У мерапрыемстве, якое адбыолся ў Валгаградзе і прымеркаванаму да 80-годдзя Вялікай Перамогі, накіраванаму на абарону гістарычнай праўды, захаванне гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны, узялі ўдзел звыш 500 удзельнікаў з 20 краін.
Вянкі ад кіраўнікоў дзяржаў былі ўскладзены ў Зале воінскай славы. Таксама Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін усклалі кветкі да магілы маршала Савецкага Саюза Васіля Чуйкова, легендарнага камандуючага 62-й арміяй, што праславілася гераічнай шасцімесячнай абаронай Сталінграда. Васіль Чуйкоў памёр у 1982 годзе і быў пахаваны на Мамаевым кургане каля падножжа манумента «Радзіма-маці кліча!», побач з воінамі сваёй арміі, якія загінулі ў Сталінградскай бітве.
Пасля наведвання гісторыка-мемарыяльнага комплексу кіраўнікі дзяржаў накіраваліся на пляцоўку міжнароднага форуму Саюзнай дзяржавы «Вялікая спадчына — агульная будучыня».
«Мы звяртаемся да гісторыі, каб абараніць не толькі будучыню, а ўжо сучаснасць»
Падчас свайго выступлення Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што час і месца гэтай сустрэчы маюць сімвалічнае значэнне. «Мы сабраліся тут, у Сталінградзе, у горадзе, які стальной, непераадольнай крэпасцю стаў на шляху захопнікаў, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Тут пачаўся адлік часу, які набліжаў пераможны май. Менавіта тут, у гэтым гераічным горадзе савецкага народа, пачаўся карэнны пералом у гады вайны, і ў будучым годзе мы канчаткова зломім хрыбет фашысцкаму зверу на Курскай дузе. І ўжо гэта стала перамогай беспаваротнай, калі нічога нельга было змяніць, калі шлях быў толькі адзін — Берлін».
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што гэта сустрэча ў Валгаградзе — не толькі даніна агульнаму гераічнаму мінуламу.
«Мы звяртаемся да гісторыі, каб абараніць не толькі будучыню, а ўжо сучаснасць, — сказаў ён. — Так сёння стаіць пытанне. Мы спадчыннікі вялікага пакалення — герояў-пераможцаў.
І нам няма чаго саромецца і штосьці ўтойваць. Гэты статус шмат да чаго абавязвае, але і многіх раздражняе. Нам супрацьстаяць нашчадкі прыхільнікаў Трэцяга рэйха, якія прайгралі. Аб гэтым мы ўсё больш і больш кажам».
Па словах Прэзідэнта, менавіта Сталінград прыняў беспрэцэдэнтны па моцы 200-дзённы ўдар. «Тысячы загінулых герояў. Кожны — ад генерала да салдата — разумеў, што тут вырашаецца лёс чалавецтва і ход сусветнай гісторыі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Вы толькі ўявіце: калі б фашысты перамаглі ў Сталінградзе, нам было б немагчыма выйграць гэту вайну. Самалёты стаяць, танкі не рухаюцца, аўтамабілі не перамяшчаюцца, матацыклы і іншае. У нас няма галоўнага рэсурсу — нафты, якую мы тады ў асноўным здабывалі на Каўказе. І не толькі гэтым каштоўны Сталінград. Далей адступаць было нельга. Не гаварылі б пра Курскую дугу. У далейшым вырашаўся б лёс Масквы. Таму тут усе сталі намертва»
Прэзідэнт адзначыў: тое, што месцам форуму вызначаны Валгаград, вельмі правільна. «Гэта дакладнае пападанне для таго, каб абмеркаваць тыя праблемы, якія перад намі стаяць, якія нам навязваюць гэтыя самыя нашчадкі, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Таму на Волзе стаялі да смерці. Як у Брэсцкай крэпасці».
«Мы ўсе кланяемся героям, якія змаглі вытрымаць смяротны ўдар»
Аляксандр Лукашэнка працытаваў камандуючага 62-й арміяй генерала Васіля Іванавіча Чуйкова: «Мы, жывыя ўдзельнікі баёў за Сталінград, сведчым, што тут нашы воіны не ведалі страху ў баі, не адступалі перад смерцю, вялі бітву з такой рашучасцю, што нават мёртвыя не выпускалі з рук зброю». «Паўтару: мёртвыя не выпускалі з рук зброю... — акцэнтаваў беларускі лідар. — Дадаць да гэтага няма чаго. Мы ўсе з вамі кланяемся героям, якія змаглі вытрымаць смяротны ўдар, устаць ва ўвесь рост і адкінуць азвярэлага ворага, пагнаўшы яго да Берліна».
Па словах Прэзідэнта, мы не забываемся пра дапамогу саюзнікаў. «Але давайце шчыра: саюзнікі далучыліся, калі наш салдат хрыбет зламаў фашысцкаму зверу», — нагадаў кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў, што тысячы ўраджэнцаў усяго Савецкага Саюза, у тым ліку і Беларусі, абаранялі Сталінград. «Назаву імёны толькі некаторых: гэта камандуючы Данскім
фронтам, адзін з маршалаў Перамогі Канстанцін Ракасоўскі, —канкрэтызаваў ён. — Героі Савецкага Саюза: лётчыкі — Мікалай Карначонак, Іван Пстыга; танкісты — Іван Якубоўскі, Аляксандр Лізюкоў; артылерысты — Уладзімір Тарановіч, Ізраіль Бескін; пехацінцы — Уладзімір Марцінкевіч, Вікенцій Скрыганаў. Увайшоў у гісторыю абароны горада беларус Аляксей Вашчанка, які закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. Яго імя носіць адна з вуліц цяперашняга горада Валгаграда».
Прэзідэнт падзякаваў, што тут аб гэтым памятаюць. Ён канстатаваў: памяць аб шматлікіх героях-вызваліцелях, сярод якіх ёсць і беларусы, захоўвае Зала воінскай славы на Мамаевым кургане. «Гэта нашы агульныя героі», — падкрэсліў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што і Курган Славы пад Мінскам захоўвае зямлю з розных куткоў Савецкага Саюза, дзе ішлі самыя жорсткія баі.
«Мы беражом часцінку Сталінграда ў самым цэнтры нашай сталіцы, на плошчы Перамогі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Цагліны з легендарнага дома Паўлава закладзены ў падмурак аднаго з будынкаў па праспекце Незалежнасці. Гэта свяшчэнныя для нас рэліквіі. Усе беларусы аб тым ведаюць».
Па словах кіраўніка дзяржавы, беларусы ведаюць і тое, што перамогу пад Сталінградам атрымаў увесь наш савецкі народ. «Усе, хто працаваў на патрэбы Чырвонай Арміі ў глыбокім тыле, адцягваючы на сябе ўвагу ворага і падрываючы ваенны патэнцыял вермахта знутры, — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта там, у тыле ворага, быў адкрыты сапраўдны другі фронт. Не амерыканцамі і французамі! І гэта быў адказ на жахлівыя злачынствы нацызму».
«Мы маўчаць не павінны!»
Прэзідэнт расказаў, што Генеральная пракуратура Беларусі ўжо некалькі гадоў расследуе жахлівыя факты генацыду беларускага народа. «Мы выкрываем новыя факты злачынстваў: тысячы зажыва спаленых і закатаваных жанчын, старых, дзяцей, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Нашы вучоныя, ваеннаслужачыя падымаюць з зямлі астанкі малых, якіх маці прыціснулі да грудзей. У кожнай яме — дзеці. Забівалі, знішчалі сем’ямі. Спосабы пакарання жахаюць. Людзей прымушалі самастойна ўкладвацца на трупы, каб змясціць у яму як мага больш цел. Закідвалі гранатамі, каб яшчэ лепш утрамбаваць. Уздымаем паказанні сведак аб тым, як успорвалі жываты цяжарным жанчынам, прыкладам разбівалі галовы грудным немаўлятам, закідвалі аднагадовых дзяцей у вокны падпаленых хат, падкідвалі малых і лавілі іх на штыкі. На маці, якія бачылі гэта і вар’яцелі, ладзілі паляванне, як на звяроў».
Па словах беларускага лідара, раней гэтыя дакументы былі засакрэчаны.
«Не прынята было ў савецкі час казаць пра тое, што асаблівую жорсткасць дэманстравалі літоўскія, латвійскія, украінскія нацысты, — растлумачыў прычыну Прэзідэнт. — А сёння ў прыбалтыйскіх краінах і Украіне моладзь махае сцягамі дывізій СС, ставяць помнікі фашысцкім катам. І ўсё гэта з маўклівай згоды астатняга Захаду. Але мы маўчаць не павінны! Мы для гэтага сёння з вамі сабраліся».
Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што заходнія «спецыялісты» па беларускай, савецкай гісторыі пішуць, што мы занадта пафасна расказваем пра сваіх герояў, перабольшваем маштабы іх подзвігу. «Нам намякаюць, што трэба было б і пра „дрэнных“ сваіх гаварыць, і пра „добрых“ немцаў не забывацца — вучаць нас з-за акіяна псеўдааб’ектыўнасці, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Паслы краін Еўрасаюза сёння сарамліва, без асвятлення ў сродках масавай інфармацыі ўскладаюць кветкі ў Хатыні, хаваюць твары ад камер журналістаў. Польшча праводзіць мерапрыемствы, прымеркаваныя да вызвалення Чырвонай Арміяй вязняў Асвенцыма, без нашага ўдзелу. У нямецкім СМІ паведамляюць аб тым, што гэты канцлагер вызвалілі амерыканскія войскі. Словам, робіцца ўсё, каб сцерці памяць аб Вялікай Перамозе, аб нашых пераможцах»
Прэзідэнт звярнуў увагу, што падчас форуму ў Валгаградзе сабраліся людзі, якіх не трэба ні ў чым пераконваць. «Наша з Прэзідэнтам Расіі, Уладзімірам Уладзіміравічам, пакаленне вырасла, слухаючы аповеды франтавікоў (нашых бацькоў) і тых, хто выжываў у акупацыі, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — З пакаленнем, якое нарадзілася і сталела ў 1990-я, пагадзіцеся, складаней. Светапогляд „дзяцей перабудовы“ фарміраваўся ў самы пік рэваншысцкай прапаганды. Шмат было зроблена, каб дыскрэдытаваць Чырвоную Армію, партызанскі рух, рух Супраціўлення на нашай зямлі, абяліць нацысцкіх злачынцаў. Дастукаліся не да ўсіх. Але ў асобныя галовы іх ідэі праніклі».
І гэта, па словах беларускага лідара, для ўсіх з’яўляецца ўрокам.
«Для абароны гістарычнай памяці трэба рабіць яшчэ больш, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Ніколі нельга расслабляцца. Ніякім пакаянням верыць нельга. Толькі рэальным справам. І гэта вельмі актуальна.
Не толькі для нас з Прэзідэнтам (Уладзімірам Пуціным. — „Зв.“) сёння, калі нам многае абяцаюць (можа, пакуль не ўсё ўсе ведаюць — хутка даведаецеся), а рабіць, як звычайна, як кажа Прэзідэнт Расіі, не будуць. Магу яго толькі працытаваць: „Падмануць у чарговы раз“. Таму толькі справы, толькі факты. Вы — нам, мы — вам. Вы нас так навучылі».
«Разам мы — наймагутнейшая сіла»
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць лічбаў і фактаў. Але яшчэ больш важным, па яго словах, з’яўляюцца эмоцыі і сэнсы, кадры ваеннай хронікі — без цэнзуры. «Я, можа, скажу непапулярную рэч, але не час разважаць аб траўміраванай псіхіцы дзяцей, якія могуць убачыць гэтыя страшныя здымкі і відэа, што мы часта дэманструем, — лічыць Прэзідэнт. — Малайцы расіяне, мы гэта трансліруем у Беларусі ў поўным аб’ёме, вы гэта паказваеце больш. У вас такіх магчымасцяў больш, але і нам трэба ў гэтым кірунку больш працаваць у архівах. Правільна робіце. Не трэба нам дрыжаць, што хтосьці гэта ўбачыць меншы-большы. А як ім растлумачыць, чаму мы сёння адчайна змагаемся за гэту гістарычную памяць? Яны павінны бачыць праўду і рабіць адпаведныя высновы з нашай дапамогай. Як яны павінны зразумець, чаму нашы воіны, партызаны і падпольшчыкі, не задумваючыся, аддавалі свае жыцці за краіну? І нам складаней, чым пасляваеннаму пакаленню, паколькі больш за 80 гадоў мінула. Ужо няма нерва той эпохі...»
Па словах Прэзідэнта, у Беларусі актыўна прасоўваецца ў грамадстве разуменне таго, што памяць аб Вялікай Перамозе — гэта частка нацыянальнай ідэі.
«Мы стараемся рабіць усё, каб нашы дзеці памяталі: гэтай Перамогай мы моцна звязаныя з рускім народам, усімі народамі былога Савецкага Саюза, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Нам гэта нельга страціць, бо разам мы — не проста магутная, мы наймагутнейшая сіла. І нас ніколі не перамагчы! Вялікая Перамога святая. Праўда аб Вялікай Айчыннай вайне — наш шчыт. Трымаць яго ў сваіх руках — вялікі гонар і адказнасць. І нам трэба пра гэта памятаць».
«Як толькі забудзем шлях да Хатыні, Сталінграда, Брэсцкай крэпасці, усё вернецца зноў»
У заключэнне Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму ў Беларусі, у цэлым на прасторы былога Савецкага Саюза, так змагаюцца за захаванне гістарычнай праўды і памяці. Ён удакладніў, што гэта пытанне нам задаюць і збоку.
«Я хачу, каб там (на Захадзе. — „Зв.“) пачулі, чаму мы так учапіліся за гэту памяць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Па-першае, гэтай памяццю мы павінны ганарыцца. Яны нам зайздросцяць. Дзякуй богу, што ў нас ёсць пакаленне пераможцаў, якім мы ганарымся. Таму мы за гэта і чапляемся. Па-другое, таму, што пачалася новая, чарговая вайна — яна пачалася. Але не мы яе пачыналі. Наступны этап гэтай вайны будзе вайна гарачая — сусветная вайна са зброяй у руках. Мы гэтага не хочам. Сёння ідзе этап вайны ў сродках масавай інфармацыі. Дзякуй богу, пакуль мы дыскуціруем, змагаемся на гэтых пляцоўках. Ідзе вайна за розумы людзей, і за галовы. Сучасная гарачая вайна немагчымая без гэтай падрыхтоўкі. Гэта падрыхтоўка пачалася. Таму мы так учапіліся за гэту гістарычную памяць, каб паказаць цяперашнім, будучым пакаленням, нашым дзецям, што калі раптам нам трэба змагацца за сваю зямлю, за свае сем’і, за сваіх дзяцей так, як змагаліся яны, не шкадуючы ні жыцця, нічога, што ёсць... Вось чаму мы гаворым аб гістарычнай памяці, а не таму, што нам хочацца гаварыць»
Прэзідэнт канстатаваў: у грамадстве нямала людзей, якія думаюць, што «пагаварылі — і ўсё на гэтым», «да помніка схадзілі — сёння назад прыйшлі».
«Не! Як толькі забудзем шлях да Хатыні, Сталінграда, Брэсцкай крэпасці, усё вернецца зноў, імгненна, нават не заўважым, — акцэнтаваў увагу беларускі лідар. — Таму мы павінны, зубамі ўчапіўшыся, трымацца за гэту гістарычную памяць».
Паводле прэс-службы Прэзідэнта
Фота president.gov.by, БелТА