Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назваў задачу, якая была пастаўлена ў ходзе комплекснай праверкі Узброеных Сіл. Пра гэта ён заявіў на нарадзе па падвядзенні вынікаў праверкі, паведаміла БелТА.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці адкрытую размову па выніках праведзенай праверкі, нічога не ўтойваючы. «Гэта была хоць і планавая праверка, але ўпершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі такая маштабная», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на тым, што задача была пастаўлена адна: паглядзець, як будуць дзейнічаць часці, прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасць, ва ўмовах ваеннага часу. «Мне гэтыя праверкі ва ўмовах мірнага часу — трата грошай. Лішніх грошай у нас няма», — канстатаваў беларускі лідар.
«Ніякага мірнага часу быць не можа. Мы рыхтуемся да вайны. На тое мы і Узброеныя Сілы стварылі, на тое мы іх утрымліваем, на тое народ дае грошы для таго, каб нас з вамі ўтрымліваць. І ў гэтай аўдыторыі (і не толькі ў гэтай) людзі павінны разумець: мы абсалютна супраць вайны. Асабліва нашы афіцэры, нашы салдаты, Узброеныя Сілы. Бо мы ведаем, што такое вайна. Мы не хочам вайны, але армія для таго і прызначаная. Калі раптам хтосьці вырашыць з намі размаўляць і глядзець на нас праз прыцэлы зброі, мы адкажам. Да гэтага і рыхтуемся», — заявіў кіраўнік дзяржавы.