Лукашэнка: Час паказаў, што мы дзейнічалі абсалютна дакладна і правільна

25.04.2025 | 15:20

Якой увагі патрабуюць цяпер пацярпелыя ад чарнобыльскай аварыі тэрыторыі?


«Рэгіянальны» тыдзень Аляксандра Лукашэнкі працягваецца. У пятніцу ён працаваў у Палацы Незалежнасці, але ўсё роўна ўвага была прысвечана рэгіёнам. На ўзроўні кіраўніка дзяржавы абмеркавалі аднаўленне і развіццё раёнаў Гомельскай вобласці, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

У цэнтры ўвагі прысутных — меры падтрымкі, экалагічныя праграмы і сацыяльна-эканамічныя ініцыятывы для жыхароў тэрыторый Гомельскай вобласці, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

«Зразумелі, што іншай краіны ў нас не будзе»

«Я часта кажу, што гэту станцыю мы не будавалі, мы яе не эксплуатавалі і, натуральна, мы яе не падрывалі. Але бяда закранула Беларусь і беларускі народ больш, чым каго-небудзь», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён нагадаў, што першыя 10 гадоў пасля аварыі былі поўныя нявызначанасці, нагнятання страхаў: «Будучы яшчэ дэпутатам, я выязджаў у гэтыя раёны, цікавіўся, што там адбывалася. 10 гадоў блытаніны, кагосьці адсялялі, перасялялі, нешта будавалі, рабілі... Потым мы апамяталіся, узяліся за галаву і зразумелі, што для беларусаў іншай зямлі не будзе і іншай краіны таксама не будзе, і трэба думаць, як жыць у Беларусі, у тым ліку і на гэтых землях».

У краіне быў прыняты шэраг праграм, якія назвалі «чарнобыльскімі». «Я тады яшчэ пра гэта казаў, 30 гадоў таму, што пройдзе час, ён усё расставіць на свае месцы, і мы зразумеем, правільна рабілі ці не. Сёння мы можам зрабіць пэўныя высновы: калі б мы гэтай праблемай не займаліся, а яшчэ горш — займаліся б так, як першыя 10 гадоў, то Беларусь увогуле ўжо б не існавала, усе б кудысьці пабеглі, разбегліся і гэтак далей. 

Я не папракаю тых, хто рабіў першыя крокі па пераадоленні Чарнобыльскай катастрофы. Абсалютна. Бо мы не ведалі ўздзеяння малых доз радыяцыі на арганізм чалавека. Мы не ведалі, што гэта такое. Калі Хірасіма і Нагасакі — гэта выбух атамнай бомбы, і там велізарная маса ўсіх наступстваў: і ўдарная хваля, і тэмпература, і радыеактыўнае заражэнне вялікімі дозамі — мы разумелі, досвед ужо нейкі быў у чалавецтва. Тут — не. Рабілі, каб не было горш, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Мы пайшлі сваім шляхам, ніхто нам пасля распаду Савецкага саюза ніякай дапамогі не аказваў».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў «чарнобыльскія» праграмы былі ўкладзены вельмі вялікія грошы — толькі за апошнія 10 гадоў каля 5 мільярдаў рублёў. І зроблена ў гэтым кірунку гэтак жа нямала. 

«Часам мы рабілі непапулярныя крокі, не раздавалі па рублі, як гэта было прынята ці як хтосьці хацеў, гэтыя грошы, а канцэнтравалі на тых праектах, якія патрэбны былі для людзей: жыллё, чыстая вада, каналізацыя, водаадвядзенне, газіфікацыя і гэтак далей. Вельмі шмат было зроблена за мінулы час. І ён паказаў: мы дзейнічалі абсалютна дакладна і правільна», — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы.

255331-14.jpg

«Будзе прадметная размова»

Прэзідэнт адзначыў, што гэта размова — не падвядзенне вынікаў. Ён расказаў, што плануе асабіста наведаць чарнобыльскія раёны. І напярэдадні гэтых паездак важна правесці аналіз сітуацыі, разгледзець, ці патрэбна дапамога тым раёнам (перш за ўсё ў Гомельскай вобласці). 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: дапамога будзе аказана там, дзе яна сапраўды патрэбна, грошы будуць выдзяляцца пад канкрэтныя праекты. Паводле яго слоў, трэба адвучаць усходнія рэгіёны ад пастаяннай падтрымкі. «Трэба жыць па сродках і зарабляць грошы самім», — канстатаваў Прэзідэнт.

Ён заўважыў, што на гэту тэму яшчэ будзе прадметная размова. І пачнецца яна з Віцебскай вобласці, дзе таксама шмат праблем.

«У нас хапае на захадзе праблем, але не столькі, колькі на ўсходзе. Разбасячыліся — далей няма куды. Я вось пабываў у Віцебскай вобласці. Дзе б я ні быў, даручыў: давайце сур’ёзна праверым пасля маёй паездкі. Куча пытанняў», — заявіў Прэзідэнт на злобу дня. Свежы прыклад — сыраробная вытворчасць, якую Прэзідэнт наведаў у Копысі. Ён расказаў пра «жулікаватыя схемы» на прадпрыемстве: малако замест таго, каб перапрацоўваць, там прадавалі. Прэзідэнт таксама выказаўся крытычна наконт вялікіх паказчыкаў па падзяжы жывёлы. Прынамсі, гэта актуальна як для Віцебскай, так і для Гомельскай абласцей. «І яны мне расказваюць: „Вы ведаеце, Аляксандр Рыгоравіч, вы не хвалюйцеся, выраўняем“. Слухайце, я вясковы мужык, працаваў у сельскай гаспадарцы. Я не разумею: калі цяля здохла, як можна яго выраўняць? Мне ж не паказчыкі, Іван Іванавіч, патрэбны. Мне патрэбна жывая жывёла. Таму што цяля — гэта будучая карова ці будучы бычок, які пойдзе на адкорм. А значыць, гэта малако і ялавічына», — абурыўся кіраўнік дзяржавы.

Будзем крок за крокам асвойваць тыя тэрыторыі

Упаўнаважаны Прэзідэнта па Гомельскай вобласці, намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Сівак далажыў, што на пачатак 2025 года ў зонах радыеактыўнага забруджвання размешчана 2016 населеных пунктаў (яны закранаюць пяць абласцей краіны), дзе пражываюць больш як 930 тысяч чалавек, у тым ліку 181 тысяча дзяцей да 17 гадоў. Аляксандр Лукашэнка на гэта адрэагаваў крытычна. «Чым жа мы тады займаліся 30 гадоў, калі ў нас 900 тысяч пражываюць на забруджаных тэрыторыях?» — спытаў ён. 

сивак.jpg

Кіраўнік дзяржавы даручыў сур’ёзна прааналізаваць пытанні аднясення тэрыторый да катэгорыі пацярпелых або забруджаных і вырашыць, наколькі гэта мэтазгодна. Прэзідэнт нагадаў, што шмат разоў асабіста бываў у тых месцах, і кожны раз гаварыў аб тым, што трэба вяртаць у сельгасабарот землі, максімальна, наколькі гэта магчыма. 

«Вы павінны падказаць. Крыўдзіць людзей не трэба. На забруджанай тэрыторыі ў нас ніхто жыць не павінен», — падкрэсліў беларускі лідар. Тым больш што ў краіне ёсць вопыт адраджэння пацярпелых тэрыторый, аднаўлення на іх сельскагаспадарчай дзейнасці. «Вось гэта дынаміка мне патрэбна — што мы зрабілі за гэты час, — паставіў задачу Прэзідэнт. — Трэба навесці парадак».

Пры гэтым ён звярнуў увагу, што землі, дзе пакуль нельга жыць, лепш не чапаць, каб паберагчы людзей. Але калі небяспека мінула і тэрыторыя ўжо бяспечная, значыць, трэба ёй займацца, асвойваць. «Будзем рабіць гэта ціхенька, крок за крокам, асвойваючы тыя ці іншыя землі. Але толькі калі мы будзем упэўнены, што гэта нармальна», — заявіў Прэзідэнт.

Анатоль Сівак падкрэсліў, што пытанне крытэрыяў аднясення зямель да катэгорыі забруджаных патрабуе дадатковай дэталёвай прапрацоўкі. Ён запэўніў: на ўзроўні ўрада гэтаму будзе ўдзелена асаблівая ўвага.

У тэму

Канцэнтрацыя, дысцыпліна, эфектыўнасць

Пра вынікі прадметнай размовы ў Прэзідэнта журналістам расказалі адказныя асобы. Галоўны вынік у тым, што падтрымка чарнобыльскіх рэгіёнаў у краіне захаваецца. Аб гэтым расказаў упаўнаважаны Прэзідэнта па Гомельскай вобласці, намеснік Прэм’ер-міністра Анатоль Сівак. Ён падкрэсліў, што ў дзяржавы ёсць пэўныя абавязацельствы, прадугледжаныя ў тым ліку законам аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на ЧАЭС і іншых радыяцыйных аварый. Яны будуць выконвацца. У той жа час, звярнуў увагу Анатоль Сівак, трэба перагледзець і прааналізаваць пытанні аднясення тэрыторый да катэгорыі пацярпелых. «Неабходна аналітычная работа, пэўныя акцэнты... Гэту работу неабходна рабіць, гэта даручэнне Прэзідэнта, каб ацэньваць, а не заставацца ў лічбах, якія былі 39 гадоў таму. Аналітыка не павінна заставацца нязменнай», — адзначыў ён. Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што дзяржавай шмат зроблена для стварэння сацыяльнай інфраструктуры, сацыяльнай падтрымкі не толькі ў чарнобыльскіх рэгіёнах, але і ў цэлым па краіне, у адпаведнасці з рознымі рэспубліканскімі праграмамі. «Але калі мы гаворым, што тут патрэбны нейкія дадатковыя грошы, то яны павінны быць вельмі якасна пралічаны, аргументаваны і накіраваны на вырашэнне канкрэтнай праблемы. У першую чаргу гэта праблемы, звязаныя з вытворчасцю там, дзе адбіваецца ўплыў чарнобыльскага фактару. І тут патрэбна адпаведная падтрымка», — растлумачыў ён. Ключавымі прынцыпамі для аказання такой падтрымкі, па яго словах, з’яўляюцца канцэнтрацыя, дысцыпліна, эфектыўнасць.

Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко падкрэсліў, што прынятыя чарнобыльскія праграмы далі станоўчы эфект. Першыя чатыры з іх канцэнтраваліся на ахове здароўя чалавека, стварэнні ўмоў для будучай рэабілітацыі забруджаных тэрыторый. Пятая і шостая праграмы накіраваны на развіццё саміх пацярпелых рэгіёнаў, гэта значыць на стварэнне вытворчасцяў. Па словах Івана Крупко, у вобласці пабудаваны 4 малочнатаварныя комплексы, 7 зернесушыльных комплексаў, а таксама ўнікальны свінакомплекс. «Цяпер стаіць задача сканцэнтравацца на высокатэхналагічнай вытворчасці ў кожным з найбольш пацярпелых раёнаў і ў цэлым па Гомельскай вобласці. У далейшым — гэта эканоміка, стварэнне вытворчасцяў на гэтых тэрыторыях. Дакладна па кожным раёне яны адпрацаваны, і Гомельскім аблвыканкамам унесены прапановы на ўзровень урада», — расказаў губернатар.

крупко.jpg

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Русы — упаўнаважаны Прэзідэнта па Брэсцкай вобласці. Гэты рэгіён таксама адносіцца да пацярпелых ад наступстваў аварыі на ЧАЭС. Ён заўважыў, што на Брэстчыне ўжо зроблена вельмі шмат, але можна зрабіць больш і даць лепшы вынік. Асноўныя кірункі застануцца незаменнымі — стварэнне камфортных умоў для жыцця людзей, правядзенне меліярацыі. Па словах Міхаіла Русага, у гэтых рэгіёнаў вялікія перспектывы для развіцця.

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю