Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе з судзейскім корпусам звярнуў увагу на значэнне прававой абароненасці беларускіх прадпрыемстваў і дзяржавы ад наступстваў санкцый, перадае БелТА.
«Важна помніць, што ў сучасных умовах асаблівае значэнне мае прававая абароненасць беларускіх суб’ектаў гаспадарання і дзяржавы ад наступстваў розных бандыцкіх санкцый. Інвестыцыйная прывабнасць — адзін з важнейшых прыярытэтаў развіцця любой краіны. Інвестары могуць разлічваць на надзейную судовую абарону сваіх інтарэсаў у Беларусі.
Але пры адной умове: калі працуюць сумленна і не блытаюць эканоміку з палітыкай», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сур’ёзныя змяненні, якія адбыліся ў сістэме судоў агульнай юрысдыкцыі. Пачаў работу Апеляцыйны эканамічны суд, рэалізуецца адзіны для сістэмы судоў Кодэкс грамадзянскага судаводства. «Прынятыя рашэнні былі ўзважанымі, прадуманымі. У прынцыпе, нейкіх істотных недапрацовак не відаць», — канстатаваў ён.