Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Гэта наша школа, трэба гэту школу развіваць»

Субота ў графіку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі была рабочай. Кіраўнік дзяржавы працаваў у Гродзенскай вобласці, а дакладней, у Ваўкавыску на ААТ «Беллакт». Па традыцыі рэгіянальных камандзіровак, беларускі лідар глядзіць шырэй — на развіццё ўсяго рэгіёна.


У чым трэба падцягнуцца Гродзенскай вобласці

Так было і гэтым разам — кіраўнік дзяржавы з верталёта агледзеў сітуацыю на палях Гродзеншчыны. Першае пытанне да старшыні аблвыканкама Юрыя Караева было адпаведным — што пасеяна, як праводзіцца рэкультывацыя. Юрый Караеў далажыў, што пасеялі ўсё, недзе прыйшлося і перасейваць. Аляксандр Лукашэнка застаўся незадаволеным сітуацыяй на палях у раёне. «Я табе скажу: думаў, што ў Ваўкавыскім раёне значна лепш...» — заўважыў ён. Але кіраўнік вобласці запэўніў, што лепш будзе. 

  • Прэзідэнту таксама далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці Гродзенскай вобласці. Валавы рэгіянальны прадукт у рэгіёне вышэйшы за леташнія паказчыкі, але ўсё роўна не дацягвае да запланаваных. Юрый Караеў растлумачыў, што сельская гаспадарка, будаўніцтва і гандаль дадаюць, ёсць некаторыя праблемы з прамысловасцю. Разам з тым, намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата ў вобласці, інвестыцыі ў асноўны капітал растуць апераджальнымі тэмпамі. 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на сітуацыю ў паўночных раёнах Гродзенскай вобласці, якія «трэба падцягваць». Абмеркавалі і рэалізацыю праграмы «Адзін раён — адзін праект». У рэгіёне зараз рэалізуецца 25 праектаў у рамках праграмы. Яшчэ адно актуальнае для ўсіх рэгіёнаў пытанне — сельгастэхніка, сельгасхімія і райснабы. «Вы імі займаецеся? У кожным раёне яны адноўлены? Вы бачылі, што трэба зрабіць, ведаеце, як трэба аднаўляць? Трэба, каб мы дакладна разумелі, што мы там будзем рабіць», — адзначыў Прэзідэнт, зрабіўшы акцэнт на тым, што ў гэтым накірунку яшчэ шмат работы. 

255966-05.jpg

Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі аб сітуацыі ў Ваўкавыскім раёне. 

Адна з асноўных праблем раёна — зніжэнне вытворчасці ялавічыны і свініны. Прычыны гэтых праблем вядомыя, і яны вырашаюцца, спосабы вырашэння таксама вядомыя. Напрыклад, у раёне не хапае пагалоўя буйной рагатай жывёлы для вытворчасці ялавічыны. Варта адзначыць, што падзеж жывёлы тут знізіўся. Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да віцэ-прэм’ера Юрыя Шулейкі, які курыруе сельскую гаспадарку, і нагадаў, што трэба сачыць за тым, каб жывёлу з няўдалых гаспадарак, дзе яе не могуць утрымліваць, перадавалі ў нармальныя гаспадаркі. Можна нават не аддаваць, а прадаваць. «Барані бог, я вам зраблю заўвагу, што ў вас дзесьці падзеж, а, як у яго, ёсць вольныя месцы для адкорму. Ужо я вам галовы паздымаю дакладна! — папярэдзіў Прэзідэнт. — За жывёлу адкажаце. Забралі — і адвезлі ў добрую гаспадарку, хай адкормліваюць. Там, напэўна, наогул не будзе падзяжу». Перад губернатарам пастаўлена задача — увесці армейскі парадак на свінакомплексах, каб там стопрацэнтна выконвалася тэхналагічная дысцыпліна. 

Кіраўнік дзяржавы асобна пацікавіўся, як ў рэгіёне складваецца справа з бульбай. Па даручэнні Прэзідэнта кантралюючыя органы аператыўна вывучылі сітуацыю на месцах — праблем выяўлена не было. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю, упаўнаважаны Прэзідэнта па Гродзенскай вобласці Васіль Герасімаў падкрэсліў, што рэгіён свае абавязацельствы па стабілізацыйных фондах у мінулым годзе выканаў. Дзякуючы гэтаму насельніцтва не адчула дэфіцыту бульбы, яна нават пастаўлялася ў гандлёвыя сеткі, у якіх узніклі такія праблемы. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прыняць адпаведныя меры, каб у будучым годзе не было такіх праблем. «Колькі трэба — у рэзерв, у сябе трымаеце, але каб хапала. Я разумею, вядома, у Расіі ў 2-3 разы даражэйшая была бульба. 

255966-06.jpg

Хтосьці ж хоча зарабіць -сяляне вывозілі, фермеры вывозілі. З аднаго боку. Ну, а з другога боку, нейкі там дзесьці выявілі сабатаж», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама заўважыў, што вялікіх праблем з бульбай не назіраецца, тым больш ужо з’явіўся ўраджай гэтага года. 

Ці можам паглыбіцца?

Даклад аб рабоце ААТ «Беллакт» Прэзідэнт заслухаў непасрэдна ў цэхах прадпрыемства. ААТ «Беллакт» — адзінае прадпрыемства ў Беларусі па вытворчасці сухіх малочных сумесяў і каш для харчавання дзяцей з першых дзён жыцця, да года і далей. З 2014 года прадпрыемства вырабляе вадкае і пастападобнае дзіцячае харчаванне. З лістапада 2018 года асвоены выпуск сухіх каш для харчавання дзяцей ранняга ўзросту на казіным малаку. Таксама ААТ «Беллакт» вырабляе сухое цэльнае і абястлушчанае малако, сухую сыроватку, масла, шырокі асартымент натуральнамалочнай і дэсертнай прадукцыі. Асартымент прадукцыі налічвае больш за 200 найменняў. Магутнасць па перапрацоўцы малака складае 865 тон у суткі. За студзень — красавік 2025 года загрузка вытворчасці склала 95,5%. За студзень-красавік 2025 года на вытворчых пляцоўках прадпрыемства выраблена прадукцыі ў фактычных цэнах на 204,3 мільёна рублёў, гэта амаль на 12% больш, чым у аналагічным перыядзе за 2024 год. Сваю прадукцыю прадпрыемства экспартуе ў 19 краін. 

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з вытворчай базай прадпрыемства, наведаў участак расфасоўкі дзіцячага харчавання і азнаёміўся з асартыментам прадукцыі. У бліжэйшы час на заводзе запрацуе новая лінія разліву малочнай прадукцыі ў ПЭТ-бутэлькі, што дазволіць максімальна пашырыць асартымент. Гэта новы цэх, дзе будуць перапрацоўваць 100 т малака за суткі. 

Дарэчы, візіт Прэзідэнта дзейнасць прадпрыемства не спыніў — работа тут кіпіць і па выхадных. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, чаму па краіне не ствараецца больш такіх прадпрыемстваў па вытворчасці дзіцячага харчавання, калі гэта прадукцыя карыстаецца попытам не толькі на ўнутраным, але на знешнім рынках. Па тэхніцы гэта рэальна, але ёсць праблемы са спецыялістамі — іх вельмі мала, гэта ўнікальныя людзі. І далёка не ўсе спецыялісты з малочнаперапрацоўчай галіны могуць вырабляць дзіцячае харчаванне. «Гэта наша школа, трэба гэту школу развіваць», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Тым больш, сыравіны ў краіне хапае. Дарэчы, сыравінная зона «Беллакта» прадстаўлена чатырма раёнамі Гродзенскай вобласці і складаецца з 24 сельскагаспадарчых арганізацый. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што трэба імкнуцца да таго, каб выкарыстоўваць сыравіну поўнасцю з Гродзенскай вобласці і не залежаць ад іншых рэгіёнаў. 

255966-12.jpg

Яшчэ адзін важны аспект, які тычыцца дзіцячага харчавання — рэкамендацыі дактароў. Як правіла, маці выбіраюць для дзяцей тое харчаванне, якое рэкамендуюць медыкі. «Вазьміце з гродзенскімі дактарамі стварыце групу, на ўсю краіну сертыфікуйце, каб больш ніхто нічога не рэкамендаваў і не ўмешваўся. То бок суб’ектыўны фактар прыбярыце», — параіў кіраўнік дзяржавы. Па яго словах, прадпрыемству трэба вырашыць гэта пытанне з медыкамі з дзяржаўных пазіцый.

«Любая краіна павінна накарміць сваіх людзей. Дзяцей тым больш» 

Зараз на прадпрыемстве плануюць пабудаваць дадатковую вытворчасць сухога дзіцячага харчавання. Планы своечасовыя — прадукцыя шырока запатрабаваная не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Пабудаваць новы цэх плануецца за кошт розных крыніц. Амаль палова — крэдыт Банка развіцця Беларусі. Астатняя частка — сродкі рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду, сродкі інавацыйнага фонду Гродзенскага аблвыканкама і 13% — уласныя сродкі прадпрыемства. Рэалізацыя праекта дасць магчымасць дадаткова перапрацаваць 61 тысячу тон малака ў год, павялічыўшы да 15 тысяч тон (рост у 2 разы) вытворчасць сухіх дзіцячых сумесяў, якія адпавядаюць патрабаванням сусветных стандартаў, і пашырыўшы геаграфію экспарту ў краіны Азіі, Афрыкі, Лацінскай Амерыкі.

Аляксандр Лукашэнка пагадзіўся, што планы добрыя, новы цэх патрэбны, паколькі дзіцячае харчаванне будзе патрэбна ўсюды. У прыклад ён прывёў краіны Афрыкі, дзе зараз вельмі запатрабавана дзіцячае харчаванне беларускай вытворчасці. Наконт крэдытаў Прэзідэнт папярэдзіў, што галоўная ўмова — вяртанне сродкаў, незалежна ад таго, дзе ўзяты крэдыт. «Калі ёсць сыравіна, ёсць рынак збыту і ён маржынальны, усё, што пазычыш, — вернеш. Будзем не проста размову па гэтай тэме весці, будзем праект падтрымліваць. Мы гэта ўмеем рабіць. І гэта сёння прадаецца. Хочаш — не хочаш, любая краіна павінна накарміць сваіх людзей. Дзяцей тым больш. Будзе збыт. Мы ўмеем гэта рабіць — давайце рабіць», — адзначыў Прэзідэнт. Ён даручыў не зацягваючы, без прамаруджвання рыхтаваць эканамічнае абгрунтаванне праекта. «Калі трэба, будзем будаваць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнту прадэманстравалі прадукцыю малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў Гродзенскай вобласці, сярод якіх «Беллакт», ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», ААТ «Малочны Мір». За стварэнне дзіцячай малочнай прадукцыі і асартымент прадукцыі «Беллакта» адказвае галоўны тэхнолаг Таццяна Новікава, якая ўжо 40 гадоў працуе на прадпрыемстве. Яна прадставіла кіраўніку дзяржавы самыя яркія віды прадукцыі. «Наш гонар — гэта дзіцячае пастападобнае харчаванне. У ім практычна няма цукру. І мы сваіх дзяцей ужо тры гады прывучаем да несалодкіх прадуктаў. Ёсць лінейка дашкольнага і школьнага харчавання, гэтая ніша цяпер пустая ў нашай краіне. Мы зрабілі замену „смачным “ дэсертам», — расказала яна.

На памяць аб наведванні прадпрыемства кіраўніку дзяржавы падарылі скульптуру жанчыны, якая корміць дзіця. Такая скульптура ўстаноўлена перад цэнтральным уваходам на «Беллакт». «Не было б жанчын, не было б і жыцця на зямлі», — заўважыў Прэзідэнт. Ён распарадзіўся размясціць гэту скульптуру ў Палацы Незалежнасці. 

«Не дазваляйце здзекавацца»

На развітанне кіраўнік дзяржавы падняў яшчэ адно пытанне, хоць і не па тэме мерапрыемства, але надзённае. Ён ўзгадаў нядаўні факт здзекаў з сабакі ў Гродна. Юрый Караеў расказаў, што міліцыя знайшла злачынцу. Аляксандр Лукашэнка даручыў забраць сабаку і ўладкаваць у добрыя рукі. Ён нагадаў, што некалі сам такім жа чынам выратаваў жывёлу і падарыў шчанюка трэнеру хакейнай каманды Дзмітрыю Баскаву. Зараз сабака — паўнавартасны член сям’і. «Не дазваляйце здзекавацца. Самыя безабаронныя — гэта жывёлы, таму што яны ад нас абараніцца не могуць. Мы можам. Яны не могуць. Таму іх трэба берагчы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. 

255966-16.jpg

Попыт на дзіцячае харчаванне быў, ёсць і будзе

Як распавёў журналістам генеральны дырэктар ААТ «Беллакт» Віталь Лупік, новая вытворчасць дазволіць пашырыць геаграфію экспарту на 15 краін. Цяперашнія магутнасці не дазваляюць павялічваць аб’ём перапрацоўкі. «Мы на працягу апошняга года думалі над тым, як перапрацоўваць малако ў найбліжэйшыя гады, як перапрацоўваць яго і прадаваць максімальна маржынальна. Наша спецыфіка — гэта дзіцячае харчаванне. Адпаведна, мы плануем будаваць завод, які будзе выпрацоўваць дзіцячае харчаванне ў два разы больш», — распавёў Віталь Лупік. Плануецца, што з уводам новай вытворчасці магутнасці прадпрыемства вырастуць у два разы: з 7 да 15 тысяч тон дзіцячага харчавання ў год. «Патрэба ёсць. На дзіцячае харчаванне попыт быў, ёсць і будзе», — рэзюмаваў Віталь Лупік. 

«Кіраўнік дзяржавы, наведваючы перспектыўны аб’ект, думае стратэгічна за ўсю краіну, за ўсю галіну. І таму ён звярнуў увагу, што наведвае аб’ект, на якім вырабляецца высокамаржынальная прадукцыя, якая прадаецца з вельмі высокай рэнтабельнасцю. Шмат сырных заводаў, шмат маслазаводаў, а па дзіцячым харчаванні ў нас такі адзін. Яго глыбокая мадэрнізацыя тактычнага ўзроўню, якую правялі сёлета, дазволіць пранікнуць у некалькі краін свету. А гэта ўсяго толькі новая ўпакоўка», — звярнуў увагу старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў. Ён падкрэсліў, што новая вытворчасць будзе пабудавана па стандарце GMP. Гэта Міжнародны стандарт, які ўстанаўлівае патрабаванні да вытворчасці і кантролю якасці на розных прадпрыемствах. Юрый Караеў адзначыў, што гэта дазволіць вырашыць пытанне празмернасці аб’ёмаў малака і дасць магчымасць прадпрыемству замацавацца ў краінах Лацінскай Амерыкі, Афрыкі і Азіі. «Кіраўнік дзяржавы бачыць, што за гэтым будучыня і што гэта рабіць трэба было яшчэ ўчора. — падкрэсліў губернатар. — І па структуры фінансавання. Прэзідэнт звярнуў увагу, што гэта ўсё дзяржаўныя грошы, з якіх бы крыніц яны ні былі. Іх усё трэба будзе адпрацоўваць і аддаваць».

Інвестпраекты развіваюць раёны

Журналісты пацікавіліся, якую аддачу адчувае Гродзенская вобласць ад рэалізацыі 25 інвестыцыйных праектаў у рамках праграмы «Адзін раён — адзін праект» і як наогул увасабляецца ў жыццё гэтая праграма. «Дзесьці добра. Для невялікага раёна 123 працоўныя месцы — гэта мы ўжо нават упёрліся ў іншую крайнасць: а дзе ўзяць працоўныя рэсурсы? Напрыклад, у тую ж Свіслач ездзяць з Ваўкавыска людзі», — распавёў Юрый Караеў. Ён звярнуў увагу, што з ростам заработнай платы развіваецца і сфера паслуг, якая гэтак жа дае новыя працоўныя месцы. Губернатар прывёў прыклад: «У Іўеўскім раёне ў вёсках зрабілі невялікія швейныя вытворчасці. Жанчыны, якія сядзелі дома (гэта былі не даяркі, не спецыялісты сельскай гаспадаркі, а менавіта хатнія гаспадыні), прыйшлі швачкамі на гэтае прадпрыемства. Яны атрымліваюць не вельмі вялікія грошы, але яны ўжо пры справе, і гэта лепш, чым калі б яны сядзелі дома». Па словах старшыні аблвыканкама, праекты розныя. У асноўным, гэта прыватнікі, вынаходлівыя, гнуткія, фанатычныя, якія хочуць зарабіць. «Нам добра: няхай яны гэтыя працоўныя месцы арганізуюць. Нашы людзі будуць атрымліваць грошы, плаціць падаткі, насіць гэтыя грошы ў крамы » - заўважыў ён. 

Юрый Караеў падкрэсліў, што не ўсе праекты выстрэльваюць. «Тут галоўны — старшыня райвыканкама, які стварае мікраінвестыцыйны клімат. Калі да яго прыходзіць які-небудзь інвестар і думае: „Вось ён мяне будзе падтрымліваць. Вось ён мяне абароніць ад нейкіх непаразуменняў“. Вядома, не ад праваахоўных органаў — усе павінны працаваць сумленна і празрыста. Гэта значыць, інвестарам вельмі важна, каб раённая ўлада да іх ставілася лаяльна і паказвала сваю зацікаўленасць. Бо грамадзяне працуюць тут, засталіся сем’і тут, дзеці ходзяць у школу тут і звязваюць сваё жыццё са сваёй малой радзімай», — падсумаваў Юрый Караеў.

Валерыя СЦЯЦКО

Ваўкавыск

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю