Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Лічацца толькі з эканамічна ўстойлівымі, моцнымі дзяржавамі. Будзем па адным — з намі цырымоніцца не стануць

Другі дзень афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву атрымаўся знакавым і гістарычным. У гэты дзень успаміналі сумеснае мінулае, ушаноўвалі памяць герояў і казалі пра будучыню, якую абавязкова будзем ствараць разам.


У пятніцу свой рабочы дзень беларускі лідар пачаў у Аляксандраўскім садзе, дзе ўсклаў вянок каля Магілы Невядомага салдата. Удзельнікі цырымоніі ўшанавалі памяць загінулых у Вялікай Айчыннай вайне хвілінай маўчання, быў выкананы Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь.

Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Савет Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі, дзе выступіў перад сенатарамі. З гэтай трыбуны Прэзідэнт Беларусі гаварыў упершыню. Члены Савета Федэрацыі сустрэлі кіраўніка дзяржавы апладысментамі. Вітаючы сенатараў у адказ, Аляксандр Лукашэнка вылучыў галоўную асаблівасць гэтай сустрэчы: «Тут вельмі шмат людзей, якія не проста памятаюць нашу гісторыю, але і рабілі гэту гісторыю. Гэта мы з вамі, людзі дарослыя, убеленыя сівізной. Ужо не тыя, што былі 30–40 гадоў таму. Але мы самыя вопытныя людзі».

Тэмай свайго выступлення беларускі лідар вызначыў будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, што вельмі важна для двухбаковых адносін.

«Выбары ў Беларусі адказалі на пытанне, з кім мы»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прэзідэнцкія выбары, якія ў студзені прайшлі ў Беларусі, паказалі выбар народа ў тым, у які бок арыентуецца краіна. «Галасаванне за дзеючую ўладу, за дзеючага Прэзідэнта якраз дае адказ на гэта пытанне, з кім мы і куды», — падкрэсліў ён. «І не трэба нічога прыдумляць, не трэба казаць, што ў нас народ такі-сякі. Вось адказ на пытанне — больш за 90 % народу прыйшло, калі рубам стала пытанне, і адказалі на галоўнае пытанне: «З кім мы?», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён перакананы, што інакш і быць не павінна. Беларускі і расійскі народы самыя блізкія, што праверана часам і даказана цяперашняй рэчаіснасцю.

Гэты візіт Прэзідэнт назваў асаблівым, бо, дзякуючы запрашэнню старшыні Савета Федэрацыі, у беларускага лідара з’явілася магчымасць пагаварыць з прадстаўнікамі расійскіх рэгіёнаў, людзьмі ад зямлі, якія адчуваюць пульс жыцця сваёй краіны. «І самае галоўнае, што ў мяне ёсць магчымасць прадстаўнікам расійскіх рэгіёнаў сказаць вялізны дзякуй за тое, што ў свой час (былі ў нас не лепшыя часы, усяк было, але мы ў Беларусі зрабілі стаўку на работу з рэгіёнамі) мы дзякуючы вам захавалі наша адзінства, — гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі зала прывітала апладысментамі. — Калі б вы тады не падтрымалі беларускія памкненні, у нас не было б сёння такіх адносін. І цяжка сказаць, дзе была б наша Беларусь».

«Мы павінны цвёрда стаяць на сваім»

Сустрэчу ў Савеце Федэрацыі кіраўнік дзяржавы назваў сімвалічнай і яшчэ па адной прычыне. 25 гадоў таму, напярэдадні падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, 27 кастрычніка 1999 года Аляксандр Лукашэнка выступаў у Дзяржаўнай Думе і выказваў сваю пазіцыю наконт гэтага падпісання. «Памятаю добра, як я, тады яшчэ „зялёны“ Прэзідэнт, пераконваў вашых калег — вопытных парламентарыяў, людзей савецкай загартоўкі — у неабходнасці больш глыбокай інтэграцыі нашых краін. Было зусім не проста. Меркаванні наконт гэтай ідэі ў палітычных колах як у вас, так і ў нас былі розныя. Гэта ўсё яшчэ быў час ілюзій і моды на „нацыянальныя кватэры“, свабодную рыначную эканоміку, ліберальныя каштоўнасці і заходнія прынцыпы пабудовы грамадства. Усё адтуль, нам усё гэта падабалася, асабліва ў Расіі, ну і мы следам ішлі за Расіяй, — падзяліўся сваімі ўспамінамі беларускі лідар. — Нягледзячы на?? абвешчанае завяршэнне халоднай вайны, Захад паслядоўна, ужо па інерцыі рэалізоўваў сваю шматхадовую стратэгію развалу таго, што засталося ад СССР. Але ўжо тады, праз восем гадоў пасля Белавежскіх пагадненняў, было відавочна, што ў адзіночку і ў эканамічным, і ў палітычным плане выстаяць праблематычна, нават немагчыма». Прэзідэнт працытаваў Уладзіміра Маякоўскага: «Горе одному, один не воин — каждый дюжий ему господин, и даже слабые, если двое».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь і Расія спаўна адчулі праславутыя дэмакратыю і свабодны рынак. «Мы ўбачылі, што сяброўскай падтрымкі ад Захаду чакаць не варта. Хутчэй, пры любым зручным выпадку паставяць падножку і здрадзяць не задумваючыся. Цяпер мы гэта ўжо разумеем. Пакуль мы спрабавалі ўстаць на ногі, сабраць па частках разбураныя сувязі, хоць неяк зляпіць бюджэт, накарміць народ, нашы заходнія партнёры часу дарма не гублялі», — сказаў ён. У прыклад беларускі лідар прывёў чарговую хвалю пашырэння НАТА ў 1999 годзе, якое пасля ўступлення ў яго Чэхіі, Польшчы і Венгрыі, ушчыльную наблізілася да нашых граніц. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што, абмяркоўваючы гэтыя пытанні з Барысам Ельцыным, яны вельмі абураліся, але зрабіць тады нічога не маглі. Ён згадаў і словы Уладзіміра Пуціна, які пра тыя падзеі сказаў проста: «Нас падманулі». Па словах беларускага лідара, сітуацыя амаль паўтараецца і сёння. «Цяпер ставіцца пытанне: а як будзе, а што, а вось там амерыканцы, украінцы... Я нават не гавару, што нас могуць падмануць наступны раз. Я кажу: вакол пальца ўжо нас ніхто не абвядзе. Таму што мы ведаем, чаго мы хочам, і мы цвёрда чарговы раз з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся: мы павінны цвёрда стаяць на сваім. Разумна. Мы за мір, мы супраць усялякай вайны. Але мы павінны бачыць свае інтарэсы», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён звярнуў увагу на заявы Прэзідэнта ЗША: «Дональд Трамп, як бульдозер, прайшоўся па ЗША, і здарылася неверагоднае. Гэты неверагодны чалавек перамог. Але куча рознага роду заяў, абяцанняў, ціску то на адзін бок, то на другі... Пакуль блытаніна. У ЗША пакуль няма ніякага плана нават па Украіне. Так, Дональд хоча спыніць гэта. Дзякуй яму за гэта, калі ён шчыра перажывае за тое, што гінуць людзі і трэба гэта спыніць, дзякуй яму. Мы за гэта. Але пры гэтым мы павінны цвёрда стаяць на сваіх пазіцыях. Нас ніхто не павінен некуды саштурхнуць убок. І, крый божа, падмануць нас ці абвесці вакол пальца. Гэтага не адбудзецца».

Прэзідэнт працягнуў праводзіць паралелі з мінулымі падзеямі. Ён нагадаў, як натаўскія бамбардзіроўкі Югаславіі канчаткова пераканалі ўсіх як у сапраўдных мэтах Альянсу, так і ў тым, што дэклараваныя Захадам прынцыпы мірнага суіснавання і міжнароднае права насамрэч больш нічога не здольныя гарантаваць. «Гэта міжнароднае права было растаптана на вачах ва ўсіх», — канстатаваў ён.

Да крокаў па збліжэнні падштурхнула само жыццё

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што не стварала надзейных апор і ўнутраная сітуацыя. Крызіс у эканоміцы і грамадстве, мітусня з перадзелам дзяржаўнай уласнасці і павальная карупцыя. «Мы зразумелі, што разлічваць трэба толькі на сябе. Само жыццё падштурхнула нас да больш рашучых крокаў па збліжэнні, фарміраванні сумесных гарантый эканамічнай і ваеннай бяспекі. Разам з першым Прэзідэнтам Расіі Барысам Мікалаевічам Ельцыным, за што я яму вельмі ўдзячны, і пры падтрымцы народаў нашых краін, найперш расіян, мы прынялі адзіна правільнае рашэнне — аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Адкінулі ўсе апасенні, хто каго можа паглынуць, хто кім будзе кіраваць, хто і што атрымае ў выніку», — успомніў, як усё было, Прэзідэнт. Ён таксама прыгадаў, што ў ходзе галасавання ў Савеце Федэрацыі ў 2000 годзе прыняцце дагавора падтрымалі 158 сенатараў. Ніхто не выказаўся супраць, толькі двое ўстрымаліся.

«Мяркую, што сёння ўжо нікога не трэба пераконваць у правільнасці зробленага выбару, — заявіў беларускі лідар. — Хоць перыядычна з’яўляюцца яшчэ нейкія гарачыя галовы, плодзяць наратывы аб незбалансаванасці выгод, утрыманстве Мінска, неабходнасці ўваходжання Беларусі ў склад Расіі, з’едліва гавораць аб нашым саюзе». Аляксандр Лукашэнка адказаў гэтым гарачым галовам: «Але калі 25 гадоў не хапіла, каб ацаніць добрыя якасці мадэлі інтэграцыі дзвюх суверэнных дзяржаў, то грош цана падобным так званым мазгавым цэнтрам і экспертам. Мы ішлі ад жыцця. І жыццё расставіла ўсе кропкі над „і“. У нашай краіне няма русафобіі, захоўваюцца паважлівыя адносіны да агульнай гісторыі, рэлігіі і традыцый».

Прэзідэнт расказаў, што часта кажа свайму расійскаму калегу аб тым, што нават калі б цяперашніх санкцый не было, іх трэба было б прыдумаць. Менавіта яны паказалі, што Беларусь карысная і патрэбная Расіі. У нашай краіне ёсць нямала таго, што Расіі крайне неабходна. Аляксандр Лукашэнка згадаў, як пасля ўвядзення санкцый было шмат хваляванняў наконт прадукцыі мікраэлектронікі. Але аказалася, што беларускія спецыялісты, якія валодаюць вялікімі ведамі і кампетэнцыямі, замянілі замежныя мікрачыпы і іншую прадукцыю мікраэлектронікі. Былі мабілізаваны намаганні, усё атрымалася, і сістэма працуе, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Больш за тое, звярнуў увагу ён, дзякуючы расійскім калегам мікраэлектроніка ў Беларусі сёння развіваецца сямімільнымі крокамі. «Вырабіць мы можам усё. Галоўнае — гэта цана і час. Мы сёння робім усё, што трэба для Расіі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама звярнуў увагу, што расіянам у Беларусі жывецца не горш, чым у Расіі, яны адчуваюць сябе як дома. «Так будзе заўсёды», — заявіў беларускі лідар.

Беларусь Расію ў адзіночку не пакіне

Прэзідэнт нагадаў свае словы, сказаныя некалькі гадоў таму, аб тым, што Беларусь ніколі не дазволіць нанесці ўдар у спіну свайму старэйшаму брату — расіянам. «Не здраджваем мы гэтаму абяцанню і сёння, надзейна абараняючы і аберагаючы наш Саюз. Мы не дрэйфуем ні ў адзін бок, ні ў другі. Хаця нярэдка асобныя расійскія палітыкі, эксперты і журналісты дазваляюць сабе такія абвінавачванні. Беларусь заўсёды праводзіла і праводзіць шматвектарную (ці, як сёння модна казаць, шматпалярную) знешнюю палітыку. Чым гэта адрозніваецца ад Расіі? Нічым», — падкрэсліў ён. Кіраўнік дзяржавы тлумачыць гэта нашым геаграфічным становішчам і адкрытасцю эканомікі. У Беларусі адносіны стратэгічнага і ўсепагоднага партнёрства з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Беларускі бок зацікаўлены ва ўсебаковым супрацоўніцтве з краінамі СНД, ШАС і БРІКС. Нам трэба гандляваць з дзяржавамі Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. Мы жадаем добрых адносін з суседкай Еўропай і ЗША.

«Але заўсёды галоўным прыярытэтам былі і будуць нашы асаблівыя, самыя блізкія, брацкія адносіны з Расіяй. Мы ўвесь час пра гэта адкрыта казалі. А на любыя прэтэнзіі аб нашай падтрымцы вас я нязменна адказваю: калі нам давядзецца выбіраць, мы заўсёды будзем на баку Расіі. Інакш не можа быць. Беларусь Расію ў адзіночку не пакіне, таксама, як і Расія, не пакіне нашу Беларусь», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, гэта выбар беларускага народа, зроблены на рэферэндуме 1995 года, калі руская мова атрымала статус дзяржаўнай і людзі падтрымалі курс Прэзідэнта на эканамічную інтэграцыю з Расіяй (гэта было асобнае пытанне ў бюлетэні). «Няўжо мы за 30 гадоў (вялікі юбілей) хоць на адзін крок адступілі ад тых гістарычных рашэнняў? — задаў рытарычнае пытанне кіраўнік дзяржавы. — Магутныя стартавыя ўмовы беларуска-расійскай інтэграцыі стварылі моцны фундамент яе ўстойлівасці і шырокія магчымасці для развіцця ў ваеннай, эканамічнай і палітычнай сферах».

Да такіх сфер Аляксандр Лукашэнка аднёс глыбокую агульную гісторыю нашых народаў, адзіныя арыенціры і падобныя нацыянальныя інтарэсы. «Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, пад Полацкам — геаграфічны цэнтр Еўропы. Вы выдатна ведаеце, як нас тузалі, трапалі заўсёды. І не толькі Напалеон, фашысты хадзілі туды-сюды па краіне, і ад краіны нічога не заставалася. Нам даставалася і акрамя гэтых буйных ваенных падзей. Заўсёды мы былі на гэтым зломе. Але ніхто з вас не скажа, што нават у самыя цяжкія часы мы былі не з рускімі людзьмі, не з расіянамі. Мы заўсёды глядзелі ў гэты бок, таму што наш народ дакладна разумеў, што тут наша шчасце і тут наша будучыня», — падкрэсліў ён, дадаўшы, што гэта векавыя спадзяванні нашых людзей.

Да магутных стартавых умоў беларускі лідар аднёс і мэтазгоднасць аб’яднання, звязаную з геаграфічнымі і інфраструктурнымі перавагамі. Ён звярнуў увагу і на пастаянную нацэленасць на канкрэтны вынік, паколькі інтэграцыя цягне за сабой пашырэнне магчымасцяў для нашых грамадзян і арганізацый.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўнутранай устойлівасці Саюзу дадалі нарматыўна замацаваныя стратэгічныя падыходы. Прынятыя 28 галіновых праграм дазволілі ўніфікаваць заканадаўства, запусціць імпартазамяшчальныя праекты і, па сутнасці, удыхнуць новае жыццё ў падпісаны ў 1999 годзе саюзны дагавор. Разам з тым кіраўнік дзяржавы згадаў, што падчас прыняцця гэтых праграм была пэўная насцярожанасць. Ён расказаў, што прапаноў па праграмах было больш, але прэзідэнты Беларусі і Расіі вызначыліся, што гэта павінны быць праграмы, якія сёння можна рэалізаваць. І гэтыя 28 праграм сёння рэалізавалі. «Унікальнасць Саюзнай дзяржавы ў тым, што яна з’яўляецца больш дасканалым фарматам двухбаковых адносін, аналагаў якому ў свеце няма. Дзякуючы нашай сумеснай рабоце гэта жывы арганізм, які дазваляе ў залежнасці ад абставін выбіраць патрэбныя нам інструменты, выпрацоўваць і апрабоўваць новыя метады работы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Яскравым прыкладам таму ён назваў паспяховае супрацьстаянне шалёным санкцыям Захаду. «Менавіта дадзены фармат у поўнай меры забяспечвае бяспеку ў шырокім сэнсе — ад эканамічнай і інфармацыйнай да ваеннай, дэманструе высокі ўзровень кааперацыі на фоне лагістычных збояў і праблем з фінансавымі разлікамі. Нягледзячы на?? розны рэсурсны патэнцыял Беларусі і Расіі, мы арганічна дапаўняем адна адну, а таксама ўзаемааднаўляем існуючыя ў кожнага з нас прабелы, аб’ядноўваем перавагі кожнай краіны», — растлумачыў беларускі лідар.

Для таго, каб гэта праілюстраваць, Прэзідэнт абазначыў некалькі прыкладаў.

Працуем як раўнапраўныя партнёры

Гэта перш за ўсё эканоміка. У дадзеным выпадку лепей за ўсё кажуць лічбы. Аляксандр Лукашэнка прывёў некалькі паказчыкаў за 25 гадоў. Аб’ём ВУП у намінальным выяўленні ў Беларусі вырас больш як у 6 разоў, у Расіі — у 10 разоў; аб’ём ВУП на душу насельніцтва ў Беларусі — амаль у 7 разоў, у Расіі — амаль у 11 разоў; гандлёвы абарот вырас у 7 разоў і летась склаў 60 мільярдаў долараў (58,9). Пры гэтым, нягледзячы на?? найскладанейшую знешнюю кан’юнктуру, рэкордныя паказчыкі дасягнуты ў апошнія тры гады (з 2022 да 2024 года).

«І самае галоўнае — істотна выраслі рэальныя даходы грамадзян, палепшылася якасць іх жыцця, — зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы. — Значыць, гэты саюз выгадны найперш нашым людзям». Разам з тым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, называючы станоўчыя моманты, ён далёкі ад самалюбавання. Яшчэ вельмі шмат праблем трэба вырашыць.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў расійскіх СМІ звычайна вельмі сціпла згадваюць ці не гавораць зусім аб тым, што дзякуючы кааперацыйным сувязям, якія падтрымліваюцца з Беларуссю, больш за 3 мільёны расіян маюць пастаянную крыніцу даходаў. А гэта дзясяткі тысяч прадпрыемстваў, шырокі спектр прадукцыі і паслуг. «Нягледзячы на розны маштаб эканомік, многія апрабаваныя падыходы да падтрымкі прадпрыемстваў, абароны рынку і інвестыцый мы гарманізуем і сінхранізуем. Асабліва апошнім часам, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Задача нязменная, як і 25 гадоў таму, — забяспечыць рэалізацыю адзінай прамысловай, тэхналагічнай і навукова-тэхнічнай палітыкі. Мяркуючы па апошніх рашэннях, у Расіі запатрабаваны беларускі вопыт у галіне планавання, а таксама дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Але трэба яшчэ больш рабіць, на маю думку. Нам трэба навучыцца мабілізоўвацца, нягледзячы на вялізныя памеры Расіі. Асабліва гэта актуальна цяпер». Такі падыход, па словах Аляксандра Лукашэнкі, ні ў якім разе не супярэчыць ліберальным і рыначным падыходам. «Калі лібералізм і рыначныя падыходы садзейнічаюць мабілізацыі, а яна патрэбная асабліва ў гэтых умовах, дык дзякуй. Мы гэта падтрымліваем. Мы звяртаем на гэта самую пільную ўвагу», — растлумачыў ён.

Высокімі тэхналогіямі карыстацца, але трымаць на кантролі

Беларусь, у сваю чаргу, запазычвае ў Расіі падыходы да стварэння лічбавых тэхналогій, пабудаваных на іх аснове дзяржаўных сэрвісаў, электронных платформ. Але і беларускі бок нямала зрабіў у гэтым плане. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што, калі ў Расіі толькі думалі аб ІТ-тэхналогіях, у Беларусі ўжо стварылі Парк высокіх тэхналогій. «Ведаеце, у чым была наша памылка, — мы не стваралі канчатковага прадукту ні для вас, ні для сябе. У высокатэхналагічных кампаній. Мы былі там другараднымі людзьмі. У 2020 годзе мы ў гэтай сістэме атрымалі добры ўдар па галаве. Я заўсёды задаваў сабе пытанне: як так магло быць? Я фактычна валявым рашэннем стварыў гэты парк, сцягнулі самых дасведчаных, самых лепшых людзей, стварылі ўмовы. І яны першымі выступілі супраць гэтай улады. Усё вельмі проста — не яны. Не яны. Гэта адтуль, іх мацярынскія кампаніі, давалі каманду групам, якія ў парку былі створаны, зараблялі немалыя грошы, падаткі плацілі невялікія, мы іх у гэтым плане падтрымлівалі. Але там, у Амерыцы, далі каманду „бамбіць“, па гэтых напрамках ішло фінансаванне, і на вуліцы вывалілі ў першых радах яны. Цяпер адумаліся, прызнаюцца, што яны адурманіліся. Мы гэта чуем, не зусім верым, але чуем і трымаем на кантролі», — расказаў расійскім сенатарам беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў спакайней ставіцца да штучнага інтэлекту. Па яго словах, ім трэба займацца, але забягаць занадта далёка наперад нельга. «Так, каб грамадства ўвогуле не разумела і не ўспрымала гэтых крокаў — нікому гэта не трэба, — растлумачыў ён. — Так, трэба на паўкроку, на крок ісці наперадзе. Наша агульная гісторыя гэтаму вучыць. Але так ісці, каб ззаду засталіся людзі, для якіх мы гэта робім, — недапушчальна. Мы адарвёмся ад людзей. Таму мы спакойна займаемся высокімі тэхналогіямі».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што нават замежныя спецыялісты высокага ўзроўню, з якімі ён размаўляў і якія займаюцца тэмай штучнага інтэлекту, не ведаюць, да чаго можа прывесці ў выніку развіццё гэтай тэхналогіі. Але займаюцца таму, што выгадна.

Санкцыі пайшлі на карысць тэхналагічнаму суверэнітэту

Прэзідэнт адзначыў, што супрацоўніцтва ў галіне мікраэлектронікі і вытворчасці кампанентнай базы ўносіць важкі ўклад у работу такіх расійскіх гігантаў, як «Раскосмас», «Расатам», «Растэх», «Алмаз-Антэй». «Нам удалося захаваць, а па шэрагу пазіцый аднавіць міжгаліновае супрацоўніцтва і прамысловую кааперацыю. Калі шчыра, санкцыі нават пайшлі нам на карысць. І гэтым мы канчаткова загналі ў тупік іх аўтараў. Негатыву мора. Але яны нас падагналі, яны паказалі, дзе мы знаходзімся, на якім узроўні, што з намі будзе і што мы можам. Літаральна за тры гады мы пабудавалі контуры прамысловага і тэхналагічнага суверэнітэту на дзесяцігоддзі наперад», — падкрэсліў беларускі лідар. У прыклад ён прывёў авіябудаванне. Маючы магчымасць супрацоўнічаць з замежнымі партнёрамі, закупляючы імпартныя камплектуючыя, на ўласнае развіццё гэтай галіны не звярталі належную ўвагі. Але, калі гэтыя магчымасці зніклі, сталі працаваць самастойна.

Яшчэ адзін прыклад: у Саюзнай дзяржаве рэалізоўваюцца перспектыўныя імпартазамяшчальныя інвестыцыйныя праекты. Іх выкананне дазваляе забяспечваць замяшчэнне крытычнага імпарту, выпуск высокатэхналагічнай прадукцыі. На БелАЗе выпушчаны 45-тонны самазвал з газавым рухавіком расійскай вытворчасці. Выдаткі на паліва скараціліся ў два разы, а выкіды ў атмасферу — у 10 разоў. Цяпер вядуцца сумесныя работы па выпуску 90-тоннага газаматорнага самазвала.

У праекце «Саюзны станок» назва гаворыць сама за сябе. «Мы ствараем станкі з камплектуючых, вырабленых выключна ў Беларусі і Расіі. Кампетэнцыі прадпрыемстваў размеркаваны, першая партыя атрымала добрыя водгукі, ёсць попыт», — заўважыў беларускі лідар. Але, па яго словах, сітуацыя са станкабудаваннем няпростая. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў савецкі час Беларусь была цэнтрам станкабудавання. І ўсе гэтыя прадпрыемствы, школы і кампетэнцыі захаваны. Сёння, дзякуючы расійскім інвестыцыям, ствараюцца якасныя станкі, запатрабаваныя на беларускіх і расійскіх прадпрыемствах. «Мы хутка змаглі мабілізавацца і падняцца. Запушчаны амбіцыйны праект па стварэнні сумеснага лёгкаматорнага самалёта. Ён у Беларусі будзе зусім хутка. Для нас авіябудаванне — новая галіна эканомікі», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беларусь для Расіі адкрыта, нягледзячы на розныя патэнцыялы

Працягваючы размову пра эканоміку, Аляксандр Лукашэнка асобна спыніўся на тэме рэгіянальнай работы. «Калі казаць зусім ужо шчыра, то Саюзная дзяржава жыве дзякуючы моцным сувязям паміж абласцямі Беларусі і расійскімі рэгіёнамі. Сёння мы, прэзідэнты і ўрады, прыслухоўваемся і рэалізоўваем прапановы і праекты кіраўнікоў на месцах. Махавік усебаковага ўзаемадзеяння з рэгіёнамі ў нас раскручаны ў поўнай меры. Працэс разнахуткасны, і недзе хацелася б паскорыць. Але мяч не на нашым баку. Беларусь для Расіі адкрыта, нягледзячы на розныя патэнцыялы. Гэта пацвярджаюць насычаны графік паездак у Беларусь расійскіх губернатараў ад Смаленска да Сахаліна і візіты ў адказ у вашы рэгіёны членаў беларускага ўрада і прадстаўнікоў дырэктарскага корпуса», — сказаў ён.

Асобна кіраўнік дзяржавы вылучыў Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Па яго словах, дзякуючы гэтаму форуму, які праводзіцца пад патранатам беларускіх і расійскіх сенатараў, сувязь рэгіёнаў захоўваецца, а скарбонка паспяховых праектаў пастаянна папаўняецца. Толькі летась у рамках дадзенага мерапрыемства падпісаны кантракты на суму больш за 1 мільярд беларускіх рублёў. «Упэўнены, што пад кіраўніцтвам старшынь нашых палат парламента Валянціны Іванаўны (Матвіенка. — „Зв.“) і Наталлі Іванаўны (Качанавай. — „Зв.“) сёлета Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Ніжнім Ноўгарадзе збярэ яшчэ больш удзельнікаў і гасцей. Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што абавязкова прыедзем на гэты форум», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Мы дамовіліся разам абараняць нашу агульную Айчыну»

Вельмі важны кірунак супрацоўніцтва на прасторы Саюзнай дзяржавы — бяспека. «Я сёння ўжо казаў, і досвед Савецкага Саюза гэта пацвердзіў: лічацца толькі з эканамічна заможнымі, моцнымі дзяржавамі і саюзамі. Будзем па адным — з намі цырымоніцца не стануць. Таму мы з Прэзідэнтам Расіі дамовіліся разам абараняць нашу агульную Айчыну», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што Беларусь пастаянна называлі самай савецкай рэспублікай. І нагадаў, што ён быў адзіным дэпутатам з усяго беларускага парламента, які выступаў супраць распаду Савецкага Саюза. Але не знайшлося людзей, якія б маглі абараніць СССР. І ў гэтых рэаліях прыйшлося супрацоўнічаць інакш, але спакойна, крок за крокам, з улікам узаемных інтарэсаў. Менавіта на гэтых прынцыпах і грунтуецца Саюзная дзяржава. Па словах кіраўніка Беларусі, з клішэ, якія засталіся пасля савецкіх часоў, накшталт агульнай валюты ці агульнага парламента, сёння працаваць нельга. Тым больш што цяпер прыйшло новае пакаленне, якое жыве ў незалежных, суверэнных дзяржавах. Беларускі лідар нагадаў, што пры інтэграцыйным будаўніцтве хапала рознагалоссяў, канфліктаў, часам даводзілася хадзіць па тонкім лёдзе, але ўсе яны былі вырашаны і знойдзена ўзаемаразуменне.

Але пытанні бяспекі — справа агульная. Аляксандр Лукашэнка згадаў, як, наведваючы Югаславію, якая пакутавала ад натаўскай бамбёжкі, зразумеў, што трэба быць гатовымі да ўсяго, бо ў Захаду «звярынае аблічча». А для таго, каб супрацьстаяць выклікам і пагрозам, трэба трымацца разам. «Сёння ў нашым арсенале Рэгіянальная групоўка войскаў Беларусі і Расіі і Адзіная рэгіянальная сістэма СПА. Адзіная. Нам перададзена тактычная ядзерная зброя, хутка на ўзбраенне беларускай арміі паступяць найноўшыя комплексы гіпергукавой зброі «Арэшнік», — сказаў беларускі лідар. Паводле яго слоў, у Беларусі вырабляюцца некаторыя складнікі для «Арэшніка», і да канца года плануецца завяршыць выраб пускавых установак. А далей сумесна з расійскім бокам трэба вызначыцца з месцам размяшчэння.

«З прыняццем Ваеннай дактрыны і Канцэпцыі бяспекі Саюзнай дзяржавы, Дагавора аб гарантыях бяспекі ў рамках Саюзнай дзяржавы мы выйшлі на беспрэцэдэнтны ўзровень стратэгічнага партнёрства і каардынацыі дзеянняў у ваеннай сферы», — заўважыў Прэзідэнт. Ён шчыра падзякаваў сенатарам за ратыфікацыю Дагавора.

«Ключавыя пастулаты гэтых дакументаў, такія як прыярытэт папераджальных мер, непадзельная бяспека, раўнапраўе і ўзаемны ўлік інтарэсаў усіх дзяржаў, аформілі саюзны стандарт бяспекі», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ад другой АЭС да клетачных тэхналогій

Прэзідэнт нагадаў, што на пачатковым этапе нашы сумесныя саюзныя праграмы вырашалі задачы падтрымання асобных прадпрыемстваў і галін. Ён згадаў такія праграмы, як «Саюзны тэлевізар» або «Саюзны рухавік». Па словах беларускага лідара, гэта былі прыватнасці, але гэта трэба было рабіць і ад гэтага ішлі. «Цяпер праграмы Саюзнай дзяржавы накіраваны на стварэнне і развіццё новых перадавых кірункаў навукі і тэхнікі», — дадаў ён. Свае словы Прэзідэнт пацвердзіў канкрэтнымі фактамі. Толькі па касмічнай тэматыцы з удзелам НАН Беларусі рэалізавана восем праграм. Летась у сакавіку на арбіту быў дастаўлены экіпаж з першай беларускай жанчынай-касманаўткай. Распрацаваны і эксплуатуецца расійска-беларускі касмічны апарат у складзе групоўкі спадарожнікаў для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Вядзецца стварэнне новага спадарожніка са звышдакладным раздзяленнем да 35 сантыметраў.

«Будаўніцтва Беларускай АЭС стала самым высокатэхналагічным і маштабным праектам у гісторыі беларуска-расійскіх адносін. Беларускія спецыялісты-атамшчыкі мелі добрую рэпутацыю ў Савецкім Саюзе і за яго межамі. Нам ніяк нельга было канчаткова страціць гэту інтэлектуальную базу, — прывёў яшчэ адзін яскравы прыклад Аляксандр Лукашэнка. — Вялізны вам дзякуй і вашаму Прэзідэнту за тое, што вы выканалі маю просьбу. Па-першае, мы пабудавалі станцыю, пасля Фукусімы гэта не так проста было. Добрая станцыя. Яна дэманструе добрыя вынікі».

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што будаўніцтва беларускай АЭС для яго было важным, найперш для таго, каб не страціць кампетэнцыі. Хоць у «чарнобыльскай» рэспубліцы гэта было няпроста. Прыйшлося пераконваць людзей у тым, што гэта бяспечна, чым асабіста займаўся Прэзідэнт. І людзі паверылі. Аляксандр Лукашэнка расказаў расійскім сенатарам пра тое, што ў Беларусі пачалі будаваць дамы, якія абаграваюцца электрычнасцю, чым насельніцтва вельмі задаволенае. Таму пытанне аб будаўніцтве другой АЭС сёння вельмі актуальнае. Тым больш што ўсё, акрамя рэактара, беларусы ўжо могуць рабіць: расійскія партнёры навучылі нашых спецыялістаў, далі тэхналогіі і кампетэнцыі. І цяпер беларускія спецыялісты запатрабаваны і ў іншых краінах. А калі другая АЭС будзе пабудавана на ўсходзе Беларусі, то гэта будзе зручна і расійскім рэгіёнам. Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў хуткім часе і заходнія краіны будуць купляць электраэнергію ў Беларусі, што больш выгадна. «Гэты праект аб’яднаў навуковыя і інжынерныя школы, дзясяткі прадпрыемстваў і тысячы спецыялістаў дзвюх краін, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта была мая мара, якую вы са сваім Прэзідэнтам дапамаглі для беларусаў ажыццявіць».

Беларускі лідар прывёў яшчэ вельмі красамоўныя прыклады. Так, сумесна з расійскім бокам прапрацоўваецца стварэнне Цэнтра ядзерных даследаванняў і тэхналогій. «Унікальныя распрацоўкі для лячэння дзяцей з паталогіяй пазваночніка, анкалагічных, неўралагічных і іншых захворванняў з выкарыстаннем клетачных тэхналогій сталі сапраўдным прарывам у сістэмах аховы здароўя нашых краін. Мы навучыліся самі вырабляць медыцынскія тавары найвышэйшага класа ў галіне артапедыі і траўматалогіі. Гэтыя і іншыя кірункі замацаваны ў Стратэгіі навукова-тэхналагічнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2035 года. Мы ўжо вярнуліся і да таго, што планаваць трэба», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Мы ж гаворым аб адзіных рынках»

«Сутнасць мадэлі Саюзнай дзяржавы заключаецца ў паглыбленай інтэграцыі, імкненні да стварэння адзінай эканамічнай прасторы з захаваннем палітычнага суверэнітэту кожнай краіны, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Прыйдуць часы — хто ведае, што там зробяць нашы дзеці. І сярод вас тут шмат маладых сенатараў, вам давядзецца вырашаць гэтыя праблемы. Мая вам парада — ідзіце, абапіраючыся на зямныя патрэбы, ідзіце ад зямлі, будзе менш памылак».

Прэзідэнт прызнаўся, што рады таму, што нарэшце ў Саюзнай дзяржаве прыйшлі да таго, што без пабудовы працоўнага базісу эканомікі — аб’яднаных рынкаў першасных энергарэсурсаў — не можа быць эфектыўнага руху наперад у пытаннях далейшай інтэграцыі. У снежні 2024 года прэзідэнты падпісалі Дагавор аб фарміраванні аб’яднанага рынку электрычнай энергіі. «Гэта добры крок, але трэба рухацца далей. Што вы трымаецеся за нафту, газ? У вас жа дзяваць іх няма куды. Давайце дамаўляцца», — прапанаваў кіраўнік дзяржавы, зрабіўшы акцэнт на неабходнасці стварэння спрыяльных і роўных умоў гаспадарання для суб’ектаў абедзвюх краін.

Беларусь заўсёды адгукаецца і прыходзіць на дапамогу, калі гэта патрэбна расійскаму боку, падкрэсліў Прэзідэнт. Так было і апошнім часам, калі ўзнікала неабходнасць у дадатковых пастаўках дызельнага паліва, бензіну, электраэнергіі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі нафтаперапрацоўчыя заводы здольныя перапрацаваць некалькі дзясяткаў мільёнаў тон нафты. Прадпрыемствы былі мадэрнізаваны па апошнім слове тэхнікі, аднак цяпер з-за няроўных умоў пры пастаўцы сыравіны іх работа перастае быць прыбытковай. Але ва ўрон прадпрыемствы працаваць не могуць. «Не трэба 30 працэнтаў прыбытку для пашыранай вытворчасці. Няхай гэта будзе 7-8 працэнтаў рэнтабельнасці. Але трэба захаваць гэтыя заводы. Гэта для нас трэба», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, ён абмяркоўваў гэтую праблему са сваім расійскім калегам, і Уладзімір Пуцін пагадзіўся, што трэба разам яе вырашаць. «Будзем думаць, як нам гэту формулу маляваць. Ва ўрадах гэта трэба зрабіць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, гэта датычыцца не толькі нафты, але і цэнаўтварэння на іншыя энергарэсурсы, у прыватнасці на газ. «Мы ж гаворым аб адзіных рынках. Мы ж не просім: дайце гэта, дайце тое, — заўважыў Прэзідэнт. — Мы павінны на рыначных умовах, як і па электраэнергіі, гэта зрабіць. У нас ёсць гэта праблема, і нашы ўрады не могуць гэту праблему вырашыць нават цяпер, калі мы спінай да спіны стаім і адстрэльваемся на пэўных пазіцыях».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на меркаванне, якое цяпер актыўна гучыць, наконт таго, што ў інтэграцыі Беларусі і Расіі трэба ісці далей перш за ўсё ў стварэнні адзіных парламента, органаў кіравання і гэтак далей. Па яго словах, найперш трэба вырашыць праблемы, якія ляжаць на паверхні, а пасля ўжо паглыбляцца ў палітычнай інтэграцыі. «На гэтым этапе важна таксама акцэнтаваць увагу ў саюзным будаўніцтве на такіх кірунках, як стварэнне перспектыўных мадэляў беспілотнай тэхнікі і электрамабіляў, мікраэлектроннай базы шырокага кола прымянення, распрацоўка тэхнічных сродкаў у галіне аднаўляльных і неаднаўляльных энергакрыніц, перш за ўсё атамнай энергетыкі, развіццё сістэмы дакладнага земляробства, — заявіў Прэзідэнт. — На мой погляд, за мінулыя гады наш саюз дастаткова адужэў і гатовы перайсці да аб’яднання рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў».

Лагістыка — катэгорыя не толькі эканамічная

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адно актуальнае пытанне. Па яго словах, вялікае значэнне для Беларусі мае мадэрнізацыя транспартнай інфраструктуры, асабліва да марскіх партоў. Ён растлумачыў, што ў Беларусі ёсць партовыя магутнасці пад Санкт-Пецярбургам. Але можна было б пашырыць свае пастаўкі праз парты, што пакуль немагчыма з-за недастатковай прапускной здольнасці чыгункі, асабліва па тэрыторыі Расіі. Адзін з варыянтаў вырашэння праблемы — аднаўленне раз’ездаў, якія існавалі калісьці, але былі разбураны.

«Расіяне гатовы — і ў Піцеры, і ў Ленінградскай вобласці, губернатары малайцы, яны гатовы падставіць сваё плячо. Але нейкая цяганіна ідзе, мы не можам пашырыць гэта вузкае месца», — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, гэтай работай гатовы заняцца і самі беларусы.

Прэзідэнт назваў перспектыўным выкарыстанне чыгункі ў напрамку Паўночна-Заходняга рэгіёна Расіі для далейшай перавалкі грузаў праз расійскую партовую інфраструктуру. «Тут можам загрузіць і гандляваць, як бы нас ні палохалі», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, розных запалохванняў, у тым ліку да арышту суднаў і грузаў пры праходжанні па Балтыцы, баяцца не трэба. А калі трэба будзе, то судны будуць суправаджацца ваеннымі караблямі. «А як інакш? Мы не павінны ўвесь час — па адной шчацэ ўдарылі, другую падстаўляць. Не, мы так не будзем», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што нашы «сябры» ў краінах Балтыі, Швецыі, Фінляндыі пастаянна правакуюць беларусаў і расіян, каб потым выступіць з абвінавачаннямі. Але правакацыі ідуць, а фактаў няма. У прыклад беларускі лідар прывёў абвінавачанні ў падрыве «Паўночных патокаў». «Цяпер ужо зразумела, хто ўзарваў. Амерыканцы просяць кіраўніцтва ваша: „Аддайце нам іх (гэтыя газаправоды), мы будзем Еўропе пастаўляць ваш газ“. Моцна трэба падумаць. Калі гэта так, вы ж ведаеце, па якім кошце амерыканцы купяць газ тут і паставяць туды», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён згодны з Прэзідэнтам Расіі па гэтым пытанні: каб Расія прадаўжала кіраваць «Паўночнымі патокамі», захоўваючы гатоўнасць супрацоўнічаць з ЗША ў гэтым праекце, калі будзе дамоўленасць з іншымі партнёрамі.

«Мы не павінны страціць нашу Вялікую Перамогу»

Яшчэ адна тэма, на якую звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка, — захаванне памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Ён падзякаваў расіянам за тую вялікую работу, якую яны праводзяць у гэтым кірунку. «Мы ніколі ад гэтага не адыходзілі. Гэта наша адзінства. Гэта наша Перамога. Гэта наш гонар. Чаму мы павінны ўсё гэта з гісторыі выкідваць? Чаму? Нашы продкі перамаглі. Гэта добры, годны прыклад. Мы гэтым ганарыцца павінны. Я гэта кажу да таго, што без Расіі мы б гэта не ўтрымалі. А цяпер мы ідзём адзіным строем. Мы ўпэўнены, што не павінны страціць нашу Вялікую Перамогу», — заявіў беларускі лідар. Па яго словах, і ў Беларусі шмат для гэтага робіцца.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Валянціне Матвіенка за праект «Цягнік Памяці», які вельмі папулярны ў моладзі. Беларускі лідар заўважыў, што актыўна адраджаюцца помнікі. За кошт бюджэтных сродкаў Саюзнай дзяржавы створаны Ржэўскі мемарыял Савецкаму салдату. У цяперашні час вядуцца работы ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». Помнікі героям той вайны ёсць у кожнай беларускай вёсцы. І яны не проста ёсць — іх даглядаюць. Праводзіцца вялікая праца, каб знайсці кожнае пахаванне, расследуецца крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа. «Што датычыцца 80-годдзя Перамогі, нашага агульнага руху ў гэтым кірунку, будзьце ўпэўнены: мы зрабілі і робім нямала. Мы ад гэтага не адступім», — заявіў беларускі лідар.

«Трэба самастойна будаваць сваё жыццё і самастойна спраўляцца з выклікамі»

«Наша з вамі гістарычная місія — зрабіць працэс беларуска-расійскай інтэграцыі незваротным. Мы гэты шлях пройдзем годна», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што ідзе змена пакаленняў. І тыя маладыя людзі, якія прыйшлі да кіравання Беларуссю, таксама павінны гэта разумець. Найперш таму, што Расія — галоўны рынак для Беларусі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будучая пяцігодка ў Беларусі — пяцігодка якасці, галоўная задача якой — дашліфаваць краіну. І перакінуў мосцік: «Нам трэба дашліфаваць нашы адносіны. Трэба стварыць так, каб беларусы, знаходзячыся на гэтым разломе, не глядзелі ў бок Захаду, налева-направа».

Па словах кіраўніка дзяржавы, сёння трэба самастойна будаваць сваё жыццё і самастойна спраўляцца з выклікамі. Нават такімі сур’ёзнымі, як канфлікт ва Украіне. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэзідэнту ЗША Дональду Трампу за яго намаганні па спыненні баявых дзеянняў. Але, звярнуў увагу ён, амерыканскі бок не прадставіў канкрэтных прапаноў. «Факты на стол. Мы іх павінны паглядзець, каб не шкодзілі нам», — заявіў ён.

Напрыклад, калі гаворка ідзе аб магчымасці вяртання заходніх кампаній, то тут таксама трэба ставіць на першае месца нацыянальныя інтарэсы. Як заўважыў Прэзідэнт, у цэлым такая магчымасць не выклікае апасенняў з пункту гледжання ўзрастання канкурэнцыі, паколькі і Беларусь, і Расія даўно працуюць у адкрытых рыначных умовах, канкурыруюць з іншымі кампаніямі. «Будзем разглядаць усе прапановы зыходзячы з сітуацыі на зямлі, гаворачы ваеннай мовай. Нам гэта вытворчасць выгадная — возьмем», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. А што датычыцца якіх-небудзь прэферэнцый, гэта пытанне будзе вырашацца станоўча толькі ў тым выпадку, калі Беларусь або Расія зацікаўлены ў нейкіх асаблівых, унікальных тэхналогіях.

У сувязі з гэтым беларускі лідар звярнуў увагу на палітыку ЗША па Украіне і рэдказямельных металах: «Прагаварыўся Дональд: „Мы будзем там капаць, гэта будзе на граніцы, і там будзе самая добрая абарона ад Расіі“. А ў чым ён не мае рацыю? Мы што, будзем атакаваць кар’еры кампаній з Амерыкі, якія там будуць працаваць? Бачыце, якія ў іх замашкі. Таму нам трэба спакойна глядзець на ўсе іх прапановы».

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яны яшчэ раз абмяркуюць з Уладзімірам Пуціным пытанні перагавораў з ЗША. «Я ўпэўнены, што ў амерыканцаў няма ніякага плана, ідзе зандзіраванне. Паглядзім, чаго яны хочуць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, такая мадэль паводзін характэрна для Дональда Трампа і яго каманды — яны манітораць сітуацыю па ўсім свеце ў пошуках выгадных для сябе тэм і прапаноў". І пачынаецца: раніцай адна заява, увечары — другая, у абед — трэцяя, і адна супярэчыць другой. Паспрабуй тут разабраць. Таму нам трэба спакойна гэта ўспрымаць«, — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што расійскае кіраўніцтва так і робіць. Адрэагаваў ён і на бурленне ў СМІ: «Назіраем. Працуем на прыём, як чэкісты гавораць. Потым адкажам».

«Ад вас шмат залежыць не толькі ў Расіі»

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў членам Савета Федэрацыі за моцнае парламенцкае ўзаемадзеянне. І асабіста Валянціне Матвіенка за падтрымку беларускага боку. «Дазвольце мне ад імя ўсіх сенатараў Расійскай Федэрацыі падзякаваць вам за аказаны нам гонар і за тое, што вы знайшлі час наведаць Савет Федэрацыі, за ваша яркае, бліскучае выступленне, якое літаральна было прасякнута стваральнасцю, адкрытасцю і сапраўдным беларуска-расійскім брацкім сяброўствам, — звярнулася ў сваю чаргу да беларускага лідара Валянціна Матвіенка. — У тым, што мы дабіліся такіх маштабных вынікаў узаемавыгаднага стратэгічнага партнёрства, у тым, што мы так упэўнена рухаемся ў стварэнні саюзнай дзяржавы — у гэтым ключавая роля і ключавая заслуга Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Уладзіміравіча Пуціна і ваша асабістая, дарагі, паважаны Аляксандр Рыгоравіч. Менавіта вы стаялі каля вытокаў Саюзнай дзяржавы».

Ва ўрачыстай абстаноўцы Валянціна Матвіенка ўручыла Аляксандру Лукашэнку ганаровы знак «За заслугі ў развіцці парламентарызму», які з’яўляецца найвышэйшым ведамасным знакам адзнакі Савета Федэрацыі. Узнагароды Прэзідэнт удастоены за вялікі ўклад у стварэнне Саюзнай дзяржавы, умацаванне дружбы і супрацоўніцтва паміж народамі Расіі і Беларусі. Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў за ўзнагароду і, звяртаючыся да прысутных, сказаў: «Рабяты, не адступайце, толькі наперад! Ад вас шмат залежыць не толькі ў Расіі».

Валянціна Матвіенка нагадала, што 35 гадоў таму — у сакавіку 1990 года — Аляксандр Лукашэнка быў выбраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. «Было такое. І вельмі гэтым ганаруся. Калі б гэтага перыяду, як і іншых, не было ў маім жыцці, я б, можа, і не быў Прэзідэнтам. Самы галоўны мой перыяд у жыцці — дэпутацкая работа. Я бачыў усіх, я бачыў усё і я там навучыўся высокім тэхналогіям — палітычным, дыпламатычным і іншым — і як губка гэта ўсё ўбіраў. За той перыяд мне не сорамна», — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю