Top.Mail.Ru

«Наш абавязак — захаваць праўду аб той вайне»

Прэзідэнт узяў удзел ва ўрачыстасцях на плошчы Перамогі



Па традыцыі ў гэты святы для беларускага народа дзень кіраўнік дзяржавы — у цэнтры святкавання Дня Перамогі. Яшчэ раніцай Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на парадзе ў гонар 81-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, які праходзіў на Краснай плошчы ў Маскве. А ўвечары Прэзідэнт прыняў удзел ва ўрачыстасці з нагоды вялікага свята на плошчы Перамогі ў Мінску.   



Найперш кіраўнік дзяржавы разам з сынамі ўсклаў вянок да манумента Перамогі. Затым вянкі і кветкі да помніка ляглі ад рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, Усебеларускага народнага сходу і Нацыянальнага сходу, судоў краіны, ветэрэнаў, Савета Бяспекі і Узброеных Сіл, праваахоўных органаў, Мінскага аблвыканкама і Мінскага гарвыканкама, рэлігійных канфесій, дыпламатычнага корпуса, Выканаўчага камітэта СНД, грамадскіх аб’яднанняў і палітычных партый, грамадскасці.



«Самая вялікая прамова ў памяць аб кожным, хто набліжаў пераможны май» 

Звяртаючыся да прысутных, да ветэранаў, усіх беларусаў і гасцей нашай краіны, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што мы святкуем дзень Вялікай Перамогі, які падарыў нашаму народу жыццё і свабоду.  


«Святкуем з году ў год, з шэсцямі, салютамі, са слязамі і горыччу, — падкрэсліў Прэзідэнт. — З таго самага моманту, калі над савецкай краінай раздаўся голас Левітана. Тады дыктар вымавіў слова, якое марыў пачуць кожны: «Перамога!» Яно змяніла свет. Вялікая Айчынная вайна завяршылася». 


Беларускі лідар нагадаў, што наша некалі вялікая савецкая Радзіма, змучаная, вызваліла Еўропу ад фашызму. «Усе, уключаючы заходніх лідараў, прызналі вызначальную, галоўную ролю Савецкага Саюза ў разгроме фашызму, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Гэта было тады. Усе, у тым ліку і жыхары заходніх краін, ведалі, які след пакінулі на нашай зямлі гітлераўскія каты. Больш за 30 мільёнаў загінулых. Каля 3 мільёнаў сірот. 25 мільёнаў чалавек, пазбаўленых роднага дома. 2000 разбураных гарадоў і больш за 70 тысяч знішчаных сёл, вёсак. І мільёны жыццяў, зламаных па волі вар’ята і яго арміі, сабранай са ўсёй Еўропы». 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа дапаўняе лічбы нашых страт новымі. «Плюс 47 карных аперацый, аб якіх мы не ведалі, — канкрэтызаваў ён. — Плюс 166 месцаў знішчэння і пахавання. На карце спаленых вёсак — ужо 13 тысяч адрасоў, 300 населеных пунктаў падзялілі трагічны лёс Хатыні. Загінуў кожны трэці. Незаменная для нас страта і страшная цана за тое, каб патухлі печы Асвенцыма і Трэблінкі. Каб больш ніколі з усходу на захад не ішлі эшалоны з рабскай працоўнай сілай, багаццямі роднай зямлі». 


Прэзідэнт адзначыў, што тады, у 1945-м, кожны савецкі воін, які прайшоў праз вызваленую Беларусь, ведаў, што ён пойдзе далей, да самага Берліна. «Па дарозе свяшчэннай барацьбы дабра са злом», — удакладніў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што можна шмат і доўга гаварыць пра цану Перамогі, пра наш боль і наш гонар. «Але самая вялікая прамова ў памяць аб кожным, хто набліжаў пераможны май, але і не ўбачыў яго салюты, — хвіліна маўчання, — канстатаваў беларускі лідар. — Народнага маўчання ва славу несмяротнага подзвігу». 

Адбылася хвіліна маўчання.  

«Памятаем і цэнім вызваліцеляў роднай зямлі» 

«Сцяг Перамогі сёння ў нашых руках, — працягнуў Прэзідэнт. — Перадаючы яго ад пакалення да пакалення, мы б’ёмся на ўсіх франтах за праўду аб той вайне, за статус пераможцаў, за суверэннае права — права выбіраць свой шлях на сваёй зямлі». 

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што беларусы, як ніхто, ведаюць, наколькі хутка лозунгі аб «новым парадку» ператвараюцца ў шыбеніцы, лагеры, папялішчы і безыменныя яры. «І няхай у фашызму цяпер іншы твар — глянцаваны — гэта сутнасці не мяняе, — канстатаваў ён. — Мы бачым гэты твар. Ідэі звышдзяржаўнасці, уласнай перавагі мацнеюць і наносяць свету новыя раны. Але ўжо побач з нашымі межамі». 


Па словах кіраўніка дзяржавы, беларусы ведаюць, хто наш праціўнік і вораг. «Гэта не народы, — заўважыў ён. — У Еўропе жывуць сем’і, якія, як і беларусы, захоўваюць праўдзівыя ўспаміны аб развязанай гітлераўскімі фашыстамі вайне. Наш вораг — рэваншысты, прамыя і ідэйныя нашчадкі эсэсаўцаў, бандэраўцаў і лясных братоў. Тыя, хто прама зараз прыбірае астанкі савецкіх салдат з літоўскага Шаўляя і называе подзвіг савецкага народа міфам. Тыя, хто метадычна выкрэслівае перамогу Чырвонай Арміі з гісторыі Другой сусветнай вайны і не пускае нас да месцаў пахаванняў дзядоў і прадзедаў. Да помнікаў, якія яшчэ засталіся цэлыя».  

Але мы, па словах беларускага лідара, памятаем. «Памятаем і шануем вызваліцеляў роднай зямлі, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Сёння і будзем помніць заўсёды. Усе кветкі і вянкі, ускладзеныя намі, — у памяць аб тых, хто застаўся ляжаць там, на чужбіне, аддаўшы сваё жыццё за жыццё народаў Еўропы. Іх патрэбна вярнуць дадому».  

«Наш абавязак — захаваць праўду аб той вайне» 

«Дзень Перамогі — гэта дзень нацыянальнага гонару! — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Мы памятаем нашых салдат, афіцэраў, беларускіх партызан і падпольшчыкаў, жанчын, якія ўзялі ў рукі зброю. Усіх, хто не выбіраў паміж шыбеніцай і варожай літасцю, а паміраў героямі, а не здраднікамі. Схіляем галовы перад маці, якія аддавалі сваіх сыноў і дачок на фронт. Мы і сёння з болем у сэрцы ўспамінаем пра дзяцей вайны, якія пасталелі раптоўна, павесілі на плячо вінтоўку або сталі да станка ў тыле. Ганарымся ўсімі, хто пасля Перамогі паднімаў Беларусь з руін, адбудоўваючы гарады, аднаўляючы народную гаспадарку».

Прэзідэнт падкрэсліў, што Дзень Перамогі — гэта дзень брацкага адзінства народаў. «Свята, якое нагадвае, наколькі мы моцныя, калі мы разам, — удакладніў кіраўнік дзяржавы. — Нам, нашчадкам пераможцаў, нельга забыцца, хто мы, калі жадаем жыць у міры і бяспецы, калі мы не хочам вайны». 


Па словах Аляксандра Лукашэнкі, Дзень Перамогі — гэта дзень гістарычнай справядлівасці. «Наш абавязак — захаваць праўду аб той вайне, расказваць усё, нават тое, што цяжка часам вымаўляць, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы павінны навучыць сваю моладзь бачыць твар фашызму пад маскай добрых намераў. Гэта тое, што мы абавязаны зрабіць для іх мірнай будучыні на роднай зямлі». 

Прэзідэнт выказаў удзячнасць усім, хто ў гэты дзень прыйшоў і яшчэ пойдзе да мемарыялаў і памятных мясцін разам з нашымі ветэранамі, сем’ямі, хто прыводзіць з сабой малых. «Дзякуй вам, — падкрэсліў беларускі лідар. — Нехта скажа: «З надвор’ем не пашанцавала». Не. Нам вельмі пашанцавала з надвор’ем. Гэта добрае надвор’е. Дзякуй, што робіце ўсё, каб нітка часу не абарвалася. Дзякуючы вам і нашай агульнай памяці гарыць гэты Вечны агонь — сімвал вялікага подзвігу нашых продкаў». 

Звяртаючыся да ветэранаў, кіраўнік дзяржавы з жалем канстатаваў, што іх засталося няшмат. «Але ваш подзвіг — гэта маральная вышыня, — падкрэсліў ён. — І ў нас, беларусаў, няма іншага шляху, акрамя пачатага вамі, — да міру і стваральнай працы. Мы зробім усё, каб захаваць той мір, які вы заваявалі для нас. Са святам, дарагія суайчыннікі! З Днём Вялікай Перамогі!» 

Пасля завяршэння прамовы беларускага лідара прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Затым урачыстым маршам прайшла зводная рота ганаровай варты і аркестра Мінскай ваеннай камендатуры. Каля манумента быў прадстаўлены музычна-тэатралізаваны нумар «Памяць у нашых галасах!»
Прэзідэнт падышоў да ветэранаў, пакланіўся ім, выказаўшы ўдзячнасць. Прывітаў кіраўнік дзяржавы і прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса.  

Вераніка КАНЮТА.

Фота БелТА. 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю