Сёлета такая сустрэча адбылася ў храме Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў аграгарадку Еўдакімавічы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка наведаў богаслужэнне, запаліў велікодную свечку і звярнуўся да прыхаджан.
У 1841 годзе на гэтым месцы была пабудавана драўляная царква Святога прарока Ільі, якая дзейнічала да 1935 года. У 1951 годзе храм разабралі на бярвёны, якія былі выкарыстаны для будаўніцтва школы. У 2017-м на месцы царквы на сродкі шклоўскага мецэната быў пабудаваны храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца. У ліку святыняў храма — каўчэг з часціцамі мошчаў Свяціцеля Мікалая Цудатворца, іконы Свяціцеля Мікалая Цудатворца, прападобных Серафіма Сароўскага і Сергія Раданежскага.
«Хто як хоча — той так і жыве»
Звяртаючыся да прыхаджан, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яму прыемна бачыць добрыя, як заўсёды, усмешлівыя вочы людзей. «Прыемна бываць у такім храме, — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Шчыра гаварыў заўсёды, што гэта любімыя мае храмы, якія проста пабудаваны — без пампезнасці. Асабліва калі яны выкананы ў дрэве».
Прэзідэнт расказаў, што калі задоўга да гэтага свята яму даводзілася вызначацца, у якім храме сустракаць Вялікдзень, кіраўнік дзяржавы без усялікіх сумненняў прыняў рашэнне, што паедзе ў свае Еўдакімавічы, дзе шмат гадоў таму бываў і неаднойчы. Тым больш, практыка ў беларускага лідара такая, што, як правіла, у вялікія святы ён бывае ў вясковых невялікіх храмах.
«Памятаю, што дзесьці тут ферма была, — гаворачы аб Еўдакімавічах, удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Дарогу памятаю — кожны кіламетр. Тым больш, што побач жа працаваў з вамі. Памятаю кіраўніка вашай гаспадаркі Аляксандра Андрэевіча Папкова, з якім яшчэ давялося нямала працаваць у Мінску».
Па словах Прэзідэнта, калі ён бывае ў Шклоўскім раёне, на Магілёўшчыне, асабліва ў сваіх родных мясцінах, заўсёды ўспамінае аб тых цудоўных часах. «Няпростых, гавораць, вельмі цяжка было, — заўважыў ён. — Але заўсёды ў нас было цяжка і будзе цяжка — такое наша жыццё, падараванае нам Госпадам Богам. Каб мы не закасцянелі, каб рухаліся».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што для тых, хто хоча добра жыць, усе магчымасці створаны. «Хто як хоча — той так і жыве, — удакладніў ён. — І так будзе ў нашай Беларусі. Але павінен сказаць, што нам скардзіцца няма на што. Мы жывём, самае галоўнае, у міры і згодзе. Жывём. Без войнаў, без сутыкненняў ужо пасля 2020 года некалькі гадоў. І гэта самае галоўнае дасягненне. Гэта самая галоўная заваёва нашага народа».
Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў беларускіх дзяцей няма нагоды плакаць або перажываць за штосьці. Асабліва каштоўнасць міру на нашай зямлі, па словах кіраўніка дзяржавы, павінен адчуваць настаяцель храма протаіерэй Раман Выгоўскі, які ў свой час прыехаў сюды з Данбаса. «Чалавек перажыў столькі гадоў скітанняў, можна сказаць, па-божаму і знайшоў сваё спакойнае жыццё ў Еўдакімавічах», — канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Той, хто працуе і хоча нармальна жыць, той атрымлівае адпаведнае ад гэтага жыцця»
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз паўтарыў, што вельмі рады ў такое светлае свята сустрэцца са сваімі землякамі, павіншаваць іх з Вялікаднем. «Вялікі вам дзякуй за тое, што вы прыйшлі (некаторыя ўсю ноч правялі ў храме), — заўважыў ён. — Тым не менш, вы бадзёрыя, вы вясёлыя. Яшчэ раз гавару, мне прыемна бачыць вашы ўсмешлівыя і радасныя твары».
Па словах Прэзідэнта, усё, чым багатая краіна, на гэтай зямлі ведаюць. «Усё, чым магу я вам дапамагчы, я заўсёды да вашых паслуг, — удакладніў беларускі лідар. — Але без перабору, вядома. Бо кажуць, Беларусь маленькая. На самой справе яна не такая і маленькая. Вялікая краіна. І ўсюды жывуць вельмі добрыя людзі: ад Гродна да Оршы. І ўсім чымсьці трэба дапамагчы».
Як чалавек вясковы Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дапамагаць неабходна там, дзе трэба. «Як толькі мы пачынаем дапамагаць там, дзе не трэба, людзі становяцца іншымі, — адзначыў Прэзідэнт. — Не хачу ў гэты святочны дзень гаварыць, якімі. Вы цудоўна разумееце. Але той, хто працуе і хоча нармальна жыць, той атрымлівае адпаведнае ад гэтага жыцця».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яго галоўная задача ў гэты святочны дзень — прыехаць у храм, у гэтае святое месца, і выканаць сваё любімае дзеянне — паставіць свечку. «Гэта маё самае любімае, калі прыходжу ў храм, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Таму разам з вамі я гэта зрабіў. І я жадаю вам здароўя. Усё астатняе мы знойдзем. Як я часта гавару, не знойдзем — купім. Не за вялікія грошы. Але здароўе не купіш. І Бог гэта здароўе нам дасць толькі тады, калі мы самі будзем імкнуцца мець гэта нармальнае здароўе, будзем рабіць усё ў імя здароўя».
Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз паівншаваў прыхаджан з Вялікаднем і выказаў удзячнасць, што яны прыйшлі ў храм. «Няхай не толькі за гэта і за ўсю вашу працу ў вас будзе добрае і шчаслівае жыццё, асабліва ў вашых дзетак, — пажадаў беларускі лідар. — Хрыстос Уваскрос!»
У падарунак храму Прэзідэнт перадаў ікону Божай Маці «Уладзімірская». Ікона выраблена майстрамі Свята-Елісавецінскага жаночага манастыра ў Мінску. Уладзімірская ікона Божай Маці — адна з самых ушанаваных святыняў Рускай праваслаўнай царквы. Прасвятая Багародзіца дапамагае знайсці сапраўдны шлях, прыняць правільнае рашэнне, дае сілы пераадолець складаны перыяд у жыцці, умацоўвае веру, абараняе ад варожасці, пазбаўляе ад грахоўных думак і смутку. Божай Маці моляцца аб вылячэнні хвароб і шчаслівым шлюбе.
Настаяцель храма протаіерэй Раман Выгоўскі павіншаваў усіх з вялікім святам Вялікадня і выказаў удзячнасць Прэзідэнту за тое, што кіраўнік дзяржавы ў гэты дзень наведаў царкву. Усім прысутным бацюшка пажадаў моцнага здароўя, даўгадзейства, міру, літасці і дабрыні Божай.
Настаяцель храма падарыў кіраўніку дзяржавы ікону Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Ён расказаў, што ікона напісана матушкай благачыннага Шклоўскага раёна Андрэя Рыбакова. Ікона знаходзілася ў храме з 2017 года, калі ён быў асвечаны. Перад гэтай іконай людзі маліліся, прасілі ў Свяціцеля Мікалая Цудатворца дапамогі.
«Я буду цяпер прасіць за нашых людзей, гледзячы на гэту ікону, каб у іх былі дабро і здароўе», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт яшчэ раз выказаў удзячнасць прыхаджанам за тое, што наведалі храм, пажадаўшы, каб гэты дзень яны правялі ў добрым здароўі і добрым настроі.
«Трэба больш хутка скончыць сяўбу»
У гэты святы дзень падчас наведвання Прэзідэнтам храма гучала і аграрная тэма. Пасля размовы з прыхаджанамі Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся ў старшыні Шклоўскага райвыканкама Сяргея Барташа станам спраў у раёне. Найперш размова ішла аб вясновых палявых работах.
«Пасяўная нядрэнна ідзе, — праінфармаваў старшыня Шклоўскага райвыканкама. — Мы ўжо практычна скончылі. Калі б два-тры дні не было дажджоў, мы б завяршылі».
Па словах кіраўніка дзяржавы, дожджык таксама патрэбны. «Трэба хутчэй скончыць сяўбу, каб нармальна было, — паставіў задачу беларускі лідар, арыентуючы на ўраджайнасць не меншую, як летась. — А калі нешта людзям трэба — скажаш».
Прэзідэнт паставіў задачу будаваць арэнднае жыллё для тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы. «Каб свае людзі працавалі, а не з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікі. Хаця там вельмі працавітыя людзі, — патлумачыў ён. — Калі б мы так працавалі, мы б праблем не мелі б».
Сяргей Барташ перадаў Аляксандру Лукашэнку ліст, напісаны кіраўніком дзяржавы тады, калі ён узначальваў саўгас «Гарадзец», балаціраваўся ў дэпутаты. «Вы пісалі аб тым, што ажыццявілі: захаваць вёскі і населеныя пункты, даць роўныя ўмовы гарадскім і сельскім жыхарам, — канкрэтызаваў старшыня Шклоўскага райвыканкама. — Мы не ведаем, быў ён (ліст. — „Зв.“) надрукаваны ў раённай газеце ці не. Але мы знайшлі яго ў архіве».
Прэзідэнт выказаў удзячнасць за гэты ліст, паабяцаў яго прачытаць. «Наўрад ці ён быў апублікаваны, — выказаў меркаванне беларускі лідар. — У нас былі складаныя адносіны з партыйнымі органамі».
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
Шклоўскі раён