Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка ў свята 9 Мая ў Мінску на цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі нагадаў аб тым, якую страшную цану заплацілі народы Савецкага Саюза і непасрэдна Беларусі за вызваленне Еўропы ад фашызму, паведаміла БелТА.
«Мы святкуем Дзень Вялікай Перамогі, які падарыў нашаму народу жыццё і волю. Святкуем з года ў год, з шэсцямі, салютамі. Са слязамі і горыччу. З таго самага моманту, калі над савецкай краінай раздаўся голас Левітана. Тады дыктар вымавіў слова, якое марыў пачуць кожны: «Перамога!». Яно змяніла свет. Вялікая Айчынная вайна завяршылася. Нашая калісьці вялікая савецкая Радзіма, змучаная, зраненая, вызваліла Еўропу. Усе, у тым ліку заходнія лідары, прызналі вызначальную, галоўную ролю Савецкага Саюза ў разгроме фашызму. Усе, у тым ліку і жыхары заходніх краін, ведалі, які след пакінулі на нашай зямлі гітлераўскія каты», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Савецкім Саюзе ў гады вайны загінулі больш як 30 млн. чалавек. Былі разбураны 2 тыс. гарадоў, знішчаны больш за 70 тыс. сёл і вёсак.
«І мільёны жыццяў, зламаных па волі вар’ята і яго арміі, сабранай з усёй Еўропы, — заўважыў Прэзідэнт. — Крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа дадае да лічбаў нашых страт новыя. Плюс 47 карных аперацый, аб якіх мы не ведалі. Плюс 166 месцаў знішчэння і пахаванняў.

На карце спаленых вёсак ужо 13 тысяч адрасоў, 300 населеных пунктаў падзялілі трагічны лёс Хатыні». Беларусь у той вайне страціла кожнага трэцяга свайго жыхара. «Незаменная для нас страта і страшная цана за тое, каб патухлі печы Асвенцыма і Трэблінкі. Каб больш ніколі з усходу на захад не ішлі эшалоны з рабскай рабочай сілай, багаццямі роднай зямлі.

Тады, у 1945-м, кожны савецкі воін, які прайшоў праз вызваленую Беларусь, ведаў, што ён пойдзе далей, да самага Берліна. Па дарозе свяшчэннай барацьбы дабра са злом», — падкрэсліў беларускі лідар.

Дзень Перамогі — гэта дзень нацыянальнага гонару, сказаў Аляксандр Лукашэнка. «Мы памятаем нашых салдат і афіцэраў, беларускіх партызан і падпольшчыкаў, жанчын, якія ўзялі ў рукі зброю. Усіх, хто не выбіраў паміж шыбеніцай і варожай ласкай, а паміраў героем, але не здраднікам, — сказаў Прэзідэнт. — Схіляем галовы перад маці, якія аддавалі сваіх сыноў і дачок на фронт. Мы і сёння з болем у сэрцы ўспамінаем пра дзяцей вайны, якія пасталелі раптоўна, узялі ў рукі вінтоўку або сталі да станка ў тыле. Ганарымся ўсімі, хто пасля Перамогі паднімаў Беларусь з руін, адбудоўваючы гарады, аднаўляючы народную гаспадарку».

«Сцяг Перамогі сёння ў нашых руках. Перадаючы яго ад пакалення да пакалення, мы б’емся на ўсіх франтах за праўду аб той вайне, за статус пераможцаў, за суверэннае права выбіраць свой шлях на сваёй зямлі. Беларусы, як ніхто, ведаюць, наколькі хутка лозунгі аб «новым парадку» ператвараюцца ў шыбеніцы, лагеры, папялішчы і безназоўныя равы, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І няхай у фашызму зараз іншы твар — глянцаваны, гэта не мяняе сутнасці. Мы бачым гэты твар. Ідэі звышдзяржаўнасці і ўласнай перавагі мацнеюць і наносяць свету новыя раны. Але ўжо побач з нашымі межамі».

«Мы памятаем і шануем вызваліцеляў роднай зямлі. Сёння і будзем памятаць заўсёды. Усе кветкі і вянкі ўскладзены намі і ў памяць аб тых, хто застаўся ляжаць там, на чужыне, аддаўшы сваё жыццё за жыццё народаў Еўропы. Іх трэба вярнуць дадому», — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы ведаем, хто наш праціўнік і вораг. Гэта не народы. У Еўропе жывуць сем’і, якія, як і беларусы, захоўваюць праўдзівыя ўспаміны аб развязанай фашыстамі вайне. Наш вораг — рэваншысты, прамыя і ідэйныя нашчадкі эсэсаўцаў, бандэраўцаў і лясных братоў».
«Тыя, хто непасрэдна цяпер прыбірае астанкі савецкіх салдат з літоўскага Шаўляя і называе подзвіг савецкага народа міфам. Тыя, хто метадычна выкрэслівае перамогу Чырвонай арміі з гісторыі Другой сусветнай вайны і не пускае нас да месцаў пахаванняў дзядоў і прадзедаў. Да помнікаў, якія яшчэ засталіся цэлыя», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

«Нам, спадчыннікам пераможцаў, нельга забыцца, хто мы, калі хочам жыць у міры і бяспецы. Калі мы не хочам вайны», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Наш абавязак — захаваць праўду аб той вайне, расказваць усё, нават тое, пра што цяжка часам гаварыць, — прадоўжыў кіраўнік дзяржавы. — Мы павінны навучыць сваю моладзь бачыць твар фашызму пад маскай добрых намераў. Гэта тое, што мы абавязаны зрабіць для іх мірнай будучыні і роднай зямлі».