Top.Mail.Ru

Лукашэнка на Аршанскім ільнокамбінаце прыняў удзел у запуску новай лініі

Падчас наведвання Аршанскага льнокамбіната Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з перспектывамі развіцця прадпрыемства і прыняў удзел у запуску новай вытворчай лініі, перадае БелТА.


Запушчана лінія па вытворчасці кальцавой пражы высокіх нумароў з даданнем катанізаванага льновалакна. Рэалізацыя гэтага праекта дазволіць арганізаваць выпуск новай прадукцыі.

Прэзідэнту далажылі пра развіццё Аршанскага льнокамбіната. Тут выйшлі на аб’ёмы экспарту ў $100 млн, выканалі даручэнне па асваенні глыбокай перапрацоўкі кароткага льновалакна, шмат увагі надаюць якасці і ўжо некалькі гадоў працуюць толькі на ўласным ільняным валакне.

«Наша асноўная задача — каб сыравіна была якасная», — звярнуў увагу беларускі лідар.


Думаюць на Аршанскім ільнокамбінаце і пра далейшую мадэрнізацыю ў наступныя гады. Гаворка, напрыклад, ідзе пра ўкараненне самай сучаснай тэхналогіі фарбавання.

Абсталяванне для камбіната ў асноўным закупляецца па імпарце. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней даручаў прамысловаму сектару навучыцца рабіць хоць бы частку з гэтага. Кіраўнік дзяржавы актуалізаваў адпаведныя задачы, даручыўшы генеральнаму дырэктару Алегу Буянаву падрыхтаваць пералік найбольш запатрабаваных вузлоў і агрэгатаў, якія можна было б імпартазамясціць.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў свой час захаваць Аршанскі льнокамбінат было яго валявым рашэннем. «Для мяне гэта вельмі важнае прадпрыемства», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт паставіў задачу, каб да 2030 года перапрацоўвалася 100% кароткага льновалакна. Для рэалізацыі гэтага даручэння абмяркоўваецца магчымасць выдзялення прадпрыемству дадатковага крэдыту пад нарошчванне магутнасцяў.


Цяпер разам з Беларуссю буйнымі вытворцамі лёну ў Еўропе з’яўляюцца Францыя і Бельгія. У Беларусі пры гэтым ёсць увесь ланцужок — ад вырошчвання на полі да вытворчасці высакаякаснай гатовай прадукцыі. «Пры такім падыходзе на Захадзе хутка адны мы застанёмся», — заўважыў беларускі лідар.

«Вы ведаеце мае падыходы. Нічога ламаць не трэба. Мы нешта маем — трэба ўдасканальваць. Нічога не развальваючы, не руйнуючы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка работнікам прадпрыемства падчас запуску новай лініі.


Ён таксама падкрэсліў, што той ці іншы праект трэба старацца рэалізоўваць у максімальна сціснутыя тэрміны.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю