’ю французскаму часопісу Le Point, перадае БелТА.

Адказваючы на ​​пытанне, ці мае для Прэзідэнта Беларусі значэнне, што на Захадзе яго лічаць аўтакратам або дыктатарам, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Тое, што ў маёй палітыцы прысутнічаюць ноткі аўтарытарызму, гэта праўда. У нас улада такая. У вас (у Францыі. — Заўвага БелТА) таксама жорсткая сістэма ўлады. У нас — яшчэ больш жорсткая. У адпаведнасці з Канстытуцыяй».

Кіраўнік беларускай дзяржавы растлумачыў, што гэта датычыцца кіравання, палітычнага ладу ў Беларусі, дзе Прэзідэнт адказвае практычна за ўсё. «Усё сыходзіцца на Прэзідэнце: кадравая палітыка, вызначэнне знешняй і ўнутранай палітыкі. Паводле нашай Канстытуцыі», — сказаў ён.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што такія моцныя прэзідэнцкія паўнамоцтвы былі неабходны, каб «зляпіць, выбудаваць нашу дзяржаву» ў 1990-я гады пасля набыцця незалежнасці. «Я ж не меў гэтай улады, калі мяне выбралі. У нас парламент меў большую ўладу і гэтак далей. І любыя мае спробы змяніць нешта для нармальнага жыцця людзей натыкаліся на супраціўленне ў парламенце. Як у ЗША прыкладна (гаворка пра Кангрэс, які разам з Прэзідэнтам таксама валодае моцнымі паўнамоцтвамі. — Заўвага БелТА), не гаворачы па сутнасці аб палітыцы Трампа і маёй. Немагчыма было працаваць».

Тады, у 1996 годзе, кіраўнік беларускай дзяржавы вынес пытанне аб палітычным ладзе краіны на рэферэндум. «Народ прыняў гэту Канстытуцыю, па якой мы жывём. Папраўкі мы ўносілі ў гэту Канстытуцыю. Народ галасаваў, — сказаў беларускі лідар. — Ёсць вынікі. Я ў гэтым плане дзейнічаў (правільна/няправільна) як мог. Тое, што вы бачыце, гэта ўсё створана пры цяперашняй прэзідэнцкай уладзе».

Вяртаючыся да сутнасці пытання, Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да тэрміна «аўтарытарызм» у дачыненні да яго прэзідэнцкіх паўнамоцтваў і стыля праўлення: «Аўта- (ад грэчаскага autуs („сам“). — Заўвага БелТА). Чалавек у многім вызначае. Таму элементы гэтага ёсць».

Але кіраўнік беларускай дзяржавы пры гэтым адмаўляе, што з’яўляецца дыктатарам. «Тое, што Лукашэнка дыктатар, — гэта глупства поўнае. Нават Макрон (ён жа не дыктатар), маючы ядзерную зброю, маючы моц такую —- амаль $3,5 трлн ВУП (Францыі. — Заўвага БелТА), — яго дыктатарам не назавеш. Ён не можа прадыктаваць свету нешта. А я што магу? У мяне няма такога рэсурсу, каб дыктаваць, — заявіў Прэзідэнт. — Таму я ніякі не дыктатар. Гэта чыста такое — мяне абазвалі журналісты, напэўна, з падачы нейкага палітыка, не вельмі падумаўшы аб тым, што сказалі. Таму я сябе, сваю палітыку і ўладу так ацэньваю. Так, у мяне вялікія паўнамоцтвы».

Адно з пытанняў у час інтэрв’ю таксама датычылася праведзеных у 2020 годзе ў Беларусі прэзідэнцкіх выбараў, якія, як сказала інтэрв’юер Ан Ніва, многія ў еўрапейскіх краінах палічылі не зусім сумленнымі.

«Ужо „не зусім“? Раней гаварылі „наогул не сумленныя“. Я рады, што „не зусім“ ужо», — зрабіў рэмарку Аляксандр Лукашэнка.

Што датычыцца негатыўных ацэнак сумленнасці выбараў, Прэзідэнт пракаменціраваў такія заявы наступным чынам: «Гэта справа густу. У вас даных аб тым, што гэта было сумленна/несумленна, няма. Акрамя „несумленных“, з вашага пункту гледжання, вынікаў выбараў, аб якіх у нас законна, у адпаведнасці з Канстытуцыяй паведаміла Цэнтральная выбарчая камісія. Вось яны — гэтыя даныя. Іншых няма. Там сумненні нейкія, меркаванні і іншае... Але я ж вопытны палітык. Я да гэтага стаўлюся спакойна. Ну, хочаце вы лічыць несумленнымі, ну няхай сабе».


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю