Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Ніякай залатой сярэдзіны быць не можа. Ёсць закон — яго трэба выконваць

На ўзроўні Прэзідэнта разгледзелі ўдасканаленне кантрольнай дзейнасці. Адпаведную нараду Аляксандр Лукашэнка правёў з удзелам членаў урада, губернатараў і кіраўнікоў кантрольных органаў.


Пытанні кантрольна-нагляднай дзейнасці ўжо разглядаліся на спецыяльнай нарадзе ў кіраўніка дзяржавы ў маі мінулага года. Тады было вырашана перагледзець заканадаўства і падрыхтаваць асобны адзіны дакумент па гэтых пытаннях і ўнесці яго на разгляд Прэзідэнту. Дапрацаваны праект указа і разглядалі ўчора на нарадзе.

На чым настойвае Прэзідэнт?

Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з гэтым дакументам і выказаў свае ацэнкі. Згодна з праектам указа, кантрольныя органы павінны працаваць на апярэджанне. Калі ёсць тыповыя парушэнні, уласцівыя многім суб’ектам гаспадарання, мяркуецца ва ўзаемадзеянні з міністэрствамі і выканкамамі загадзя даводзіць гэту інфармацыю да прадпрыемстваў. «Гэта значыць, абагульняць парушэнні і даводзіць да прадпрыемстваў. Але, я так мяркую, вы таямніцы не робіце па выніках праверак?» — удакладніў Прэзідэнт. Старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў адзначыў, што ніякай таямніцы ніхто не робіць, ёсць адпаведныя рэсурсы, дзе можна атрымаць інфармацыю аб парушэннях.

«А як гэта: загадзя даводзіць інфармацыю? Гэта як у нас было на выбарах: выбары яшчэ не адбыліся, а хтосьці ў Еўрасаюзе прызнаў іх несапраўднымі», — іранічна заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Згодна з праектам указа, мяркуецца выключыць залішняе ўмяшанне ў дзейнасць прадпрыемстваў, якія працуюць нармальна, і дапамагчы ім не дапускаць парушэнняў. «А як гэта: залішняе ўмяшанне, як гэта разумець? Што гэта за норма такая? Прадпрыемстваў, якія працуюць нармальна, — гэта як? Якія з прыбыткам, якія зарплату нармальна плацяць — гэта нармальна працуе прадпрыемства? Яны што, парушэнняў не дапускаюць? Ці мы ім нейкі асобны рэжым уводзім? Хацелася б пачуць», — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што праект указа, падрыхтаваны ўрадам, варта разглядаць, прымаючы да ўвагі меркаванне Камітэта дзяржкантролю. «Галоўнае, якія наступствы будуць ад гэтага дакумента», — адзначыў ён.

Прэзідэнт удакладніў, ці няма перабору з праверкамі бізнесу. Васіль Герасімаў запэўніў, што ўсё ў норме. «Ну вось, бачыце, ён кажа, што няма нічога ненармальнага. Прапаноўваюць залатую сярэдзіну. Катэгарычна супраць. Ніякай змовы і ніякай залатой сярэдзіны быць не можа. Ёсць закон — яго трэба выконваць. У законе ўсё прапісана: гэта парушыў — столькі атрымаў, гэта парушыў — яшчэ столькі атрымаў, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Я хацеў бы пачуць меркаванні, галоўнае, аўтараў, што яны маюць на ўвазе пад некаторымі нормамі гэтага ўказа. Калі вы хочаце такім чынам выпусташыць сутнасць і прынізіць ролю Прэзідэнта ў гэтым плане, не атрымаецца».

Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка звярнуў на тэзіс аб тым, што кантрольныя органы павінны займацца прафілактыкай парушэнняў. Ён папрасіў ахарактарызаваць гэта «ад зямлі»: «Герасімаў (старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў. — „Зв.“), ці што, будзе ўзмацняць прафілактыку? Хадзіць па палях, вёсках і гарадах і папярэджваць усіх, што нельга парушаць тое, нельга парушаць гэта?.. Па прынцыпе „лепш прадухіліць і выправіць памылкі, чым пакараць“. Ну, вядома ж, толькі як?».

Па словах беларускага лідара, прафілактыка не павінна быць дзяжурнай фразай. І займацца гэтым пытаннем павінны ўсе дзяржаўныя органы ад Прэзідэнта і да старшыні сельскага Савета. «Мы ўсіх папярэджваем: красці нельга, падаткі трэба плаціць, прыбытак трэба атрымліваць, зарплату трэба аддаваць», — заўважыў Прэзідэнт. У прыклад ён прывёў праблему, на якую часта звяртае ўвагу і сам: «У нас жа кантралёр-касір, памятаеце, я прыклад прыводзіў, 500 долараў у эквіваленце атрымлівае. А нейкі заснавальнік, які нават дырэктарам крамы не працуе... Яны параскідалі свой заробак па розных банках і атрымлівалі 56 тысяч долараў у месяц, цяпер атрымліваюць 156 тысяч долараў у месяц. Я папярэдзіў, што рабіць так нельга. Ён ім капейкі плаціць, а сам... Прытым вывозіць гэты капітал за межы краіны. У сто разоў вышэйшы заробак у яго, а мы ж дамаўляліся: адзін да васьмі. Пракуратура маўчыць, урад гэтага ўвогуле не бачыць. Вось гэтага не павінна быць». Аляксандр Лукашэнка таксама зрабіў акцэнт на тым, што ўсе фармуліроўкі ва ўказе павінны быць канкрэтнымі і адназначнымі.

Што прапаноўваюць распрацоўшчыкі праекта ўказа?

Пра падыходы і навацыі, якія закладзены ў праект указа, далажыў міністр па падатках і зборах Дзмітрый Кійко. Ён адзначыў, што ў аснову гэтага ўказа закладзены нормы дзейнага заканадаўства ў частцы форм кантролю, метадаў кантролю, праверак і іншых працэдур. «Гэтыя нормы сябе зарэкамендавалі, яны даюць кантрольным органам неабходны інструментарый для таго, каб як спыняць правапарушэнні, так і прыцягваць да адказнасці суб’ектаў, якія іх дапусцілі. Пры гэтым і формы кантролю, і ўзроўні прыняцця рашэння аб праверках выбудаваны так, каб выключыць залішняе ўмяшанне ў работу суб’ектаў», — адзначыў міністр.

«Ключавыя навацыі ў праекце ўказа заключаюцца ў зрушэнні акцэнтаў у бок прафілактыкі правапарушэнняў, выяўленні прычын і ўмоў, якія могуць садзейнічаць здзяйсненню правапарушэнняў, і прыняццю мер па іх ліквідацыі», — канстатаваў Дзмітрый Кійко. Міністр падкрэсліў, што ўсе кантрольныя органы сёння гэтым займаюцца, але дадзены кірунак іх дзейнасці не рэгламентаваны ў адзіным дакуменце. «Ніякіх новых адкрыццяў па прафілактыцы, па сутнасці, тут няма. Прапаноўваецца кансалідаваць усё ў адным дакуменце, які будзе рэгламентаваць кантрольную дзейнасць, і выкласці канкрэтныя мерапрыемствы для выканання гэтымі органамі», — удакладніў ён.

«Я не супраць прафілактыкі, няхай гэта будзе прапісана хоць тысячу разоў. Але толькі каб усё не зводзілася да прафілактыкі. Бо гэта будзе пустата», — заўважыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адзін аспект: «Мяне больш хвалюе іншае. Вось вы пішаце: „Уводзіцца забарона на правядзенне выбарачных праверак добрасумленных суб’ектаў часцей чым адзін раз у пяць гадоў“. Адразу пытанне: чаму ў пяць гадоў, а не ў два, тры гады, у дзесяць гадоў? Што такое добрасумленныя?» Ён падкрэсліў, што гэта вельмі суб’ектыўная ацэнка. Прэзідэнт таксама спытаў, на падставе чаго вышэйшай службовай асобе, дзяржаўнаму органу забараняецца самастойна вырашаць, каго і дзе правяраць. «Калі мы ім не давяраем, калі яны нягоднікі апошнія, давайце іх проста ліквідуем, і ўсё. Двума радкамі ліквідуем Камітэт дзяржаўнага кантролю і вам забаронім займацца кантролем», — іранічна заўважыў кіраўнік дзяржавы. Дзмітрый Кійко растлумачыў, што пад добрасумленнымі маюцца на ўвазе тыя суб’екты, якія павінны будуць адпавядаць пэўным патрабаванням па рабоце арганізацыі, выплаце падаткаў, зарплат... Надзяліць правам зацвярджаць канкрэтны пералік гэтых патрабаванняў прапануецца Савету Міністраў, Генеральнай пракуратуры і Камітэту дзяржаўнага кантролю. Але, звярнуў увагу міністр, калі ў кантрольнага органа будзе інфармацыя, што суб’ект дапускае правапарушэнні (а для выяўлення гэтага ёсць інструментарый), у адносінах да яго можа быць праведзена праверка.

«Вы хочаце сказаць, што пры жаданні Герасімаў не знойдзе нагоды, каб яго праверыць», — удакладніў Прэзідэнт. Па яго словах, пры жаданні кожны кантрольны орган можа знайсці нагоду, каб правесці праверку. «Дык навошта мы пішам тое, што не будзе працаваць фактычна? Мы забаранілі, але... А гэта „але“ будзе перакрэсліваць тое, што мы забаранілі», — выказаў заўвагу кіраўнік дзяржавы.

Міністр падкрэсліў, што добрасумленныя плацельшчыкі не вызваляюцца ад праверак, прапануецца праводзіць іх з меншай перыядычнасцю. Гэта важна і для выканання даручэння Прэзідэнта наконт таго, каб кантралёры не перашкаджалі суб’ектам займацца штодзённай дзейнасцю.

Для таго каб перамясціць акцэнты ў дзейнасці кантрольных органаў ад пакарання ў бок прафілактыкі, у праекце ўказа прадугледжваецца шэраг канкрэтных мер. Напрыклад, кантрольныя органы павінны на рэгулярнай аснове інфармаваць суб’екты і мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы ўлады аб выяўленых тыповых парушэннях. Таксама прапаноўваецца прымаць рашэнні на карысць суб’екта, што правяраецца, у выпадку няяснасці або невыразнасці прадпісанняў акта заканадаўства.

Што аб гэтых прапановах думае КДК?

Некаторыя навацыі, прадстаўленыя ў дакуменце, на нарадзе выклікалі сапраўдную дыскусію. Старшыня КДК Васіль Герасімаў не падтрымаў норму аб тым, каб кантрольныя органы ў публічным доступе, у інтэрнэце выкладвалі інфармацыю аб парушэннях. «Калі ўсе кантрольныя і наглядныя органы заўтра пачнуць выкладваць інфармацыю аб парушэннях, то нашы суб’екты гаспадарання будуць самымі дрэннымі ў свеце», — адзначыў ён. «Ці захочуць суб’екты гаспадарання, каб гэта выкладвалася ў адкрытым доступе?» — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Васіль Герасімаў падкрэсліў, што гэта пытанне дзелавой рэпутацыі суб’ектаў гаспадарання. Старшыня КДК зрабіў акцэнт на тым, што ў прафілактычнай рабоце кантрольных органаў не павінна быць перагібаў, а павальная публікацыя матэрыялаў у інтэрнэце можа да іх прывесці.

«Павінны быць аналітычныя матэрыялы, дзе аналізуюцца не суб’екты гаспадарання, а правапарушэнні. Каб яны чыталі і бачылі, што часта сустракаецца, — нявыплата падаткаў, напрыклад. Ён прачытаў і падумаў: „Не, падаткі трэба плаціць“... Калі трэба Камітэт дзяржкантролю абавязаць, то давайце гэта зробім. Але мне падаецца, што дзяржаўныя органы і так зацікаўлены гэта рабіць», — адзначыў Прэзідэнт. Васіль Герасімаў адказаў, што дзяржкантроль гэтым займаецца.

Старшыня КДК раскрытыкаваў прапанову аб тым, што Камітэт дзяржкантролю з прыняццем дадзенага ўказа абавязаны кіравацца тлумачэннямі ад дзяржаўных органаў з месцаў. Напрыклад, калі размова ідзе пра выплату падаткаў, — ад мясцовай падатковай інспекцыі. Тлумачэнні могуць даваць і іншыя дзяржаўныя органы. Васіль Герасімаў заўважыў, што трактоўкі могуць не супадаць. Нават два супрацоўнікі аднаго дзяржаўнага органа могуць адну і тую ж сітуацыю тлумачыць па-рознаму. Старшыня КДК таксама звярнуў увагу, што, калі суб’ект звяртаецца ў нейкі дзяржаўны орган, ён прадстаўляе пытанне так, як яму выгадна. А што на самай справе адбываецца, ніхто не пераправярае. «Гэта прамы шлях да карупцыі. Калі кожная службовая асоба ў дзяржаве пачне падпісваць паперы суб’ектам гаспадарання, і мы абавязаны будзем гэтым кіравацца, будуць падпісваць усё, што трэба», — папярэдзіў старшыня КДК.

«Трэба прапісаць адназначна. Ці ўвогуле не пісаць. Калі гэта можа быць. Што гэта за ўказ такі... А так вы мне расказваеце, як вы гэта разумееце і як вы б хацелі гэта бачыць. Гэта „хацелкі“ называецца», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Да якой высновы прыйшлі ўдзельнікі нарады?

Па выніках абмеркавання Прэзідэнт даручыў дапрацаваць праект указа. Зацікаўленым дзяржорганам трэба знайсці кампраміс, перагледзець падыходы і выдаць дакумент належнай якасці. Аб гэтым журналістам пасля нарады расказаў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль Герасімаў. «Савет Міністраў, Генеральная пракуратура і Камітэт дзяржаўнага кантролю зоймуцца гэтай работай для таго, каб ужо выдаць дакумент належнай якасці», — сказаў ён. І няхай канкрэтныя тэрміны не ўстанаўліваліся, зацягваць з гэтай работай ніхто не будзе. Васіль Герасімаў адзначыў: гэта важна яшчэ і таму, што заканадаўства ў сферы кантрольна-нагляднай дзейнасці састарэла: Указ № 510 «Аб удасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» прыняты ў 2009 годзе. Змянілася і сама сутнасць кантрольнай дзейнасці. «Мы большы ўпор робім на папярэджанне і прафілактыку. І кіраўнік дзяржавы ставіць перад намі задачу, каб мы трымалі баланс: калі парушыў — безумоўна, будзеш адказваць і ніякіх выключэнняў у гэтым выпадку не будзе; калі нармальна працуеш — ніякіх прэтэнзій да цябе не будзе і мы не будзем часта наведваць», — растлумачыў старшыня КДК. Па яго словах, з 2020 года колькасць праверачных мерапрыемстваў зменшылася ў два разы. «Гэта значыць, кантроль становіцца больш якасным. Мы ідзём туды, дзе сапраўды ёсць праблемы», — дадаў Васіль Герасімаў.

Дзмітрый Кійко ў размове з журналістамі адзначыў, што пры распрацоўцы праекта ўказа ўлічваліся і прапановы мясцовых органаў улады, прадпрыемстваў, бізнес-колаў. Асноўныя элементы дакумента будуюцца на дзейным указе па кантрольнай дзейнасці. Гэтыя меры сёння даволі эфектыўныя. «Разам з тым урад палічыў патрэбным у некаторым сэнсе аптымізаваць кантрольную дзейнасць, узмацніць прафілактычную і тлумачальную работу і дадаткова абараніць правы суб’ектаў, якія правяраюцца», — сказаў міністр. Абмеркаванне на ўзроўні Прэзідэнта паказала, што некаторыя нормы не з’яўляюцца неабходнымі. Напрыклад, прапанова ўрада ўносіць у кнігу ўліку праверак запісы аб усіх наведваннях. Васіль Герасімаў адзначыў, што гэта немэтазгодна і толькі створыць нязручнасці ў рабоце службовых асоб і кантралёраў. «Калі, умоўна, губернатар едзе глядзець парадак на зямлі ці пасяўную, то навошта яму ехаць у галаўны офіс гаспадаркі і запісвацца ў тую кнігу? Тое ж датычыцца і старшыні райвыканкама, і мяне як упаўнаважанага па Гродзенскай вобласці», — адзначыў старшыня Камітэта дзяржкантролю. Таму кіраўніком дзяржавы пастаўлена задача ўраду і кантрольным органам (Камітэту дзяржаўнага кантролю, і Генеральнай пракуратуры) знайсці кампраміс, які б задаволіў і выканаўчыя органы, і суб’екты, на якіх гэтыя нормы будуць распаўсюджвацца.

Дзмітрый Кійко таксама расказаў журналістам, што Прэзідэнт даручыў вывучыць праект указа на прадмет яго адпаведнасці Канстытуцыі і іншым заканадаўчым актам.

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю