Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэнняў па перабазіраванні Мінскага аэраклуба ДТСААФ, падрыхтоўцы пілотаў грамадзянскай авіяцыі, дзейнасці таварыства ў інтарэсах вырашэння дзяржаўных задач. Пры наведванні павільёна «Космас», які знаходзіцца на тэрыторыі Мінскага аэраклуба, Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з асабістымі рэчамі знакамітых касманаўтаў, а таксама шматлікімі ўзорамі авіяцыйнай тэхнікі, размешчанымі пад адкрытым небам. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі сучасныя парашутныя сістэмы, тэхніку, якая выкарыстоўваецца ў відах спорту, што развівае ДТСААФ.
«У вас усё для гэтага ёсць»
Прыбыўшы ў Мінскі аэраклуб, найперш Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, што ўяўляе сабой структура Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ). Кіраўніку дзяржавы расказалі, што філіялы ДТСААФ знаходзяцца практычна ў кожным населеным пункце нашай краіны. Арганізацыйна ў склад таварыства ўваходзіць пяць аэраклубаў.
«Адным словам, што было ад Савецкага Саюза, ты і сабраў?» — удакладніў Прэзідэнт у старшыні цэнтральнага савета ДТСААФ Андрэя Некрашэвіча.
Той адказаў, што Беларусь — адзіная краіна на постсавецкай прасторы, якая захавала і развівае аэраклубы ДТСААФ. На базе гэтых аэраклубаў ажыццяўляецца падрыхтоўка лётчыкаў.

«Яны годна рыхтуюць лётчыкаў або ўсё-такі ёсць недахопы?» — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.
Міністр абароны Віктар Хрэнін расказаў, што за перыяд падрыхтоўкі ў аэраклубе ДТСААФ верталётчыкі атрымліваюць 170 гадзін налёту, лётчыкі — 135 гадзін. «Гэта дастатковы ўзровень», — дадаў ён.
Кіраўніку дзяржавы далажылі, што, у адпаведнасці з яго даручэннем, пачынаючы з 2023 года, у аэраклубе ДТСААФ лётную падрыхтоўку цалкам праходзяць і пілоты грамадзянскіх самалётаў.
«Значыць, ДТСААФ нам патрэбны», — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі лідар удакладніў, за чый кошт ДТСААФ ажыццяўляе сваю дзейнасць. Як высветлілася, гэта цалкам самаакупная арганізацыя. Асноўная крыніца даходаў — падрыхтоўка кіроўцаў. Штогод на базе таварыства праходзіць падрыхтоўку больш як 45 тысяч грамадзян. Прэзідэнт, у сваю чаргу, адзначыў, што таксама вучыўся кіраваць аўтамабілем у ДТСААФ. Навучанне лётчыкаў і верталётчыкаў аплачваюць вышэйшыя навучальныя ўстановы, якія іх сюды накіроўваюць.
«Адзінае, аб чым вас папрашу, — трэба ўзмацняць жорсткасць да падрыхтоўкі кіроўцаў, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — У нас хто ўжо толькі не ездзіць сёння на аўтамабілі. Я за тое, каб усе ўмелі кіраваць аўтамабілем: і мужчыны, і жанчыны. Узрост у нас нармальны. Тут мы вызначыліся. Але ўсе на аўтамабілях. Нават я ведаю людзей, якім нельга садзіцца за руль, бо яны баяцца, страх пэўны. Кіроўцам не нарадзіцца трэба, але ад прыроды (пэўныя здольнасці. — „Зв.“) павінны быць. А ў нас гэта не заўсёды».
Прэзідэнту далажылі, што ў цяперашні час працуе адпаведная камісія, якая выпрацуе комплекс мер, што паўплывае на павышэнне бяспекі на дарогах. «Наша роля і ўдзел заключаецца ў тым, каб павысіць якасць навучання. Мы не чакаем указанняў зверху», — адзначыў старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ.
«У вас усё для гэтага ёсць, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, у тым ліку маючы на ўвазе матэрыяльную базу ДТСААФ. — Каб мы годных вадзіцеляў рыхтавалі, каб яны маглі на дарогі выязджаць на аўтамабілі. Як бы яны на мяне сёння ні пакрыўдзіліся, калі пачуюць гэты спіч. Яны будуць мне ўдзячныя, бо жыць жа будуць».
«Ваенная партыя. І больш як палітычная»
Аэраклуб ДТСААФ перабазіраваўся на аэрадром Ліпкі з аэрадрома Баравая ў 2017 годзе пасля будаўніцтва новай вучэбна-матэрыяльнай базы. Ліпкі — гэта аэрадром сумеснага базіравання для дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-ратавальнай установы «Авіяцыя» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Мінскага аэраклуба ДТСААФ.
Прэзідэнт пацікавіўся, ці было рашэнне аб перабазіраванні правільным і наколькі камфортна ДТСААФ і Міністэрству па надзвычайных сітуацыях размяшчацца на адной пляцоўцы. Андрэй Некрашэвіч адзначыў, што з гэтым няма ніякіх праблем. Больш за тое, ратавальнае ведамства дапамагае таварыству вырашаць пытанні ўсебаковага забеспячэння.
«Малайцы, вы перабазіраваліся хутка, прывялі тэрыторыю ў парадак, — даў станоўчую ацэнку Аляксандр Лукашэнка. — Хацеў сказаць „па-ваеннаму“, але нават у Хрэніна (міністра абароны. — „Зв.“) такога няма».

У 2025 годзе на аэрадроме быў пабудаваны спартыўна-патрыятычны цэнтр, у якім ёсць цір, пляцоўка для гульні ў гарадкі, вяровачны гарадок, варкаўт-пляцоўка, комплекс вулічных трэнажораў, пляцоўка для лазертага, страйкбола, пейнтбола і радыёспорту, паласа перашкод і дзіцячыя пляцоўкі. Прадугледжана зона для барбекю. У сукупнасці гэтыя аб’екты за 2025 год наведалі больш як 85 тысяч чалавек.
Андрэй Некрашэвіч далажыў і аб выкананні даручэння кіраўніка дзяржавы па арганізацыі лётнай падрыхтоўкі пілотаў грамадзянскай авіяцыі ў аэраклубе ДТСААФ. Акрамя таго, пасля перабазіравання ўвесь авіяцыйны персанал Мінскага аэраклуба на працягу года прайшоў навучанне на новыя віды тэхнікі. Паэтапна была закуплена сучасная тэхніка: аднаматорны самалёт Viper SD4, двухматорны Tecnam, трэнажор для падрыхтоўкі лётнага складу.
«Такім чынам, у Беларусі створана нацыянальная школа падрыхтоўкі грамадзянскіх пілотаў», — рэзюмаваў старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ.
«У гэтым плане вы малайцы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — У расіян таксама няслаба гэта (развіта. — «Зв.»), але яны нам зайздросцяць і просяць: «Вы нам пілотаў сваіх дайце». Я гавару: «Нам самім патрэбны пілоты, а вучыцца — калі ласка».
Старшыня цэнтральнага савета ДТСААФ расказаў аб усіх кірунках дзейнасці таварыства. Сярод іх — развіццё тэхнічных, авіяцыйных, ваенна-прыкладных відаў спорту і тэхнічнай творчасці моладзі, патрыятычнае выхаванне грамадзян, падрыхтоўка на дагаворнай аснове спецыялістаў па заказе Міністэрства абароны, іншых дзяржаўных органаў, у якіх прадугледжана ваенная служба. Структуры ДТСААФ ёсць у кожным рэгіёне краіны. У наступным годзе таварыства будзе адзначаць 100 гадоў.
«Ваенная партыя. І больш як палітычная», — даў ацэнку кіраўнік дзяржавы.

«Надзейны самалёт быў»
Аляксандр Лукашэнка наведаў унікальны павільён «Космас», які знаходзіцца на тэрыторыі Мінскага аэраклуба. Пра цікавыя факты, звязаныя з гісторыяй касманаўтыкі, беларускаму лідару расказаў начальнік Мінскага аэраклуба імя двойчы Героя Савецкага Саюза С. І. Грыцаўца Мікалай Мачанскі. Кіраўніка дзяржавы зацікавіў апарат касмічнага карабля «Саюз».
Прэзідэнту прадэманстравалі асабістыя рэчы беларускіх касманаўтаў і Юрыя Гагарына, прадстаўленыя ў экспазіцыі. Аб унікальных гістарычных экспанатах расказала пляменніца знакамітага касманаўта Наталля Гагарына. Яна ўдакладніла, што ўсе вядомыя касманаўты прайшлі праз аэраклубы, і Юрый Аляксеевіч — не выключэнне.
Акрамя таго, Прэзідэнт азнаёміўся са шматлікімі ўзорамі авіяцыйнай тэхнікі, размешчанымі пад адкрытым небам.
«У адрозненне ад іншых музеяў свету, нашы экспанаты адкрыты для наведвальнікаў, — заўважыў Андрэй Некрашэвіч. — Любы можа пасядзець за штурвалам».
На пляцоўцы авіяцыйнай тэхнікі — і першы самалёт беларускага лідара. Гэты экспанат таксама адкрыты для наведвання. Прэзідэнту расказалі, што першы прэзідэнцкі самалёт карыстаецца асаблівым попытам у наведвальнікаў.
«Дарэчы, надзейны самалёт быў, — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. — У Сербію (у красавіку 1999 года, у востры перыяд бамбардзіровак Югаславіі. — „Зв“.) я на ім лятаў».
У ходзе агляду авіяцыйнай тэхнікі кіраўнік дзяржавы пагутарыў з курсантамі Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі і авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі. Акрамя таго, Прэзідэнт азнаёміўся з парашутнымі сістэмамі, а таксама тэхнікай, якая выкарыстоўваецца ў тых відах спорту, што развівае ДТСААФ. Асаблівасці некаторых відаў спорту Аляксандр Лукашэнка абмеркаваў са спартсменамі, у тым ліку з зусім юнымі.

У завяршэнні наведвання Мінскага аэраклуба адбыўся практычны паказ дрон-рэйсінгу — так званая гонка дронаў. Гэта адзін з новых кірункаў дзейнасці ДТСААФ. Летась у краіне было адкрыта 15 секцый. Навучальныя класы па дрон-рэйсінгу аснашчаны сучасным абсталяваннем, у тым ліку камп’ютарнымі трэнажорамі з джойсцікамі для асваення базавых навыкаў пілатавання.
Прэзідэнта праінфармавалі, што ў гэтым высакахуткасным відзе спорту пілоты кіруюць квадракоптарамі ад першай асобы праз спецыяльныя акуляры, пераадольваючы складаную паласу перашкод на высокіх хуткасцях. Тут для аператара вельмі важная дакладнасць кіравання робатам на вялікай хуткасці, якая дасягае каля 200 кіламетраў у гадзіну. Дроны валодаюць магчымасцю філіграннай манеўраванасці, шырока ўжываюцца як у мірных, так і ў ваенных мэтах.
Пры гэтым, як расказалі Прэзідэнту, у ДТСААФ навучаюць не толькі кіраваць дронамі, а і збіраць іх, ажыццяўляць рамонт. ДТСААФ можа разгарнуць падрыхтоўку аператараў дронаў у любым пункце краіны. Летась яны падрыхтавалі каля 250 аператараў.
На памяць аб наведванні Мінскага аэраклуба ДТСААФ беларускаму лідару падарылі мадэль самалёта Ан-2.
Вераніка КАНЮТА
Фота БелТА
