Top.Mail.Ru

Напярэдадні свята Перамогі Прэзідэнт уручыў дзяржаўныя ўзнагароды

«Такую Беларусь мы павінны захаваць і зрабіць яе яшчэ лепшай і прыгажэйшай» 


Ордэнаў, медалёў, ганаровых званняў і Падзякі Прэзідэнта ўдастоены 58 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці. Адпаведны ўказ беларускі лідар падпісаў 4 мая. Дзяржаўныя ўзнагароды прысуджаны за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, смеласць і рашучасць, праяўленыя пры ратаванні людзей падчас пажару, заслугі ў воінскай службе, ахове Дзяржаўнай граніцы, барацьбе са злачыннасцю, за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне міждзяржаўнага парламенцкага супрацоўніцтва, бюджэтна-фінансавай палітыкі, прадухіленне і ліквідацыю надзвычайных сітуацый, арганізацыю мытнай службы, развіццё прамысловасці, будаўнічай сферы, аграпрамысловага і паліўна-энергетычнага комплексаў, сістэмы стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, дасягненні ў сферах гандлю, сацыяльнай абароны, геадэзіі, аховы здароўя, навукі, адукацыі і культуры. 


«Ад гонару гэтага мы ніколі не павінны адмовіцца» 

«Напярэдадні вялікага, свяшчэннага свята — Дня Перамогі — мы сабраліся ў гэтай зале Палаца Незалежнасці, каб уручыць узнагароды нашым, як у нас гавораць, найлепшым людзям — а фактычна героям у гэтым жыцці, — звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Гэта традыцыя. Знакавая традыцыя. Яшчэ адна жывая ніць памяці, якая звязвае часы і пакаленні, вяртае кожнага з нас у далёкі май 45-га».

Прэзідэнт нагадаў, што Беларусь, якая страціла ў горне Вялікай Айчыннай кожнага трэцяга, разбураная, спаленая, але не скораная, разам з іншымі народамі Савецкага Саюза выратавала планету ад карычневай чумы. «Гэта найвялікшая заслуга, гонар беларускага народа, усяго савецкага народа, — падкрэсліў ён. — Ад гонару гэтага, ад нашай заслугі мы ніколі не павінны адмовіцца». 


У тыя вясновыя дні, па словах кіраўніка дзяржавы, вызваленая рэспубліка адраджалася з попелу. «Людзі самааддана працавалі, паднімаючы з руін завадскія цэхі і гарады, — канкрэтызаваў беларускі лідар. — З букетамі палявых кветак сустракалі цягнікі Перамогі. А 9 мая на плошчу Леніна выйшла практычна ўсё насельніцтва горада Мінска, якое яшчэ засталося тады».

Пасля святочнага мітынгу, як нагадаў Прэзідэнт, было вырашана ўвекавечыць гэты самы шчаслівы і доўгачаканы дзень. «І ўжо да вечара ў сталіцы былі высаджаны тысячы дрэў, з’явілася Алея Перамогі, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Ініцыятыву горача падтрымалі. Паркі, сады і алеі Перамогі, Герояў-пераможцаў, Партызанскай Славы сёння ёсць практычна ў кожным беларускім горадзе або пасёлку. Бо дрэва сімвалізуе жыццё, а мірная стваральная праца — упэўненасць у будучыні».

«Калі спатрэбіцца, мы гатовы абараняць Радзіму» 

Гэтак жа, як і тыя, хто набліжаў Перамогу, а таксама аднаўляў разбураную пасля вайны краіну, па словах кіраўніка дзяржавы, сучасныя пакаленні беларусаў праслаўляюць Радзіму найперш чынам сваімі працоўнымі перамогамі. «Але, калі спатрэбіцца, мы гатовы абараняць яе, не шкадуючы свайго жыцця са зброяй у руках, — акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Як рабілі гэта яны». 

Прэзідэнт заўважыў, што сярод прысутных на цырымоніі ўзнагароджання нямала прадстаўнікоў сілавога блока. «Гэта людзі, якія заўсёды на баявым пасту, — канстатаваў ён. — І кожны мірны дзень, кожны мірны год — іх велізарная заслуга».

Словы ўдзячнасці кіраўнік дзяржавы адрасаваў аграрыям. «Вы забяспечваеце не менш важную — харчовую бяспеку, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Менавіта ваша нялёгкая праца вывела Беларусь у лік вядучых краін-экспарцёраў прадуктаў харчавання на сусветных рынках».


Прэзідэнт адзначыў, што выдатна вядомы за межамі краіны айчынныя халадзільнікі «Атлант», васільковыя ліўрэі авіякампаніі «Белавія». Калектывы гэтых прадпрыемстваў, па яго словах, сваёй працай ператварылі іх у нацыянальны брэнд.

«Славіцца наша будаўнічая галіна, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Вы пастаянна змяняеце аблічча беларускіх гарадоў і пасёлкаў у лепшы бок. А тыя, хто працуе ў энергетыцы і гандлі, робяць жыццё людзей з кожным годам больш камфортным і зручным».

Прыродная і рукатворная прыгажосць роднай зямлі, як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, становіцца невычэрпнай крыніцай натхнення для нашых дзеячаў культуры, чый талент дорыць радасць шматлікім прыхільнікам.

«Ёсць у гэтай зале і два сціплыя хлопцы, якія не прывыклі да апладысментаў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — Яны атрымалі ўзнагароду не за прафесійныя дасягненні. Рызыкуючы сабой, выратавалі людзей на пажары. Хаця гэта таксама іх прафесія. Вось гэта прыклад правільнага выхавання, якое пачынаецца з сям’і і школы».

У цэлым любая дзяржава, любая прафесія, любыя дасягненні, як адзначыў Прэзідэнт, пачынаюцца з настаўніка. Па яго словах, гэта той краевугольны камень, на якім стаіць увесь наш свет.

«Я рады, што сёння сярод узнагароджаных больш за ўсё прадстаўнікоў сфер адукацыі і навукі, — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка. — Кожны з іх валодае важкімі асабістымі дасягненнямі і, вядома ж, здолеў выхаваць годных вучняў. Трое з гэтых выбітных людзей на свае вочы бачылі Дзень Перамогі ў 1945 годзе мінулага стагоддзя. І яны да гэтага часу на працоўным пасту».


«Мы вашу Перамогу нікому не аддадзім!»

Напярэдадні Дня Перамогі Прэзідэнт павіншаваў усіх прысутных з заслужанымі дзяржаўнымі ўзнагародамі і надыходзячым святам. «Жадаю, вядома ж, мірнага неба над галавой, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ўсе разам і вы таксама, а, можа, і перш за ўсё, павінны рабіць усё, каб гэта неба над галавой было мірным. Бо гэта неба ўжо належыць не толькі нам, але і нашым дзецям і ўнукам. Калі будзе мір — будзе хлеб, будуць нараджацца дзеці, будуць будавацца гарады і абавязкова квітнець сады. Мы, беларусы, будзем жыць, любіць і імкнуцца да новых працоўных здзяйсненняў. Не толькі за сябе, але і за тых хлопцаў і дзяўчынак, якія, ахвяраваўшы сабой, падарылі нам гэту Вялікую Перамогу — а значыць, і нашу будучыню».

Кіраўнік дзяржавы пажадаў узнагароджаным шчасця, поспехаў і, самае галоўнае, здароўя. «Асабліва нашым ветэранам, — удакладніў ён. — Вы нам вельмі патрэбныя. Не таму, што вы тут. А таму, што без вас будзе нам вельмі складана. Як бы там ні было, а чалавечая памяць такая... І чалавек такі, што з часам страчвае гэту памяць. Яна сыходзіць. Становіцца не такой вострай. А мы сёння, захаваўшы праўду аб той Вялікай Перамозе, зрабілі гэта перш за ўсё дзякуючы вам — тым, хто перажыў цяжкія часы, хто расказаў нам і нашай моладзі аб тым, як гэта было. Вось простая матэматыка, чаму вы нам сёння вельмі-вельмі патрэбны. І не толькі нам».


Звяртаючыся да ўсіх беларусаў, да старэйшых таварышаў, Прэзідэнт падкрэсліў: «Мы вашу Перамогу нікому не аддадзім! Мы заўсёды будзем вернымі тым традыцыям, якія вы стварылі, і выхавалі нас у гэтых традыцыях. Дзякуй вам за гэта!» 

Пасля завяршэння цырымоніі ўзнагароджання, Аляксандр Лукашэнка выказаў удзячнасць прысутным за прыемную місію — уручыць узнагароды. «Хоць гэта і канстытуцыйны мой абавязак, усё роўна прыемна сустракацца з найлепшымі людзьмі нашай краіны, якія зрабілі нямала для таго, каб наша Беларусь была такой светлай, добрай і прыгожай, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Такую Беларусь мы павінны захаваць і зрабіць яе яшчэ лепшай і прыгажэйшай. У гэтым наша прызначэнне. З надыходзячым вас святам! Жывіце доўга. Дзякуй вам!» 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА



Даслоўна

«Самае галоўнае — гэта адказнасць за даручаную справу»

Старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва імя Дзеньшчыкова Гродзенскага раёна Васіль СВІРЫД узнагароджаны ордэнам Айчыны ІІ ступені. Гэта ўжо трэцяя высокая ўзнагарода, уручаная яму кіраўніком дзяржавы. 

Вынікі, з якімі працуе адна з перадавых гаспадарак не толькі на Гродзеншчыне, а і ў цэлым у краіне, добрыя як у раслінаводстве, так і ў жывёлагадоўлі. «Па малаку мы ўвогуле трэція ў рэспубліцы, — расказвае аб поспехах Васіль Свірыд. — Па мясу свініны таксама добрыя прывагі. Што датычыцца раслінаводства, сам Бог загадаў — атрымліваем за 90 цэнтнераў з гектараў. Поўнасцю забяспечаны кармамі».

Па словах кіраўніка сельгаспрадпрыемства, дасягаць такіх поспехаў найперш дазваляе забяспечанасць кадрамі. Другім немалаважным фактарам дырэктар называе дысцыпліну. «Ёсць дысцыпліна — ёсць і вынік», — адзначае ён. 

Васіль Свірыд кіруе СВК з 1980 года. Нягледзячы на ўкараненне сучасных тэхналогій у сельскую гаспадарку, прызнаецца, што лягчэй працаваць не стала. «Патрабуецца прыкласці шмат намаганняў, каб атрымаць добры вынік, — тлумачыць ён і расказвае пра свой прынцып у рабоце з падначаленымі: — Трэба спалучаць і строгасць, і дабрыню. Добрым можна быць у дачыненні да тых, у каго ўсё атрымліваецца, хто адказна ставіцца да сваіх абавязкаў. А калі не атрымліваецца — ідзі і працуй».

Кіраўнік СВК расказаў, што не трэба баяцца цяжкасцяў. У якасці прыкладу прывёў адну са стратных гаспадарак суседняга раёна, якая далучылася да СВК у 2021 года. Цяпер гэта паспяховае сельгаспрадпрыемства, адзін з лідараў у вобласці. «Калі да ўсяго падыходзіць з розумам, то на любых землях можна атрымаць добры ўраджай, дасягнуць высокіх паказчыкаў у жывёлагадоўлі», — лічыць Васіль Свірыд.

Ваеннаслужачы 153-й асобнай радыётэхнічнай брыгады Узброеных Сіл, старшы сяржант Раман ЛЯВОНАЎ атрымаў з рук кіраўніка дзяржавы медаль «За выратаванае жыццё». Малады чалавек выратаваў з агню траіх чалавек. Прызнаецца, што страшна не было. Асэнсоўваць гэты ўчынак даводзілася ўжо потым — тады і стала страшна, чым усё магло скончыцца. 

«Самі ногі панеслі да месца трагедыі, — узгадвае тыя падзеі Раман Лявонаў. — Гарэла хата суседзяў, ім патрэбна было дапамагчы». 

Свой учынак малады чалавек не лічыць подзвігам. Па яго словах, так бы на яго месцы паступіў кожны. 

Ганаровым званнем «Заслужаны мытнік Рэспублікі Беларусь» адзначаны заслугі начальніка мытнага паста «Ашмянскі» Гродзенскай рэгіянальнай мытні Леанарды ЛОКЦЕВАЙ. Па словах жанчыны, гэта не толькі яе асабістая заслуга. За ганаровым званнем, як яна ўдакладніла, — праца вялікага калектыву. 

«Адчуваю гонар не толькі за сябе, а і за ўсіх супрацоўнікаў мытных органаў, — гаворыць Леанарда Локцева. — Вялікі дзякуй Дзяржаўнаму мытнаму камітэту і кіраўніцтву Гродзенскай рэгіянальнай мытні, што паверылі ў мяне, далі магчымасць служыць і праявіць сябе з найлепшага боку».

Службовы стаж у мытных органах у Леанарды Локцевай — 32 гады. Пачынала з інспектарскай пасады, цяпер яна кіраўнік. Гаворыць, некаторых гэта здзіўляе. «Калегі, у сваю чаргу, адносяцца да мяне не як да жанчыны, а як да свайго кіраўніка, — удакладняе яна. — Паблажак не даюць. Выконваю свае абавязкі нароўні з усімі. Дома я — любячая жонка і добрая маці, а на службе — прынцыповы кіраўнік». 

У Заслужанага мытніка Рэспублікі Беларусь — свае падыходы да службовай дзейнасці. «Самае галоўнае — гэта адказнасць, адказнасць за даручаную справу, — гаворыць яна. — Абавязкова павінна быць дысцыплінаванасць, самааддача. Не трэба лічыцца са сваім асабістым часам. Важна заслужыць павагу ў калектыву, з якім працуеш». 

Ганаровага звання «Народны настаўнік Беларусі» ўдастоены настаўнік матэматыкі сярэдняй школы імя Я. Купалы № 19 г. Мінска Аляксандр ФЕЛЬДМАН. Яго педагагічны стаж — 65 гадоў. Дагэтуль Аляксандр Маркавіч дзеліцца сваім бясцэнным вопытам са школьнікам, выхоўваючы ў іх будучых студэнтаў самых прэстыжных ВНУ краіны.

«Я заўсёды шмат працаваў, — дзеліцца сваім педагагічным сакрэтам Народны настаўнік Беларусі. — Асабліва ў першыя гады сваёй настаўніцкай работы. Вельмі скрупулёзна рыхтаваўся да ўрокаў, праглядаў шмат літаратуры. Заўсёды імкнуўся працаваць добра. Працаваць дрэнна — нескладана. Складана — рабіць гэта добра».

Гаворачы аб змене пакаленняў і падыходах да працы з кожным з іх, Аляксандр Фельдман адзначае, што для яго дзеці аднолькавыя ва ўсе часы. «Усе дзеці добрыя, ва ўсіх ёсць пэўныя кампетэнцыі, жаданне добра вучыцца, паспяхова скончыць школу і паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову, — расказвае ён. — Школа павінна рыхтаваць выпускніка так, каб ён мог выбраць любы кірунак. Мы не рыхтуем ні пісьменнікаў, ні фізікаў, ні хімікаў. Мы даём агульную падрыхтоўку, якая павінна садзейнічаць выбару прафесійнага шляху. Мая мэта — рыхтаваць добрых студэнтаў. Многія мае выпускнікі становяцца ўрачамі, настаўнікамі, вучонымі, фізікамі, матэматыкамі».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю