Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Нягледзячы на сусветныя перыпетыі, нашы краіны засталіся добрымі сябрамі і надзейнымі партнёрамі

«Закрытых тэм, як і з іншымі краінамі, у нас з Пакістанам няма. Мы гатовы супрацоўнічаць з вамі па ўсіх кірунках, якія вас цікавяць, пачынаючы з сельскай гаспадаркі і заканчваючы ваенна-прамысловым комплексам.


Для таго каб задаволіць патрэбы насельніцтва Пакістана, вялікай колькасці насельніцтва (гэта пятая ў свеце краіна па колькасці насельніцтва), у Беларусі ёсць усё», — адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас перагавораў з прэм’ер-міністрам Пакістана Шахбазам Шарыфам у лістападзе 2024 года, калі беларускі лідар з афіцыйным візітам наведваў гэту краіну. Тады бакі дамовіліся, што палітычныя адносіны, якія бліскуча развіваюцца ўжо 30 гадоў, трэба манетызаваць, паглыбляць гандлёва-эканамічны кірунак. У працяг дамоўленасцяў і для канкрэтных спраў у Мінск з афіцыйным візітам прыляцеў прэм’ер-міністр Пакістана Шахбаз Шарыф.

Першая сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прайшла ўвечары напярэдадні афіцыйных перагавораў ў цёплай, сяброўскай, дамашняй абстаноўцы. У госці да беларускага лідара Шахбаз Шарыф прыехаў са сваёй сям’ёй. Разам з ім таксама былі яго брат, прэзідэнт Пакістанскай мусульманскай лігі, былы Прэм’ер-міністр Пакістана Наваз Шарыф і галоўны міністр (губернатар) правінцыі Пенджаб Мар’ям Шарыф. «Гэта першая краіна, якую мы наведваем удвух», — адзначыў Наваз Шарыф. «Наваз, ты сапраўдны сябар!» — падзякаваў кіраўнік дзяржавы за цёплыя словы.

У афіцыйнай, але таксама сяброўскай і цёплай абстаноўцы перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Шахбаза Шарыфа прайшлі ў пятніцу ў Палацы Незалежнасці. Сустрэча пачалася з традыцыйнай для такіх візітаў афіцыйнай цырымоніі з удзелам роты ганаровай варты. Аляксандр Лукашэнка асабіста сустрэў высокага госця. Пасля цырыманіяльных працэдур лідары краін пачалі перагаворы, якія праходзілі не для пратакола, а для канкрэтных дамоўленасцяў.

«Мы не маем права не рэалізаваць нашы дамоўленасці»

Найперш пагаварылі ў вузкім складзе. Аляксандр Лукашэнка ўзгадаў, што шмат гадоў таму Шахбаз Шарыф са сваім бацькам прыязджаў у Мінск. «Таму для цябе, спадзяюся, гэты горад стаў родным, як і наша Беларусь», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён расказаў, што напярэдадні падчас нефармальнай дамашняй сустрэчы, якая працягвалася амаль тры гадзіны, яны з Шахбазам Шарыфам абмеркавалі шэраг пытанняў, якія датычыліся міжнароднай сітуацыі і двухбаковага супрацоўніцтва.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў яго з Шахбазам Шарыфам склаліся добрыя, нават сямейныя адносіны. «Мы заўсёды будзем падтрымліваць такі ўзровень адносін. І спадзяюся, што пасля гэтага візіту, я проста перакананы, мы не маем права на тое, каб не рэалізаваць нашы дамоўленасці», — падкрэсліў беларускі лідар. Ён заўважыў, што ў складзе дэлегацыі Пакістана ў Беларусь прыехала шмат бізнесменаў, якія зацікаўлены ў наладжванні канкрэтных адносін па канкрэтных кірунках з беларускім бокам. 

«Вы ведаеце, у нас машынабудаўнічая краіна, развітая сельская гаспадарка. Я вельмі добра ведаю, што трэба Пакістану. Вы таксама добра ведаеце, што патрэбна Беларусі ад Пакістана. Думаю, што ў працэсе гэтага візіту члены ўрада і кіраўнікі буйных кампаній дамовяцца аб перспектывах супрацоўніцтва», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Шахбаз Шарыф падзякаваў беларускаму лідару за цёплы, сямейны прыём, гасціннасць напярэдадні афіцыйных перагавораў. Асобна ён адзначыў смак беларускіх страў, якімі пакістанскіх гасцей частавалі. «Са свайго боку я пастараюся зрабіць усё, каб сяброўства паміж намі і нашымі краінамі станавілася мацнейшым», — заўважыў Прэм’ер-міністр Пакістана. Ён расказаў, што ўпершыню наведаў Мінск шмат гадоў таму і прызнаўся, што ўспаміны аб паездцы ў Беларусь засталіся ў памяці і да сённяшніх дзён. «Мы наведвалі сталеліцейны цэх. І ўжо тады я падумаў, што ваша краіна — высокаразвітая. І ўчора, калі ехаў па Мінску на машыне, я бачыў выдатныя будынкі, дзівіўся, якой цудоўнай стала ваша краіна, у тым ліку пад вашым мудрым кіраўніцтвам», — падзяліўся Прэм’ер-міністр Пакістана. Асабліва ён вылучыў выключную чысціню мінскіх вуліц. «І я хацеў бы аддаць належнае вашаму жаданню і далей весці да росквіту вашу цудоўную, вялікую нацыю», — сказаў Шахбаз Шарыф. Ён выказаў спадзяванне, што ў выніку добрыя адносіны Беларусі і Пакістана выльюцца ва ўзаемныя інвестыцыі. «Беларусь вельмі важная для нас з пункту гледжання сельскай гаспадаркі. Мы ведаем аб беларускіх трактарах. Мы ведаем, якую вялікую дапамогу могуць аказаць беларусы ў развіцці сельскай гаспадаркі нашай краіны», — адзначыў Прэм’ер-міністр Пакістана. Ён запрасіў беларускіх спецыялістаў з розных галін прыехаць у Пакістан і дапамагчы лакалізаваць вытворчасць, наладзіць абслугоўванне беларускай тэхнікі, каб рухацца далей.

«Мы зробім усё, каб вы не пашкадавалі аб гэтым супрацоўніцтве»

Перагаворы Аляксандра Лукашэнкі і Шахбаза Шарыфа працягнуліся ў шырокім складзе з удзелам членаў дэлегацый, у якія ўвайшлі міністры і службовыя асобы з двух бакоў.

«Дзякую Вам, спадар Прэм’ер-міністр, за тое, што прынялі маё запрашэнне і прыехалі ў гасцінную Беларусь. Шкада, што не зімой, як мы планавалі першапачаткова. Але з іншага боку, будзе стымул прыехаць да нас зноў, каб убачыць прыгажосць заснежаных беларускіх лясоў», — адзначыў беларускі лідар. Ён назваў сімвалічным тое, што беларускі і пакістанскі бакі не змяняюць традыцыям, і абмяняліся візітамі вельмі аператыўна, як гэта было дзесяць гадоў таму з Навазам Шарыфам, якога Аляксандр Лукашэнка называе сваім сябрам. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў 2015-м адбыліся першыя візіты на вышэйшым узроўні ў Ісламабад і Мінск. Тады былі падпісаныя стратэгічныя для адносін дзвюх краін палітычныя дакументы — Ісламабадская дэкларацыя беларуска-пакістанскага партнёрства і Дагавор аб сяброўстве і супрацоўніцтве.

«Стваральны дух гэтых дакументаў прайшоў выпрабаванне часам. Нягледзячы на сусветныя пэрыпетыі і выклікі бяспекі, нашы краіны засталіся добрымі сябрамі і надзейнымі партнёрамі, — заўважыў Прэзідэнт. — Падыходы Беларусі і Пакістана да ключавых пытанняў глабальнай павесткі супадаюць або падобныя».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў выключна канструктыўны характар узаемадзеяння Беларусі і Пакістана ў міжнародных арганізацыях. «Намаганні Беларусі ў ШАС хочам сфакусіраваць на вырашэнні не менш важных стваральных задач — развіцці сельскай гаспадаркі і забеспячэнні харчовай бяспекі. Ведаючы, якое вялікае значэнне Вы надаеце аграрнаму сектару, думаю, Вы мяне падтрымаеце. Мы выступілі з ініцыятывай аб арганізацыі асобнай экспазіцыі краін ШАС — „АграШАС“ у рамках Міжнароднай сельскагаспадарчай выстаўкі „БЕЛАГРА-2025“, якая пройдзе ў Мінску з 3 па 7 чэрвеня. Запрашаем узяць удзел у гэтай экспазіцыі дэлегацыю Пакістана, — адзначыў беларускі лідар. — У цэлым лічу, што сельская гаспадарка і ўсё, што з ёй звязана, з’яўляюцца драйверам нашага двухбаковага супрацоўніцтва».

Аляксандр Лукашэнка і Шахбаз Шарыф таксама абмяркоўвалі важную, далікатную тэму — працоўныя рэсурсы. «Мы ведаем, што гэта вялізны рэзерв — Пакістан. Вы валодаеце вялізнай колькасцю людзей, якія гатовы працаваць у Беларусі. 

Мы дамовіліся з вамі, што зробім усё, каб нашы пакістанскія сябры — рабочыя, сяляне, інтэлігенцыя — жадаючыя, маглі прыехаць у Беларусь і працаваць тут. Мы акажам ім адпаведную падтрымку. Мы таксама дамовіліся, што выпрацуем канкрэтны механізм прыезду сюды людзей для працы ў Беларусі. Нам яны вельмі будуць патрэбныя», — Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на яшчэ адзін аспект супрацоўніцтва.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўзаемадзеянне ў сферы сельскай гаспадаркі — шматграннае і мае доўгатэрміновыя перспектывы. «Перакананы: мы будзем адштурхоўвацца ад таго, што будзем ствараць сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі ў Пакістане і па вытворчасці трактароў „Беларус“, і прычэпных машын для апрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Мы зробім усё, каб вы былі ў гэтым зацікаўленыя і не пашкадавалі аб гэтым супрацоўніцтве», — прапанаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што дзякуючы аператыўнаму садзейнічанню Шахбаза Шарыфа ў Пакістане ўпершыню сертыфікаваны беларускія ветэрынарныя прэпараты. Беларускі бок разлічвае на пачатак паставак у бліжэйшы час. «Прапаную паскорыцца і перайсці да канкрэтных перагавораў па пастаўках беларускага насення збожжавых культур і кукурузы для вырошчвання ў Пакістане. Нашы профільныя міністэрствы з прыцягненнем дзелавых колаў дзвюх краін ужо да наступнага пасяўнога сезона павінны выйсці на рэальныя кантракты, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

— Ведаем, што ўрад Пакістана ставіць амбіцыйныя задачы па пераводзе да 2030 года трэці грамадскага транспарту на электрацягу. У нашага прадпрыемства „БКМ Холдынг“ ёсць усе неабходныя кампетэнцыі ў частцы вытворчасці сучасных электробусаў і суперхуткіх зарадных станцый. Мы гатовыя лакалізаваць вытворчасць гэтай тэхнікі ў Пакістане, што знізіць яе кошт, створыць новыя працоўныя месцы, прыцягне прагрэсіўныя тэхналогіі і кампетэнцыі».

Прэзідэнт прапанаваў разгледзець пытанне арганізацыі паставак сучасных кар’ерных самазвалаў БЕЛАЗ, грузавой і дарожна-будаўнічай тэхнікі МАЗ і «Амкадор» для патрэб вугальнай і меднаруднай галін, а таксама інфраструктурных праектаў Пакістана. «У сваю чаргу беларускія спажыўцы будуць рады пакістанскім таварам у магазінах. Па выніках беларуска-пакістанскага бізнес-форуму чакаем рост паставак вашай прадукцыі ў Беларусь, у прыватнасці рысу і мандарынаў, фармацэўтычнай і тэкстыльнай прадукцыі, спартыўных тавараў, адзення, абутку», — сказаў ён.

Па словах беларускага лідара, асаблівасць візіту Шахбаза Шарыфа заключаецца ў тым, што напярэдадні вельмі плённа папрацавалі члены ўрада абедзвюх краін, дзелавыя колы, якія абмяркоўвалі не толькі далёкія перспектывы супрацоўніцтва, але змаглі дамовіцца па канкрэтных пазіцыях і заключыць кантракты. «Калі мы аператыўна створым паветраны мост паміж Ісламабадам і Мінскам і падтрымаем паветраныя зносіны, то, я ўпэўнены, што мы вельмі сур’ёзна прасунемся ў гэтым напрамку. Тым больш, калі мы будзем прыцягваць працоўныя рэсурсы з Пакістана ў Беларусь (а гэта будзе), для людзей патрэбныя хуткія паветраныя зносіны. Мы гатовы ў гэтым напрамку працаваць», — запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што падчас гэтага візіту зроблена нямала. У гэтым, па яго словах, сур’ёзна дапамог і Наваз Шарыф. «Ён у нас выступаў як трацейскі суддзя. Я заўважыў, што ён практычна ўсе нашы пачынанні падтрымаў. Ён будзе рады, калі мы прасунемся ў нашых адносінах ужо на канкрэтнай базе», — падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Прэм’ер-міністру Пакістана за прыезд у Беларусь і выказаў спадзяванне на далейшыя сустрэчы, падчас якіх будуць зроблены сур’ёзныя крокі ў беларуска-пакістанскім супрацоўніцтве.

«Мы сапраўды гатовы працаваць разам і будзем рабіць усё, каб ператварыць пагадненні і мемарандумы ў канкрэтныя дзеянні, — заявіў Шахбаз Шарыф. — Я буду рабіць усё, каб двухбаковыя адносіны станавіліся яшчэ больш эфектыўнымі і дасягалі новых вышынь». Ён заўважыў, што паміж краінамі ўжо заключана каля сотні пагадненняў і мемарандумаў па супрацоўніцтве. Цяпер неабходна дзейнічаць хутка разам, каб гэтыя пагадненні ператварыліся ў канкрэтныя дзеянні, заўважыў Шахбаз Шарыф.

«Ведаю ваш стыль работы — менш размоў, больш справы. Давайце дасягаць вынікаў, гэты падыход блізкі і мне, — звярнуўся ён да беларускага лідара. — Мы сапраўды гатовы працаваць разам, я буду працаваць з вамі і буду рабіць гэта шчыра. З усіх сіл буду старацца ператварыць гэтыя пагадненні і мемарандумы ў рэальныя вынікі».

«Мы выйшлі на дамоўленасці канкрэтнага характару»

Па выніках перагавораў лідараў быў падпісаны цэлы пакет адпаведных дакументаў. 

Цырымонія абмену тэкстамі дагавораў і міжнародных дакументаў прайшла ў прысутнасці лідараў дзвюх краін. А затым яны пагаварылі з журналістамі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў абавязковасць Прэм’ер-міністра Пакістана, які абяцаў, што вялікай дэлегацыяй яны прыедуць у Беларусь, каб абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва. І сваё слова стрымаў. Беларускі лідар таксама павіншаваў пакістанскіх сяброў з нядаўнім заканчэннем святога месяца Рамадан. Што непасрэдна да перагавораў, то яны, па словах Прэзідэнта, прайшлі ў цёплай, даверлівай атмасферы. «Мы абмеркавалі шырокі спектр пытанняў, абмяняліся меркаваннямі па міжнародных і рэгіянальных праблемах. 

Мы выйшлі на дамоўленасці канкрэтнага характару па развіцці нашых адносін у тэкстыльнай прамысловасці на прыкладзе канкрэтнага прадпрыемства ў Баранавічах. Вельмі важна, што нашы пакістанскія сябры паабяцалі нам дапамагчы спецыялістамі ў тэкстыльнай прамысловасці, накіраваўшы іх на работу ў тым ліку і ў Баранавічы», — расказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Дасягнута дамоўленасць і аб тым, што ў найбліжэйшы час з Пакістана прыедуць спецыялісты з розных галін. «Няхай гэта будзе 100 тысяч, можа, 120–150 тысяч гэтых спецыялістаў. Мы гатовы прыняць іх у Беларусі і стварыць ім неабходныя ўмовы для работы», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

«У нас і Пакістана адзіная пазіцыя адносна далейшага развіцця і паглыблення палітычнага дыялога паміж нашымі краінамі, умацавання міжпарламенцкіх сувязяў, пашырэння дагаворна-прававой базы. Але ключавымі кірункамі супрацоўніцтва, безумоўна, застаюцца эканоміка і ўзаемны гандаль», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што ў лістападзе мінулага года ў Ісламабадзе бакі дамовіліся сканцэнтраваць намаганні на атрыманні практычных эканамічных вынікаў ад сумеснай работы. «Я рады канстатаваць, што ў нас агульнае бачанне прыярытэтаў. Першы і галоўны сярод іх — умацаванне харчовай бяспекі ў самым шырокім сэнсе гэтага слова. Гэта і пастаўкі сельгастэхнікі ў Пакістан, і арганізацыя зборкі беларускіх трактароў, прыцэпнай тэхнікі, і задавальненне попыту пакістанскага рынку на якаснае дзіцячае харчаванне, сухое малако, а таксама экспарт насення і ветэрынарных прэпаратаў. Усё гэта мы ўмеем рабіць і гатовыя падзяліцца вопытам з нашымі пакістанскімі сябрамі», — адзначыў Прэзідэнт. Ён падзякаваў Шахбазу Шарыфу за тое, што той пагадзіўся памяняць свой графік і замест кабінетнай работы выбраў наведванне аднаго з вядучых прадпрыемстваў па вытворчасці велікагрузных самазвалаў. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што там Прэм’ер-міністр канкрэтна зможа сказаць кіраўніцтву і працоўнаму калектыву, у чым мае патрэбу Пакістан і што БЕЛАЗ павінен зрабіць для Пакістана.

«У сваю чаргу, мы будзем рады бачыць у Беларусі больш прадуктаў з Пакістана. Мы таксама гатовы супрацоўнічаць з Пакістанам у плане паставак вашай прадукцыі на еўрапейскі рынак. Прынамсі, еўрапейцы з задавальненнем купяць вашу прадукцыю, яны ж санкцыі супраць вас не ўводзілі. Таму, калі ласка, скарыстайцеся Беларуссю, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, для таго, каб прасоўваць сваю прадукцыю на Захад», — прапанаваў Прэзідэнт пакістанскім партнёрам.

Бясспрэчным флагманам, які фарміруе аснову экспарту ў Пакістан, з’яўляецца трактарабудаўнічая галіна, звярнуў увагу беларускі лідар. Ён выказаў упэўненасць, што сёлета аб’ёмы паставак беларускіх трактароў у Пакістан будуць толькі ўзрастаць. Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў ходзе перагавораў уздымалася пытанне паставак у Ісламскую Рэспубліку Пакістан камунальнай, грузавой і кар’ернай тэхнікі айчыннай вытворчасці. Беларускі бок прапанаваў пакістанскім сябрам разгледзець магчымасць арганізацыі ў сябе зборкі электробусаў. Шахбаз Шарыф адзначыў, што яны хацелі б развіваць у сябе гэтыя кампетэнцыі, а беларусы гатовы падзяліцца досведам і навучыць спецыялістаў.

«Рухаючая сіла ў пашырэнні беларуска-пакістанскага супрацоўніцтва — безумоўна, дзелавыя колы дзвюх краін, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Менавіта таму са спадаром Прэм’ер-міністрам прыбыла паважная дэлегацыя прадстаўнікоў бізнесу, якія, паводле добрай традыцыі, прадуктыўна папрацавалі з беларускімі калегамі на бізнес-форуме. І ўвогуле гэта асаблівасць нашых перагавораў і візіту Пакістанскай дэлегацыі, што прадстаўнікі дзелавых колаў і дзяржаўныя служачыя, члены ўрада разам вельмі сур’ёзна працавалі над канкрэтнымі праектамі».

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, беларускі бок прапаноўвае пакістанскім прадпрымальнікам самыя спрыяльныя ўмовы для стварэння вытворчасцяў, арыентаваных на рынак не толькі Беларусі, але і ЕАЭС. «Я рады таму, што пакістанскія калегі настроены выкарыстоўваць усе існуючыя магчымасці і рэзервы для актывізацыі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва з нашай краінай. Перакананы, што за гэтым візітам спадара Шахбаза Шарыфа ў Мінск будуць новыя візіты і сустрэчы, а сяброўскія адносіны паміж нашымі краінамі будуць і далей мацнець і прыносіць карысць народам Беларусі і Пакістана», — падсумаваў Аляксандр Лукашэнка.

Шахбаз Шарыф падзякаваў беларускаму лідару і ўсім беларускім партнёрам за клопат аб пакістанскім народзе. «Я ведаю Вас як кіраўніка, які ведае, як трансфармаваць сваю краіну. Я стаў сведкам фенаменальнага прагрэсу, якога дасягнула ваша краіна пад Вашым кіраўніцтвам», — звярнуўся Прэм’ер-міністр Пакістана да Аляксандра Лукашэнкі. Па словах Шахбаза Шарыфа, пакістанскі бок шчыра зацікаўлены ў супрацоўніцтве з беларусамі. Ён заўважыў, што супрацоўніцтва моцных бакоў дзвюх краін можа не проста змяніць сітуацыю, а нават паўплываць на ход гісторыі. «Няма ні адной прычыны, каб мы не маглі атрымаць карысць ад вашага досведу ў розных галінах», — заявіў Шахбаз Шарыф.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што Пакістан паставіў амбіцыйную задачу па пераводзе да 2030 года трэці грамадскага транспарту на электрацягу. Аб гэтым казаў яшчэ яго брат Наваз Шарыф, калі быў Прэм’ер-міністрам. І ў гэтым кірунку вельмі дарэчы будзе дапамога беларускіх сяброў. Па яго словах, на глебе супрацоўніцтва ў гэтым кірунку Беларусь і Пакістан могуць стаць яшчэ бліжэй.

«Мы хочам вучыцца на вашым вопыце, выкарыстоўваць яго. Я ведаю, што Беларусь моцная ў вытворчасці абсталявання, у тым ліку для горназдабываючай прамысловасці. Ёсць кар’ерныя самазвалы і розная тэхніка. Пакістан мае багатыя мінеральныя рэсурсы, і гэты кірунак сумеснай дзейнасці можа быць вельмі перспектыўным. Можна зарабіць мільёны долараў у гэтай сферы. Думаю, што ў гэтых адносінах мы будзем выдатнымі партнёрамі», — падкрэсліў Шахбаз Шарыф. Ён таксама звярнуў увагу, што Пакістан — аграрная краіна, і супрацоўніцтва з беларускімі калегамі многае дасць пакістанскаму аграрна-прамысловаму комплексу.

«Дазвольце падзякаваць Вам ад усяго сэрца і ад усёй дэлегацыі, ад народа Пакістана за Вашу шчодрую прапанову і запрашэнне больш як сотні тысяч высокакваліфікаваных работнікаў з Пакістана прыехаць у Беларусь працаваць. Паверце, гэта прапанова зрабіла мой дзень яшчэ лепшым. Гэта сапраўдны падарунак, які я вязу з сабой з Беларусі», — сказаў Шахбаз Шарыф. Ён запэўніў, што ўсе пакістанскія спецыялісты, якія прыедуць працаваць у Беларусь, будуць выдатна падрыхтаваныя і чым змогуць, дапамогуць Беларусі. «Яны могуць стварыць той самы мост, які мы будуем паміж Мінскам і Ісламабадам», — заўважыў Прэм’ер-міністр.

Па традыцыі, на памяць аб гэтай сустрэчы Шахбаз Шарыф і Аляксандр Лукашэнка пасадзілі дрэва на тэрыторыі Палаца Незалежнасці.

Фота: БелТА


Якія дакументы былі падпісаныя па выніках перагавораў Аляксандра Лукашэнкі і Шахбаза Шарыфа 

  • Міжурадавае пагадненне аб рэадмісіі.
  • Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствамі ўнутраных спраў. 
  • Міністэрствы абароны дзвюх дзяржаў таксама падпісалі пагадненне аб ваенным супрацоўніцтве.
  • Падпісана Праграма («Дарожная карта») ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Дзяржаўным ваенна-прамысловым камітэтам Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам абароннай прадукцыі Ісламскай Рэспублікі Пакістан на 2025— 2027 гады. 
  • Паміж Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам па змене клімату і каардынацыі навакольнага асяроддзя Ісламскай Рэспублікі Пакістан падпісаны План мерапрыемстваў («Дарожная карта») па рэалізацыі Мемарандума аб супрацоўніцтве ў галіне на 2025–2029 гады. 
  • Таксама падпісаны дакументы ў галіне эканамічнага супрацоўніцтва, падтрымкі прадпрымальніцтва, развіцці гандлю паміж арганізацыямі і прадпрыемствамі Беларусі і Пакістана.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю