Палітыка Беларусі ў дачыненні да КНР застаецца нязменнай.
Новы рабочы тыдзень Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пачаўся з сустрэчы з сябрамі. Кіраўнік дзяржавы правёў сустрэчу з членам Пастаяннага камітэта Палітбюро ЦК Камуністычнай партыі Кітая, сакратаром Цэнтральнай камісіі па праверцы дысцыпліны КПК Лі Сі.

«Мне прыемна сустракаць вас у сяброўскай вам Беларусі, — вітаў госця Аляксандр Лукашэнка. — Ваш візіт і работу ў Беларусі мы разглядаем як працяг той вялікай працы, якую мы актывізавалі разам з Сі Цзіньпінам сёлета, улічваючы, што ў гэтым годзе я двойчы пабываў у Кітайскай Народнай Рэспубліцы».
«У адрозненне ад іншых буйных дзяржаў, ад іх лідараў, Кітайская Народная Рэспубліка ў апошнія гады ў асобе старшыні КНР Сі Цзіньпіна вылучае шэраг вельмі карысных ініцыятыў для балансу і развіцця планеты ў цэлым», — адзначыў беларускі лідар. У якасці апошняга прыкладу ён прывёў ініцыятыву глабальнага кіравання, якую Кітай вылучыў на саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў пачатку верасня. «Нам прыемна гэту ініцыятыву падтрымліваць, таму што яна цалкам супадае з той палітыкай, якую мы сёння праводзім. Гэта глабальная кіраўнічая сусветная ініцыятыва грунтуецца на справядлівасці і раўнапраўі. Своечасовая ініцыятыва, таму я першым яе адразу ж падтрымаў на пасяджэнні ШАС, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Я добра знаёмы з прыняццем рашэнняў у Кітаі, добра знаёмы з вашым палітычным дзяржаўным ладам. І ведаю, што як вы, так і вашы калегі мелі прамое дачыненне да выпрацоўкі падобнай ініцыятывы глабальнага кіравання. Я хачу сказаць вам і вашым калегам: вы зрабілі выдатны і своечасовы, падкрэсліваю, крок, які тады спадабаўся ўсім на нарадзе. І, як у нас раней казалі, гэтая ідэя ўсё больш авалодвае розумамі ў свеце».

Гаворачы аб адносінах Кітая і Беларусі, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што палітыка беларускага боку ў дачыненні да КНР застаецца нязменнай. «Вы можаце на нас заўсёды разлічваць у патрэбны момант для Кітая. Вы павінны ведаць, што тут, у цэнтры Еўропы, у вас самыя надзейныя і добрыя сябры», — запэўніў кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што апошнім часам, асабліва ў сувязі з візітам кітайскай дэлегацыі ў Беларусь, у СМІ назіраецца шмат рознага роду інсінуацый наконт у тым ліку нашых адносін з Польшчай і закрыццём граніцы паміж Беларуссю і Польшчай. «Я разумею, што гэта, хутчэй за ўсё, недружалюбны крок палякаў, палітычны крок, напэўна, нейкі іміджавы, як лічаць палякі, супраць КНР. Але ніколькі не эканамічны, паколькі такая імперыя, як Кітай, лёгка справіцца з гэтай праблемай», — адзначыў ён. Але, па словах кіраўніка дзяржавы, тэма гучыць. Таму ён прапанаваў Лі Сі абмеркаваць дадзенае пытанне сам-насам і падзяліцца інфармацыяй на гэту тэму. "Справа тут не ў Беларусі, а Польшча выконвае ролю нейкага каня-скакуна на карысць іншых дзяржаў», - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
У цэлым Прэзідэнт выказаў гатоўнасць абмеркаваць з Лі Сі як з адным з важных кіраўнікоў Кітайскай Народнай Рэспублікі любыя пытанні рэгіянальнага характару, а таксама беларуска-расійскіх, беларуска-ўкраінскіх, беларуска-кітайскіх адносін у маштабах міжнародных стасункаў.
Рэалізаваць дамоўленасці і паглыбляць супрацоўніцтва

Лі Сі падзякаваў беларускаму лідару за магчымасць сустрэцца. «Залатая восень — сезон ураджаю і ў Кітаі, і ў Беларусі. Мне вельмі прыемна наведваць прыгожую Беларусь у гэты сезон», — адзначыў ён.
«Мы гатовыя дзяліцца пладамі гэтага ўраджаю з кітайскімі сябрамі», — заўважыў у адказ Прэзідэнт.
Лі Сі перадаў Аляксандру Лукашэнку шчырае прывітанне і найлепшыя пажаданні ад Сі Цзіньпіна. «Мэта майго візіту заключаецца ў тым, каб рэалізаваць важныя дамоўленасці лідараў нашых краін, прасоўваць наша супрацоўніцтва, паглыбляць абмен вопытам у тым ліку ў дзяржкіраванні, — расказаў Лі Сі. — Пад стратэгічным кіраўніцтвам старшыні Сі Цзіньпіна і асабіста Вас у нас вельмі глыбокае сяброўства паміж нашымі народамі і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі».
У аэрапорце высокага госця напярэдадні сустракаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Лі Сі прызнаўся, што вельмі крануты такой увагай, і падкрэсліў, што гэта паказвае сяброўства і жалезнае братэрства нашых краін. «Вы шмат разоў здзяйснялі візіт у Кітай і праводзілі сустрэчы з Сі Цзіньпінам. Гэта паказвае наша супрацоўніцтва на высокім узроўні, што садзейнічае не толькі развіццю двухбаковых адносін, але і забеспячэнню міру на ўсёй планеце», — дадаў ён.
Валерыя СЦЯЦКО