Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Новае пакаленне, як і абяцалі, сёння кіруе краінай

Ад святочных нагод да рабочых пытанняў, хоць і з адценнем урачыстасці. Пасля ўшанавання жанчын, якія сваёй працай упрыгожваюць краіну, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сур’ёзна пагаварыў з мужчынамі, ад якіх залежыць далейшы дабрабыт і росквіт дзяржавы.


У Палацы Незалежнасці скончылі фарміраванне новага ўрада. Прэзідэнт падпісаў шэраг указаў. Адным з іх Аляксандр Турчын вызвалены з пасады старшыні Мінскага аблвыканкама. Прэзідэнт прызначыў яго прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь. 

«Вы туды не ідзяце адпачываць»

Раман Галоўчанка, які ўзначальваў урад, прызначаны старшынёй Нацыянальнага банка. Паводле Канстытуцыі, папярэднюю згоду на гэта павінен даць Савет Рэспублікі. Працэдура ўзгаднення была выканана. 

«Гэта прызначэнне звязана з тым, што Раман Аляксандравіч хацеў большай уцягнутасці банка і банкаўскай сістэмы ў эканоміку. Дасведчаны чалавек, вельмі важнае прызначэнне. Я спадзяюся, што яны з Аляксандрам Генрыхавічам (Турчыным. — Зв.) знойдуць агульную мову і нарэшце паставяць з ног на галаву некаторыя пытанні нашай эканомікі, якія тычацца яе фінансавання», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы. Ён падзякаваў Раману Галоўчанку за згоду на гэту пасаду. «Але абсалютна шчыра хачу публічна тут сказаць, каб не было крыватолкаў: вы туды не ідзяце адпачываць. Я мяркую, што адпачынак гэта не тое, што лёг на канапе, — гэта змена абстаноўкі. Я так жыву і думаю, у вас таксама такое жыццё. Таму пасля гэтага жудаснага перыяду вашай працы старшынёй урада, змяніўшы абстаноўку, вы трошкі хоць расслабіцеся. Можа, не адпачняце. А, па маёй задуме, вы дакладна не адпачняце, — растлумачыў Аляксандр Лукашэнка. — Я хачу, каб у нас у гэтай пяцігодцы як мінімум эканомікай займаліся вельмі вопытныя, моцныя людзі, арганізатары і эканамісты. Вы выдатна ведаеце эканоміку на самым высокім узроўні, працуючы старшынёй урада». Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што досвед і веды, атрыманыя падчас работы ва ўрадзе, будуць Раману Галоўчанку толькі на карысць. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што сёння на версе эканамічнай піраміды краіны аказаліся адразу некалькі моцных эканамістаў. Па яго словах, жыццё навучыла Рамана Галоўчанку эканоміцы больш чым каго-небудзь. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой таксама эканаміст. Першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў, як заўважыў кіраўнік дзяржавы, увогуле эканаміст з эканамістаў. Аляксандр Турчын таксама працаваў ва ўрадзе і вельмі добра ведае эканамічную сферу. «Думаю, што Васіль Мікалаевіч (Старшыня Камітэта дзяржкантролю Васіль Герасімаў.) будзе прыслухоўвацца да меркавання гэтага эканамічнага блока, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні або прапаноўваючы Прэзідэнту тыя ці іншыя рашэнні. Яны будуць больш прадуманымі, глыбокімі. І я таксама на дробязі пастараюся вас не кідаць. У вас самая падрыхтаваная каманда, якая можа ацаніць тыя ці іншыя праекты, аб’екты. І, думаю, што вы будзеце і падганяць нашых эканамістаў, і добрым такім выканальніцкім блокам будзеце ў нашай эканомікі. Вось такая задума — каб эканамісты кіравалі гэтымі працэсамі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. 

«Ведайце, што наперадзе ў нас краіна»

Згодна з Канстытуцыяй Беларусі, прэм’ер-міністр прызначаецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь з папярэдняй згоды Палаты прадстаўнікоў. Дадзеная працэдура была выканана. 

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу Аляксандра Турчына на тое, што такіх віцэ-прэм’ераў, з якімі яму давядзецца працаваць, яшчэ не было. «Я спецыяльна блокамі прадставіў віцэ-прэм’ераў і тых міністраў, якія будуць з імі працаваць. Я хачу, каб вы заўсёды памяталі (у вас ёсць такія прэзідэнцкія схільнасці, вы можаце крутануць), вы — старшыня ва ўрадзе. І калі б я сказаў, што ў нас ва ўрадзе будзе дыктатура, губернатараў я б не падцягнуў ва ўрад», — патлумачыў прэм’ер-міністру Аляксандр Лукашэнка. Па яго словах, былыя губернатары разумеюць сваю адказнасць за блок, за які адказваюць, працуючы ва ўрадзе. 

«Выбудоўвайце адносіны. Ведайце, што наперадзе ў нас краіна. Асноўная нагрузка ва ўрадзе — на віцэ-прэм’ерах. Няхай адзін з адным выбудоўваюць кантакты, і наперад. Не трэба нічога дзяліць. Я буду ўважліва назіраць, каб вы на чужую паляну не заходзілі, таму што тады пачынаюцца сутыкненні. Трэба спакойна, без шуму разгортвацца і працаваць», — такую першую задачу для новага кіраўніка ўрада паставіў Прэзідэнт. 

Такім чынам, кіраўнікі дзвюх абласцей перайшлі на працу ва ўрад. На мінулым тыдні губернатар Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік прызначаны віцэ-прэм’ерам, які курыруе сацыяльны блок. (А яшчэ не так даўно віцэ-прэм’ерам стаў Юрый Шулейка, які да чэрвеня мінулага года кіраваў Брэстчынай). Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу зараз звярнуць асаблівую ўвагу на Мінскую і Гродзенскую вобласці. "Гэта асноўныя нашы вобласці. Я не прыніжаю ні ў якім выпадку Брэсцкую вобласць. Але ўсё ж Мінская вобласць — вялікая, цэнтральная. Гродзенская — вельмі эфектыўная«,- адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён даручыў пакуль у курс спраў не увойдуць новыя губернатары, Уладзіміру Караніку паназіраць за Гродзенскім рэгіёнам, а Аляксандру Турчыну — за Мінскім. Перад прэм’ер-міністрам стаіць таксама задача прапанаваць кандыдатуры на пасаду старшыні Мінскага аблвыканкама. 

Прэзідэнт прызначыў былога міністра архітэктуры і будаўніцтва Руслана Пархамовіча памочнікам Прэзідэнта-інспектарам па Гомельскай вобласці. «Чалавек дасведчаны. Кажуць, характар той не той. Але як раз нам і патрэбны такі характар для памочніка па Гомельскай вобласці», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. 

«Гэта пакаленне, якое павінна рухаць нашу краіну наперад»

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што сваё абяцанне ён выканаў — ва ўрад прыйшлі абсалютна маладыя, новыя людзі. Некаторых уводзілі паступова да выбараў, каб паказаць людзям, з кім ім прыйдзецца працаваць, ды і каб паглядзець, здолеюць яны ці не. «Вы бачылі, што некаторых прыйшлося замяніць. Не таму, што яны не цягнулі. Таму што, напэўна, мы памыліліся, і Адміністрацыя, і я, прызначаючы іх. Ёсць такія людзі, якія ўмеюць капаць-капаць або свідраваць. Як Трамп кажа: „Свідруй, дзетка, свідруй!“ Вось яны капаюць, бураць, а гэтая чыноўніцкая работа ім ніяк не падыходзіць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

«Новае пакаленне, як абяцалі, сёння кіруе краінай», — зрабіў акцэнт беларускі лідар. Разам з тым, Прэзідэнт падкрэсліў, што ўжо вопытным функцыянерам трэба рыхтаваць сабе маладую змену, перадаваць ім веды і досвед, а «не выпальваць вакол сябе поле». «Мы ж абяцалі, што маладых падрыхтуем і моладзь прывядзём да ўлады. Ім трэба будзе ўзяць краіну і весці далей, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Сапраўды, прыйшло да кіравання краінай, галоўным блокам новае пакаленне. Абсалютна новае. Гэта людзі, якім крыху за 40-50 гадоў — гэта тое пакаленне, якое сёння павінна, атрымаўшы досвед, навучыўшыся ў старэйшага пакалення, рухаць нашу краіну наперад».

Прэзідэнт зрабіў акцэнт на тым, што гэтыя прызначэнні ці вызваленні ад пасады менш за ўсё тычацца пытанняў прафесіяналізму. «Усе людзі прафесійныя. Памылак мы амаль не дапусцілі ў кадравых адносінах», — дадаў ён. 

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сваё даручэнне, звязанае з тым, каб па шэрагу пытанняў прымаліся рашэнні на месцах, а не выносіліся на яго разгляд. «Часта вы мне ўносіце прапановы аб тым, каб нешта будаваць без узгаднення, адводу і іншае. Я з гэтым згодны. Няхай губернатары і мэр Мінска прымаюць рашэнні. Трэба — параяцца з прэм’ер-міністрам і прымуць рашэнне. — сказаў Прэзідэнт. — Я гэта кажу яшчэ і таму, што часта гэтыя дакументы падпісваў, якімі ўносяцца прапановы, і а навошта гэты фармалізм?». Па словах Аляксандра Лукашэнкі, пры такім падыходзе будзе менш бюракратыі. 

У тэму

Самае галоўнае — забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё нашай краіны

Прама ў Палацы Незалежнасці Раман Галоўчанка і Аляксандр Турчын далі свае першыя інтэрв’ю на новых пасадах.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што ён выступае за «эвалюцыю без рэвалюцыі». Па яго словах, эвалюцыянаваць трэба на любой пасадзе: і старшыні Мінскага аблвыканкама, і старшыні ўрада. Тым больш што, па словах Аляксандра Турчына, кожны кіраўнік са сваім прыходам прыўносіць нешта новае, новы погляд на тыя ці іншыя праблемы. «Ніякай істотнай карэкцыі эканамічнага курса, вядома, не будзе. Самае галоўнае — забяспечыць устойлівае і збалансаванае развіццё нашай краіны. Вядома, на чале ўсяго — людзі, павышэнне іх дабрабыту, паляпшэнне якасці жыцця. Вось асноўныя напрамкі нашай работы», — падзяліўся сваімі планамі кіраўнік урада. Адной з найважнейшых для сябе задач ён назваў збалансаваны эканамічны рост. Па словах прэм’ер-міністра, нельга дапускаць, каб эканамічны рост быў ва ўрон нейкім іншым макраэканамічным паказчыкам. «Можна паставіць любую мэту і яе дасягнуць. Пытанне толькі ў наступствах дасягненняў і якім шляхам гэта зроблена. Галоўная задача ўрада — гэта забяспечыць эканамічны рост, збалансаваны з іншымі макраэканамічнымі паказчыкамі», — падкрэсліў Аляксандр Турчын. 

Па яго словах, людзі, якія займаюць ключавыя пасады ва ўрадзе, Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўніцтве рэгіёнаў, працавалі разам, добра адзін аднаго ведаюць і будуць у першую чаргу займацца пытаннямі эканомікі. «Ці ёсць праблемы? Вядома, ёсць. Мы іх будзем вырашаць. Думаю, што ўсё ў нас атрымаецца і ўсё будзе добра», — сказаў Аляксандр Турчын. 

Раман Галоўчанка пагадзіўся з журналістамі ў тым, што банкаўская сістэма найбольш адчувальная да санкцыйнага ціску. Але, заўважыў ён, банкаўская сістэма адаптавалася да шокаў і выклікаў. «Вядома, цяжкасці ў рабоце ўзнікаюць, таму што мы не можам ігнараваць тое, што адбываецца на знешнім контуры. Дакладней, гэта ўплывае на нас такім чынам, што мы не можам проста ад гэтага адмахнуцца. Тым не менш мы навучыліся з гэтым жыць і знайшлі свае шляхі», — адзначыў кіраўнік Нацыянальнага банка. Ён выказаў упэўненасць, што хутка рацыянальнасць возьме верх і сітуацыя нармалізуецца. 

Раман Галоўчанка ўзгадаў пачатак работы ва ўрадзе, летам 2020 года: «Першае, на што таргетаваліся пасля выбараў дэструктыўныя сілы, — на расхістванне банкаўскай сістэмы, прапаноўвалі справакаваць набег на банкі і забраць дэпазіты, распаўсюджваючы фэйкавыя навіны. Гэта невыпадкова. Гэта закранае кожнага чалавека, яго зберажэнні, яго назапашванні, яго фінансавае планаванне. Таму, безумоўна, і тады лічыў, і сёння лічу і тым больш буду лічыць, што фінансавая сістэма, яе стабільнасць — гэта крытычна важна для ўстойлівасці не толькі эканомікі, але і дзяржавы ў цэлым». 

Кіраўнік Нацыянальнага банка перакананы, што ўсе добра засвоілі ўрокі, атрыманыя тады, улічылі памылкі, якія здзяйсняліся ў тых ці іншых эканамічных рашэннях. Раман Галоўчанка таксама падкрэсліў, што ў час яго работы прэм’ер-міністрам урад і Нацбанк вельмі канструктыўна ўзаемадзейнічалі. «Я ўпэўнены, што ў такім жа ключы сумесная работа ўрада і Нацбанка захаваецца і пасля сённяшніх кадравых прызначэнняў, — сказаў ён. — Ёсць пэўныя задумкі адносна таго, што яшчэ можна зрабіць, каб банкаўскую сістэму яшчэ лепш мабілізаваць — так, як мы мабілізавалі работу эканомікі і дасягнулі нядрэнных вынікаў. Таму ёсць пэўныя планы, трэба іх абмеркаваць з прафесіяналамі, банкірамі. Бачанне таго, што трэба рабіць, у мяне, вядома, ёсць».

Фота: БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю