Top.Mail.Ru

Прэзідэнт правёў сустрэчу з паслом Сербіі

Працоўны тыдзень кіраўніка дзяржавы пачаўся з міжнароднай тэматыкі. Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Ілінай Вукайлавіч. У Палацы Незалежнасці абмяркоўваліся пытанні развіцця двухбаковых адносін, эканамічнага супрацоўніцтва, ішла размова аб новых пунктах росту ў партнёрстве Мінска і Бялграда. Акрамя таго, Прэзідэнт падрабязна цікавіўся абстаноўкай, якая складваецца ў дружалюбнай нам Сербіі. 


«Гэта вельмі добрая, цёплая, блізкая Беларусі краіна»

«Ёсць такая практыка — сустракацца з пасламі блізкіх і дружалюбных нам краін, — адзначыў на пачатку сустрэчы Аляксандр Лукашэнка. — Вы разумееце, што Сербія не з’яўляецца выключэннем у гэтым плане. Гэта вельмі добрая, цёплая, блізкая Беларусі краіна. Мы заўсёды з найвялікшай павагай адносіліся і будзем адносіцца да вашай радзімы, да вашай краіны».

Беларусі, па словах кіраўніка дзяржавы, неабыякава, якія працэсы адбываюцца ў Сербіі, як складваецца абстаноўка ў гэтай краіне. «У каго як не ў вас можна атрымаць такую інфармацыю, — удакладніў Прэзідэнт. — Адкрытую, сяброўскую інфармацыю, нічога не хаваючы».

Пры гэтым, як удакладніў Аляксандр Лукашэнка, сказаць, што беларускі бок не валодае сітуацыяй, абстаноўкай, якая ў цяперашні момант складваецца ў Сербіі, было б няправільна. «Мы назіраем, валодаем (наколькі гэта магчыма на адлегласці) абстаноўкай, — адзначыў ён. — Пасольства інфармуе нас. Але тым не менш, вы ведаеце больш і можаце акцэнтаваць нашу ўвагу на пэўных праблемах, якія, можа быць, з Мінска не бачныя».


Беларускі лідар назваў сітуацыю, якая складваецца ў дружалюбнай нам краіне, няпростай. «Мы ведаем, што ў Сербіі яна заўсёды была няпростай, — канстатаваў Прэзідэнт. — Сербія заўсёды была такім раздражняльнікам для заходніх дзяржаў. Аб гэтым ваш Прэзідэнт часта гаворыць. Мы разумеем, што вам няпроста: вы не маеце граніцы ні з намі, ні з Расійскай Федэрацыяй — сваімі дружалюбнымі дзяржавамі, якія ў любую хвіліну гатовы прыйсці вам на дапамогу і аказаць вам фінансавую, матэрыяльную, эканамічную падтрымку». 

«Адносіны ў нас складваліся і складваюцца добрыя, нягледзячы на пэўныя нюансы»

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што даўно гаварыў сербскаму народу аб тым, што Беларусь з павагай будзе прымаць палітыку гэтай краіны ў адносінах да заходніх дзяржаў, у адносінах да Беларусі, Расіі і гэтак далей. Што, па яго словах, і робіцца ў апошнія гады.

«Былі пэўныя неразуменні (вы аб гэтым добра ведаеце), але мы разлічваем, што ўсялякія неразуменні і ўсялякага роду рухі, якія не зразумелыя ні вам, ні нам, праходзяць, — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. — Час мяняе многае. Асабліва ў апошні час вы бачыце, які турбулентны гэты шалёны свет. Але тым не менш, адносіны ў нас складваліся і складваюцца добрыя, нягледзячы на пэўныя нюансы». 

Прэзідэнт агучыў, што хацеў бы ад пасла пачуць характарыстыку таго, што адбываецца ў Сербіі. «І на чым нам, у Беларусі, варта засяродзіцца», — канкрэтызаваў ён.


Іліна Вукайлавіч найперш выказала ўдзячнасць Аляксандру Лукашэнку за прынцыповую пазіцыю Беларусі, якая датычыцца сербскага тэрытарыяльнага суверэнітэту, за падтрымку ў гэтым сэнсе, якая працягваецца. Дыпламат адзначыла, што Сербія адстойвае сваю прынцыповую, адказную пазіцыю і прытрымліваецца меркавання, што дыялог з’яўляецца адзіным магчымым спосабам вырашэння гэтага найважнейшага і самага адчувальнага нацыянальнага пытання. 

«Таму ўсялякая падтрымка і разуменне ў гэтым сэнсе для нас многае значыць», — падкрэсліла Іліна Вукайлавіч, яшчэ раз падзякаваўшы беларускаму лідару за адносіны і ўвагу да Сербіі. 

Дыпламат заўважыла, што сербскі бок пазітыўна ўспрыняў тое, што Беларусь прыме ўдзел у міжнароднай выстаўцы «ЭКСПА», якая пройдзе ў Бялградзе з 15 мая па 15 жніўня 2027 года. «139 краін і міжнародных арганізацый пацвердзілі ўдзел (у выстаўцы. — „Зв.“), — праінфармавала Іліна Вукайлавіч. — Будзем рады ўбачыць стэнд Рэспублікі Беларусь. Упэўнены, што ён будзе адзін з самых наведвальных».


Даслоўна 

«Адносіны паміж Сербіяй і Беларуссю развіваюцца стабільна»

Як адзначыла ў размове з журналістамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Сербія ў Рэспубліцы Беларусь Іліна ВУКАЙЛАВІЧ, адносіны паміж Сербіяй і Беларуссю развіваюцца стабільна. «Супрацоўніцтва ахоплівае шмат сфер: гэта навука, медыцына, культура, развіццё кантактаў паміж людзьмі», — канкрэтызавала яна. 

Пасол расказала, што падчас сустрэчы выказала ўдзячнасць Аляксандру Лукашэнку за прынцыповую пазіцыю Беларусі, звязаную з падтрымкай Сербіі, яе тэрытарыяльнага суверэнітэту.

Асобныя словы ўдзячнасці дыпламат адрасавала беларускім урачам. «За тое, што яны адносяцца да нашых сербскіх грамадзян, сваіх пацыентаў, не толькі з высокім прафесіяналізмам, а і з вялікім клопатам, павагай», — удакладніла Іліна Вукайлавіч. 

Пасол назвала эфектыўным узаемадзеянне ў медыцынскай сферы, якое ўключае і абмен вопытам, і навуковае суправаджэнне. «У Беларусі надзейна развіваецца не толькі навука, а і ўся сістэма аховы здароўя, — канстатавала яна. — Мы зацікаўлены ў перадавых тэхналогіях, якія існуюць у Беларусі. Напрыклад, як CAR-T-клеткавая тэрапія, якая дапамагае пацыентам з цяжкімі анкалагічнымі захворваннямі».

Дыпламат указала і на зацікаўленасць сербскага боку ў рэгіянальным супрацоўніцтве з Беларуссю. І канкрэтныя крокі ў гэтым напрамку, па яе словах, ужо робяцца. Нядаўна пасол пабывала ў Брэсцкай вобласці, з якой у Сербіі запланавана рэалізацыя канкрэтных узаемавыгадных праектаў. 

«Брэстчына — рэгіён нумар адзін па эфектыўнасці ў Беларусі, — адзначыла пасол. — Нам цікава было паглядзець, як ён развіваецца, як Брэсцкая вобласць паспявае быць нумарам адзін у канкурэнцыі з іншымі рэгіёнамі Беларусі. Там цудоўная сістэма аховы здароўя, эканоміка развіваецца. Вельмі надзейнай сферай з’яўляецца турызм. Плануем шмат праектаў, яшчэ больш будзем супрацоўнічаць з Брэсцкай вобласцю».

Гаворачы ў цэлым аб пашырэнні ўзаемадзеяння паміж краінамі, Іліна Вукайлавіч адзначыла: «Будзем працягваць работу па ўсіх кірунках, будаваць сувязі паміж людзьмі на карысць нашых народаў».

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю