Беларусь не лічыць сябе вінаватай у пагаршэнні адносін з Захадам і гатовая разам працаваць дзеля міру. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на III Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, перадае БелТА.
Гаворачы аб выбудоўванні ўзаемадзеяння Беларусі з Еўрасаюзам, кіраўнік дзяржавы пазначыў важную ўмову: «Калі стратэгічна нацэлены на нармальнае суіснаванне — не імкніцеся перарабіць нас, а мы — не будзем вас».
«У нас свой менталітэт, свая культура, свой гістарычны этап развіцця грамадства. Ідэалагічнай, як і любой іншай, агрэсіі мы не прымаем. А напружаныя знешнія ўмовы вы ж нам і стварылі. Яшчэ і падрыўную дзейнасць вядуць. Купілі з трыбухамі дзясятак-другі нашых збеглых і малююць ім імідж ледзь не законнай улады ў Беларусі і Расіі. А потым крычаць: „Пуцін і Лукашэнка — суагрэсары“. Перажывём», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
«Мы не лічым сябе вінаватымі ў пагаршэнні адносін з Захадам і яго асобнымі краінамі. Але руку працягваем. Гэта не рука таго, хто просіць. Гэта рука партнёра, які мае ўласную годнасць, які прапануе разам і шчыра працаваць дзеля міру для нашых дзяцей і ўнукаў», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.