Прэзідэнт прызначыў Артура Карповіча міністрам антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Да гэтага часу ён працаваў саветнікам аддзялення пасольства Беларусі ў Расіі ва Уфе.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу новага міністра, што зараз у краіне ідзе выпрацоўка той формулы цэнаўтварэння, па якой мы будзем працаваць. «Вопыту ў сусветнай практыцы такога няма. Але хачу яшчэ раз падкрэсліць, што гэта задача ўрада. Ні ў якім разе не міністэрства», — сказаў ён. Звяртаючыся да кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што спіхваць гэтыя пытанні на міністэрства ні ў якім разе нельга. «Гэта павінен выпрацаваць урад. Трэба прыцягнуць з Адміністрацыі людзей — накіроўвайце. Трэба з Міністэрства гандлю, там добрыя спецыялісты, — бярыце. Працуйце і выпрацоўвайце. У бліжэйшы час — Снапкова (першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова. — Зв.) папярэджваў, ён адказвае за гэта ва ўрадзе — павінны быць унесены канкрэтныя прапановы», — сказаў Прэзідэнт. І паставіў задачу перад міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю вывучыць вопыт савецкага гандлю і зрабіць усё, каб на прылаўках быў асартымент, не пералік тавараў. «Як спецыяліст вы разумееце, пра што я гавару. І цэны каб ні ў якім разе не скакалі, асабліва ўверх. Гэта вы павінны бачыць на аб’ектах гандлю — у магазінах. Не важна, якой уласнасці яны — дзяржаўныя або прыватныя», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Артура Карповіча.
Па словах Аляксандра Лукашэнкі, «нашы ўжо рыначнікі перашалелі» ў сувязі з заявамі аб тым, што дзяржава будзе кантраляваць прыватныя прадпрыемствы. Ён зрабіў акцэнт, што прыватныя прадпрыемствы дзяржава будзе кантраляваць і накіроўваць іх работу, так як і прамысловыя. «Таму тут ніякіх ваганняў быць не можа. Яны ўсе дзяржаўныя прадпрыемствы, паколькі размешчаны на тэрыторыі нашай дзяржавы і абслугоўваюць наша насельніцтва», — канстатаваў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што на гандаль заўжды скардзіліся, і скаргі будуць. Але павінен быць трэнд на зніжэнне іх колькасці, што адбываецца апошнім часам. На гэта кіраўнік дзяржавы арыентуе кіраўніцтва МАРГ. «У той жа час я выдатна разумею, што такое цэны ў магазінах. Гэта цэны на міжнародных рынках, гандлёвых пляцоўках. Гэта цэны ў Расіі, з якой мы гандлюем. Вы лепш за мяне ведаеце, што там адбываецца. Я гэта ўсё ўлічваю. Але мы павінны зрабіць максімум да таго, каб у нас усё-ткі формула справядлівасці ў цэнаўтварэнні прысутнічала», — паставіў задачу Прэзідэнт. Ён паўтарыў сваё патрабаванне: не павінна быць так, што нейкія заснавальнікі, дырэктары і начальнікі ходзяць з кішэнямі, грашыма набітымі, а кантралёр-касір або грузчык на складзе вядуць жабрацкае існаванне. «Такога быць не павінна. Павінна быць справядліва. Таму дзейнічайце! Вы — чалавек дасведчаны , які пабачыў нямала ў жыцці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да новага міністра.
Ад падаткаабкладання шмат што залежыць, калі не ўсё
Дзмітрый Кійко прызначаны міністрам па падатках і зборах. Да гэтага ён быў першым намеснікам міністра фінансаў. Прэзідэнт заўважыў, што ў нашай краіне больш-менш падатковая сістэма. Але параіў міністру паглядзець свежым вокам, што яшчэ трэба зрабіць і ўнесці прапановы, калі нешта трэба змяніць. «Таксама вас арыентую на тое, каб вы не перажывалі за залішнія рынкавыя катэгорыі. Нам патрэбна нармальнае жыццё і нармальная работа прадпрыемстваў. Ад падаткаабкладання шмат што залежыць, калі не ўсё часам», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён зрабіў акцэнт на тым, што падатковая сістэма павінна быць справядлівай. «Не скажу, што ў нас усё справядліва. Паглядзіце льготы, якімі мы „абклалі“ многія прадпрыемствы, якія гэтыя льготы не павінны мець. Ды і на насельніцтва. Той, хто павінен мець падтрымку і льготы, той павінен мець. Хто не — значыць, не. Павінен працаваць, упірацца і падтрымліваць дзяржаву. Нам гэта ў гэты час вельмі патрэбна. Па ўсіх напрамках», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У тэму
Вельмі важна не дапусціць перакосаў
У размове з журналістамі Артур Карповіч падкрэсліў, што формула цэнаўтварэння павінна ўлічваць інтарэсы ўсіх удзельнікаў рынку, у тым ліку і спажыўцоў. Вельмі важна не дапусціць перакосаў. Формула павінна быць справядлівай і для вытворцаў. «Ён павінен разумець, што працуе не ў страту сабе і, фарміруючы цану на адгружаную прадукцыю, ён дае магчымасць зарабіць свайму прадпрыемству, калектыву, павысіць заработную плату ў тых межах, у якіх гэта магчыма», — сказаў міністр. Міністр расказаў, што рашэнне пакуль не сфарміравана, але знаходзіцца ў заключнай стадыі ў высокай ступені гатоўнасці.
Дзмітрый Кійко, новы міністр па падатках і зборах, расказаў, што карэнных змен у падатковай сістэме не будзе. «Усе змены мы зрабілі ў папярэднія гады. Рэфармавалі, спрашчалі падатковую сістэму. Таму сёння маем дастаткова стандартны набор інструментаў. І задача, па-першае, каб падатковая сістэма была справядлівай. Другое — павышаць эфектыўнасць гэтых інструментаў», — сказаў ён.
«Самае галоўнае, каб плацельшчыкі своечасова і ў поўным памеры плацілі падаткі. А задача падатковай службы ў тым, каб яна дапамагала ім гэта рабіць стварэннем зручных і зразумелых сэрвісаў», — падкрэсліў міністр.
Журналісты пацікавіліся, ці будзе ў краіне ўведзены падатак на багацце. «Не бачу неабходнасці ўвядзення нейкіх асобных падаткаў», — адказаў на гэта кіраўнік ведамства. Дзмітрый Кійко падкрэсліў, што стандартны пералік падаткаў, які зараз існуе ў краіне, адпавядае агульнапрынятым стандартам і дае магчымасць вырашаць неабходныя задачы. У тым ліку дыферэнцаваць па ўзроўні так званага багацця.
Фота БелТА