Гэта самая лепшая прапаганда
Выставачны цэнтр абсталяваны па апошнім слове тэхнікі і ўлічвае ўсе сучасныя тэндэнцыі і патрабаванні да падобных аб’ектаў. Агульная выставачная плошча — больш за 22 тысячы квадратных метраў, агульная плошча цэнтра — больш за 37 тысяч квадратных метраў. Комплекс уключае канферэнц-залы, кангрэс-залы, перагаворныя залы. Пры яго будаўніцтве было выдзелена два пускавыя комплексы. Першы прыняты ў эксплуатацыю ў снежні 2024 года (дзве выставачныя залы, Цэнтральная галерэя, кангрэс-зала, медыяфасад, добраўпарадкаванне, інжынерныя сеткі, тэхнічныя і гаспадарчыя памяшканні). Пры рэалізацыі другога пускавога комплексу была выканана чыставая аддзелка памяшканняў, мантаж мультымедыйнага абсталявання і інжынерных сістэм.Перад урачыстай цырымоніяй Аляксандр Лукашэнка зарыентаваў службовых асоб, на тое, што гэты цэнтр павінен быць як сучасны музей. Тут павінна дзейнічаць пастаянная выстаўка, каб кожны мог убачыць, што робяць беларусы. Такога, што будынак стаіць пустым паміж часовымі выстаўкамі, — быць не павінна. «Гэта выстаўка, якая дзейнічае пастаянна. Гэта галоўнае. Каб людзі ў любы момант маглі прыйсці паглядзець, што мы робім і чаго мы дасягнулі, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. — Гэта самая лепшая прапаганда». Ён нагадаў, што выставачны цэнтр першапачаткова задумваўся як музей дасягненняў беларускага народа. І кожнае прадпрыемства павінна тут прадставіць сябе найлепшым чынам.
Пастаянная выстаўка павінна паказаць, чаго дасягнула наша краіна
«Як некалі мы дамовіліся, сёння мы адкрываем новую старонку летапісу нашай суверэннай Беларусі. Мы гэты цуд назвалі Міжнародным выставачным цэнтрам», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі. Прэзідэнт расказаў, што ў яшчэ ў савецкія часы яго вельмі ўразіў стары выставачны цэнтр у Мінску. «Я не думаў, што Беларусь умее ўсё гэта рабіць, — прызнаўся ён. — Але гэта ў тыя часы. Я з усмешкай успамінаю тыя імгненні, калі я зайшоў у гэты цэнтр і параўноўваю тую выставу з сучаснымі, якіх я ў свеце бачыў мноства, дзясяткі гэтых выстаў. Я ахнуў. Я гэтага не ведаў».
Аляксандр Лукашэнка спытаў у прысутнай не мерапрыемстве моладзі, ці ведаюць яны ўсё тое, што ўмеюць рабіць беларусы, чаго мы дасягнулі, асабліва ў постсавецкі перыяд. Ён звярнуў увагу, што мала хто адкажа, што ведае ўсё ці хаця б частку, але самага лепшага. «Таму задумка ў мяне была пабудаваць гэты цэнтр, размясціць там на пастаяннай аснове самыя высокія дасягненні нашай краіны, нашай суверэннай Беларусі. Гэта значыць, вось тое, што мы зрабілі самі. Не ў складзе велізарнай краіны, а самі, беларусы, сваім розумам і сваімі рукамі », - заявіў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, сюды ў любы час могуць прыехаць людзі, прывесці за руку сваіх дзяцей і ўнукаў і паказаць, што ўмеюць рабіць беларусы. На базе выставачнага цэнтра будуць праводзіцца і часовыя выставы, напрыклад, Milex або «Белагра». Але, настойвае беларускі лідар, павінна быць аснова, пастаянна дзеючая выстава для таго, каб паказаць, як у музеі, (не ў гістарычным разрэзе, а ў сучасным), чаго дасягнула наша краіна.
«Такі маштабны праект — гэта запыт часу»
Аляксандр Лукашэнка ўспомніў, з чаго ўсё пачыналася. Да Прэзідэнта звярнуліся арабскія інвестары з просьбай дазволіць рэалізаваць праект будаўніцтва «разумнага горада». «Яны не спадзяваліся, што я пайду на гэта. І прынеслі мне такія карцінкі, у тым ліку каб мяне зацікавіць, — выставачны цэнтр. Складаная канфігурацыя — бусел, Беларусь і іншае, намалявалі прыгожа. Я кажу: добра, я згодны. Яны анямелі. Яны чакалі іншага. Я кажу: але вы зробіце адзін у адзін тое, што намалявалі. Клікалі яны сюды з усёй Еўропы праектантаў, яны глядзелі, малявалі, чарцілі. Паглядзіце: зрабілі ж. Я ім удзячны», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт дадаў, што інвестары ўклалі ў рэалізацыю праекта каласальныя грошы, узводзяць «разумны горад» і Беларусь гатова працягваць з імі супрацоўніцтва.«Сучасны, без празмернасцяў... І бусел, які лунае, над маляўнічым кутком сталіцы... Ён закліканы паказаць свету багаты патэнцыял, талент і дасягненні, якія складаюць здабытак беларускай нацыі. Гэта знакавы падарунак да юбілею Вялікай Перамогі. У яго аснове-лепшы сусветны вопыт і самыя перадавыя тэхналогіі», — ахарактарызаваў кіраўнік дзяржавы новы цэнтр. Ён заўважыў, што праект распрацоўвалі замежныя спецыялісты, а ўвасобілі яго ў рэальнасць беларусы. «Малайцы. Значыць, умеем, — канстатаваў Прэзідэнт. — Нашы людзі справіліся годна. Унікальная выставачная прастора гатова да правядзення мерапрыемстваў любога ўзроўню і дазваляе праз высокія тэхналогіі ўбачыць сябе з боку».
Сёлета Мінск будзе прымаць Еўразійскі эканамічны форум. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ёсць планы правесці яго ў МВЦ.
Тут усё прадугледжана для правядзення мерапрыемстваў такога ўзроўню.
«Такі маштабны праект — гэта запыт часу. Мы ж з вамі пакарылі космас, спадарожнікі запускаем, ствараем самыя вялікія ў свеце кар’ерныя самазвалы, электробусы і беспілотныя апараты і многае іншае — пералічыў Аляксандр Лукашэнка. — Яшчэ раз хачу спытаць: хто з вас гэта бачыў? У комплексе нават мне гэта не паказвалі, хаця кожны праект я ўзгадняў асобна. А вось у комплексе паглядзець — ад БПЛА да самага сур’езнага самазвала ў 400 тон (якія мы зрабілі адзіныя ў свеце) — ніхто. А хто ведае, што ў нас гэтыя вялізныя самазвалы ўжо электрамабілямі сталі, на газаматорным паліве мы выпускаем? Амаль ніхто. Мы павінны беларусам гэта паказваць, што гэта зрабілі мы, а некаторыя рэчы — толькі мы на ўзроўні сусветных стандартаў».
Калі не будзем ствараць аб’екты будучыні, будзем пастаянна ўразлівыя
У сувязі з гэтым Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што якасць павінна стаць брэндам нашай краіны. Ён растлумачыў, чаму гэта пяцігодка будзе пяцігодкай якасці. «Усё, што мы вырабляем, умеюць рабіць многія. А мы ж хочам гэта вырабіць і прадаць. А для таго, каб прадаць, трэба канкурыраваць у найжорсткіх умовах», — заявіў беларускі лідар. У прыклад ён прывёў яшчэ адзін унікальны аб’ект, створаны беларускімі спецыялістамі — Палац Незалежнасці. Паколькі ён адкрыты для наведвання, многія там пабывалі і ўбачылі, як умеюць будаваць беларусы. Зацікавілся і замежныя госці. «Яны ўбачылі, што мы хутка, за два з паловай гады пабудавалі такое нацыянальнае дзецішча. Пабудавалі якасна, разумна, зрабілі гэта нашы праектанты. Таму, паказаўшы гэта, мы павінны будаваць там, дзе нас папросяць», — падкрэсліў Прэзідэнт.Яшчэ адзін прыклад — Беларуская атамная станцыя. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што яго ўмовай было, каб станцыю будавалі расійскія спецыялісты толькі разам з беларускімі калегамі, для якіх гэта стала б найлепшай вучобай у стварэнні такіх аб’ектаў. І беларусы навучыліся. Цяпер яны запатрабаваныя на падобных праектах у іншых краінах. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў пастаяннай вучобе і ўдасканаленні і ёсць сэнс жыцця. «Калі мы не будзем арыентавацца на будучыню, калі не будзем ствараць аб’екты будучыні, мы будзем пастаянна уразлівымі, будуць нас у спіну штурхаць», — настойвае ён.
Па словах Аляксандр Лукашэнкі, Беларусь будзе стаяць побач з іншымі краінамі, але для гэтага мы павінны быць цікавымі тым, хто стаіць побач. Павінны ўмець рабіць усё уласнымі рукамі. І ў гэтым была задума стварэння Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра. Прэзідэнт заўважыў, што гэта толькі чарговы твор. Ён нагадаў, што ў хуткім часе будзе створаны музей беларускай дзяржаўнасці. Мэта будучага Нацыянальнага гістарычнага музея — паказаць, што наша зямля даўно нарадзіла беларусаў, нават задоўга да іншых народаў. У новым музеі будзе адлюстравана ўся тысячагадовая гісторыя нашай краіны. «Мы павінны гэта паказаць, найперш, сваім дзецям, самім сабе, што мы адтуль. А вось гэтага мы дасягнулі за гэты час. Напэўна, нармальная канцэпцыя развіцця нашай беларускай дзяржавы», — заявіў беларускі лідар. Па яго словах, гэта трэба паказваць і нашым замежным сябрам і партнёрам. У прыклад Аляксандр Лукашэнка прывёў Зімбабве. Супрацоўніцтва з гэтай афрыканскай краінай не абмяжоўваецца толькі гандлем. Беларускі бок шчыра дзеліцца досведам, вучыць спецыялістаў. «Яны зразумелі, што мы не каланізатары, як некаторыя былі раней — французы, англічане і іншыя. Мы прыйшлі з дабром. Мы хочам ім даць тэхналогіі і навучыць іх. Для іх сёння галоўнае — накарміць народ. Мы можам гэта зрабіць? Можам», — падкрэсліў беларускі лідар.
Без бульбы не застанёмся
У працяг тэмы з харчаваннем Аляксандр Лукашэнка выказаўся на тэму, якая апошнім часам вельмі хвалюе беларусаў, асабліва ў інтэрнеце, — сітуацыю з бульбай у крамах. Ён заўважыў, што грамадзяне хочуць купляць айчынную прадукцыю па нізкіх цэнах, а сяляне, наадварот, зацікаўлены прадаць свой тавар даражэй. Так склалася, што ў Расіі бульба каштуе ў тры разы даражэй і вытворцы пераарыентаваліся туды, дзе ім выгадна.«Нядаўна мне ва ўрадзе кажуць: „Аляксандр Рыгоравіч, не хвалюйцеся: у нас пару дзясяткаў тысяч тон насеннай бульбы — мы прададзім“. Я кажу: „Хлопцы, я гісторык. Памятаеце, у гады Вялікай Айчыннай вайны людзі паміралі з голаду ў Ленінградзе, а зярняткі захавалі, каб потым хлеб быў. І вы думаеце, што ў Расіі і іншых краінах, дзе сёння дэфіцыт бульбы, заўтра вычарпаюць гэты дэфіцыт? Не. Ён яшчэ будзе некалькі гадоў. У нас ёсць насенная бульба. Давайце месяц яшчэ памучаемся (каму там бульба не падабаецца?), а гэта пасеем. Атрымаем у дзесяць разоў больш, чым пасеялі, і потым прададзім па добрай цане“. Таму такая вось хітрая, можа быць, сялянская задума», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што без бульбы краіна не застанецца. Камітэту дзяржаўнага кантролю даручана разабрацца з сітуацыяй ва ўсіх гандлёвых сетках, паглядзець, чаго нам не хапае. «І потым я губернатараў паклічу і спытаю: хлопцы, я ж восенню вас папярэджваў, што трэба стварыць стабілізацыйныя фонды. Гэта значыць пакласці ў запас, каб накарміць людзей. А што гэта? Бульба перш за ўсё. Яблыкі і іншае. Дзе яно? Вядома, сялянам трэба атрымаць грошы. Калі яны не прададуць бульбу і не атрымаюць валюту, то нам з бюджэту давядзецца іх падтрымліваць. Не хацелася б. У нас небагатыя настаўнікі, дактары і пенсіянеры. Гэта нам таксама ўрок. Думаю, што гэта будзе для ўсёй вертыкалі ўлады апошні такі ўрок. Трэба прывесці сховішчы ў парадак, пакласці, колькі трэба, самай лепшай ў свеце бульбы, каб наш народ ніколі не пакутаваў ад гэтага няшчасця», — падкрэсліў Прэзідэнт
Трэба зберагчы мірную, спакойную краіну
«Мы жывём, паважаныя сябры, у няпросты час. Я калісьці забараніў аб гэтым казаць і не шкадую — санкцыі нас душаць з усіх бакоў. Нас спрабуюць удушыць. Але мы жывём, і не проста жывём, а нават ствараем унікальныя аб’екты будучыні, як гэты, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Усё залежыць ад нас. Давайце, як я часта казаў, будзем працаваць усе на сваіх працоўных месцах». Ён падкрэсліў, што ўсё, што патрабуецца ад людзей — сумленна працаваць кожны на сваім месцы. І ўлада будзе займацца сваімі справамі — вертыкаль выбудавана. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што зараз да ўлады прыйшло новае пакаленне, якое працуючы са старэйшымі калегамі, пераймае іх досвед. «З’явіліся сапраўдныя патрыёты. Людзі, якія любяць сваю краіну, якія хочуць захаваць сваю краіну. Ужо нават не столькі для сябе, колькі для дзяцей, — заўважыў беларускі лідар. — Мы жывём у мірнай, спакойнай краіне. Трэба яе зберагчы. Гэта асабліва гучыць напярэдадні 80-годдзя Перамогі ў той страшнай вайне». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што вакол шмат неразбярыхі, нестабільных кропак, якія могуць атрымаць сваё развіццё. І, па яго словах, для нас важна, не дапусціць развіцця неспрыяльных для Беларусі сцэнарыяў. «Трэба абараніць сваю краіну. Давайце будзем мірна працаваць, жыць і глядзець на нашы дасягненні, створаныя нашымі рукамі», — заклікаў беларускі лідар.Вяртаючыся да Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра, у прыватнасці да таго, які надпіс быў бы да месца на яго фасадзе, Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў словы класіка, Аляксандра Пушкіна, які пісаў: «я памятник воздвиг себе нерукотворный, не зарастет к нему народная тропа». «Звяртаючыся да вас, беларускага народа, чыімі рукамі гэта ўсё створана, я б тут напісаў: «он (беларускі народ) памятник воздвиг себе, он — рукотворный, не зарастет к нему народная тропа», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
«Усё павінна быць звернута ў будучыню»
З магчымасцямі новага выставачнага комплекса кіраўнік дзяржавы азнаёміўся асабіста. Але найперш Прэзідэнт азнаёміўся з рэалізацыяй праекта «Паўночны бераг». Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў праінфармаваў аб этапах забудовы тэрыторыі і ходзе работ. Усё праводзіцца ў адпаведнасці ў графікам. «Ты не забывай толькі адно, калі будзеш кантраляваць (я таксама езджу міма, пазіраю): усё павінна быць звернута ў будучыню. Гэта ўсё ў будучыню, пачынаючы з дзіцячага садка, школы і заканчваючы «разумным горадам», — паставіў задачу Прэзідэнт. Ён таксама даручыў прывесці ў парадак прылеглую тэрыторыю. «І на большае ўжо не разлічвай. Гэта яны будуюць за свой кошт для Мінска. Гэта прыстойны аб’ём. А астатняе — у рэгіёнах», — дадаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да мэра Мінска.«Кожны метр павінен пра нешта казаць»
Таксама Аляксандр Лукашэнка агледзеў выстаўку, прымеркаваную да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Выстаўка арганізавана з новымі падыходамі. Як патлумачыў віцэ-прэм’ер Уладзімір Каранік, у ёй зроблены акцэнт не на музейныя экспанаты, а на сучасныя інтэрактыўныя сродкі, каб моладзі было цікава, каб яны пранікнуліся гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны. У гэтым дапамагаюць відэафільмы з ужываннем ЗD-графікі, галаграмы, акуляры віртуальнай рэальнасці і святлодыёдныя экраны. Пасля заканчэння выстаўкі гэта абсталяванне будзе выкарыстана пры мадэрнізацыі пастаяннай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і правядзенні ім часовых экспазіцый.Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў новы фільм «У спісах не значыўся». Карціна распавядае пра абарону Брэсцкай крэпасці, якая першай прыняла ўдар ворага. Прэзідэнт прызнаўся, што фільм яму спадабаўся і параіў яго паглядзець усім. Менавіта стэндам, прысвечаным Брэсцкай крэпасці, адкрываецца выстаўка. А з дапамогай галаграмы нават адноўлены адзін з эпізодаў яе абароны.
Для поўнага пагружэння ў гісторыю ваеннага часу кіраўніку дзяржавы прадставілі невялікую тэатралізаваную пастаноўку-беларускія артысты ўзнавілі канцэрт савецкай спявачкі Лідзіі Русланавай ля Рэйхстага. Яна ўвайшла ў гісторыю тым, што падчас вайны падымала баявы дух савецкіх салдат на фронце. «Малайцы, здорава! Маё роднае! Усё, пачынаю аднаўляць свае навыкі ігры на баяне... Часу ўсё няма. Але калі б хтосьці навучыў мяне зноўку ... Але малайцы, выдатна! І дарослыя людзі, і зусім маладыя іграюць», — падзяліўся ўражаннямі Прэзідэнт. І ўдакладніў у адказных асоб, ці выканана яго даручэнне па ўзнаўленні вытворчасці музычных інструментаў. Работа ў гэтым кірунку вядзецца, але Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу вярнуцца да гэтага пытання. Саму ж выстаўку ацаніў высока і падкрэсліў, што яе трэба паказаць усім.
Яшчэ адно даручэнне да службовых асоб — поўнасцю задзейнічаць выставачны цэнтр і на пастаяннай аснове. «Кожны метр павінен пра нешта казаць. Трэба, каб зайшлі і ахнулі: ёсць чым абараняцца (яшчэ на парадзе ўбачылі), паглядзелі на трактары, аўтамабілі і іншае — ахнулі», — падкрэсліў беларускі лідар. Ёсць у гэтым і палітычны аспект. Аляксандр Лукашэнка назваў міжнародны выставачны цэнтр прыкладам мірнага супрацоўніцтва з Аб’яданнымі Арабскімі Эміратамі.
Прэзідэнт першым пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра.
Валерыя СЦЯЦКО