Top.Mail.Ru

«Стратэгічная задача ў рэгіянальным развіцці»

Галоўныя акцэнты нарады па пытаннях рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» пад кіраўніцтвам Прэзідэнта



Сельскай гаспадарцы і рэгіянальнай тэматыцы кіраўнік дзяржавы надае асаблівую ўвагу. Як адзначаў Прэзідэнт падчас вялікай камандзіроўкі на Гомельшчыну: «Харчаванне даражэе і будзе даражэць». Дык куды будзем рухацца? Якія праекты і напрамкі вызначаць як самыя перспектыўныя? І на што будзе зроблены акцэнт? Адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні былі дадзены на нарадзе па пытаннях рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект», якая адбылася ў чацвер у Палацы Незалежнасці. Як заўважыў сам Прэзідэнт, яе можна лічыць кульмінацыяй вялікіх камандзіровак кіраўніка дзяржавы па рэгіёнах краіны. 


«Для жыхароў у рэгіёнах тэма нумар адзін — гэта наяўнасць працоўных месцаў з годным заробкам» 

Тэма — найважнейшая. Склад удзельнікаў — шырокі: вышэйшыя службовыя асобы — яны ж упаўнаважаныя па абласцях, губернатары, старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі банкаў і прадпрыемстваў. «Сёння мы абмяркуем пытанне аб рэалізацыі стратэгічнай задачы ў сферы рэгіянальнага развіцця — ініцыятывы „Адзін раён — адзін праект“. На гэтую тэму заслухаем шэраг дакладаў. Гэта можна разглядаць як нейкае фінішнае мерапрыемства пасля нашых з вамі камандзіровак на паўднёвы ўсход Магілёўшчыны і поўдзень нашай Беларусі — у Гомельскую і Брэсцкую вобласці, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Натуральна, што там ёсць і існуюць больш глабальныя праграмы па развіцці Прыпяцкага Палесся, паўднёвага ўсходу Магілёўшчыны, мы закранулі таксама тэму меліярацыі, уцягвання сельгасзямель у новы абарот і іншых сур’ёзных мерапрыемстваў. Гаварылі пра Віцебшчыну: што трэба зрабіць, каб даць штуршок развіццю ў тым ліку нашага паўночнага рэгіёна». 

Кіраўнік дзяржавы прызнаўся, што разважае над тым, каб на Усебеларускім народным сходзе ў канцы года, дзе традыцыйна будзе заслухоўвацца даклад Прэм’ер-міністра, вынесці на абмеркаванне як ключавы момант даклад па гэтых тэмах. «Гэта важна для людзей. І трэба, каб на самым высокім прадстаўнічым органе гэтыя тэмы былі не проста абазначаны, а сур’ёзна прагучалі», — паставіў задачу беларускі лідар. 

Паводле яго слоў, амаль усе рэгіёны краіны, іх 118, сутыкаюцца з адтокам насельніцтва, асабліва сельскага. «Усе сацапытанні паказваюць, што для жыхароў у рэгіёнах тэма нумар адзін — гэта наяўнасць працоўных месцаў з годным заробкам, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Потым ужо ідуць пытанні цэнаўтварэння, вольны час, ЖКГ і гэтак далей». 


Менавіта таму ў мінулай пяцігодцы была ўнесеная ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект», разлічаная на тое, каб стварыць годныя працоўныя месцы з прыстойнай заработнай платай. «Зразумела, што на старце праграмы, як гэта часта бывае, прысутнічалі блытаніна і бюракратыя, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Не было сістэмы па спецыялізацыі раёнаў з улікам іх магчымасцяў, кампетэнцыі і самае галоўнае — патрэбы. Таму не былі выпрацаваны дакладныя крытэрыі фарміравання планаў, праектаў, ацэнкі іх эфектыўнасці на вынікі эканомікі і развіцця раёна. У нас асноўны паказчык быў — засваенне сродкаў, часам любой цаной. Адсюль з’яўляліся і перагібы». 

«У шэрагу рэгіёнаў ініцыятыва „Адзін раён — адзін праект“ дае сапраўды магутны эфект» 

Пэўныя станоўчыя вынікі, паводле слоў беларускага лідара, ёсць. «Але выявіўся і шэраг недахопаў, што недапушчальна, — прыпісак, а таксама пустой кантрольна-маніторынгавай дзейнасці. Урад гаворыць, што гэта вельмі карысная справа. З запланаваных праектаў дзве трэці рэалізавана (144 праекты з 217), каля 3,5 мільярда рублёў інвесціравана, больш за 6 тысяч працоўных месцаў створана, — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Абяцаюць, што па завяршэнні намечаных планаў мы гэтыя лічбы падвоім». 

Ініцыятывай ахоплены як дзяржаўныя, так і прыватныя прадпрыемствы ў розных галінах — машынабудаванні, фармацэўтыцы, дрэваапрацоўцы, АПК і іншых. Многія інвестпраекты з’яўляюцца імпартазамяшчальнымі або экспартаарыентаванымі. Гэта важна. У шэрагу рэгіёнаў ініцыятыва «Адзін раён — адзін праект» дае сапраўды магутны эффект, паведаміў Прэзідэнт. У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў Краснапольскі раён, у якім за пяцігодку доля інвестыцый па праектах ініцыятывы склала 50 % ад агульнага аб’ёму. 


«З іншага боку, мне дакладваюць, у кантралёраў да паловы праектаў (109 з 217) ёсць прэтэнзіі. Урад дае справаздачу па агульным пераліку праектаў, не зазіраючы ў сутнасць як належыць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Таму нямала ўключаных у пералік фармальна, а ўся работа вядзецца толькі на паперы. Ёсць запланаваныя да рэалізацыі за кошт уласных або пазыковых сродкаў і без траплення ў гэты спіс. Напрыклад, узвядзенне транспартна-лагістычнага цэнтра ў Верхнядзвінскім раёне або арганізацыя вытворчасці катанізаванага льновалакна ў Ляхавіцкім раёне». 

Адзначаюцца факты, калі ў пералік уносіліся праекты, якія даўно рэалізуюцца ці ўжо амаль гатовыя, — гэта значыць літаральна на фінішнай прамой. «Так, з 2014 года рэалізуецца праект па выпуску фармацэўтычнай прадукцыі ў Чэрвеньскім раёне. А ў 2022 годзе яго як ні ў чым не бывала ўключаюць у спіс, — прывёў прыклад Прэзідэнт. — Не разумею, навошта гэта трэба, калі ў Чэрвеньскім раёне хапае ўсяго, і там ужо людзей няма пад новыя праекты. Гэта вялікая праблема, якую мы павінны ўлічваць. Ну навошта вы кудысьці нешта ўключаеце, каб даць справаздачу, што вы вялікія і выканалі даручэнне Прэзідэнта? Гэта нікому не трэба». 

«Я не бачу, што нашы органы ўлады жывуць гэтай тэмай, рэальна ў яе паглыбіліся і літаральна змагаюцца за кожнае працоўнае месца» 

Вядомыя праекты, па якіх мясцовымі ўладамі рэальная дапамога не аказвалася — толькі збіралі і перадавалі наверх справаздачнасць. «Шэраг праектаў фігуруе ў спісе дзякуючы ўгаворам бізнесменаў — па прынцыпе „з вас не ўбудзе, а старшыні пойдзе ў залік“. Што ўжо гаварыць пра факты, калі праекты далучаліся да ініцыятывы наогул без ведама суб’ектаў гаспадарання — яны толькі са справаздач улад перад СМІ даведваліся, што ў чымсьці паўдзельнічалі, — абурыўся беларускі лідар. — Старшыня Камітэта дзяржкантролю пра гэта падрабязна даложыць. Атрымліваецца дваякая карціна. Ісціна, як звычайна, пасярэдзіне». Прэзідэнт абазначыў свае галоўныя заўвагі. 

Першае. «Урад і губернатары дзесьці недагаворваюць, што для многіх інвестараў умовы так і не створаны: не заўсёды даступнае фінансаванне, дарагое праектаванне, будаўніцтва і да таго падобнае», — адзначыў Прэзідэнт. 

Другое. «Прыкладна палова нашых старшыняў райвыканкамаў не здала гэты найважнейшы для іх экзамен. Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта ўжо праз некаторы час пасля абвяшчэння ініцыятывы „Адзін раён — адзін праект“. Час змяніўся. Нам не гэтак важна стварыць працоўныя месцы, дай бог укамплектаваць работнікамі і працоўнымі спецыялістамі тыя галіны, якія сёння развіваюцца, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Важна, наколькі старшыні райвыканкамаў ды і ўсе прысутныя тут (кіраўнікі аблвыканкамаў, урад) здольныя рэалізаваць гэтую ініцыятыву, гэтыя праекты, якія назвалі органы ўлады і планавалі». 


У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка адзначыў. «Я не бачу, што нашы органы ўлады, асабліва ўнізе, старшыні райвыканкамаў, жывуць гэтай тэмай, рэальна ў яе паглыбіліся і літаральна змагаюцца за кожнае працоўнае месца, калі гэта трэба ў канкрэтным раёне. Дарэчы, хапае прыкладаў, калі ў рамках праекта заяўляліся 100 новых работнікаў (умоўна), па факце атрымалася 85, і абсалютна фармальна праект прызнаваўся нявыкананым. Ну, гэта махровая бюракратыя. Яшчэ раз падкрэсліваю: калі заяўлялі 100, а той жа праект рэалізавалі з колькасцю 85, — гэта нармальна пры дэфіцыце кадраў. Атрымліваецца, хацелі запусціць інвестыцыйны цыкл, а толькі стварылі галаўны боль асобным інвестарам. Таму што кантралёры ўсіх узроўняў проста стаяць у іх над душой, манітораць кожны крок і адбіваюць жаданне працаваць! Гэта трэба спыняць, фармалізму быць не павінна! — запатрабаваў Прэзідэнт. — Мы ствараем праекты, а не лічым колькасць там плюс-мінус адзін чалавек і пачынаем па ўсіх інстанцыях дакладваць (ну добра дакладваць), дык яшчэ і людзям душу выцягваць!» 

У выніку бізнесмены гатовыя на ўсё, каб рэалізаваць новыя праекты па-за такімі ініцыятывамі. «Таму ёсць буйныя, рэалізаваныя ў мінулай пяцігодцы, але не ўнесеныя ў дадзеную праграму. Сёння разбярэмся. Заадно вы мне даложыце і пра планы па даручэнні гэтай ініцыятывы „Адзін раён — адзін праект“, яе рэалізацыі на бягучую пяцігодку», — абазначыў тэмы размовы кіраўнік дзяржавы. 

«Мы  машынабудаўнічая краіна з высокім узроўнем развіцця сельскай гаспадаркі»

«Я яшчэ раз падкрэсліваю: нам трэба звярнуцца да гэтай ініцыятывы з улікам таго часу, калі яна была абвешчаная. Яшчэ раз падкрэсліваю: сітуацыя сур’ёзна памянялася. Тады мы разлічвалі не толькі на высокааплатныя працоўныя месцы, але і стварэнне працоўных месцаў. Сёння такой праблемы няма. Дзесьці ў раёнах яна ёсць. Ну, там трэба браць на кантроль гэтую ініцыятыву і глядзець, што там губернатар са старшынёй гар/райвыканкама хочуць пабудаваць, каб людзі мелі нармальную заработную плату і працоўныя месцы. Менавіта працоўныя месцы. Зарплата, зразумела, усюды павінна быць», — адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз падкрэсліў: «З улікам сённяшняга часу трэба паглядзець, што нам рабіць і што найважнейшае. Нам вельмі трэба скончыць праграму будаўніцтва малочнатаварных комплексаў і прафілакторыяў для маладняку жывёлы. Гэта трэба, без гэтага нікуды не дзенешся. Але на гэта трэба грошы. І тут трэба гэта рабіць, будаваць малочнатаварныя комплексы і жывёлагадоўчыя памяшканні. Інакш страцім сельскую гаспадарку». 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь у свеце лічаць аграрнай, але не машынабудаўнічай краінай. «Таму я часта падкрэсліваю: мы — машынабудаўнічая краіна з высокім узроўнем развіцця сельскай гаспадаркі. Сельская гаспадарка для нас — найважнейшы кірунак. Пра што можна гаварыць, калі людзі будуць галодныя і не апранутыя. А накарміць і апрануць людзей дазваляе нам сельская гаспадарка. Таму нельга ўпусціць гэты кірунак. Таму мы закранулі развіццё малочнатаварных комплексаў, іншых жывёлагадоўчых памяшканняў і, што самае галоўнае, — падышлі да пытання абслугоўвання вельмі складанай тэхнікі». 

Абмеркаванне названай тэмы адбывалася падчас наведвання кіраўніком дзяржавы Гомельскай вобласці. «Таксама абмяркоўвалі гэту тэму ў Мазыры, маючы на ўвазе развіццё былых савецкіх сельгастэхнік і пераўтварэнне іх у райаграсэрвісы. Гэта павінен быць вузел, дзе мы будзем абслугоўваць такую складаную тэхніку. Ну, а як у Мазыры мы бачылі, гэта ўжо прадпрыемства, якое не толькі абслугоўвае шэраг бліжэйшых раёнаў. Гэта цэлае прадпрыемства, якое ўжо вырабляе некаторую сельскагаспадарчую тэхніку, і такіх прадпрыемстваў у нас 53. Можна сказаць, міжраённыя арганізацыі. Ну, а ў астатніх трэба гэтыя сельгастэхнікі, цэнтры па абслугоўванні і стварэнні запасу, запасных частак, паліва, як раней было, аднаўляць», — перакананы беларускі лідар. 

Што датычыцца сельгасхіміі, тут, паводле слоў Прэзідэнта, ёсць праблемы. «Асобна будзем абмяркоўваць захоўванне мінеральных угнаенняў, якія сёння каштуюць на міжнародных рынках у тры разы даражэй, чым мы тут аддаём і прадаём! Ну, пакуль аддаём, потым яны абяцаюць разлічыцца, як у нас звычайна бывае, унутры нашай краіны. А захоўваць некаторыя не ўмеюць. Ну, прабачце, — я вам сказаў, што будзе. І ў гэтым кірунку мы працуем. Непачаты край работы! Трэба тэхналагічна выбудаваць гэтыя кірункі». 


«Мы ўмеем рабіць усё: ад пачатку да канца»

Кіраўнік дзяржавы ўзгадаў таксама наведванне рыбгаса «Палуж» у Краснапольскім раёне. «Выдатны праект! — даў станоўчую ацэнку ён. — Я ўжо гляджу — у Пінскім раёне хочуць пабудаваць такое прадпрыемства, у іншых рэгіёнах. Але толькі трэба прывязвацца да таго, дзе яны могуць. А то мы зараз пабудуем, і не будзе каму за гэта адказваць. Бліскучае прадпрыемства з пункту гледжання эканомікі, да 20 % рэнтабельнасць, з пункту гледжання рынку ўнутранага і знешняга. Яны „дояць“ гэтую рыбу, каб ікру выціснуць, а потым з ікры вырасціць гэтага малька, а потым адкарміць да паўтара-двух кілаграм. Гэта космас! Гэта вялікае дасягненне». 

Паводле слоў Прэзідэнта, наша насельніцтва ў тры разы менш спажывае рыбнай прадукцыі, чым іншых прадуктаў. «Ну, бульба — гэта добра, мяса — гэта добра, малако таксама. Але мяса, малако, бульба — гэта жывот, — адзначыў Прэзідэнт. — Таму трэба даць людзям і гэтую рыбу, тым больш вось і журналісты, і іншыя, хто там са мной былі, пакаштавалі тую рыбу. Выдатная рыба. Мы ўмеем рабіць усё: ад пачатку да канца. Таму давайце развіваць. Гэта адзін з прыкладаў». 

Райаграсэрвісы, сельгасхіміі, будаўнічыя ПМК і асобныя праекты, па перакананні кіраўніка дзяржавы, вельмі патрэбныя з пункту гледжання імпартазамяшчэння і напаўнення ўласнага рынку. «Я да чаго гэта кажу? Што нам трэба і на гэта паглядзець. Не трэба па руках і нагах вязаць губернатараў і мясцовыя органы ўлады і ім гаварыць: „Вось гэта стварайце, вось гэта“. Таму што грошы і ў гэта трэба ўкладваць. І калі фінансавыя сродкі пойдуць на падобныя праекты і тыя, што я пералічыў, — таксама нармальна, — канстатаваў Прэзідэнт. — І калі мы гэта рэалізуем, у нас людзей не хопіць на астатнія праекты. Таму з гэтага пункту гледжання на пяцігодку трэба перагледзець, калі неабходна». 

«Год жалезнай праверкі на прафпрыдатнасць!»

Гаворачы пра недапушчальнасць падзяжу жывёлы, кіраўнік дзяржавы прывёў абуральны прыклад, з якім ён сутыкнуўся падчас нядаўняй камандзіроўкі ў Гомельскую вобласць. Кіраўнік адной з гаспадарак у Рагачоўскім раёне спрабаваў схаваць факты падзяжу маладняку буйной рагатай жывёлы. Тым не менш яны былі выяўлены Камітэтам дзяржкантролю падчас праверак, матэрыялы якіх былі перададзеныя Прэзідэнту. Пазней гэтыя фота былі апублікаваныя ў СМІ. «Падзеж жудасны. І ён, самае галоўнае, раскідвае па полі гэтых загінулых цялят, як угнаенне. Гэта для вас год жалезнай праверкі на прафпрыдатнасць! Не дай бог, вы не вырашыце пытанне з падзяжом жывёлы. Напэўна, кадры сякія-такія журналісты апублікавалі, вы ўбачылі, што робіцца, і зразумелі, што я гэтае пытанне паставіў не таму, што „з катушак з’ехаў“. І здавалася б, вось увесь час гаворыць і гаворыць пра падзеж. Бачылі, што робіцца? — звярнуў увагу на апублікаваныя матэрыялы Прэзідэнт. — Дык гэта мы шкадуем людзей. Мы не ўсё гэта публікуем. А калі б апублікавалі, і людзі пачалі гартаць, яны б жахнуліся». 

Пытанне аб захаванасці жывёлы зайшло ў кантэксце абмеркавання будаўніцтва прафілакторыяў. Кіраўнік дзяржавы назваў гэта важным крокам, але падкрэсліў, што не меншае значэнне мае належны догляд. «Стварэнне прафілакторыяў — гэта буйны крок у захаванасці маладняку жывёлы. Але гэта рашэнне паловы праблемы. Далей ветэрынарыя і іншае», — дадаў Прэзідэнт.

«Людзі павінны жыць смела ў сваёй краіне, на сваёй зямлі»

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу і на нядаўнюю размову са старшынёй Камітэта дзяржкантролю Васілём Герасімавым аб недапушчальнасці перагібаў у рабоце кантралёраў. «Я проста хачу падкрэсліць — і ўраду, і губернатарам, і асабліва нашым парламентарыям. Васіль Мікалаевіч (Герасімаў. — „Зв.“) гэта засвоіў. Мы ні ў якім разе не павінны перайсці нейкую чырвоную лінію ў адносінах з нашым грамадствам і нашымі людзьмі, — падкрэсліў беларускі лідар. — Ні ў якім разе мы не павінны заціскаць людзей так, што яны (асабліва кіраўнікі) будуць азірацца на кожны шолах. Людзі хочуць жыць у сваёй краіне свабодна».

Паводле яго слоў, у прыватнасці ў рабоце КДК назіраецца пэўны ўхіл, якога быць не павінна. «Такое ёсць, хай не ў Герасімава, а ў падначаленых, у іншых — прыйсці і паказаць свой спрыт. Вось мала не падасца ад гэтага спрыту! — папярэдзіў Прэзідэнт. — Людзі хочуць жыць у сваёй краіне свабодна. І трэба браць у наручнікі толькі тых, хто гэтага заслугоўвае. Ёсць інфармацыя аператыўная — праслухалі, убачылі, што да яго трэба прыйсці, — ідзіце. Калі такой інфармацыі няма, не трэба каваным ботам стукаць у дзверы чалавеку. Ні ў якім разе! Пра гэта была такая размова, каб у нас ухіл гэты не намеціўся. Людзі павінны жыць смела ў сваёй краіне, на сваёй зямлі. І гэта зона адказнасці губернатараў і ўрада. Яны павінны гэта бачыць. І калі трэба, вядома, яны Герасімаву не пакажуць, але ў іх ёсць Прэзідэнт».

«Сваю пазіцыю я пазначыў. Ніякага запалохвання, ніякага ціску. Яшчэ раз падкрэсліваю, ціснуць неміласэрна трэба на хабарнікаў, прайдзісветаў, жулікаў і тых, хто хоча разбурыць краіну. Тут даравання не павінна быць ніякага. Але хадзіць і заграбаць усіх — каго трэба і каго не трэба — ні ў якім разе нельга», — дадаў беларускі лідар. 

Кіраўнік дзяржавы ў сувязі з гэтым прывёў прыклад работы праваахоўнікаў у ЗША, дзе парушальнікаў затрымліваюць якраз у выніку атрымання аператыўнай інфармацыі. «Калі чалавек вінаваты, і ў вас ёсць такая аператыўная інфармацыя — вы працуеце з ім. Калі няма — не хадзіце, не прымушайце, не душыце, не клічце іх на паліграфы. Але гэта так, між іншым, каб вы ведалі, асабліва журналісты, якія павінны гэта данесці да нашага грамадства. Недапушчальна, каб людзі баяліся жыць на сваёй зямлі. Недапушчальна, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. — Я не хачу сказаць, што ў нас ужо ўсе дрыжаць і трасуцца. Трэсціся будуць тыя, хто гэтага заслугоўвае. Я даволі адкрыта, не па-прэзідэнцку, усіх папярэдзіў». 

У якасці прыкладу, калі прыцягваць да адказнасці трэба за справу, Прэзідэнт прывёў няправільнае захоўванне ўгнаенняў. «Гэта недапушчальна. Гэта наогул варварства. У тры разы сёння на міжнародных рынках даражэйшыя ўгнаенні. У тры разы, чым мы аддаём сялянам, а яны гэта ўсё пад адкрытым небам кідаюць. І такія факты ёсць. Як можна з гэтым мірыцца? І наогул колькі разоў можна паўтараць гэта? — абурыўся беларускі лідар. — Таму, Мікалай Генадзьевіч (Снапкоў, першы віцэ-прэм’ер. — „Зв.“), улічвайце сучасную сітуацыю. Хай яшчэ раз перагледзяць губернатары і ва ўрадзе гэтыя праекты. Паглядзіце, што трэба завяршыць, куды яшчэ трэба накіраваць грашовыя сродкі і стварыць праекты імпартазамяшчэння і напаўнення ўнутранага рынку. Трэба вырабляць сваё».

«Трэба спыніць адток насельніцтва з рэгіёнаў у Мінск і абласныя цэнтры»

Дакладваючы аб рэалізацыі ў рэгіёнах ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект», першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў звярнуў увагу на некаторыя негатыўныя тэндэнцыі з пункту гледжання рэгіянальнага развіцця. Так, у прыватнасці, з 2010 года колькасць маланаселеных раёнаў (з колькасцю жыхароў менш за 20 тысяч) павялічылася ў тры разы, пры гэтым у Краснапольскім і Расонскім раёнах колькасць людзей, якія пражываюць, упала ніжэй за 10 тысяч. 


«Адбылася трансфармацыя прамысловых раёнаў з 2010 года ў аграрныя: было 23, стала 42. То-бок, гэта тыя раёны, дзе колькасць занятых у сельскай гаспадарцы — больш за 40 %. Як вынік — у 19 аграрных раёнах узровень заработнай платы менш за 70 %, чым у сярэднім па краіне. І з гэтых раёнаў больш за ўсё з’язджае людзей, — канкрэтызаваў Мікалай Снапкоў. — У такіх умовах акцэнт мінулай пяцігодкі — гэта прамысловае развіццё і вытворчыя праекты ў рэгіёнах. Мэта пастаўленай вамі ў 2022 годзе задачы — зламаць тэндэнцыю міграцыі з райцэнтраў і з раёнаў, для чаго ўрад у мінулыя пяцігодкі адпрацоўваў і прыярытызаваў праекты, якія змяняюць галіновую структуру раёнаў».

Каменціруючы гэтыя лічбы і факты, Прэзідэнт падкрэсліў, што Мікалай Снапкоў вельмі важную тэму падняў. «Трэба спыніць адток насельніцтва з рэгіёнаў у Мінск і абласныя цэнтры. Спыніць раз і назаўжды, — катэгарычны беларускі лідар. — Трэба выкарыстоўваць і жыллё, і іншыя фактары і метады трэба паглядзець ураду. Мы пакуль шмат у чым пачалі рабіць нешта, але шмат гаворым у гэтым плане. Шмат задач пастаўлена перад вамі аб тым, каб спыніць гэту шалёную будоўлю жылля ў Мінску, бо мы сцягнем з рэгіёнаў людзей». 

Беларускі лідар звярнуў увагу і на тое, што жыллё ў Мінску запатрабавана ў тым ліку і ў расіян, якія актыўна набываюць яго тут. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што цалкам будаўніцтва жылля ў сталіцы, безумоўна, не спыніцца, аднак ён у чарговы раз арыентуе: «Арэнднае жыллё трэба будаваць, але толькі столькі, колькі трэба. Асноўнае трэба перанесці ў рэгіёны, чаго б нам гэта ні каштавала. У рэгіёны! У раёны, асабліва ў раённыя цэнтры».


Інакш, як адзначыў Прэзідэнт, можа скласціся такая сітуацыя, што працаваць у той жа сферы сельскай гаспадаркі прыйдзецца гараджанам. «Даіць кароў хутка будуць гараджане. А хто? З Мінска паедуць? Не. Перш за ўсё, паедуць з раённых цэнтраў, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Таму трэба развіваць раённыя цэнтры, аграгарадкі трэба развіваць. Вось я ў Крупко (старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко. — „Зв.“) абляцеў усю вобласць. І бачу, як ідзе развіццё. Дзе добры аграгарадок, там трэба будаваць жыллё, там трэба ствараць умовы. Людзі хочуць жыць там, дзе ёсць школа, нават банк нейкі і школа мастацтваў для таго, каб дзеткі развіваліся. Таму нам трэба ўжо па тыпу раённых цэнтраў ствараць аграгарадкі. Усё гэта трэба ўлічваць і пераносіць туды „цэнтр цяжару“. Будуць задаволеныя мінчане, бо не будзе перанаселены Мінск... Таму вось тут трэба нам жорстка перагледзець нашу палітыку — не на словах, а на справе».

«Важна пабудаваць прадпрыемства, прадукцыя якога будзе запатрабаваная не толькі на ўнутраным рынку, але і на знешнім»

Першы намеснік Прэм’ер-міністра звярнуў увагу на яшчэ адзін момант. Паводле яго слоў, неабходна перагледзець, змяніць галіновую структуру раённых цэнтраў, стварыць не проста працоўныя месцы, а высокааплатныя працоўныя месцы.


У сваю чаргу кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў аснове ўсяго — не працоўныя месцы і нават не заработная плата. «Для нас цяпер важна пабудаваць прадпрыемства, прадукцыя якога будзе запатрабаваная не толькі на ўнутраным рынку, але і на знешнім. Я прывёў прыклад з гэтай рыбай... Тое, што я ўбачыў у Беларусі, — гэта мяне ўразіла. І яны малайцы, — даў станоўчую ацэнку Прэзідэнт. — Не ведаю, гэта ў Магілёўскай вобласці або па ўсёй ужо рэспубліцы, што яны поўны цыкл стварылі — ад ікрынкі да камбікармоў, якімі можна адкормліваць гэту рыбу. А канверсія камбікармоў самая высокая. Гэта значыць, на адзін кілаграм камбікорму, які мы трацім на рыбу, атрымліваем кілаграм 200 прыбаўлення гэтай рыбы. Выдатна! Такога ні на адной жывёле няма. Ну і нам гэта трэба, таму для нас не працоўнае месца, нават не заробак, хоць гэта важна для людзей. Для нас важна, каб гэта прадукцыя была спажытая ўнутры, каб імпартазамяшчэннем займаліся і быў попыт на знешніх рынках. На гэту рыбу ёсць попыт усюды». 

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што раней беларускія рыбгасы былі вымушаны закупляць малька на захадзе. «Цяпер мы гэта робім усё самі і ўмеем будаваць такія прадпрыемствы. І мы можам гэта зрабіць у Беларусі. Таму што гэта ўсё будзе спажыта тут. І такія праекты трэба шукаць. Ад жыцця ісці, — арыентаваў кіраўнік дзяржавы. — Таму не працоўнае месца, не заробак, — а прадукцыя, якую можна прадаць. І прадаць з высокім прыбыткам. Для нас гэта сёння найважнейшае пытанне. Калі гэта будзе, тады і заробак будзе нармальны, і прыстойнае працоўнае месца. Але трэба рабіць хутка. Сёння рынак ёсць, а заўтра ён можа знікнуць. І мы будзем вырабляць, зноў гераічна пераадольваючы супраціўленне нашых канкурэнтаў. Яны нас то пад санкцыі падвядуць, то яшчэ кудысьці». 

Даслоўна

«Не праекты, якія насаджаюць, а саспелыя ініцыятывы»

У размове з журналістамі першы намеснік Прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў расказаў, як у Беларусі працягнуць рэгіянальнае развіццё ў духу ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект». Паводле яго слоў, праграма «Адзін раён — адзін праект» да цяперашняга часу з’яўляецца практычна завершанай. З 217 праектаў, уключаных у праграму, былі рэалізаваны 144. Рэалізаваць астатнія плануецца ў 2026—2028 гадах.

Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што бягучая пяцігодка прадугледжвае механізм падтрымкі інвестыцыйных праектаў, які атрымаў назву «Рэгіянальная ініцыятыва». Яе адрозненне ад ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект» заключаецца ў тым, што Савет Міністраў больш не будзе зацвярджаць канкрэтныя спісы.

«Будзе пералік, які ініцыятыўна ўносіцца ў Міністэрства эканомікі. Ён будзе фарміравацца, кантралявацца, мадэлявацца і аддавацца на фінансаванне ў дзяржаўныя банкі Міністэрствам эканомікі, — растлумачыў першы віцэ-прэм’ер. — Праекты павінны мець канкрэтнае праламленне на канкрэтныя раёны. Акрамя таго, праекты павінны быць ініцыяваныя і запатрабаваныя самім раёнам і вобласцю. Гэта не праекты, якія насаджаюць, а саспелыя ініцыятывы. Акцэнты трэба рабіць на праекты, дзе максімальна паглыбленая і развітая кампетэнцыя беларусаў».

Такім чынам, работа па падтрымцы інвестпраектаў працягнецца ўжо ў рамках «Рэгіянальнай ініцыятывы». Пры гэтым, падкрэсліў Мікалай Снапкоў, базавая мэта застаецца нязменнай — гэта развіццё раённых цэнтраў і аграгарадкоў, спыненне адтоку людзей з рэгіёнаў.

«Прэзідэнт падтрымаў прапанову ўрада па паляпшэнні фінансавых умоў, накіраваных на рэалізацыю праектаў. У рэгіёнах гэта спецыяльныя рэсурсы ўрада, узгодненыя з Прэзідэнтам і Нацыянальным банкам. Прэзідэнт таксама падтрымаў навацыі, якія стымулююць развіццё інвестыцый у частцы кампенсацыі капітальных выдаткаў, — канкрэтызаваў першы намеснік Прэм’ер-міністра. — Яны дыферэнцыраваныя: я дакладваў, што ў індустрыяльных цэнтрах бюджэт будзе кампенсаваць 15 % капітальных выдаткаў усяго праекта пасля яго рэалізацыі, а ў аграрных раёнах — да 35 %». 

Акрамя таго, дадаў Мікалай Снапкоў, кіраўнік дзяржавы падтрымаў пазіцыю ўрада аб тым, што праграма стымулявання рэгіянальнага развіцця — гэта не толькі мінулая пяцігодка. «Гэта ў прынцыпе доўгатэрміновая гарантаваная ўмова стымулявання прыцягнення інвестыцый у рэгіёны, — звярнуў увагу ён. — Прэзідэнт таксама падтрымаў ініцыятыву ўрада, наша жаданне развіць такія падыходы да інвестыцыйных праектаў не толькі ў рэгіянальных цэнтрах і не толькі праз дзяржаўныя банкі, але значна больш шырока і праз камерцыйныя банкі».

У кантэксце развіцця рэгіёнаў размова на нарадзе ішла і пра развіццё і захаванне аграгарадкоў. У прыватнасці, абмяркоўвалася неабходнасць перагледзець стандарты забеспячэння інфраструктурнага асяроддзя. «У размове ўзнікла тэма, што запатрабаваная мастацкая школа. Гэта натуральна, таму што дзіця павінна развівацца. Трэба пераглядаць стандарты развіцця раённага цэнтра і аграгарадка, сфакусіраваць іх на сучасныя ўмовы», — рэзюмаваў Мікалай Снапкоў.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю