Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Калі Мiнск вытрымае тэмпы — значыць, i ў краiне будзе нядрэнна

Новы рабочы тыдзень кiраўнiка дзяржавы пачаўся з актуалiзацыi задач па развiццi сталiцы. Прэзiдэнт Беларусi Аляксандр Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню Мiнскага гарвыканкама Уладзiмiра Кухарава. Мiнск задае тон усёй краiне, таму ўсе аспекты развiцця сталiцы знаходзяцца ў полi зроку i пад пiльным кантролем кiраўнiка дзяржавы.


Эканомiка, даўгабуды, водаадвядзенне

I найперш — эканомiка. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што па вынiках 2024 года валавы рэгiянальны прадукт Мiнска склаўся на ўзроўнi 105,5 %, што больш як на трэць фармiруе агульнарэспублiканскi паказчык ВУП. Iнвестыцыi сталiцы складаюць каля 22 % ад рэспублiканскiх паказчыкаў. Iнвестыцыi ў асноўны капiтал склалiся на ўзроўнi 119 %, заработная плата вырасла амаль на 20 %. «Усё быццам бы нядрэнна, — ацанiў Прэзiдэнт. — Квартал пражылi. Перспектывы? Што мы ўбачым у гэтым годзе?» Ён заўважыў, што паказчыкі сацыяльна-эканамiчнага развiцця Мiнска за мiнулы год i першы квартал гэтага года дазваляюць меркаваць, як у цэлым сiтуацыя будзе складвацца па краiне. 
«Калi Мiнск вытрымае тэмпы — трэць, нават больш, ВРП ад узроўню рэспублiкi, — значыць, i ў краiне будзе нядрэнна», — сказаў кiраўнiк дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на найбольш актуальныя тэмы для сталiцы. Сярод iх, напрыклад, функцыянаванне сiстэмы парковак у Мiнску i будаўнiцтва жылля. Кiраўнiк дзяржавы нагадаў, што было прынята рашэнне будаваць пераважна за межамi сталiцы, каб не перагружаць горад i не ствараць праблемы для мiнчан. Ён пацiкавiўся, як iдуць справы ў гэтым кiрунку. Беларускi лiдар зрабiў акцэнт на праблеме звышнарматыўных тэрмiнаў будаўнiцтва i нагадаў, што даўгабуды — гэта недапушчальна: «У вас iх 13, з iх у „Мiнск-Свет“ — 8. Гэта ўвогуле недапушчальна. Яны прыйшлi сюды працаваць, заключылi з намi iнвестыцыйныя пагадненнi, дагаворы, узялi на сябе абявязацельствы. Няхай выконваюць, калi хочуць працаваць тут».

Яшчэ адна праблема мегаполiса — у функцыянаваннi сiстэм водаадвядзення. «У нас палова сетак эксплуатуецца са звышнарматыўнымi тэрмiнамi. Не хачу сказаць, што гэта ўжо развалюхi, але планава трэба працаваць. Работа вядзецца. Як вы бачыце, трэба яе па аб’ёме павялiчваць цi нармальна?» — запытаў ён.

Падчас наведвання Мiнскага гарадскога тэхнапарка, якi дзейнiчае на базе Мотавелазавода, Аляксандр Лукашэнка даручаў распаўсюдзiць падобны досвед задзейнiчання плошчаў па ўсiм горадзе. Ён пацiкавiўся, як выконваецца гэтае даручэнне.

«Усё павiнна быць у парадку!»

Асобная ўвага — тэме, ад якой, як заўважыў Прэзiдэнт, нiкуды не падзецца — добраўпарадкаванне. «Як будзе ў Мiнску, так будзе па ўсёй краiне. I, Уладзiмiр Яўгенавiч, гэта не значыць, што мы недзе павiнны вулiцы падмесцi i дрэўцы высадзiць. Трэба найперш, каб за кожны квадратны метр у Мiнску адказвалi канкрэтныя людзi, прадпрыемствы i арганiзацыi, як мы даўно дамаўлялiся», — адзначыў ён. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў Парк Перамогi, адказнасць за добраўпарадкаванне якога па даручэннi сталiчных улад ляжыць на адукацыйнай установе. 

«Тое ж самае — прадпрыемствы. Я шмат разоў аб гэтым гаварыў. Вакол прадпрыемства, як вы акрэслiце iм на карце зону адказнасцi, яны павiнны за гэта адказваць, каб было чыста, акуратна», — сказаў кiраўнiк дзяржавы. 

Ён растлумачыў, што на патрабаваннi падтрымлiваць чысцiню ў горадзе трэба глядзець глыбей, чым проста на ўборку: «Людзi пачуюць мяне: „вось чысцiню патрабуе, лiсце збiраць i гэтак далей“. А калi не збiраць? Гэта ж усё гнiе, i гэтая гнiлата разам з усёй заразай, якая там назапашваецца, удыхаецца людзьмi». 

«Гэта здароўе людзей. Таму трэба ў чысцiнi i парадку ўтрымлiваць не толькi сваё жыллё, але i ўсё, што навокал, у месцах грамадскага карыстання — кожны кавалак зямлi павiнен быць за кiмсьцi замацаваны».

Аляксандр Лукашэнка даручыў паставiць перад кiраўнiкамi адмiнiстрацый раёнаў сталiцы задачу жорстка кантраляваць навядзенне чысцiнi i парадку на iх тэрыторыях. «Таму што захварэе чалавек — бясплатна лечым, расходуем каласальныя грошы. Дык давайце адсюль пачынаць — пад’езды, фасады, — сказаў кiраўнiк дзяржавы. — У нас амаль у кожным доме на першых паверхах камерцыйныя структуры цi дзяржаўныя прадпрыемствы — усё роўна, якiя. Мы дамаўлялiся калiсьцi: фасад — за iмi. Мы ўжо iх не нагружаем, каб яны ўнутры жыхарам дапамагалi рамантаваць i балконы ў парадак прыводзiць — фасады няхай пры-
водзяць у парадак за свой кошт. Каму трэба дапамагчы — вы разберацеся, каму дапамагчы».

Прэзiдэнт падкрэслiў, што ўсе гэтыя пытаннi трэба прадугледзець, каб Мiнск быў яшчэ прыгажэйшым. «Тады лягчэй стане працаваць на месцах: едзьце, паглядзiце як у Мiнску», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што месца, на якiм падчас суботнiка з яго удзелам «збольшага займалiся добраўпарадкаваннем» у будучым будзе вельмi прыгожым. I вакол усё там павiнна быць прыгожа, тым больш, што побач — рака Свiслач, водная артэрыя. «Каля яе павiнен быць парадак, каб людзi маглi адпачываць. Гэта значыць, павiнны быць прыняты адпаведныя меры, рашэннi, i яны павiнны ажыццяўляцца», — паставiў задачу Прэзiдэнт.

— Я хачу, карыстаючыся выпадкам, усiх папярэдзiць, што ў гэтым плане мы возьмем на вельмi сур’ёзны кантроль добраўпарадкаванне ў краiне: 
няхай нiхто не думае, што мы аб’явiлi Год добраўпарадкавання — год пройдзе, i ўсё забудзецца. Не забудзецца. Усё павiнна быць у парадку: i дарогi, i дамы, i вакол прыдамовыя тэрыторыi, прадпрыемствы. 

«Усё, што не трэба — знесцi, дзе трэба пабудаваць нешта, — значыць, трэба пабудаваць».

Дынамiка не знiжаецца

Падчас даклада кiраўнiку дзяржавы Уладзiмiр Кухараў адзначыў, што летась былi дасягнуты пэўныя вынiкi, а таксама было забяспечана выкананне ўсiх даведзеных паказчыкаў. «У гэтым годзе мы стараемся не знiжаць дынамiку. Па вынiках першых двух месяцаў можна сказаць, што тэмп вытрымлiваецца, нягледзячы на высокую базу мiнулага года. ВРП за два месяцы склаў 106,4 % у параўнаннi з аналагiчным перыядам мiнулага года. Мы думаем, што такi працэнт трэба ўтрымлiваць», — прывёў лiчбы старшыня Мiнскага гарвыканкама. Iндэкс прамысловай вытворчасцi склаў 108,9 %, рознiчны тавараабарот — 113 %. Паказчык аптовага тавараабароту — 106,8 %. «Мы ставiм задачу перад прадпрыемствамi — пошук новых рынкаў. Эканомiка горада экспартаарыентаваная, i колькасць выпускаемых тавараў патрабуе, вядома ж, пашырэння рынкаў збыту», — падкрэслiў Уладзiмiр Кухараў.

Пасля даклада старшыня Мiнгарвыканама падрабязней расказаў журналiстам, якiя пытаннi абмяркоўвалiся ў кабiнеце Прэзiдэнта. Што тычыцца добраўпарадкавання горада, то Уладзiмiр Кухараў адзначыў, што ўжо распрацаваны адпаведны план мерапрыемстваў i прынятыя ўсе меры для iх рэалiзацыi. «Абмяркоўвалася пытанне далейшай перспектывы будаўнiцтва ў Мiнску. На сёння ў горадзе практычна няма свабодных тэрыторый для забудовы. Але ёсць сацыяльныя абавязацельствы — гэта будаўнiцтва жылля для шматдзетных, будаўнiцтва сацыяльнага жылля для тых, хто мае патрэбу. I ў гэтых мэтах па даручэннi кiраўнiка дзяржавы будзе рэалiзаваны праект „Зялёны Бор“ — мiкрараён на тэрыторыi каладзiшчанскiх палiгонаў. Адпаведны нарматыўны дакумент распрацаваны i ў блiжэйшы час будзе ўнесены на разгляд кiраўнiка дзяржавы, — расказаў Уладзiмiр Кухараў. — Абмяркоўвалiся пытаннi сферы рытуальных паслуг, што для Мiнска вельмi актуальна. Падыходы кiраўнiком дзяржавы падтрыманы».

  • Мэр Мiнска расказаў, што Прэзiдэнт праiнфармаваны аб выкананнi яго даручэнняў па кантролi за станам мастоў i пуцеправодаў у Мiнску. Па яго словах, за чатыры гады адрамантаваны 22 пуцеправоды, сёлета яшчэ 5 знаходзяцца ў рамонце. А затым яшчэ 12 на працягу трох гадоў будуць рэканструяваны. «Такiм чынам усе праблемныя пуцеправоды будуць прыведзены ў належны стан», — запэўнiў Уладзiмiр Кухараў. 
  • Кажучы пра выкананне даручэння аб стварэнi тэхнапаркаў, ён расказаў, што на адной з пляцовак на вулiцы Цэнтральнай работы ўжо вядуцца, і там жа на другой пляцоўцы — iдзе праектаванне. Адпрацоўваецца пытанне па яшчэ адной пляцоўцы — гэта тэрыторыя мясакамбiната на вулiцы Казiнца. «Гэтыя праекты стануць для прадстаўнiкоў бiзнесу той пляцоўкай, якая дасць магчымасць прымяняць новыя тэхналогii, развiваць iнавацыйны напрамак», — адзначыў старшыня Мiнгарвыканкама.

Што да сетак водаадвядзення, то мэр адзначыў, што сёння па тых нарматыўных дакументах, якiя iснуюць, быццам бы тэрмiны эксплуатацыi гэтых сетак падыходзяць да завяршэння. Але рэгулярнае комплекснае абследаванне гэтых сiстэм паказвае, што яны знаходзяцца ў належным стане, бо былi пабудаваны з чыгунных i бетонных матэрыялаў, i нейкiх сур’ёзных праблем яны не нясуць. «У рамках правядзення рамонтных работ мы па 4 % ад агульнай колькасцi такiх сiстэм мяняем. Але трэба разумець, што, з улiкам вялiкiх дыяметраў сiстэмы, вельмi цяжка ў гарадскiх умовах рабiць iх замену. Таму мы выкарыстоўваем метад рэнавацыi. Работа вядзецца сiстэмная, i нiякiх праблемных аварыйных сiтуацый у сiстэмах водаадвядзення няма», — падкрэслiў Уладзiмiр Кухараў.

Старшыня Мiнгарвыканкама праiнфармаваў Прэзiдэнта аб развiццi прасторы парковак. Падрыхтаваны ўжо адпаведны нарматыўны дакумент, якi ўзгоднены Прэзiдэнтам i ў блiжэйшы час будзе ўнесены на разгляд. «З паркоўкамi гэта вельмi сур’ёзнае пытанне. Бо ў горадзе зарэгiстравана 900 тысяч машын, i 200 тысяч заязджае штодня. Для такога кампактнага горада, як Мiнск, гэта сур’ёзная нагрузка. Горад вельмi шмат укладвае ў развiццё сiстэм транспарту. Мы будуем метро, закупляецца электратранспарт — мы забяспечваем лагiстыку. Калi ёсць жаданне ехаць у цэнтр на аўтамабiлi, трэба думаць, дзе яго там пакiнуць. Сёння мы не можам рабiць у цэнтры дадатковыя паркiнгi, таму мы адпрацавалi сiстэму па дадатковых парковачных месцах, за якiя трэба будзе заплацiць», — адзначыў Уладзiмiр Кухараў.

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю