Top.Mail.Ru

«Мы кіруемся выключна нацыянальнымі інтарэсамі, без аглядкі на знешніх ігракоў»

Акцэнты гістарычна значнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў М’янму.


Аб тым, што афіцыйнаму візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў М’янму нададзены асабліва высокі статус, сведчылі нават кадры сустрэчы высокага госця. Да месца перагавораў у Нейп’ідо аўтамабіль Аляксандра Лукашэнкі ўпершыню ў гісторыі мясцовай пратакольнай практыкі суправаджаў ганаровы эскорт з 54 коннікаў, на чале якога ехалі вершнікі з дзяржаўнымі сцягамі Беларусі і М’янмы.

Выкананне дзяржаўных гімнаў, вітанне роты ганаровай варты — усё гэта ўрачыста, з выказваннем вялікай павагі. Яшчэ адзін паказальны момант — у гонар афіцыйнага візіту беларускага лідара адной з вуліц м’янманскай сталіцы Нейп’ідо, на якой знаходзяцца вялікі гандлёвы цэнтр, будынкі банкаў, парк, прысвоілі назву Мінская. 

«2025 год з’яўляецца гістарычным у нашых адносінах»

Перагаворы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з выконваючым абавязкі Прэзідэнта Рэспублікі Саюз М’янма, старшынёй Камісіі Нацыянальнай бяспекі і міру Мін Аун Хлайнам у Прэзідэнцкім палацы ў Нейп’ідо стартавалі спачатку ў вузкім складзе. Беларускі лідар, адзначыўшы тую вялікую ўвагу, якую надалі ў М’янме яго першаму афіцыйнаму візіту, запэўніў, што Беларусь абавязкова апраўдае гэты давер. «У Беларусі ёсць усё неабходнае для таго, каб тэхналагічна М’янма магла падняцца яшчэ на адну прыступку вышэй. Ваш урад, вашы міністры пазнаёміліся з Беларуссю. Ведаеце, што мы можам. Мы развітая машынабудаўнічая краіна, у нас развітыя прамысловасць, сельская гаспадарка, высокія тэхналогіі, адукацыя, ахова здароўя», — заявіў Прэзідэнт.

Паміж нашымі краінамі — некалькі тысяч кіламетраў, але гэта не перашкода да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і сяброўства. «Кажуць, што ў сучасным свеце адлегласць нічога не значыць для ўстанаўлення добрых адносін», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Мін Аун Хлайн падзякаваў беларускаму лідару за візіт у М’янму, што пацвярджае высокі ўзровень даверу і дасягнутага ўзаемадзеяння паміж краінамі. Словы падзякі ён таксама адрасаваў беларускаму боку за падтрымку М’янмы на міжнароднай арэне, у тым ліку на пляцоўцы Генасамблеі ААН. 

Гаворачы ў цэлым аб супрацоўніцтве ў рамках розных міжнародных арганізацый, Мін Аун Хлайн вітаў атрыманне Беларуссю статусу партнёра ў БРІКС і адзначыў, што М’янма таксама імкнецца да развіцця супрацоўніцтва з БРІКС, а таксама з ШАС. Акрамя таго, краіна мае намер павысіць свой статус у ЕАЭС, стаўшы дзяржавай-назіральнікам у гэтым саюзе. У сувязі з гэтым лідар М’янмы звярнуўся да кіраўніка беларускай дзяржавы з просьбай аб падтрымцы гэтых ініцыятыў.

«Калі мы пашыраем адносіны з замежнымі краінамі, галоўную ролю адыгрывае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. У ходзе вашага візіту мы зможам абмеркаваць шляхі пашырэння нашага эканамічнага ўзаемадзеяння», — заявіў Мін Аун Хлайн.

Падчас перагавораў у пашыраным складзе кіраўнік беларускай дзяржавы звярнуў увагу на значнасць гэтага года ў гісторыі адносін паміж нашымі краінамі. «Гэта мой першы візіт у М’янму, я шчыра гэтаму рады. І паколькі ваш прыезд у Беларусь у сакавіку стаў першым афіцыйным візітам лідара М’янмы ў нашу краіну, то мы можам сказаць, што 2025 год з’яўляецца гістарычным у нашых адносінах», — сказаў Прэзідэнт Беларусі. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сустракаўся сёлета з Мін Аун Хлайнам шэсць разоў: «Гэта сведчыць аб тым, што ніякай ізаляцыі няма і быць не можа для нашых краін». Беларускі лідар таксама падзякаваў лідару М’янмы за ўдзел м’янманскай дэлегацыі на чале з міністрам замежных спраў у Міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы ў Мінску.

Выступаючы з заявай для прадстаўнікоў СМІ па выніках перагавораў, Аляксандр Лукашэнка абазначыў важныя моманты двухбаковага супрацоўніцтва. 

«У Беларусі ёсць усё тое, што трэба сёння м’янманскаму народу»

Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў м’янманскаму боку за цёплы прыём. Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што перагаворы на самым высокім узроўні сталі ўжо вынікам гэтага візіту, у той час як асноўныя перагаворы прайшлі ў рамках беларуска-м’янманскага бізнес-форуму, які адбыўся ў Янгоне 27 лістапада.

«Вынік нашай работы ў гэтыя дні можна выказаць адной формулай: у нас у Беларусі ёсць усё тое, што трэба сёння м’янманскаму народу, у вас ёсць усё тое, што трэба нам. Мы дамовіліся, што ў рамках гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва мы будзем абменьвацца гэтымі таварамі. Яшчэ раз падкрэсліваю: няма закрытых тэм у нашым супрацоўніцтве», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што на перагаворах быў вызначаны план сумесных дзеянняў і зацверджана дарожная карта на 2026—2028 гады, якая прадугледжвае канкрэтныя мерапрыемствы ў адносінах Беларусі і М’янмы. Таксама ў прысутнасці лідараў дзяржаў было падпісана пагадненне аб узаемнай адмене віз. Усяго па выніках перагавораў на вышэйшым узроўні падпісана паўтара дзясятка дагавораў і мемарандумаў аб узаемаразуменні ў розных сферах.

«Важнай складовай часткай гэтага плана з’яўляецца гуманітарнае супрацоўніцтва: адукацыя, ахова здароўя, культура. У гэтым плане вы таксама можаце разлічваць на нас. Прыязджайце ў Беларусь, глядзіце, выбірайце, вызначайцеся. Усё, што трэба і што мы можам зрабіць для М’янмы, мы абавязкова зробім, — паабяцаў беларускі лідар. — Беларусь адкрыта да пашырэння супрацоўніцтва з М’янмай, мы кіруемся выключна нацыянальнымі інтарэсамі, без аглядкі на знешніх ігракоў». 

«Я гатовы разам з вамі працаваць на карысць нашых народаў»

«У вашага народа, вашай краіны вялікая будучыня, паверце майму вопыту. Вам трэба толькі адну праблему вырашыць найважнейшую: забяспечыць стабільнасць у грамадстве, — сказаў Прэзідэнт. — Я мала бачыў такіх лідараў і кіраўнікоў дзяржаў, як вы і вашы калегі, якія імкнуцца кожны дзень нешта зрабіць для ўласнага народа. Мне вельмі імпануе такая пазіцыя, і я гатовы разам з вамі працаваць на карысць нашых народаў».

У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў канцы гэтага года ў М’янме адбудуцца парламенцкія выбары. Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што крокі, што прымаюцца кіраўніцтвам М’янмы напярэдадні гэтай падзеі, беспрэцэдэнтна дэмакратычныя. «Як дружалюбнаму нам чалавеку хачу нагадаць, што выбары вы праводзіце для ўласнага народа і яны павінны ўлічваць перш за ўсё інтарэсы народа М’янмы», — нагадаў беларускі лідар.

Вяртаючыся да тэмы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Мы гатовыя не толькі прадаваць сваю прадукцыю ў М’янму — мы гатовыя з вамі ствараць сумесныя прадпрыемствы па кірунках, якія вас цікавяць. І рыхтаваць спецыялістаў пад тыя тэхналогіі, якія мы перададзім». Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што беларускі бок будзе няўхільна выконваць дасягнутыя дамоўленасці своечасова і ў поўным аб’ёме.

У ліку прыярытэтных кірункаў супрацоўніцтва Беларусі і М’янмы Аляксандр Лукашэнка пазначыў фармацэўтыку, прамысловасць, тэхніку і тэхналогіі, навуку, адукацыю, ваенна-прамысловы комплекс. «Пры гэтым мы канстатавалі, што закрытых тэм у нашых адносінах няма. Нашы адносіны не накіраваныя супраць каго б там ні было. Гэта адносіны ў інтарэсах нашых народаў», — падкрэсліў беларускі лідар.

****

Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі ў М’янму завяршыўся культурнай праграмай. Аляксандр Лукашэнка і Мін Аун Хлайн у Нацыянальным батанічным садзе Нейп’ідо высадзілі канко — кветкавае дрэва ўдачы і дабрабыту — у гонар першага ў гісторыі візіту кіраўніка беларускай дзяржавы ў М’янму.

Наступным пунктам маршруту культурнай праграмы стаў храмавы комплекс Буды Маравіджая. Цэнтральным аб’ектам храмавага комплексу з’яўляецца статуя Буды вышынёй больш за 27 метраў і вагой больш за 5 тысяч тон, выразаная з суцэльнага кавалка мармуру. Тут таксама знаходзяцца пагады, фантаны, парк і іншыя аб’екты.

Акрамя таго, Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у афіцыйным абедзе, арганізаваным кіраўніком М’янмы. Пасля гэтага адбыўся сумесны прагляд тэатральнага прадстаўлення традыцыйных танцаў і песень.

Паводле БелТА і прэс-службы Прэзідэнта

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю