Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Аванс, які дзяржава выдзеліла беларускаму кінематографу, так і не адпрацаваны

Цытату аб тым, што кіно — найважнейшае з усіх мастацтваў, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзгадваў неаднойчы, адзначаючы, што цалкам падзяляе меркаванне аўтара гэтых слоў. Кіраўнік дзяржавы заўсёды цікавіцца станам айчыннага кінематографа, яго праблемамі і перспектывамі. У аўторак Прэзідэнт прысвяціў гэтай тэме шырокую нараду. Разглядалі надзённыя, а недзе і балючыя пытанні ў сэрцы айчыннага кінематографа — на кінастудыі «Беларусьфільм».


«Грошай не шкада, калі ёсць вынік»

Пачаў кіраўнік дзяржавы з самай сутнасці. «Што, дрэнна зусім тут?» — адразу па прыездзе спытаў ён у намесніка прэм’ер-міністра Наталлі Пяткевіч. Яна адказала, што трэба дапамагаць. «Што значыць „дапамагаць“? У чарговы раз?» — удакладніў кіраўнік дзяржавы. Наталля Пяткевіч адзначыла, што да кіраўніцтва гэтай сферай прыйшлі новыя людзі і ў іх ёсць жаданне змяніць сітуацыю ў лепшы бок. Але ў некаторых пытаннях, напрыклад, у гаспадарчых, ім трэба дапамагчы. Маецца на ўвазе знос некаторых будынкаў, зніжэнне выдаткаў. «Гэта значыць, калі знясём, то справы пойдуць?» — іранічна спытаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой, які падключыўся да размовы, заўважыў, што гэта дапаможа знізіць выдаткі, паколькі гэтыя будынкі вісяць на балансе.

«Я якраз прыйшоў да адваротнай высновы. Я лічу, іх (кінематаграфістаў. — „Зв.“) трэба пакінуць. Няхай вырабляюць, прадаюць і жывуць. Не — да пабачэння. Ну колькі разоў можна дапамагаць? Яны ж фактычна вісяць на плячах у дзяржавы, — абурыўся Прэзідэнт. — А навошта ім працаваць? Прынясуць дакумент, падмахнуць, Прэзідэнту на стол — дайце грошы. А за што даваць грошы? За апошнія некалькі гадоў гэта трэція „новыя людзі“. І мы ўсё дапамагаем...»

Прэзідэнту далажылі аб структуры кінастудыі «Беларусьфільм», штатнай колькасці супрацоўнікаў, аснашчанасці студый і павільёнаў. У Мінску на тэрыторыі кінастудыі размяшчаецца вытворчы корпус са здымачнымі павільёнамі, аўтабаза, некалькі будынкаў, запланаваных пад знос, у Смалявічах — натурная пляцоўка. Штатная колькасць кінастудыі — 320 адзінак, але запоўненыя далёка не ўсе. Напрыклад, застаюцца вакантнымі дзве з трох пасад намесніка дырэктара кінастудыі. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў такой колькасці намеснікаў няма неабходнасці. Галоўнае, каб былі спецыялісты, якія займаюцца кінавытворчасцю.

У структуру «Беларусьфільма» ўваходзяць тры асноўныя студыі: ігравых, дакументальных, анімацыйных фільмаў, — а таксама Тэатр-студыя кінаакцёра. Здымачныя павільёны, размешчаныя ў Мінску, занятыя пераважна пад будаўніцтва дэкарацый, здымкі кінафільмаў і стварэнне тэлевізійных праектаў. Цяпер на студыі працуюць над некалькімі кінастужкамі: на верасень запланавана прэм’ера карціны «Класная». Напрыканцы года выйдзе фільм «Пераломны момант». Пачата работа над карцінамі «Бацька Мінай. Партызанская легенда», «Адно на дваіх» і «Навагодні экспрэс».

255914-25.jpg

255914-24.jpg

255914-23.jpg

Кіраўнік дзяржавы прайшоў па кінастудыі і завітаў у самыя цікавыя павільёны. Адзін з іх — павільён, дзе здымаюцца папулярныя тэлевізійныя шоу, напрыклад, «Добры вечар», «100 пытанняў даросламу», «Фактар. BY» і іншыя. Дарэчы, гэта самы вялікі павільён у краіне. «Не трэба спыняцца... Каб людзям „заходзіла“. Пад гэта грошай не шкада, калі ёсць вынік», — параіў кіраўнік дзяржавы. Паказалі Прэзідэнту і экспазіцыю, прысвечаную беларускаму кіно, якую наведваюць экскурсійныя групы.

Аляксандр Лукашэнка даручыў увесь працэс падрыхтоўкі кадраў, кінавытворчасці, выдзялення на гэта сродкаў «жалезна браць на кантроль». «Цяпер мы, груба кажучы, „калючым дротам“ абгародзім гэта. 320 чалавек — калі ласка, вырабляйце, прадалі — жывіце. З гэтага пачнём», — заявіў кіраўнік дзяржавы. 

А тых, хто дае вынік, прапануе перспектыўныя ідэі, па яго словах, трэба і адпаведна падтрымліваць. «Мы трацім шалёныя грошы марна. Дык трэба заплаціць людзям, якія працуюць», — адзначыў беларускі лідар.

Рэжысёры ў нас ёсць. Трэба іх збіраць

Рэжысёр Кірыл Халецкі расказаў пра фільм «Класная», прэм’ера якога запланавана на верасень. «Божа мой, рэжысёры ёсць у нас! Ты ў нас як карысны выкапень. Ці ты, можа, аднекуль прыехаў?» — звярнуўся да яго Аляксандр Лукашэнка. Але Кірыл Халецкі — беларус, скончыў Акадэмію мастацтваў. Рэжысёр расказаў, што фільм «Класная» распавядае пра маладую настаўніцу, якая па размеркаванні прыехала ў аграгарадок і стала класным кіраўніком 11-га класа. «Фільм знаходзіцца на стадыі мантажу. Атрымліваецца вельмі добрае, светлае, жыццёвае кіно. Міністэрства адукацыі курыруе гэты праект, дапамагае нам. Кінастужка будзе ісці ва ўсіх кінатэатрах краіны з 18 верасня», — распавёў Кірыл Халецкі. Аляксандр Лукашэнка даў стваральнікам фільма невялікую параду: паказаць жыццё ў аграгарадку такім, якое яно ёсць на самай справе, у адрозненне ад мінскіх рэалій. «Каб тут кантрасту не было: што ў мазгах Мінск, а здымаеш ты аграгарадок», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што вельмі рады таму, што ў краіне ёсць маладыя рэжысёры: «Вось гэтыя зярняткі — з іх павінна ўсё пачынацца. Яны потым збяруць каманду».

Аляксандру Лукашэнку паказалі ангар, дзе цяпер ствараюцца дэкарацыі для фільма «Пераломны момант» пра весляроў. Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што больш танна і нават больш эфектна было б здымаць з натуры. Ён запэўніў, што патрэбная дапамога будзе аказана.

Стан спраў вельмі нездавальняючы

Больш дэталёва пытанні развіцця айчыннага кінематографа абмеркавалі на нарадзе з удзелам Прэзідэнта. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рашэнне аб падобнай сустрэчы было прынята даўно. 

«Я прама хачу сказаць, што стан спраў на нашай славутай, знакамітай кінастудыі і ў галіне ў цэлым не тое што нездавальняючы, а вельмі нездавальняючы. Развалены. Дзяржавай створаны ўмовы для развіцця айчыннага кінематографа і ў прыватнасці „Беларусьфільма“. Але аддача пакуль не тое што нулявая — ніжэйшая за нуль, мінусавая! Ні дзяржава, ні глядач вынікаў не бачаць. Для большасці беларусаў наша кіно скончылася, напэўна, на „У жніўні 44-га“ або „Брэсцкай крэпасці“. Глядзець проста няма чаго! Канчаткова страчаны сямейная, юнацкая, дзіцячая аўдыторыі, — крытычна выказаўся кіраўнік дзяржавы. — І не трэба мне расказваць, як мы „рванулі“ ў рабоце з гледачом і арганізавалі прагляды для працоўных калектываў».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адсутнасць акупнасці на ўнутраным рынку яшчэ можна растлумачыць: мы па насельніцтве невялікая краіна, і вялікі прыбытак ад пракату атрымаць складана. Хоць, звярнуў увагу ён, калі зрабіць добры фільм, прыбытак атрымаць можна. «Але мы сваё прадаць за мяжу не можам, бо няма чаго. І канкурэнцыя сур’ёзная, і адміністрацыйныя рэсурсы ўключаюцца. Як мне казалі: „Не можам трапіць у Расію“. А хто вас туды пусціць?! У іх свайго дабра такога хапае», — скептычна заўважыў кіраўнік дзяржавы.

255914-05 (1).jpg

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час была праведзена поўная мадэрнізацыя кінастудыі «Беларусьфільм», устаноўлена новае тэхналагічнае абсталяванне. 

«Укладзены велізарныя сродкі! Аванс, які дзяржава выдзеліла беларускаму кінематографу, так і не адпрацаваны», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. 

Ён звярнуў увагу, што на прыкладзе павільёнаў для здымак тэлевізійных праектаў на кінастудыі відаць, што беларусы могуць якасна вырабляць такі прадукт без прыцягнення замежных спецыялістаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што істотна паглыблены ў дэталі гэтага працэсу асабіста, таму неабыякавы і да кінематографа, і да нашых фільмаў.

«Карані не забываць, але прыстасоўвацца да сучаснасці»

Прэзідэнт падзяліўся сваімі назіраннямі. Ён звярнуў увагу, што сёння гледачу прапаноўваюцца ў асноўным старыя савецкія фільмы. Напрыклад, распавёў Аляксандр Лукашэнка, раніцай убачыў па тэлевізары фільм «Знак бяды», зняты ў 1986 годзе. Па яго словах, гэта добрыя фільмы на тэму, якая балела іх стваральнікам і тагачаснай аўдыторыі. Але сучасны глядач захоча паглядзець больш дынамічнае кіно, магчыма, на іншую тэму. 

«Вядома, карані свае не забываць, у нас добрае мінулае ў „Беларусьфільма“, але трэба прыстасоўвацца да сучаснасці», — заўважыў ён.

Усім адказным за кінематограф Прэзідэнт задаў канкрэтнае пытанне: што перашкаджае працаваць, што перашкаджае «забіць» гледача фільмамі? Адказы пра недахоп грошай не прымаюцца. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў яго добрыя адносіны з расійскімі акцёрамі і рэжысёрамі і ён ведае, што на вытворчасць якаснага кіно не патрэбныя казачныя сродкі. Трэба ўмець лічыць грошы. «Там у асноўным гэта ўсё робяць прыватнікі. І прыватнікі грошы даюць, фінансуюць. І абы на што ніхто грошы свае не дасць. Гэта толькі дзяржава можа, — падкрэсліў ён. — На маёй памяці гэта ўжо восьмая ці дзявятая каманда. І пад гэту каманду мы выдзялялі грошы. І што?».

У сувязі з гэтым Прэзідэнт агучыў адзінае, па яго словах, правільнае рашэнне: «Не крыўдуйце, я вобразна скажу, вы вобразы любіце: калючы дрот вакол, 320 чалавек ёсць. Вырабляйце за гэтым дротам што хочаце — гэта ваша справа. Галоўнае, каб ідэалагічна правільна выбудоўвалі». Беларускі лідар папярэдзіў, каб кіношнікі ў пагоні за тэндэнцыямі ў кінематографе не перабіралі са сцэнамі гвалту, стральбы, крыві і падобнага. Па яго словах, не трэба да гэтага прывучаць грамадства — людзям можна даць добрую альтэрнатыву. А гэтай альтэрнатывы, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, пакуль няма.

Вучыцца трэба на пляцоўцы

Прэзідэнт зрабіў акцэнт, што развіццё кінематографа трэба пачынаць «ад кораня» — у прыватнасці ад Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Адміністрацыі Прэзідэнта пастаўлена жалезная задача: разабрацца з выкладчыкамі і з тым прадуктам, які яны адтуль выпускаюць. «У адваротным выпадку вы не здымеце ніводнага сучаснага душашчыпальнага фільма», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы аб пераемнасці пакаленняў, беларускі лідар успомніў знакаміты фільм «У жніўні 44-га», рэжысёр якога Міхаіл Пташук загінуў у аўтакатастрофе. «Вельмі шкада, што вось так здарылася. Але ж незаменных людзей няма. Хтосьці ж побач хадзіў, падказваў, нататнік насіў. Здымай, лепей здымай, — падкрэсліў ён. — Тое ж самае тычыцца і падрыхтоўкі нашай моладзі. Трэба глядзець, каго мы там рыхтуем». Прэзідэнт зрабіў акцэнт, што, як і ў іншых сферах, у кіно студэнт павінен быць на вытворчасці, вучыцца непасрэдна на пляцоўцы, глядзець на калег і разумець: тую прафесію выбраў ці не. 

255914-02.jpg

«Тэорыя павінна быць, але трэба, каб людзі бачылі гэтую здымачную пляцоўку. Калі яны трапілі туды, куды трэба, то зробяць адпаведныя высновы. Гэта няпростая праца, цяжкая праца», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Дыктатура будзе вам на карысць»

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што сёння вельмі няпростая палітычная і геапалітычная абстаноўка. Побач з нашай краінай вельмі неспакойна, з’яўляецца ўсё больш гарачых пунктаў.

«Бог нас захаваў і дапамагае нам захаваць гэты кавалак зямлі. Паглядзіце, вакол вайна, вакол бушуе», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Да прыкладу ён прывёў Фінляндыю. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што шмат гадоў Фінляндыя жыла побач з Расіяй, але ім «спатрэбілася» ўступіць у НАТА. «Ужо кажуць аб тым, каб блакіраваць Балтыйскае мора, каб не пусціць гандлёвыя караблі, у тым ліку і нашы. Мы ж цяпер гандлюем не праз Літву і Латвію. Вар’яты гэтыя нас не пускаюць, мы гандлюем праз Ленінград па Балтыцы. „Вось мы закрыем недзе там у Даніі праход“. Што ж, мы дазволім, каб з нас здзекаваліся? Ваенныя караблі будуць суправаджаць гандлёвыя судны, — прывёў прыклад беларускі лідар. — Балтыка, балтыйскія тры дзяржавы, Польшча — ну гэтым тром, ім чаго не хапала? Я бачыў, як гэта было: ім, як у народзе кажуць, „пёрлі ўсё“, каб паказаць, што ўскраіны ў Савецкім Саюзе развіваюцца і гэтак далей. Высокатэхналагічныя былі рэспублікі, порты, гандлявалі вялізным аб’ёмам рэсурсаў. Чаго не хапала? Ладна, вы хочаце самастойна. Мы таксама хочам самастойна. Чаго вы плюяце ў наш бок?» Кіраўнік дзяржавы прывёў да прыкладу і Украіну, дзе ідзе вайна, і Каўказ, дзе яна не скончылася.

І ў гэтай сітуацыі каштуе велізарных намаганняў захоўваць мір і спакой у краіне. «Вызваліце мяне ад таго, каб здымаць фільмы. Але я памятаю, як казаў вялікі Ленін: з мастацтваў для нас найважнейшым з’яўляецца не скульптура, не жывапіс, не опера, не спевы, а кіно. І ён меў рацыю», — адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт папярэдзіў, што лішніх грошай не будзе і ніхто грошай пад нейкую новую каманду не дасць. 

«І калі вы да 1 верасня на чале з міністрам культуры не наведзяце тут парадак... рашэнні будуць вельмі жорсткімі, — папярэдзіў ён. — Спытаем вельмі жорстка». Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сёння ёсць шмат таленавітых, здольных людзей, якія хочуць і могуць працаваць. Трэба бачыць і задзейнічаць такіх людзей. І ўвесь час бегчы наперад.Кіраўнік дзяржавы таксама даў кіношнікам невялікую параду. «Што вы там дэкарацыі выбудоўваеце, ангар. У нас жа ёсць натура. Рабіце больш з натуры. І мы вам, як у савецкія часы, дапаможам бясплатна — органы ўлады, армія і іншыя... Можа быць, і паменш трэба будзе павільёнаў і будаўніцтва. Там, дзе не трэба, там не трэба гэта будаваць. Мы вам дапаможам. Усё вы крычыце: дыктатура. Вось гэта дыктатура будзе вам на карысць».

Ніякай ідэалогіі без кіно быць не можа

Прэзідэнт адзначыў, што ёсць пытанні і да Міністэрства культуры. Ён нагадаў міністру культуру Руслану Чарнецкаму, што ў яго няма ніякага шанцу працаваць як раней. «Мінкульт павінен больш актыўна варушыцца. Я разумею: без урада, Адміністрацыі Прэзідэнта будзе складана. Вось тут трэба дапамагчы. Але павінны і спытаць жалезна», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён спытаў прама: «Чаго не хапае і што трэба?» Але без самасправаздач. 

«Я гатовы вам дапамагаць, і дапамагаць не толькі як Прэзідэнт, у якога ў руках гэтыя фінансы. Калі трэба асабіста падключыцца — з задавальненнем», — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка таксама паабяцаў, што ахвотна прыйдзе на прагляд фільмаў, калі будзе што глядзець.

Беларускі лідар адзначыў, што з павагай ставіцца да творчых людзей. «Вы павінны быць памяркоўнымі, узважанымі — беларусамі, зямнымі людзьмі, якія глядзяць наперад, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Давайце сур’ёзна: плаціць будзем за працу. З заўтрашняга дня. Без працы ніякіх авансаў не чакайце. Калі толькі на вытворчасць. Здымаеце фільм, са спецыялістамі і фінансістамі дамовіліся, што гэта нармальна (чалавек, які будзе несці за ваш фільм адказнасць), мы вам — невялікі аванс, ідзіце і працуйце. Зрабілі добры прадукт — грошай не шкада, тым больш на добрае кіно, таму што гэта страшны дэфіцыт у нашым грамадстве. Без гэтага нікуды. Ніякай ідэалогіі без кіно быць не можа».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў беларускага кіно не будзе праблем ні з паказамі на тэлеканалах, ні з рэкламай, ні з сістэмай пракату. Галоўнае — даць якасны прадукт. Прэзідэнт звярнуў увагу, што шмат праблем не толькі на кінастудыі, але і ў іншых культурных установах: музеях, тэатрах. І паставіў задачу адказным асобам кантраляваць, хто працуе ў такіх установах. 

А да творчых асоб звярнуўся прама: «Я вам шчыра кажу тое, што мог бы не сказаць сялянам або рабочаму каля станка. Без вас мы можам абысціся. Таму я адкрыта кажу: так — так, не — не. Усё роўна вас няма, мы нічога не губляем, дзяржава. Калі б было што губляць, то вядома. А што губляем мы? У мяне выйсця іншага няма: або — або. Таму я кажу міністру, кіраўніку „Беларусьфільма“: не будзе выніку — вельмі жорсткае стаўленне. Я ў вас спытаў: вы гатовыя, ведаеце сітуацыю? Гатовыя. Ідзіце — давайце вынік. Не дасце — лічыце, што вы мяне падманулі. Не дасце — ну, адпаведнае стаўленне. Таму не крыўдуйце. Я не кажу, што так будзе, але, калі раптам крайні варыянт, — ну што, мы нічога не губляем». Прэзідэнт адзначыў, што, як і многія, сам ён не хоча такога развіцця падзей і заклікаў не даводзіць сітуацыю да абсурду.

Гаворачы ў цэлым аб прадстаўніках сферы культуры, кіраўнік дзяржавы нагадаў, як павялі сябе некаторыя з іх у 2020 годзе. 

«Што ўтойваць, ён (той год. — „Зв.“) паказаў, хто ёсць хто. І вы былі наперадзе. І што, калі б не вытрымалі ў 2020 годзе? Мы б ваявалі... Ды не ваявалі, нас бы не было даўно! Вы бачыце, што ва Украіне робіцца. Нас бы тут не было», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Эмоцыі, якія тады авалодалі некаторымі творчымі людзьмі, варта было б стрымаць у сабе, а не паддавацца ім, упэўнены Прэзідэнт. «Я не хачу вас усіх агулам вінаваціць. Вы людзі эмацыянальныя, я таксама, але эмоцыі часам трэба выкарыстоўваць на карысць справы. І хаваць іх далей да пары да часу. Не спяшайцеся. Куды вы спяшаецеся? Фільмы рабіць вы не спяшаецеся, а вось выскачыць на вуліцу ў кароткіх спаднічках — гэта вы маглі, і ўсіх „гвалцілі“ там», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Патрэбна не фінансавая, а адміністрацыйная дапамога

Па словах міністра культуры Руслана Чарнецкага, для таго, каб у краіне зноў здымалася якаснае кіно, трэба выканаць дзве задачы. Адна з іх — кардынальна павысіць узровень мастацкіх фільмаў і вывесці іх на міжнародны пракат для забеспячэння акупнасці. 

«Так, нам дапамога тут спатрэбіцца. Але дапамога не фінансавая, таму што дзяржава выдзяляе грошы ў дастатковым аб’ёме. А дапамога адміністрацыйная», — адзначыў ён. 

Міністр культуры падкрэсліў, што цяпер новы кіраўнік «Беларусьфільма» збірае новую каманду, бо за той час, што кіно не здымалася, спецыялісты раз’ехаліся туды, дзе яно здымаецца, — такая спецыфіка прафесіі. Прыняты таксама крокі па зніжэнні залежнасці эканомікі прадпрыемства ад бюджэтнага фінансавання, вызначаюцца шляхі зніжэння агульнастудыйных выдаткаў, укараняецца гнуткая ў адносінах да заказчыка сістэма цэнаўтварэння. 

255914-08.jpg

«Мы разумеем, што рост даходаў залежыць не толькі ад скарачэння выдаткаў, але і ад вываду на рынак кінапрадукцыі высокай якасці», — сказаў Руслан Чарнецкі. 

Ён таксама адзначыў, што на сёння ажыццяўляецца перабудова тэматычнага планавання фільмавытворчасці. У год плануецца ствараць адзін буйны праект — гістарычны, ваенны або на патрыятычную тэму. І яшчэ 4-5 малабюджэтных праектаў папулярных жанраў з кароткім, да года, тэрмінам вытворчасці. Міністр запэўніў, што будзе адроджана вытворчасць малабюджэтных серыялаў па заказах беларускіх тэлеканалаў і арганізавана супрацоўніцтва з ІT-кампаніямі па стварэнні фільмаў з выкарыстаннем тэхналогіі штучнага інтэлекту. Плануецца пашыраць сумесную вытворчасць з замежнымі кампаніямі. Па расійскім вопыце, да ацэнкі сцэнарыяў і зманціраваных версій будуць прыцягвацца фокус-групы з ліку прадстаўнікоў мэтавай аўдыторыі. Уводзяцца новыя механізмы рэкламнай кампаніі, з гэтага часу яна будзе пачынацца за 3-4 месяцы да прэм’еры, чаго раней не рабілася.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

У тэму

«Маладыя ўдзельнікі кінавытворчасці павінны ўбачыць сябе запатрабаванымі ва ўласнай краіне»

Намеснік прэм’ер-міністра Наталля Пяткевіч расказала журналістам, што размова падчас нарады была жорсткая, але сумленная і справядлівая. «Колькі Прэзідэнт удзяляе ўвагі і кіно, і наогул мастацтву, яго развіццю ў нашай краіне, колькі сродкаў у гэта ўкладзена на працягу дзесяцігоддзяў... давайце будзем шчырымі — адпаведнай аддачы няма», — сказала яна. Віцэ-прэм’ер заўважыла, што ў апошні час «Беларусьфільм» не радуе гучнымі прэм’ерамі. Кажучы пра беларускае кіно, успамінаеш толькі кінастужкі мінулых гадоў. А ў той жа час дзяржава робіць вельмі шмат для падтрымкі кінематографа. Таму, па словах Наталлі Пяткевіч, такая размова наспела ўжо даўно. «Вельмі шкада, вядома, што давялося яе выносіць на ўзровень Прэзідэнта. 

Петкевич.jpg

У тым стане, у якім цяпер кіно знаходзіцца, па вялікім рахунку, яно нам не трэба, таму што мы яго не бачым. Яго няма, па сутнасці. Але ёсць вельмі вялікія надзеі на новае кіраўніцтва (прызначаны нядаўна новы кіраўнік кінастудыі „Беларусьфільм“), на новага міністра культуры, які ведае і разумее кіно... У іх ёсць жаданне нешта рабіць. Вельмі хочацца, каб мы ўсе, грамадзяне Беларусі, атрымалі наша, беларускае кіно», — падкрэсліла віцэ-прэм’ер. Наталля Пяткевіч адзначыла, што «Беларусьфільм» — гэта брэнд нашай краіны, брэнд з гісторыяй. І ён павінен зноў зазіхацець, тым больш што, звярнула ўвагу віцэ-прэм’ер, для гэтага зроблена ўсё. «Пачынаць трэба з самага пачатку — з моладзі. Кінамастацтва — гэта выдатны від мастацтва — і для задавальнення, і для разваг. Аднак гэта і спосаб самарэалізацыі вялікай колькасці моладзі, якая вырашыла прысвяціць сябе мастацтву. Маладыя студэнты, маладыя акцёры, рэжысёры, сцэнарысты, аператары, іншыя ўдзельнікі кінавытворчасці павінны ўбачыць сябе запатрабаванымі ва ўласнай краіне. Гэта самая галоўная задача», — падкрэсліла Наталля Пяткевіч.

«Кіно — гэта прадукт»

Міністр культуры Руслан Чарнецкі падкрэсліў, што план па развіцці айчыннага кінематографа ёсць. І калі жыццё будзе прымушаць — у яго будуць уносіцца карэкціроўкі.

Чернецкий.jpg

«Трэба падымаць якасць прадукту... Трэба асвойваць новыя рынкі, таму што кіно — гэта прадукт. Мы ў такім свеце жывём. Дзяржава выдзяляе на гэту сферу велізарныя грошы, а значыць, іх трэба апраўдваць і прадаваць фінальны прадукт. Для гэтага беларускае кіно павінна быць цікавым не толькі для саміх жыхароў Беларусі, але і для расіян, кітайцаў і прадстаўнікоў самых розных краін. А каб зрабіць кіно якасным, трэба вельмі ўважліва і прафесійна на кожным этапе здымачнага працэсу ўсё адсочваць, уключаючы дыстрыбуцыю і рэкламную кампанію», — сказаў міністр.

Кажучы пра стан спраў на «Беларусьфільме», Руслан Чарнецкі адзначыў, што не варта шукаць адказ на пытанне «хто вінаваты?», трэба адказваць на пытанне «што рабіць?». Міністр культуры звярнуў увагу, што гістарычна «Беларусьфільм», будучы часткай савецкай кінаіндустрыі, пераважна канцэнтраваўся на тэме Вялікай Айчыннай вайны. Гэты кірунак застанецца і цяпер, бо ён важны і блізкі для жыхароў Беларусі. Разам з тым плануецца пашыраць тэматычны ахоп, у тым ліку каб не ўзнікла крызісу жанру і каб кінастужкі былі максімальна шырока запатрабаваныя.

«Падыход да кінавытворчасці будзе мяняцца»

Генеральны дырэктар «Беларусьфільма» Дзмітрый Сямёнаў галоўнай задачай студыі назваў загрузку кінавытворчасці. І пачынаць, па яго словах, трэба з кадраў. «Безумоўна, на сёння ўжо пэўная работа праведзена. Створаны Назіральны савет пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Па гэтым шляху ў падборы новых кадраў і накіраванні іх на кінастудыю мы будзем рухацца. Нам бы хацелася, каб нашы новыя „кіношнікі“ пастаянна знаходзіліся на базе кінастудыі і глядзелі, як нашы мэтры здымаюць кінафільмы, чэрпалі гэту атмасферу кінавытворчасці і ўжо потым давалі свой прадукт, які быў бы цікавы і запатрабаваны як на нашым рынку, так і за межамі краіны», — растлумачыў ён. Дзмітрый Сямёнаў расказаў, што цяпер праводзіцца работа па адборы новых сцэнарыяў, ідэй, якія пасля будуць прапрацоўваць у фокус-групах. «У прынцыпе, падыход да кінавытворчасці будзе мяняцца. Мы будзем абапірацца на тое кіно, якое сёння запатрабавана. Безумоўна, мы працуем у цесным узаемадзеянні з кінатэатрамі нашай краіны. У нас ёсць зваротная сувязь і пэўны заказ ад іх. Таксама мы плануем запусціць на базе кінастудыі выпуск серыяльнай вытворчасці», — заявіў генеральны дырэктар.

семенов.jpg

«Прагныя да працы спецыялісты ёсць, але мала сцэнарыяў»

Рэжысёр Кірыл Халецкі на нарадзе дакладваў аб станаўленні маладых рэжысёраў ва ўмовах Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Па яго словах, гэта набалелае пытанне. Кірыл Халецкі сам нядаўна скончыў Акадэмію мастацтваў і на сваім прыкладзе расказаў, што ВНУ дае найперш тэарэтычныя веды. «Лагічным працягам дзейнасці выпускнікоў бачыцца знаходжанне на кінастудыі, якая вырабляе кіно, у якасці творчай адзінкі. Але, на жаль, на дадзены момант вельмі мала праектаў, дзе яны могуць сябе праявіць. Праз два гады адпрацоўкі малады спецыяліст сябе так і не праяўляе», — расказаў рэжысёр. Кірыл Халецкі падкрэсліў, што маладыя і прагныя да працы спецыялісты ёсць, яны вельмі хочуць здымаць кіно.

Халецкий.jpg

«Наша кіно — яно вельмі маладое, жыццярадаснае, шчырае, сумленнае, добрае. Над ім працуе маладая каманда. Мы натхняемся сусветнымі стандартамі, мы не адстаём ад сучаснага кіно, мы расцём, гэта літаральна новае дыханне беларускага кіно», — сказаў Кірыл Халецкі. Па яго словах, цяпер ёсць праблема са сцэнарыстамі, і, як вынік, цяпер так мала добрых сцэнарыяў. Таму ёсць прапанова стварыць партфель сцэнарыяў, якія будуць разглядацца і планавацца да выхаду фільмаў на некалькі гадоў наперад. Рэжысёр падкрэсліў, што сустрэча з кіраўніком дзяржавы для яго лёсавызначальная, таму што ўплыў і падтрымка з боку Прэзідэнта мае вельмі вялікае значэнне.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю