Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 23 сакавіка падпісаў указ № 100 «Аб правядзенні экстракарпаральнага апладнення». Дакумент прыняты ў развіццё дзеючай праграмы дзяржаўнай падтрымкі па ЭКА і прадугледжвае пашырэнне даступнасці дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогій для жанчын, якія жадаюць стаць маці. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Дзякуючы дзеючай праграме ЭКА ў Беларусі нарадзіліся 2528 дзяцей, што даказала яе эфектыўнасць і запатрабаванасць. Дзяржавай на гэтыя мэты накіравана каля 28 млн рублёў.
Указам прадугледжваецца правядзенне дзвюх бясплатных спроб ЭКА замест адной. Скарыстацца імі змогуць не толькі замужнія жанчыны, але і тыя, хто не знаходзіцца ў шлюбе. Прадастаўляць дзве спробы будуць пры выкананні некалькіх умоў. У іх ліку — узрост жанчыны, які не перавышае 40 гадоў, а таксама наяўнасць медыцынскіх паказанняў пры адсутнасці супрацьпаказанняў да правядзення гэтай працэдуры.
У выпадку, калі першая прадастаўленая бясплатна спроба ЭКА была паспяховай і цяжарнасць завяршылася нараджэннем дзіцяці, за жанчынай захоўваецца права на другую працэдуру ЭКА на бюджэтнай аснове да дасягнення ёю ўзросту 49 гадоў.
Выкананне ЭКА, як і раней, будзе праводзіцца ў дзяржаўных установах аховы здароўя, пералік якіх вызначаецца Саветам Міністраў.
Асноўныя палажэнні ўказа ўступаюць у сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Прыняцце дакумента дасць магчымасць павысіць дзяржаўную сацыяльную падтрымку беларускіх жанчын, даць ім дадатковыя магчымасці ў галіне аховы рэпрадуктыўнага здароўя.