Top.Mail.Ru

Лукашэнка: Хачу, каб тут быў парадак, толк і людзі адчувалі сябе нармальна

Падрабязнасці рабочай паездкі Прэзідэнта на Магілёўшчыну


У ходзе камандзіроўкі ў Дрыбінскі раён Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з развіццём племянной жывёлагадоўлі і малочнай галіны. Вопыт канкрэтных сельгаспрадпрыемстваў — РУСВП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» і ААТ «Трылесіна-агра» — кіраўнік дзяржавы па традыцыі прапаўновае тыражаваць і маштабаваць. Задачы, якія прагучалі ў Дрыбінскім раёне, датычацца ўсёй краіны. Акрамя таго, беларускі лідар пагутарыў з журналістамі. Тэмы, якія закраналіся падчас размовы, датычацца як унутранай павесткі, так і міжнароднай. 


«Папрыбірайце ўсё і навядзіце парадак» 

Работу на Дрыбіншчыне Прэзідэнт пачаў з крытычных заўваг, якія датычыліся не толькі Магілёўскай вобласці. З борта верталёта кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што месцамі — паміж Барысавам і Беразіно — на палях з восені не была прыбрана салома. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што на большай частцы тэрыторыі Беларусі снег з палёў ужо поўнасцю сышоў, але ў паўночных і ўсходніх рэгіёнах яшчэ захоўваецца невялікае снежнае покрыва. «Гэта не снег, — удакладніў ён. — Надвор’е мінус-плюс. Ідэальная вясна». 

Прэзідэнт нагадаў аб ранейшым даручэнні па ўключэнні ў сельгасабарот зямель, на якіх размяшчаліся старыя фермы. «Вазьміце дамоўцеся з ваеннымі, міліцыяй, з кім заўгодна, але сёлета папрыбірайце ўсё і навядзіце парадак, — паставіў задачу беларускі лідар. — Трэба ўзараць гэтыя землі, якія раней былі пад фермамі». 


«Калі на іх ёсць попыт, дык трэба момантам карыстацца»

Першы пункт маршруту — племянны завод па развядзенні буйной рагатай жывёлы герэфордскай пароды РУСВП «Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства» ў вёсцы Пудаўня. Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні буйной рагатай жывёлы адной з самых папулярных у свеце мясных парод, якая адрозніваецца высокай вынослівасцю, непераборлівасцю і спакойным характарам. Акрамя таго, жывёлы гэтай пароды выдатна адаптуюцца да халадоў і хутка набіраюць масу. Іх мяса мае раўнамерную тлушчавую праслойку і лічыцца «мармуровым».

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб развіцці племянной жывёлагадоўлі і перспектывах гэтага кірунку. За пяцігодку Белплемжыўаб’яднанне мае намер нарасціць пагалоўе па краіне ўдвая — за кошт развіцця племзаводаў у пяці абласцях краіны.


Як канкрэтызаваў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, у цяперашні час пагалоўе племянной жывёлы складае каля 5 тысяч. «Мы будзем пашырацца: з 5 тысяч мы зробім 10 тысяч да 2030 года», — дадаў ён.

Адпаведным вопытам валодае менавіта Дрыбінскі раён. Пасля таго, як у 2021 годзе было прынята рашэнне аб арганізацыі племзавода па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, тут адрамантавалі, рэканструявалі, пабудавалі неабходныя памяшканні. Усе работы правялі за кошт уласных сродкаў і прыцягнення крэдытаў.

Прэзідэнт наведаў радзільнае памяшканне і цэх узнаўлення, дзе падрабязна азнаёміўся з працэсам штучнага асемянення і вырошчвання буйной рагатай жывёлы. 

Як праінфармаваў кіраўніка дзяржавы гендырэктар Белплемжыўаб’яднання Руслан Бярозавік, беларускія бычкі з поспехам рэалізуюцца на экспарт. 

«Калі на іх ёсць попыт, дык трэба момантам карыстацца, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — Калі ты можаш прадаваць на экспарт цяпер, і ёсць добры попыт, то ты кажы, што трэба. Мы зробім. Гэта будзе добры праект, такі, які акупіцца. Трэба ім зялёную вуліцу, калі ёсць попыт на гэту прадукцыю. І ўнутры (краіны. — „Зв.“) гэта трэба развіваць».


У гэтай сувязі, па словах Прэзідэнта, трэба ўкладвацца ў развіццё Дрыбінскага раёна. «Трэба ўкласціся, мужыкі тут могуць працаваць, — падкрэсліў беларускі лідар. — Вядома, дысцыпліна павінна быць. І ў гэтым плане мы дапаможам. Выключна таму, што ёсць экспарт. Ёсць у свеце попыт на падобную жывёлу. І нам трэба падумаць».

Пры гэтым, па словах Аляксандра Лукашэнкі, павінны быць парадак і жалезная дысцыпліна. «Гэта залежыць ад кіраўніка», — лічыць Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вопыт Дрыбінскага раёна можна найперш выкарыстоўваць у Віцебскай вобласці. Але патрэбны дакладныя разлікі.

«Што такое экспарт — для нас гэта найважнейшае пытанне, — канстатаваў ён. — Калі ёсць попыт, трэба пастарацца туды ўскочыць. Вось гэта трэба лічыць, трэба бачыць гэту перспектыву. Трэба пачынаць з Віцебскай вобласці. І не памыліцца. Мне патрэбны дакладны разлік».

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што падобную практыку варта распаўсюджваць па ўсёй краіне і рабіць усё прадумана. Па яго словах, у перспектыве адпаведнае пагалоўе буйной рагатай жывёлы будзе запатрабавана не толькі на экспарт, але і ўнутры Беларусі для запаўнення ўласных комплексаў. «Такімі тэмпамі, пад 18 %, рэнтабельнасць, пры такім попыце не займацца гэтым — злачынства», — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. 


«Край добры, яго трэба развіваць» 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, развіццё мясной жывёлагадоўлі з’яўляецца добрай перспектывай для Дрыбінскага раёна. 

«Я вам прапаную з губернатарам падумаць аб развіцці Дрыбінскага раёна, — канкрэтызаваў беларускі лідар, прапанаваўшы, калі трэба, падключыць да рэалізацыі гэтых праектаў частку Шклоўскага раёна. — І зрабіць нармальны раён. Але землі ўзяць цэлымі гаспадаркамі».

Пры гэтым Прэзідэнт парэкамендаваў паглядзець шырэй на развіццё раёна. Ён прапанаваў падумаць, што тут будуць рабіць, акрамя развіцця дойнага статка. «Малако зараз прыбытковае, рэнтабельнае, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба і ялавічыну зрабіць такой жа рэнтабельнай. Добры кірунак. Калі ёсць попыт, чаму не развіваць? Трэба вельмі сур’ёзна ва ўрадзе гэта прадумаць. Нам трэба вызначыцца, дзе мы яшчэ пабудуем комплексы. І каб яны былі запоўненыя».

Дрыбінскі раён для кіраўніка дзяржавы не чужы. Тут ён нярэдка бываў і ў студэнцкія часы, і вырашаў праблемы жыхароў раёна будучы дэпутатам. Невыпадкова кіраўнік дзяржавы заўсёды быў супраць, калі Дрыбінскі раён прапанавалі аб’яднаць яшчэ з якімсьці. 

«Хачу, каб тут быў парадак, толк і людзі адчувалі сябе нармальна, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Але для гэтага патрэбны вытворчасці. Край добры, яго трэба развіваць. Трэба падумаць, як яшчэ дадаць у яго жыццё. Я гатовы ў гэтым удзельнічаць».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў падумаць, дзе яшчэ ў краіне можна пабудаваць падобныя комплексы. Галоўная ўмова — каб яны былі цалкам укамплектаваны. «Попыт захаваецца яшчэ, — патлумачыў ён. — Таму трэба развіваць дадзены кірунак. Гэта тое, што трэба».

Кіраўнік сельгаспрадпрыемства падарыў Прэзідэнту карову, якая ў ліпені павінна прынесці прыплод. «У мяне яна будзе добра ўтрымлівацца. Гэта я абяцаю», — выказаўшы ўдзячнасць, запэўніў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт удакладніў, што калі народзіцца цёлачка, яна застанецца ў яго на ферме. Калі ж бычок — вернецца на Магілёўшчыну. 

У цэлым убачанае на племзаводзе беларускі лідар ацаніў станоўча. Аднак не абышлося і без крытыкі. Гаворачы аб праблеме падзяжу жывёлы, якая ў меншай ступені, але ёсць і ў гэтай гаспадарцы, беларускі лідар у чарговы раз указаў на недапушчальнасць такіх фактаў. У Прэзідэнта на гэты конт — зразумелы і канкрэтны аргумент: «Я не пераношу, калі жывёлы гінуць. Асабліва цяляты. Я ў вёсцы вырас».


«На сябе трэба разлічваць»

Другім пунктам прэзідэнцкага маршруту стала наведванне малочнатаварнага комплексу ААТ «Трылесіна-агра», які знаходзіцца каля вёскі Кароўчына. Комплекс пабудаваны па арыгінальным праекце і адкрыты пасля рэканструкцыі ў канцы 2025 года. МТК разлічаны на 1,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы. 

Старшыня Магілёўскага аблвыканкама далажыў кіраўніку дзяржавы аб планах па развіцці малочнай жывёлагадоўлі ў рэгіёне. Анатоль Ісачанка праінфармаваў, што да 2030 года плануецца пабудаваць і рэканструяваць 83 малочнатаварныя комплексы. Па яго словах, у гэтым пытанні ў рэгіёне ідуць з апярэджаннем.

Аб перспектывах развіцця гаспадаркі Прэзідэнту далажыў дырэктар ААТ «Трылесіна-агра» Віталь Курачаў. Ён удакладніў, што комплекс, які наведваў кіраўнік дзяржавы, нядаўна рэканструявалі. Сёлета плануецца пачаць рэканструкцыю другога МТК, які знаходзіцца на балансе гаспадаркі. Шэраг прапаноў прагучалі ў кантэксце аб’яднання сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. 

Аляксандр Лукашэнка заклікаў з розумам падыходзіць да пытання далейшага ўзбуйнення гаспадарак, каб не нашкодзіць. «Папярэджваю, каб вы штучна не аб’ядноўвалі землі, гаспадаркі і гэтак далей: „Сёння тры, а заўтра два зробім“, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Спяшацца не трэба. Падумайце, не спяшайцеся аб’ядноўваць-раз’ядноўваць».

Таму, перш чым прымаць рашэнне аб аб’яднанні, Прэзідэнт парэкамендаваў дырэктару сельскагаспадарчага прадпрыемства добра падумаць. «Калі табе яны хочуць нешта далучыць, ты глядзі, каб ты не рухнуў потым, — удакладніў ён. — І не спадзявайся, што хтосьці адтуль грошы дасць на ўтрыманне. На сябе трэба разлічваць. Я б не спяшаўся». 

Прэзідэнт яшчэ раз указаў на важнасць развіцця тэрыторый Дрыбінскага і суседніх раёнаў. Дзяржава ў гэтым гатова падставіць фінансавае плячо. Але праекты павінны быць акупляльныя. «Мы вам дадзім грошы ў доўг, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Не разлічвайце, што мы вам дадзім грошы і забудзем. Грошы трэба вяртаць, каб камусьці яшчэ дапамагчы». 

Прэзідэнт агледзеў кароўнік для раздою навацельных жывёл, прафілакторый для маладняку. Даючы ацэнку малочнатаварнаму комплексу, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ён утрымліваецца ў парадку, усё арганізавана разумна. Ва ўсім, па яго словах, бачыцца гаспадарскі падыход.

Па словах кіраўніка дзяржавы, на МТК усё зроблена тэхналагічна і зручна. Гэты вопыт, як звярнуў увагу Прэзідэнт, можна выкарыстоўваць і ў іншых гаспадарках. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што тэрмінам рэалізацыі новых праектаў не павінны перашкаджаць залішнія бюракратычныя ўзгадненні. У прыватнасці, Прэзідэнт папярэдзіў, што не павінна быць ніякага бюракратызму з усялякага роду праектна-каштарыснай дакументацыяй, зборам узгадненняў і подпісаў. Узяць гэта пытанне на жалезны кантроль даручана кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрыю Крутому. 

Яшчэ адным пунктам насычанай камандзіроўкі Прэзідэнта на Дрыбіншчыну стала гутарка з журналістамі. 

«Дысцыпліна — гэта аснова любога тэхналагічнага працэсу»

Журналісты пацікавіліся ў кіраўніка дзяржавы, ці застаўся ён задаволены ўбачаным на сельгаспрадпрыемствах Дрыбінскага раёна. Найперш — ці выконваюцца патрабаванні Прэзідэнта ў пытанні дысцыпліны. 

«Мы прыехалі ў самы „цёмны куток“ краіны, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Калісьці я працаваў у Шклоўскім раёне, недалёка ад Шклова мая гаспадарка была, а гэты, Дрыбінскі раён, здавалася, быў цемната-цемнатой».

Прэзідэнт узгадаў, што неаднойчы Дрыбінскі раён прапаноўвалася расфарміраваць. Аднак менавіта дзякуючы намаганням Аляксандра Лукашэнкі раён існуе як асобная тэрытарыяльная адзінка. І цяпер тут нядрэнна працуюць сельгаспрадпрыемствы, шэраг з якіх наведаў Прэзідэнт.

«Вось мы з дырэктарам (ААТ „Трылесіна-агра“. — „Зв.“) абмяркоўвалі тэму, — гаворачы аб важнасці дысцыпліны, адзначыў беларускі лідар. — Усё тэхналагічна, разумна, мадэрнізавана, рэканструяваны комплекс. Быў запушчаны. Зрабілі. Салідна, цудоўна, тэхналагічна. Я яму задаю пытанне: „Калі не будзе дысцыпліны тут, што з тваёй тэхналогіяй?“ Нават абмяркоўваць не стаў».


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дысцыпліна — гэта аснова любога тэхналагічнага працэсу. «Гэта не таму, што Лукашэнка — „дыктатар“, — патлумачыў ён. — Дысцыпліну нам дыктуе тэхналогія. Калі яе няма — мы такія грошы ўклалі і ўсё загубім, ніякай тэхналогіі не будзе. Таму я заўсёды гавару: дысцыпліна і дысцыпліна».

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выконваць дысцыпліну — гэта элементарнае патрабаванне, якое не цягне дадатковых фінансавых выдаткаў. «Гэта чалавечы фактар: ты павінен своечасова прыйсці, своечасова адсюль пайсці і выканаць тыя аперацыі, якія патрабуе тэхналогія, — канкрэтызаваў ён. — Не будзе гэтага — бяда».

Прэзідэнт указаў на пачатак новага этапу патрабаванняў, звязаных з выкананнем дысцыпліны. Пры гэтым беларускі лідар удакладніў, што ў гэтым пытанні нельга і пераціснуць. 

«Паступова, — удакладніў ён. — Адзін этап мы прайшлі. Цяпер узнімаемся на другі этап».


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яму важна ўбачыць вынікі бягучага года, які будзе паказальным. На гэта Прэзідэнт настройвае кіраўнікоў. «Гэты год — лакмусавая паперка для вас, паказчык у рабоце», — канстатаваў ён. Датычыцца гэта патрабаванне, як заўважыў беларускі лідар, і сродкаў масавай інфармацыі.

Па словах кіраўніка дзяржавы, гэты год будзе паказальны і для аграрыяў. Цяперашняе надвор’е, як ён заўважыў, спрыяе добраму ўраджаю. У сувязі з гэтым журналісты спыталі, якія задачы Аляксандр Лукашэнка ставіць перад аграрыямі сёлета.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў мінулым годзе ў краіне быў атрыманы нядрэнны ўраджай збожжавых і іншых культур. Невыпадкова пастаўлена задача — у наступныя гады пры ацэнцы работы аграрыяў і ўзроўню ўраджаю адштурхоўвацца ад высокай базы 2025 года. 

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што летась па краіне атрымалі 11,1 мільёна тон збожжавых. «Гэта вельмі высокі ўраджай у апошнія гады, — заўважыў беларускі лідар. — І я ім (адказным за развіццё АПК. — „Зв.“) сказаў — ніжэй нельга. І да гэтага года будзем прырастаць. Задача такая. Я і пагляджу, як яны будуць прырастаць: і па малаку, і па мясе, і па падзяжы, і па ўсім іншым».


Чалавечая і справядлівая пазіцыя 

Асобна журналісты закранулі сітуацыю ў Іране. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь у гэтым плане займае акуратную, узважаную пазіцыю. «Чалавечую. З Іранам у нас былі добрыя адносіны, — падкрэсліў ён. — Разбамбілі краіну. Старажытная краіна. Вельмі духоўныя людзі, мусульмане. Даўно з імі знаёмы. Моцныя вельмі людзі. Пачалася вайна. Вы бачылі, я сустракаўся з паслом (Ірана. — „Зв.“). Мы павінны былі па-чалавечы паступіць. Паступілі».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што Беларусь не ўвязваецца ў гэту вайну. «Я не хачу навязаць сваёй краіне пэўныя праблемы, — удакладніў ён. — Там амерыканцы з яўрэямі ўжо сабе столькі праблем стварылі...»

Прэзідэнт нагадаў, што раней Ізраіль разбамбіў сектар Газа, не пакінуўшы там нічога жывога. 

«Іран — гэта велізарная краіна, горныя масівы, — канстатаваў беларускі лідар. — Яны шмат пракапалі тунэляў і схавалі. Ні адна зброя не дастане. Гэта павінны былі ізраільцяне пралічыць і выкласці Трампу: „Вось такая сітуацыя, што будзем рабіць?“ Прыехалі, стрэльбу ў рукі, наперад... Што атрымалася? А нічога. Я ведаю, што яны хацелі. Гэта чатыры-пяць пунктаў: пачынаючы ад звяржэння ўлады і заканчваючы бамбёжкамі ядзерных аб’ектаў, адмовы ад ядзернай зброі».

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што атака на Іран, наадварот, згуртавала народ гэтай краіны. Па яго словах, удзельнікі атакі на Іран думалі, што пасля бамбёжкі ўвесь народ пойдзе супраць Вярхоўнага лідара гэтай краіны Алі Хаменеі. «А нічога не атрымалася, — канстатаваў Прэзідэнт. — А калі забілі Алі Хаменеі, там народ увогуле... Гэта ж мусульмане. Яны аб’ядналіся, і там ужо і апазіцыі няма. Ну што зрабілі? Нічога». 

Што датычыцца знішчэння іранскіх ядзерных аб’ектаў, кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што ніводны аб’ект не дасталі. «Тое, што на зямлі было, дык гэта лёгка аднавіць або замяніць, — лічыць Аляксандр Лукашэнка. — А тое, што яны схавалі ў горы, усё цэлае. Яны падштурхнулі працэс узбагачэння ўрану. Толькі горш зрабілі».

Па словах Прэзідэнта, зварот Ірана да Беларусі датычыцца пытанняў гуманітарнага характару. «Я ім гавару: „Калі ласка“, — падзяліўся падрабязнасцямі Аляксандр Лукашэнка. — Галоўнае, гавару, накарміць людзей. Яшчэ толькі пачатак быў. Высветлілася, меў рацыю». 

Беларускі лідар падкрэсліў, што гэта наша чалавечая пазіцыя. «Мы былі і ёсць пад санкцыямі разам з імі, — удакладніў ён. — Мы зыходзім з комплексу прычын і з гэтага выбудавалі нашу пазіцыю і наша стаўленне да Ірана. Чалавечае, справядлівае».


«Вядзём з імі перагаворы па ўсіх пытаннях»

Прэзідэнт расказаў журналістам, што ў бліжэйшы час адбудзецца чарговы раўнд беларуска-амерыканскіх перагавораў. Аляксандр Лукашэнка ўдакладніў, што перагаворы з амерыканцамі вядуцца дастойна, у іх не абмяркоўваюцца адносіны Беларусі з Расіяй і Кітаем.

«Мы абмяркоўваем нашы двухбаковыя адносіны: пачынаючы ад аднаўлення нармальнай работы пасольства да вызвалення так званых палітзняволеных (будзем тэрміны іх выкарыстоўваць), — канкрэтызаваў кіраўнік дзяржавы. — Хоць у нас такіх артыкулаў няма. І ім і тут гавару: калі нехта паспрабуе паўтарыць 2020 год (а там мы ўсе з вамі сербанулі ў 2020 годзе), рэакцыя будзе вельмі жорсткай. Скажу больш: не гледзячы ні на якія законы. Я буду на гэта вельмі жорстка рэагаваць». 

Прэзідэнт падкрэсліў, што павінен дзейнічаць так, як трэба, найперш у імя дзяцей і будучых пакаленняў. «Чалавечы падыход. Зыходзячы з таго вопыту, да якога вы мяне прывучылі і навучылі», — патлумачыў беларускі лідар. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, падчас перагавораў з амерыканцамі таксама будуць гучаць і эканамічныя пытанні, і пытанне санкцый. «Усё ў комплексе, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. — Там пытанняў дзесяць. Вядзём з імі перагаворы па ўсіх пытаннях».


Што датычыцца пытання зняволеных, што таксама ўключана ў парадак дня, Прэзідэнт адкрыта сказаў амерыканцам аб тым, што яны хочуць вызваліць тых, каго калісьці нанялі, каб звергнуць цяперашнюю ўладу Беларусі. «Ну што, мы будзем на гэтым жыць і будзем адзін супраць аднаго стаяць? — удакладніў Аляксандр Лукашэнка. — Час мяняецца. Жыць жа трэба. І пытанне ж не ўва мне. А пытанне ў краіне». 

Прэзідэнт удакладніў, што калі зняволеныя захочуць застацца ў Беларусі, іх ніхто з краіны не выганяе. «Але яны павінны выконваць закон», — назваў галоўную ўмову Аляксандр Лукашэнка. 

«Як да ўсіх, — удакладніў Прэзідэнт. — А што, міністра (прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. — „Зв.“) учора ці пазаўчора пасадзілі, а на іх глядзець будзем? Закон для ўсіх адзіны. Парушыў закон — ідзі. Вось такая шчырая размова. Застацца хочуць — калі ласка. Але ў рамках існуючага прававога поля». 

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што будзе весці перагаворы з амерыканцамі толькі з гэтых пазіцый. «Ніяк пад іх падладжвацца не будзем, — удакладніў ён. — Яны гэтага і не патрабуюць. Яны зразумелі, што гэтага не будзе».

«Я павінен гарантаваць бяспеку свайго народа і сваёй дзяржавы»

Асобна кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на асаблівасці праверкі Узброеных Сіл. 

«Нядрэнна», — даў папярэднюю ацэнку Галоўнакамандуючы. 

Па словах кіраўніка дзяржавы, у далейшым будзе правярацца тэхніка, якая арыентавана на процідзеянне беспілотнікам. У прыватнасці, гэта комплексы радыёэлектроннай барацьбы.

«Удасканальваем і ваенны складнік, нашу абаронку, — заўважыў Прэзідэнт. — Вясна закончыцца — зробім адпаведныя высновы».

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што павінен гарантаваць бяспеку свайго народа і сваёй дзяржавы. «Таму мы і праводзім гэтыя пазапланавыя праверкі», — патлумачыў ён.

«Нам трэба абараніць сваю краіну»

Прэзідэнт пракаменціраваў заявы з Украіны наконт таго, што разгорнуты на тэрыторыі Беларусі ракетны комплекс «Арэшнік» НАТА павінна лічыць законнай цэллю.

«Няхай лічаць законнай цэллю, — заўважыў кіраўнік дзяржавы. — Яны ж абураліся, плакалі, цяпер прыціхлі — тое, што я лічу законнай цэллю для Узброеных Сіл Беларусі. Не пагражаю. Вы што, думаеце, калі яны законнай цэллю будуць лічыць аб’екты на тэрыторыі Беларусі, я буду спаць і назіраць? 70 кіламетраў магу, 200 кіламетраў... У нас ёсць чым дастаць іх. Таму я б ім раіў не ляпаць языком і не вякаць». 


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што «Арэшнік» — гэта мабільная зброя. «Дзясятак ілжывых цэляў, — патлумачыў ён. — Гэта значыць выйдзе на маршрут 10 машын. Зверху паглядзелі — дзесяць „Арэшнікаў“. А ён будзе адзін. Таму на любую атруту проціяддзе заўсёды знойдзецца. І мы зыходзім з гэтага. Так, гэта крыху даражэй. Дзякуй Пуціну. Гэта асабіста яго дапамога. Але я яго гэта папрасіў — ён зрабіў. І пры тым заплацілі за гэта грошы. Дзякуй! Але мы купілі гэту зброю».

  • Пры гэтым беларускі лідар заўважыў, што ён, у адрозненні ад украінцаў, не лічыць законнай цэллю пэўную ўкраінскую батарэю пад Кіевам. Або польскую ці нямецкую. «Нават калі яны на нас нацэлены, — удакладніў Прэзідэнт. — Я ж іх не лічу законнай цэллю. Больш таго, учора ці пазаўчора беспілотнік упаў — параніла нашу жанчыну. Пачалі разбірацца — украінскі. Вы чулі, каб я выў, крычаў, вішчаў? Хаця меў на гэта права. І гэта не першы раз».

Прэзідэнт правёў разбор, па якой прычыне ўпаў згаданы беспілотнік. «Украінцы па нас удар не наносілі, — канстатаваў ён. — Расійская ўстаноўка радыёэлектроннай барацьбы працуе. Аглушылі гэты беспілотнік. Ён паляцеў не туды, сілкаванне скончылася — некіруема ўпаў. Вайна ідзе побач. Вось так здарылася. Ну так, можам пакрычаць, але што зменіцца? Нічога». 

Заявы з Украіны наконт таго, што разгорнуты на тэрыторыі Беларусі ракетны комплекс «Арэшнік» НАТА павінна лічыць законнай цэллю, Аляксандр Лукашэнка назваў самым сапраўдным глупствам. «І дурні пра гэта кажуць, — удакладніў ён. — Я не гавару, што мы заўтра бахнем гэтым „Арэшнікам“ па Вільнюсе, Варшаве або па Кіеве. Барані бог. Гэта не наша задача. Нам трэба абараніць сваю краіну. А каб не бахнуў „Арэшнік“, вы да нас не лезьце. Ні з Украіны, ні з Польшчы, ні з Літвы, ні з Латвіі. Давайце па-чалавечы вырашаць пытанні».

«Рост цэн на энергарэсурсы да дабра не прывядзе»

У Прэзідэнта пацікавіліся, каму выгадны рост цэн на энергарэсурсы на фоне канфлікту на Блізкім Усходзе. 

«Нікому, — падкрэсліў ён. — Рост цэн на энергарэсурсы да дабра не прывядзе. Гэта цэлы клубок. Выгады тут не будзе. Калі ў некага будзе, то гэта на кароткі прамежак часу. А далей пойдзе накручвацца. І інфляцыя будзе раскручвацца». 

  • Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што робіцца з доларам. «Золата каштавала нядаўна дзве тысячы з капейкамі, цяпер ужо пяць з паловай тысяч (долараў ЗША. — „Зв.“), — канкрэтызаваў ён. — І людзі імкнуцца адысці ад долара».

Што датычыцца росту цэн на энергарэсурсы, па словах кіраўніка дзяржавы, для Расіі на першым этапе гэта можа быць выгадна з фінансавага пункту гледжання. Але павышэнне цэн на энергарэсурсы, як падкрэсліў беларускі лідар, глабальна ў свеце прывядзе да росту кошту тавараў, якія ў тым ліку ў вялікіх аб’ёмах закупляе па імпарце Расія.

Прэзідэнт дадаў, што бачыць спробу з боку ЗША выйсці з канфлікту з Іранам. У гэтай сувязі ён раіць ЗША адпусціць схопленага раней венесуэльскага лідара Нікаласа Мадура або знайсці іншае дыпламатычнае выйсце. «Калі трэба, мы гатовы дапамагчы ў гэтым плане, яны нас у гэта ўвязалі», — адзначыў беларускі лідар. 

«Гэта павінна быць паступова, спакойна, без рэвалюцыйных узрушэнняў»

Адно з пытанняў, зададзенае Прэзідэнту, было звязана з кадравай палітыкай, якая праводзіцца ў тым ліку з улікам абранага курсу на пераразмеркаванне паўнамоцтваў.

Па словах кіраўніка дзяржавы, яго патрабаванне аб абавязковай наяўнасці некалькіх кандыдатур пры прызначэнні на важныя пасады застаецца ў сіле. «Павінна быць альтэрнатыва, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Павінны быць альтэрнатыўныя кандыдаты: дасведчаныя, здольныя. Альтэрнатыва павінна быць. І ў асноўным гэта так. Гэта пэўная канкурэнцыя. І я потым павінен параўноўваць».

Аднак і тут, па словах кіраўніка дзяржавы, бываюць выключэнні. Размова ішла аб кандыдатурах на пасаду кіраўніка ўрада, аблвыканкама. «Хто б што ні прапанаваў, я добра ведаю людзей, якія могуць, — адзначыў Прэзідэнт. — Гэта цэнтральнае звяно, цэнтральныя фігуры — губернатары і Прэм’ер-міністр».


Што датычыцца працэсу пераразмеркавання паўнамоцтваў на месцы, які прадаўжаецца пасля прынятых змяненняў у Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўсе хацелі паўнамоцтваў. «Ну, бярыце, — заклікаў ён. — А потым яны зразумелі, што ёсць жа і адказнасць, калі вам загрузілі дадаткова паўнамоцтвы. Адказнасць не вельмі хочуць несці. Я ім даю паўнамоцтвы, а яны ўпіраюцца». 

Прэзідэнт заўважыў, што працэс пераразмеркавання паўнамоцтваў, як правіла, займае некаторы час. «Як вопытны чалавек я разумею, што гэта за адзін дзень і за адзін год не робіцца, — удакладніў ён. — Гэта павінна быць паступова, спакойна, без рэвалюцыйных узрушэнняў. Гэта павінна быць эвалюцыйна. Гэта асноўны прынцып. Каб вам было лягчэй. Ламануць можна, рэвалюцыю можна зрабіць за тыдзень. Але людзям будзе цяжка». 

У якасці прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў павышэнне заработнай платы. Такія прапановы беларускаму лідару даводзіцца чуць ад прадстаўнікоў розных прафесій. 

«Давайце ламанём вам заробак такі, а ў каго забяром? — задаў рытарычнае пытанне беларускі лідар. — Робячы крок, трэба разумець: а што потым, да чаго гэта прывядзе».

Па словах Прэзідэнта, павышэнне заробкаў можа прывесці да павышэння тарыфаў на камунальныя плацяжы, медыцынскія паслугі, паслугі ў сферы адукацыі. А гэта людзям не спадабаецца. 

«Мы жывём нядрэнна, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Можа, не так, як усе хочуць. Жывём як можам, але нядрэнна. Дай бог, каб не было горш». 

Вераніка КАНЮТА

Фота БелТА

Дрыбінскі раён 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю