2 мая Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка канчаткова расставіў кропкі над «i» ў пытанні нашэння і выкарыстання ў Беларусі сімволікі георгіеўскай стужачкі, паведамляе БелТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да гэтай тэмы ў самым пачатку сустрэчы з губернатарам Астраханскай вобласці Ігарам Бабушкіным, дзе прысутнічаў і пасол Расіі Барыс Грызлоў. Раней Аляксандр Лукашэнка выказваўся па гэтым пытанні ў Валгаградзе на перагаворах з Уладзімірам Пуціным. Такая ўвага звязана са спробамі ў пэўных колах штучна раскруціць гэтае пытанне і зрабіць кропкай разладу ў беларуска-расійскіх адносінах. Бачачы гэтую тэндэнцыю, Аляксандр Лукашэнка прама і адкрыта адрэагаваў, каб спыніць магчымыя інсінуацыі.
«Ну мы Вам адказалі з Уладзімірам Уладзіміравічам з нагоды стужачак. Што мяне здзівіла, ён кажа: «Слухай, раскажы мне, у чым справа». Я кажу: «Я думаў гэта, ад цябе ўсё ідзе». — Не, я першы раз чую. — Ну, кажу, тады, напэўна, ад нашага агульнага сябра. — Ад каго? — Я кажу: «Ну як, ад Барыса Вячаслававіча (пасла Расіі Барыса Грызлова. — Заўвага БелТА)». Засмяяўся (Уладзімір Пуцін. — Заўвага БелТА), кажа: «Не, не можа быць». Ён кажа: «Адкуль?». Я кажу: «Ты паглядзі, можа, ад „Рассупрацоўніцтва“ (расійскае агенцтва. — Заўвага БелТА). Я не сцвярджаю», — расказаў Аляксандр Лукашэнка падрабязнасці размовы з расейскім калегам.
«Хочаце са стужачкамі (я і яму сказаў) — калі ласка, хочаце з нашымі стужачкамі (беларускімі. — Заўвага БелТА) — калі ласка. Хто як хоча. Мы ж свае людзі. Мы ж не носім свастыку, як ва Украіне. Вы прапанавалі нам. У гэтым плане мы вызначыліся. Думаю, сваё павінна быць нейкае адрозненне», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі праводзяць акцыю «Беларусь памятае», якая падобная на расійскі «Несмяротны полк».
«Тое ж самае фактычна. І партрэты нясуць. Хто нясе, хто не нясе — справа кожнага. Мы тады моладзі прапанову ўзялі (гэта было маё рашэнне) — моладзь прапанавала, камсамольцы нашы. Вось яны прапанавалі гэты варыянт. Тым больш, моладзь — будучыня. Добры варыянт. Не ўкраінскі. Я кажу: „Добра, няма пытанняў“. Хтосьці хоча прайсці з георгіеўскай, хтосьці... Але не трэба супрацьпастаўляць адзін аднаму. Разам давайце», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Разам і ходзім», — адрэагаваў Барыс Грызлоў.
«Так, гэта і будзе правільна. А людзі няхай вызначаюцца, як яны», — дадаў беларускі лідар.
Як паведамлялася, на перагаворах з Уладзімірам Пуціным у Валгаградзе Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі акрамя шэсця «Несмяротнага палка», які праводзіцца з ініцыятывы Расіі, у рамках якога ў якасці сімволікі выкарыстоўваецца георгіеўская стужачка, моладзь раней ініцыявала штогадовую акцыю «Беларусь памятае». Абодва мерапрыемствы праводзяцца паралельна. «Калі вы адкрывалі шэсце „Несмяротны полк“, мы ў Беларусі гэтым шляхам пайшлі. Але моладзь паралельна з георгіеўскімі стужачкамі і шэсцем палка (ініцыявала акцыю — Заўвага БелТА) „Беларусь памятае“. І ніхто не забараняе ні ў якім выпадку георгіеўскія стужачкі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Нічога дрэннага не бачу, калі хтосьці хоча георгіеўскую стужку. Хтосьці хоча „Беларусь памятае“ — гэтыя знакі (сімволіку акцыі. — Заўвага БелТА). Разам ідуць. Ніхто там нічога не дзеліць. Ну камусьці ж трэба пашумець».