Top.Mail.Ru

Прэзідэнт прыняў удзел у цырымоніі прывядзення да ваеннай прысягі ў Барысаўскім раёне

«Сапраўдны мужык павінен паспрабаваць салдацкага хлеба»


У суботу Прэзідэнт Беларусі, Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі прывядзення да ваеннай прысягі асабовага складу 72-га аб’яднанага навучальнага цэнтра (АНЦ) падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Ваенную прысягу на плацы 72-га АУЦ ва ўрачыстай абстаноўцы прынеслі каля 2,5 тысячы ваеннаслужачых новага папаўнення і каля 160 рэзервістаў. Як паведамлялася раней, на ўкамплектаванне Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў гэтай вясной планавалася накіраваць каля 10 тысяч чалавек.


«Званне ваеннаслужачага абавязвае быць устойлівым, адважным, верным абавязку і сваёй краіне»

Звяртаючыся да ваеннаслужачых і іх бацькоў, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь асаблівы дзень. «Тысячы маладых хлопцаў, учорашніх школьнікаў, прымаюць на сябе высокую адказнасць — аберагаць сучаснасць і будучыню нашай краіны», — заўважыў беларускі лідар. 

Па словах Галоўнакамандуючага, ваенная прысяга — гэта не проста высокія словы, рытуал або даніна традыцыі, а па-сапраўднаму дарослы і адказны крок не толькі ў жыцці навабранцаў. «Важна разумець, што, даючы святую клятву краіне і народу, вы даяце яе свайму дому, сваёй сям’і. Вы клянёцеся беспярэчна выконваць загады камандзіраў, строга выконваць воінскія статуты, берагчы незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, канстытуцыйны лад Рэспублікі Беларусь, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — З гэтай хвіліны ваша сумленне і закон прад’яўляюць да вас высокія патрабаванні. Званне ваеннаслужачага абавязвае быць стойкім, адважным, верным абавязку і сваёй краіне. Сучасная зброя і тэхніка — бясспрэчныя перавагі любой арміі. Але яе моц і сілу вызначаюць людзі. Адданыя роднай краіне ваеннаслужачыя, якія ў адзіным страі стаяць на варце міру і бяспекі нашай Айчыны».

Салдацкая праца — цяжкая і пад сілу толькі сапраўдным мужчынам — моцным целам і духам, дадаў Прэзідэнт: «Вам будзе няпроста. Але я перакананы — плячом да пляча са сваімі баявымі таварышамі, пад кіраўніцтвам вопытных камандзіраў кожны з вас годна пераадолее гэты шлях». 

«Захаваць мір, які дастаўся нам страшнай цаной, — значыць быць годнымі спадкаемцамі пераможцаў»

Гісторыя роднай Беларусі ведае тысячы прыкладаў, калі звычайныя хлопцы, учарашнія школьнікі і студэнты, здзяйснялі подзвігі. «Іх імёны ўпісаны ў летапіс вайсковай славы, у гісторыю нашай краіны. І менавіта дзякуючы падобным людзям, адважным героям сёння над Беларуссю чыстае і мірнае неба. Вось ужо 80 гадоў. А зусім хутка, 22 чэрвеня, споўніцца 85 гадоў з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны, — акцэнтаваў беларускі лідар. — Вынесеныя намі ўрокі, памяць аб ахвярах той вайны і подзвігу савецкага народа — гэта наш шчыт, які мы павінны берагчы. Захаваць мір, які дастаўся нам страшнай цаной, — значыць быць годнымі спадчыннікамі пераможцаў».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што якой бы ні была складанай, нават небяспечнай абстаноўка каля нашых граніц, задача наша адна — захаваць мірнае неба над краінай. «Гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць: мір і жыццё людзей, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — У цяперашніх няпростых умовах ваша гатоўнасць асвоіць навуку перамагаць, авалодаць самымі сучаснымі ўзорамі ўзбраенняў, стаць у выпадку неабходнасці на абарону Радзімы — і ёсць уклад у забеспячэнне суверэнітэту і незалежнасці краіны».


«Наша задача адна — мы павінны зберагчы ўсіх тых, хто стаіць сёння перад намі»

Галоўнакамандуючы Узброенымі Сіламі адрасаваў свой асаблівы зварот да бацькоў, родных і блізкіх навабранцаў: «Я хачу перш за ўсё бацькам выказаць найглыбейшую ўдзячнасць. Я перакананы — вы выхавалі сапраўдных патрыётаў, якія сёння ўвойдуць у шэрагі доблесных абаронцаў Радзімы. Гады каласальнай бацькоўскай працы таго каштавалі — ганарыцеся сваімі сынамі, якія стаяць у гэтым страі».

Звяртаючыся да ваеннаначальнікаў, Прэзідэнт Беларусі заўважыў: «Наша задача адна — мы павінны зберагчы ўсіх тых, хто стаіць сёння перад намі. На іх сёння з гонарам глядзіць Радзіма. Глыбока перакананы, што гэты высокі давер беларускага народа нашы хлопцы з гонарам апраўдаюць. Здароўя, поспехаў нашым ваеннаслужачым у свяшчэннай справе служэння нашай Айчыне. А вам, паважаныя бацькі, цярпення і абавязкова радасці за новыя дасягненні сваіх узмацнеўшых сыноў». 



«І цяпер я ганаруся тым, што быў воінам і абаронцам нашай Айчыны»

Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да ваеннаслужачых новага папаўнення, заявіў: «Сёння вы станеце паўнавартаснымі воінамі нашай краіны. Ганарыцеся гэтым! Гавару вам як чалавек, які пайшоў служыць Радзіме і потым гады, гады да свайго Прэзідэнтсва, і цяпер я ганаруся тым, што быў воінам і абаронцам нашай Айчыны. Сапраўдны мужык павінен паспрабаваць салдацкага хлеба, — выказаў упэўненасць беларускі лідар. — Таму тое, што вы сёння робіце, — не кожнаму дадзена. І не кожны з задавальненнем, будзем адкрытыя, імкнецца да гэтага. Але вы зрабілі свой крок». 


Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу ваеннаслужачых на тое, што будзе няпроста. «Ведаю, што будзе няпроста. І не таму, што гэта фізічна цяжкая праца. Будзе няпроста перш за ўсё прывыкнуць да новага ладу жыцця псіхалагічна. І мы будзем рабіць усё для таго, каб вам у гэтым плане было лягчэй, — паабяцаў Прэзідэнт. — Міністр абароны, Генеральны штаб краіны — усе генералы атрымалі задачу сысці ад залішняй муштры ў арміі. Мы ў арміі павінны рыхтаваць спецыялістаў, якія ўмеюць кіраваць гэтай тэхнікай, якая ззаду вас, і яшчэ больш складанай, якія ўмеюць валодаць сваёй зброяй і якія будуць і духам, і целам моцныя, фізічна падрыхтаваныя. Я вельмі хачу, каб пасля службы, гэтага кароткага прамежку часу ў вашым жыцці, вы былі сапраўднымі мужыкамі, і каб за кожнага з вас потым змагаліся вашы любімыя дзяўчыны. Шчасця і поспехаў вам».

Пасля свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка папрасіў камандзіраў падраздзяленняў прывесці асабісты склад да ваеннай прысягі. 


Будзе дапоўнена

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю