Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прэм’ер-міністру Эфіопіі да канца бягучага года стварыць план — дарожную карту супрацоўніцтва дзвюх краін
Першую двухбаковую сустрэчу ў Маскве Аляксандр Лукашэнка правёў з прэм’ер-міністрам Эфіопіі Абіем Ахмедам Алі. Эфіопія для Беларусі партнёр даўні і надзейны. Гэта адна з самых населеных краін свету. Там пражывае больш за 132 мільёны чалавек, па гэтым паказчыку Эфіопія займае другое месца сярод краін Афрыкі. Такі велізарны рынак сёння мае вялікую патрэбу ў тэхніцы, ў прадуктах харчавання, ў сучасных тэхналогіях. Эфіопія з’яўляецца членам Афрыканскага саюза, які аб’ядноўвае 55 дзяржаў кантынента. Штаб-кватэра гэтага аб’яднання знаходзіцца ў сталіцы Эфіопіі Адзіс-Абебе. Па сутнасці, Эфіопія з’яўляецца для Беларусі варотамі ў Афрыку. Таму кіраўнік дзяржавы ўдзяляе столькі асабістай увагі супрацоўніцтву з гэтай краінай. Бо бачыць перспектывы.

Аляксандр Лукашэнка і Абій Ахмед Алі сустракаліся ў кастрычніку мінулага году на саміце БРІКС у Казані і тады намецілі напрамкі супрацоўніцтва. Таму ў Маскве, як заўважыў Аляксандр Лукашэнка, ёсць пра што пагаварыць. «Тым больш дамовіцца пра будучыню. У нас выбудоўваецца нядрэнны парадак нашых узаемаадносін. Мы пазначылі тыя кірункі, па якіх можам і павінны супрацоўнічаць. Мы ведаем, у чым мае патрэбу Эфіопія, — тое, што ёсць у нас. Мы добра ведаем, у чым маем патрэбу мы, і гэта ёсць у Эфіопіі. Трэба нам паглыбляцца, даводзіць тавараабарот да сур’ёзных аб’ёмаў. Таму што нашы эканомікі на гэта здольныя, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён зрабіў акцэнт на тым, што ў плане гандлёва-эканамічных адносін паміж Беларуссю і Эфіопіяй няма закрытых тэм, нашы краіны могуць супрацоўнічаць па ўсіх напрамках: сельская гаспадарка, стварэнне сумесных прадпрыемстваў у Эфіопіі, вытворчасць прадуктаў харчавання, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. «Усё, што мы можам, — мы гатовыя з вамі па гэтых напрамках працаваць», — запэўніў беларускі лідар.

Ён прапанаваў да канца бягучага года стварыць план — дарожную карту супрацоўніцтва Беларусі і Эфіопіі. «Прапісаць не толькі напрамкі, але і канкрэтныя лічбы, на якія мы павінны выйсці, пачынаючы ад агульнага тавараабароту да пастаўкі нашага абсталявання, тэхнікі ў штуках. І наадварот — пастаўкі Эфіопіі ў Беларусь», — удакладніў кіраўнік дзяржавы. Ён запэўніў, што МЗС Беларусі гатова аператыўна ажыццявіць гэтую работу па выпрацоўцы плана дзеянняў на бліжэйшыя гады. Пра неабходнасць падпісання дарожнай карты і яшчэ больш плённага развіцця па ўсіх напрамках Прэзідэнт гаварыў напачатку верасня, прымаючы даверчую грамату ад пасла Эфіопіі ў Беларусі Генета Тэшоме Жыру.
Аляксандр Лукашэнка запрасіў прэм’ер-міністра Эфіопіі ў Беларусь, каб паглядзець на прадпрыемствы і напрамкі, якія цікавяць. «Мы нічога ад вас хаваць не будзем», — адзначыў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Абій Ахмед Алі сказаў: «Мы хацелі б нарасціць узаемадзеянне ў гандлі і эканоміцы. Ёсць шэраг напрамкаў, па якіх мы можам працаваць разам. Адзін з такіх сектараў — сельская гаспадарка. Мы ведаем, што ў Беларусі ёсць добрая вытворчасць трактароў. І сумесная вытворчасць можа быць разлічана не толькі на Эфіопію, але і для ўсяго Усходу Афрыкі». Іншым важным напрамкам прэм’ер-міністр назваў будаўніцтва. Эфіопія гатовая да сумеснай вытворчасці абсталявання ў гэтай сферы і таксама з прыцэлам на рынкі трэціх краін.
«Таксама мы добра ведаем аб вашых магчымасцях у ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, той падтрымцы, якую вы можаце аказаць для нашай краіны», — дадаў Абій Ахмед Алі.