Top.Mail.Ru

Аляксандр Лукашэнка: «Калі будзем актыўнічаць, мы пераадолеем усе складанасці і цяжкасці»

На сустрэчы Прэзідэнта з губернатарам Валагодскай вобласці адкрыліся вялікія перспектывы пашырэння супрацоўніцтва


Георгій Філімонаў, губернатар Валагодскай вобласці, у Беларусі першы раз. Аляксандр Лукашэнка назваў гэта вялікім недаглядам. «Ну як: побач, родныя людзі — і першы раз у нас тут? Але я думаю, што гэта толькі пачатак, і вы, бываючы ў Маскве ці дзесьці бліжэй да нас, заўсёды знойдзеце час для таго, каб наведаць Беларусь. Ну, і лішні раз не толькі нагадаць пра вялікую Валагодчыну і пра сябе (гэта таксама важна), але і прарэвізаваць, як выконваюцца тыя дамоўленасці, якіх мы дасягнём. Хачу вам сказаць, што з нашага боку праблем быць не павінна», — запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка назваў галоўную мэту, якую ставіць, сустракаючыся з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў. Па-першае, гэта падзяка губернатарам за тое супрацоўніцтва, якое мы сёння маем. «Не было б вас, не было б і гэтага супрацоўніцтва. Асабліва ў былыя часы, яны былі не такія простыя і светлыя ў нашых адносінах, як цяпер, — адзначыў ён. — Праблемны час аб’ядноўвае людзей».

GOR_8896_RR-19_result.jpg

Па-другое, для Беларусі вельмі важна супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі. «Гэта, напэўна, самыя-самыя рускія рэгіёны Цэнтральнай Расіі. Вялікая павага нашага народа да рускага народа. Мы адзін народ фактычна. Ад аднаго кораня пайшлі і нарадзіліся, мы падобныя адзін на аднаго абсалютна, і ў нас прынцыпы адны і тыя ж, мы развіваемся так, як павінны развівацца славянскія народы. Тут размоў быць не можа. Таму мы хацелі б, каб у нас былі самыя добрыя і цёплыя адносіны», — патлумачыў кіраўнік дзяржавы.

Машынабудаванне, будаўніцтва, харчаванне — Прэзідэнт пералічыў кірункі, па якіх Беларусь і Валагодская вобласць могуць нарасціць тавараабарот 

На сустрэчы з губернатарам Валагодскай вобласці Георгіем Філімонавым беларускі лідар пералічыў кірункі, па якіх можна нарасціць супрацоўніцтва. 

У студзені — чэрвені гэтага года тавараабарот паміж Беларуссю і Валагодскай вобласцю склаў 316,4 мільёна долараў, што складае 100,9 % да ўзроўню аналагічнага перыяду мінулага года. У цэлым за апошнія гады паказчык рос: калі ў 2020-м тавараабарот складаў 335 млн долараў, то ў 2024-м дасягнуў 678,1 мільёна. Аляксандр Лукашэнка назваў тэмпы росту тавараабароту прыстойнымі. І пазначыў кірункі супрацоўніцтва, па якіх іх можна павялічыць.

Беларусь — машынабудаўнічая краіна і пастаўляе шмат тэхнікі на экспарт. Валагодчына таксама набывае шмат рознай беларускай тэхнікі, знаёмая з ёй. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў кожнай тэхнікі ёсць свае недахопы. «Але мы вам удзячныя за тое, што вы ацанілі нашу тэхніку і лічыце яе адной з прымальных па цане і якасці для вашай вобласці. Мы гатовы прапанаваць індывідуальныя фінансавыя праграмы для Валагодчыны і прадугледзець сэрвіснае абслугоўванне ўсёй той тэхнікі, якая будзе працаваць у вас», — прапанаваў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, гэта нават не павінна абмяркоўвацца: неабходна хаця б асноўнае сэрвіснае абслугоўванне тэхнікі, якая пастаўляецца на экспарт. І важна, каб былі людзі, якія будуць займацца сэрвісам. 

Наступны кірунак — трактарабудаванне. «Трактар вельмі любімы ў вашай вобласці і ў Расіі ў цэлым. Выпускаюцца, як мяне інфармуюць, каля 10 мадыфікацый і прыкладна столькі ж спецмашын на базе нашых трактароў. Мы гатовыя да пашырэння дадзенай лінейкі і зацікаўлены ў развіцці сумесных вытворчасцяў трактароў па ўсіх гэтых мадэлях», — адзначыў беларускі лідар. 

Валагодчына, як і ўся Расія, і постсавецкая прастора, і Беларусь, зацікаўленая ў пастаўках ліфтаў, таму што адбываецца іх масавая замена ў дамах яшчэ савецкай забудовы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова працаваць разам з Валагодчынай у гэтым кірунку. І прапанаваў узяць за ўзор досвед супрацоўніцтва з Санкт-Пецярбургам. 

«Па харчаванні. Калі вам патрэбныя нейкія аб’ёмы харчавання. Я ведаю, што вы і так паспяховыя ў гэтых адносінах, але ўсё ж вобласць адносна паўночная, магчыма, нейкія прадукты харчавання патрэбныя. Вы скажыце — мы гатовы з вамі супрацоўнічаць», — пазначыў беларускі лідар. 

Наступны кірунак — будаўніцтва. «Нашы магчымасці вы ведаеце. Мы гатовы працаваць з вамі не толькі ў галіне будаўніцтва, але і аздобных работ, і перш за ўсё аказваць праектныя паслугі. У нас вельмі магутны сектар, які займаецца праектаваннем і прамысловых прадпрыемстваў, і грамадскіх будынкаў, і жылля. Калі будзе ў вас неабходнасць, мы гатовы з вамі ў гэтым кірунку працаваць», — прапанаваў Аляксандр Лукашэнка. 

GOR_9478_RR-20_result.jpg

Прэзідэнт вылучыў і гуманітарнае супрацоўніцтва. «Вы як руская сапраўдная глыбінка адданыя нашым каштоўнасцям, агульным каштоўнасцям. Вы шмат робіце, каб абараніць нашу гістарычную памяць. Вы ведаеце нашу палітыку ў Беларусі — мы не зносім помнікі, мы іх узводзім», — сказаў ён. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды гатовы прыняць людзей, якія хочуць наведаць нашы мемарыяльныя комплексы і азнаёміцца з беларускай гісторыяй. «Мы вам вельмі ўдзячныя за тое, што ў Чарапаўцы (я ведаю, што гэта была ваша ініцыятыва) адкрылі выпускнікам Лепельскага і Чарапавецкага ваенных вучылішчаў помнік. Гэта вельмі важна», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. 

Рэзюмуючы, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кірункаў, традыцыйных і тыповых для супрацоўніцтва Беларусі і рэгіёнаў Расіі, мноства. «Мы гатовыя іх разглядаць, і вельмі хацелася б, каб яны былі адлюстраваны ў сумесным дакуменце, які, як я разумею, вы гатовы падпісаць з урадам Беларусі. Мы будзем рабіць усё, каб рэалізаваць нашы дамоўленасці. Дзякуй вам і вашым калегам, што прыехалі да нас. Калі мы будзем актыўнічаць у гэтым кірунку, то пераадолеем усякія складанасці і цяжкасці, у тым ліку і санкцыйнага характару», — падкрэсліў ён.

«Мы носьбіты аднаго культурнага гістарычнага кода»

У адказ Георгій Філімонаў прызнаўся, што, нягледзячы на тое, што ў Мінску першы раз, адчувае сябе тут як дома. «Мы — прадстаўнікі адзінага дрэва. Мы — носьбіты аднаго культурнага гістарычнага кода. У нас агульная спадчына. У нас агульная перамога, мы сустракаемся ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі  і вельмі цэнім подзвіг нашых продкаў, якія далі нам саму магчымасць жыць, нараджаць дзяцей, развівацца і перадаваць гэту памяць з пакалення ў пакаленне. Мы з нашымі беларускімі братамі і паплечнікамі змагаемся за гістарычную праўду, адстойваем гістарычную справядлівасць і мы перамагаем», — адзначыў губернатар Валагодскай вобласці. 

Даслоўна

«Мы маем мэту дасягнуць мільярда долараў тавараабароту да 2030 года»

Журналістам Георгій Філімонаў раскрыў падрабязнасці сустрэчы з беларускім лідарам і расказаў, якія планы ў Валагодскай вобласці на супрацоўніцтва з нашай краінай. Паводле слоў губернатара, Беларусь цяпер займае першае месца ў знешнегандлёвым абароце Валагодскай вобласці, яе доля складае каля 20 %. «Гэта яшчэ не мяжа, у нас ёсць нераскрыты патэнцыял, і мы імкнёмся да ўдасканалення нашага партнёрства, раскрыцця патэнцыялу нашых гандлёва-эканамічных адносін», — адзначыў ён. Георгій Філімонаў звярнуў увагу на тое, што Дні Валагодскай вобласці, якія прайшлі ў Мінску ў мінулыя выхадныя, былі прысвечаны таму, каб глыбей раскрыць гандлёва-эканамічны, інвестыцыйны, турыстычны, культурна-гуманітарны патэнцыялы рэгіёна для беларусаў. 

Па выніках мінулага года аб’ём экспарту валагодскіх тавараў у Беларусь склаў каля 450 мільёнаў долараў. Расце і імпарт беларускіх тавараў у Валагодскую вобласць — летась ён склаў 316 мільёнаў долараў. «Мы маем намер пашыраць усю лінейку ўзаемных паставак з мэтай дасягнуць паказчыка ў мільярд долараў двухбаковага тавараабароту ўжо да 2030 года», — падзяліўся планамі Георгій Філімонаў і расказаў аб намерах, рэалізацыя якіх прывядзе да дасягнення мэты. 

«У першую чаргу, гэта магчымасць будаўніцтва мультымадальнага, шматбрэндавага сэрвіснага цэнтра на тэрыторыі Валагодскай вобласці, які будзе абслугоўваць усю тэхніку беларускай вытворчасці. Сёння ў Валагодскай вобласці эксплуатуецца больш за шэсць тысяч адзінак беларускай тэхнікі. Мы прапанавалі разгледзець магчымасць размяшчэння такога аб’екта на тэрыторыі асаблівай эканамічнай зоны „Ляскова“, якая запушчана сёлета пры падтрымцы Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі. Мы прапануем цэлы шэраг падатковых ільгот рэзідэнтам гэтай асаблівай эканамічнай зоны», — адзначыў губернатар Валагодскай вобласці.

Другі вялікі праект — сумесная вытворчасць беларускай тэхнікі на тэрыторыі Валагодскай вобласці. Спачатку гэта можа быць зборка, затым — вытворчасць запчастак з лакалізацыяй да 70 % і з наступным выхадам на вытворчасць поўнай кампанентнай базы для таго, каб беларускую спецыяльную тэхніку кампаніі «Пажснаб» можна было вырабляць на тэрыторыі Валагодскай вобласці. «Летась Валагодская вобласць набыла 17 адзінак пажарных аўтацыстэрнаў вытворчасці кампаніі „Пажснаб“. Мы цэнім якасць гэтага беларускага вытворцы, яна адпавядае сучасным патрабаванням. Мы ахвотна выкарыстоўваем гэту тэхніку, і яна эфектыўна сябе паказала на тушэнні пажараў. Дарэчы, Валагодская вобласць займае другое месца па закупках гэтай пажарнай тэхнікі, на першым месцы — Санкт-Пецярбург. І мы хочам разгарнуць сумесную вытворчасць кампаніі „Пажснаб“ у нас у вобласці, каб пастаўляць на рынак Расіі гэту спецыялізаваную тэхніку», — падзяліўся Георгій Філімонаў. 

Паводле слоў губернатара, у Валагодскай вобласці напрацаваны цэлы шэраг партнёрскіх трэкаў па ўзмацненні акцэнтаў па ўзаемадзеянні з Беларуссю і інтэнсіфікацыі гандлёвага супрацоўніцтва. 

«Санкцыйны прэсінг нас яшчэ больш зблізіў, нават аб’яднаў і спрыяе рэалізацыі партнёрскіх праектаў, якія я згадваў, і многіх іншых», — адзначыў губернатар Валагодскай вобласці.

Георгій Філімонаў звярнуў увагу на тое, што, акрамя эканамічнага, трэба развіваць і гуманітарнае супрацоўніцтва. Валагодская вобласць — гэта 189 асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, 4 тысячы азёр, велізарная культурная і рэлігійная спадчына. Губернатар упэўнены, што патэнцыял для беларускіх турыстаў каласальны і ён будзе пашырацца і раскрывацца.

Валерыя СЦЯЦКО

У тэму

АПК, водазабеспячэнне, будматэрыялы, ліфты і тэхніка

Намеснік Прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч на сустрэчы з губернатарам Валагодскай вобласці Георгіем Філімонавым расказаў пра перспектывы супрацоўніцтва з расійскім рэгіёнам.

Віктар Каранкевіч адзначыў, што па выніках мінулага года тавараабарот харчовымі таварамі перавысіў 10,2 мільёна долараў.

— Гэта максімальны паказчык за апошнія пяць гадоў, аднак гэта толькі 1,5 % у агульным аб’ёме тавараабароту з рэгіёнам. Мы гатовыя нарошчваць пастаўкі беларускага харчавання, — адзначыў ён.

Актуальна і супрацоўніцтва ў будаўнічым комплексе.

— Актыўна ідуць узаемныя пастаўкі будаўнічых матэрыялаў. Спадзяюся на ўзаемавыгаднае развіццё гэтага кірунку гандлю, — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.

Ён звярнуў увагу, што беларускія кампаніі пакуль не ўдзельнічалі ў будаўніцтве ў Валагодскай вобласці, але вопыт супрацоўніцтва з іншымі расійскімі рэгіёнамі маецца.

— У цяперашні час намі актыўна ажыццяўляюцца праектаванне і будаўніцтва сацыяльных аб’ектаў у Калужскай, Ленінградскай, Уладзімірскай і Ніжагародскай абласцях.

Паводле яго слоў, спецыялісты «Белдзяржпраекта» і «Белпрампраекта» могуць прапанаваць свой вопыт у праектаванні аб’ектаў прамысловага, сацыяльнага і грамадзянскага прызначэння на тэрыторыі Валагодскай вобласці.

Акрамя таго, з 2009 года беларускія прадпрыемствы актыўна ўдзельнічаюць у мерапрыемствах па паляпшэнні водазабеспячэння жыхароў Валагодскай вобласці. За гэты перыяд прадпрыемствам «Палімерканструкцыя» 10 аб’ектаў паспяхова ўведзены ў эксплуатацыю, з іх 4 — у 2024 годзе. У прапрацоўцы 7 ачышчальных збудаванняў Сакольскага раёна Валагодскай вобласці.

Віктар Каранкевіч расказаў, што ўрады Беларусі і Валагодскай вобласці падпішуць праграму развіцця супрацоўніцтва на 2026–2028 гады. На яго думку, яна павінна стаць рабочым накіравальным інструментам для далейшага развіцця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

Беларусі таксама цікавы праект па стварэнні сумеснай вытворчасці ліфтаў. Прамыя сувязі Беларусі з рэгіёнамі Расіі заўсёды былі адным з прыярытэтаў двухбаковага супрацоўніцтва і асновай яго гандлёва-эканамічнага складніка, адзначыў Віктар Каранкевіч.

— У нас нядрэнныя паказчыкі ўзаемнага гандлю, — сказаў ён. — Тут назіраецца невялікая пазітыўная дынаміка. Пры гэтым лічу, што патэнцыял для росту далёка не вычарпаны.

Віцэ-прэм’ер прапанаваў губернатару расійскага рэгіёна падрабязна разгледзець усе наяўныя і перспектыўныя магчымасці супрацоўніцтва Валагодскай вобласці з «МЛМ Неўскі ліфт» і «Магілёўліфтмаш» па пастаўках ліфтавага абсталявання ў рэгіён, уключаючы стварэнне сумеснага прадпрыемства ў Валагодскай вобласці.

Прыярытэтным кірункам супрацоўніцтва бакоў застаецца прамысловы комплекс.

— Мы зацікаўлены ўдзельнічаць у абнаўленні парку сельскагаспадарчай тэхнікі ў гаспадарках Валагодскай вобласці, беларускія машынабудаўнікі здольныя задаволіць любыя запыты валагодскіх аграрыяў. Спадзяёмся на маштабную падтрымку закупак беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі з прыцягненнем сродкаў рэгіянальнага бюджэту. Таксама гатовыя прапанаваць свае фінансавыя інструменты і лізінгавыя схемы льготнага фінансавання на набыццё беларускіх машын, — звярнуў увагу віцэ-прэм’ер.

Беларускі бок бачыць перспектывы ў развіцці зборачнай пляцоўкі трактароў на базе АТ «Чарапавецкі ліцейна-механічны завод», пашырэнні лінейкі выпускаемай тэхнікі, а таксама паглыбленні лакалізацыі яе вытворчасці. Віктар Каранкевіч адзначыў, што краіна гатовая паставіць для рэгіёна экалагічна чысты электратранспарт «МАЗ» і «Белкамунмаш».

Акрамя таго, беларускія прадпрыемствы гатовыя прапанаваць як муніцыпальным, так і прыватным перавозчыкам рэгіёна шырокую лінейку выпускаемай пасажырскай тэхнікі.

Віктар Каранкевіч таксама запрасіў дэлегацыю Валагодскай вобласці паўдзельнічаць у Міжнароднай прамысловай выстаўцы «Інапрам. Беларусь», якая ўпершыню будзе праводзіцца ў Мінску ў канцы верасня — пачатку кастрычніка 2025 года.

Дарэчы, за паўгоддзе 2025 года тавараабарот паміж Беларуссю і Валагодскай вобласцю склаў 316,4 мільёна долараў, што складае 100,9 % да ўзроўню аналагічнага перыяду 2024-га. У цэлым за апошнія гады паказчык дэманстраваў рост: калі ў 2020 годзе тавараабарот складаў 335 мільёна долараў, то ў 2024-м лічба ўзаемнага гандлю дасягнула 678,1 мільёна долараў.

Асновай беларускага экспарту сталі прылады на вадкіх крышталях, лазеры, трактары і седлавыя цягачы, часткі і прылады аўтамабіляў і трактароў, азотныя ўгнаенні і іншае. З Валагодскай вобласці ў Беларусь пераважна пастаўляліся плоскі пракат з розных відаў сталі, дрот, медзь і медныя сплавы, адходы і лом чорных металаў, а таксама іншыя віды прадукцыі.

Па матэрыялах БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю