«Мы з вамі прытрымліваемся адной лініі, адной пазіцыі, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У нас ніколі не было разыходжанняў пры ацэнцы і ўнутраных, і знешніх фактараў існавання Расіі, Беларусі. Таму для мяне вельмі важна, што вы хоць на некалькі хвілін, але заглянеце да мяне, і мы зможам зверыць гадзіннікі. Для мяне, падкрэсліваю, гэта вельмі важна».
Прэзідэнт заўважыў, што Аляксандр Бастрыкін з’яўляецца не толькі яго сябрам, але і сябрам усяго беларускага народа. «Сачу ўважліва, наколькі гэта магчыма, за вашай работай, —канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Вельмі рады, што ў складаныя, цяжкія часы вам усё-такі неяк удаецца ўтрымліваць сваю сістэму, структуру і працаваць на карысць не толькі Расіі, а і нашаму Саюзу, які мы імкнёмся пабудаваць».
Старшыня Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі, у сваю чаргу, выказаў удзячнасць беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы, звярнуўшы ўвагу, што для Прэзідэнта пераднавагоднія дні традыцыйна напружаныя.

Ён праінфармаў кіраўніка дзяржавы, што перад сустрэчай у Палацы Незалежнасці выступіў на сур’ёзным мерапрыемстве — на III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да прыняцця Канвенцыі ААН аб папярэджанні генацыду і пакарання за яго.
Аляксандр Бастрыкін расказаў аб планах пасля сустрэчы з Прэзідэнтам прыняць удзел у рабочай сустрэчы з калегамі са Следчага камітэта Беларусі. «Падвядзём вынікі сумеснай работы за 2025 год і намецім перспектывы работы на 2026 год, — праінфармаваў ён Аляксандра Лукашэнку. — Каб нам узаемадзейнічаць, дасягаць вынікаў у ходзе сумеснай работы па асноўных стратэгічных кірунках нашага супрацоўніцтва».
Даслоўна
«Мы дзейнічаем як адзінае цэлае, як адзіная дзяржава»
У размове з журналістамі старшыня Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін падзяліўся падрабязнасцямі сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі. Паводле яго слоў, гэтым разам падчас сустрэчы расійскі бок праінфармаваў кіраўніка беларускай дзяржавы аб выніках работы са Следчым камітэтам Беларусі, а таксама аб некаторых перспектывах на 2026 год.
Аляксандр Бастрыкін адзначыў, што галоўная перспектыва ўзаемадзеяння следчых органаў Беларусі і Расіі на 2026 год — сумесная работа, у тым ліку з калегамі з Генеральнай пракуратуры Беларусі, па расследаванні генацыду савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. «Многія лічбы аб генацыдзе Савецкага Саюза, якія мы ведалі, павялічыліся ў шмат разоў, — канстатаваў ён. — Да нядаўняга часу мы лічылі, што ў блакадным Ленінградзе загінула 800 тысяч чалавек. Цяпер мы выйшлі на 1 мільён 250 тысяч — толькі ў адным Ленінградзе. Горад не здаўся, але панёс вялікія страты... Мы даведваемся пра новыя невядомыя пахаванні, выкарыстоўваем архіўныя матэрыялы, якія даюць Генеральная пракуратура і Следчы камітэт Беларусі».

Старшыня Следчага камітэта Расіі таксама адзначыў узаемадзеянне праваахоўных органаў на беларуска-расійскай граніцы. «Ёсць сітуацыі, калі нашы злачынцы перабягаюць у Беларусь, а потым спрабуюць з’ехаць у Еўропу, — удакладніў ён. — У гэтай сферы мы таксама вельмі цесна ўзаемадзейнічаем. Але самае галоўнае, і Аляксандр Рыгоравіч гэта ацаніў, — у нас вельмі цесныя, чалавечыя і сяброўскія адносіны, бо мы — Саюзная дзяржава. Гэта не фармальны падыход, калі „паперку скінулі, забыліся і нічога не зрабілі“. Мы дзейнічаем па-сапраўднаму, як адзінае цэлае, як адзіная дзяржава. І гэта вельмі прыемна».
Аляксандр Бастрыкін пракаменціраваў і супрацоўніцтва з усходнімі і заходнімі краінамі па лініі праваахоўнай і следчай дзейнасці. Паводле яго слоў, з заходнімі краінамі ўзаемадзеянне ў гэтай сферы амаль адсутнічае. «Раней у нас было вельмі шмат — да 30 пагадненняў, у тым ліку з еўрапейскімі дзяржавамі. Мы наўпрост узаемадзейнічалі з Інтэрполам. З Еўропай пакуль кантакт наладзіць не ўдаецца. Многія нашы ранейшыя сувязі з праваахоўнымі органамі Францыі, Германіі, Італіі зараз перапыненыя», — праінфармаваў старшыня Следчага камітэта Расіі.
У той жа час ён адзначыў добрае ўзаемадзеянне ў дадзеным ключы з Паўночнай Афрыкай, КНР і Індыяй.
Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота БелТА.