Top.Mail.Ru

Кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, які прадугледжвае спрашчэнне адміністрацыйных працэдур

Зрабіць узаемадзеянне паміж людзьмі і дзяржорганамі максімальна даступным


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 9 студзеня падпісаў Указ «Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур», паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

У сувязі з гэтым у краіне будуць скарэкціраваны адміністрацыйныя працэдуры з улікам практыкі іх прымянення, а таксама змяненняў заканадаўчых актаў. Дакумент накіраваны на зніжэнне адміністрацыйнай нагрузкі на грамадзян, аптымізацыю і спрашчэнне значнай колькасці працэдур. Змены ўнесены на комплекснай аснове і з улікам прапаноў грамадскасці, шырокага кола зацікаўленых органаў і арганізацый.

Для зручнасці радавых грамадзян скарачаюцца колькасць прадстаўленых імі дакументаў пры звароце па ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур, а таксама тэрміны разгляду адпаведных зваротаў. Дадзеныя змяненні датычацца больш чым 100 адміністрацыйных працэдур і абумоўлены ў тым ліку задзейнічаннем лічбавых крыніц інфармацыі.

Выключаюцца працэдуры, якія страцілі сваю актуальнасць, у тым ліку з прычыны аўтаматызацыі ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі. Так, выключаецца неабходнасць атрымання бацькамі даведак, звязаных з забяспечанасцю дзяцей пуцёўкамі за кошт бюджэтных сродкаў. Адпаведныя звесткі будуць аўтаматычна запытвацца з адзінай сістэмы ўліку такіх дзяцей Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні.

Акрамя таго, памяншаюцца тэрміны ажыццяўлення шэрагу адміністрацыйных працэдур. У прыватнасці, скарачаецца з 1 месяца да 20 каляндарных дзён тэрмін выдачы акта праверкі ажыццяўлення кансервацыі незавершанага будаўніцтва.

Для больш поўнай рэалізацыі грамадзянамі сваіх правоў замацоўваюцца новыя адміністрацыйныя працэдуры. Напрыклад, гаворка ідзе аб атрыманні згоды органа апекі на адчужэнне жылога памяшкання ў інтарэсах непаўналетняга дзіцяці, якое знаходзіцца на дзяржаўным забеспячэнні.

Для ўзмацнення прававой абароненасці грамадзян пры ажыццяўленні шэрагу працэдур уводзяцца дадатковыя дакументы. Напрыклад, для дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці на праве агульнай сумеснай уласнасці сужэнцаў.

Даслоўна 

Задача — ісці ад жыцця

Як адзначыў у размове з журналістамі міністр юстыцыі Беларусі Яўген Каваленка, Указ № 5 «Аб змяненні ўказаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур», які падпісаў кіраўнік дзяржавы 9 студзеня, накіраваны на карэкціроўку пераліку адміністрацыйных працэдур, што здзяйсняюцца ў дачыненні да грамадзян, простых людзей. «Рашэннем кіраўніка дзяржавы карэкціруецца больш за 280 адміністрацыйных працэдур, якія здзяйсняюцца па заявах фізічных асоб, — канкрэтызаваў міністр юстыцыі. — Адпаведны дакумент карэкціруецца ў мэтах скарачэння колькасці дакументаў, якія падаюць простыя грамадзяне, а таксама скарачэння тэрмінаў іх разгляду і, вядома ж, павелічэння лічбавых крыніц атрымання інфармацыі для таго, каб людзям не трэба было падаваць і прыносіць пэўныя дакументы самастойна».

Кіраўнік ведамства прывёў некалькі канкрэтных прыкладаў таго, як будуць адкарэкціраваны адміністрацыйныя працэдуры: «Пры адміністрацыйных працэдурах, якія звязаны з пытаннямі нерухомай маёмасці, працэдурах, звязаных з пераводам жылога памяшкання ў нежылое, або працэдурах, звязаных з прызнаннем жылога памяшкання неадпаведным санітарным патрабаванням, ужо не трэба будзе падаваць дакументы, якія пацвярджаюць права ўласнасці на гэтае жылое памяшканне. Адпаведная інфармацыя будзе аўтаматычна запытана органам, які здзяйсняе працэдуру, з Адзінага дзяржаўнага рэгістра нерухомай маёмасці, правоў на яго і здзелак з ім, — патлумачыў Яўген Каваленка. — Калі казаць пра тэрміны разгляду заяў грамадзян, то, напрыклад, па адміністрацыйных працэдурах, звязаных з уключэннем фізічнай асобы, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у арганізацыю забудоўшчыкаў, тэрміны скарачаюцца з 1 месяца да 15 дзён. Па адміністрацыйнай працэдуры, звязанай з пацвярджэннем кансервацыі незавершанага будаўніцтва жылога дома, тэрміны скарачаюцца з 1 месяца да 20 дзён».

Пры гэтым, паводле слоў міністра, усе гэтыя карэкціроўкі максімальна ўлічваюць магчымасць бездакументальнага ўзаемадзеяння паміж дзяржаўнымі органамі і вызвалення грамадзян ад неабходнасці прадстаўлення адпаведных заяў. «Безумоўна, задача, якую ставіць кіраўнік дзяржавы, — ісці ад жыцця і рабіць яго, а таксама ўзаемадзеянне паміж грамадзянамі і дзяржаўнымі органамі, арганізацыямі максімальна простым і даступным для кожнага беларуса, — паведаміў міністр юстыцыі. — Сёння ў асноўным грамадзяне звяртаюцца ў службу „Адно акно“, якая дзейнічае ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Усяго на тэрыторыі нашай краіны дзейнічае 158 такіх службаў. 

І пацвярджае запатрабаванасць гэтага фармату работы факт: толькі за мінулы год у службу „Адно акно“ было пададзена больш за 1,5 мільёна заяў як ад фізічных асоб, так і ад суб’ектаў гаспадарання». Яўген Каваленка дадаў, што найбольш запатрабаванымі працэдурамі для насельніцтва з’яўляюцца працэдуры сферы сацыяльных і працоўных адносін, працэдуры ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і працэдуры ў сферы архітэктуры і будаўніцтва.

Трэнд на лічбавізацыю

Гаворачы аб трэндзе на лічбавізацыю, міністр сказаў, што гэта адзін з галоўных вектараў работы: 

«У дачыненні да больш чым 400 працэдур у цяперашні час можна звярнуцца як звычайным грамадзянам, так і суб’ектам гаспадарання дыстанцыйна — з дапамогай электронных сэрвісаў Е-Паслуга. Такія магчымасці даступны ў рамках агульнадзяржаўнай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы (ААІС)».

Таксама ў рамках падпісанага кіраўніком дзяржавы ўказа рэалізоўваецца магчымасць атрымання адным дзяржаўным органам інфармацыі ад другога без неабходнасці звяртацца па здзяйсненне адміністрацыйнай працэдуры. Напрыклад, у сферы забеспячэння дзяцей, насельніцтва пуцёўкамі ажыццяўляецца пераход ад неабходнасці атрымання такіх даведак проста да выкарыстання інфармацыі, якая ёсць ва ўліку самога дзяржаўнага органа праз бездакументальныя электронныя каналы сувязі.

Адпаведная работа будзе працягнута. «У рамках задачы, пастаўленай Прэзідэнтам, прыярытэтам у рабоце дзяржаўных органаў будзе з’яўляцца ўдасканаленне дзейнасці службаў „Адно акно“, павелічэнне колькасці адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца пры ўдзеле гэтых службаў, нарошчванне лічбавага ўзаемадзеяння і, вядома, далейшы перавод адміністрацыйных працэдур у электронны фармат для іх здзяйснення ў камфортным для грамадзян рэжыме», — рэзюмаваў Яўген Каваленка.

У тэму

Згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы па інвентарызацыі адміністрацыйных працэдур у мэтах іх дэбюракратызацыі, зніжэння нагрузкі на заяўнікаў праведзена доўгая, сур’ёзная і комплексная работа з аналізам прапаноў грамадзян, шырокага кола органаў і арганізацый. Аб гэтым заявіла член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Анжаліка Курчак. «У выніку істотна скарэкціраваны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. № 200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян. Значная колькасць працэдур спрошчана. Напрыклад, па больш чым 100 працэдурах скарочана колькасць дакументаў, якія прадстаўляюцца грамадзянамі».

Ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур, паводле слоў дэпутата, прыведзена ў адпаведнасць абноўленым законам. Так, па пытаннях дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці няма перашкод для звароту грамадзян у любое структурнае падраздзяленне арганізацыі па дзяржаўнай рэгістрацыі. «Для зручнасці ўнясення платы за здзяйсненне адміністрацыйных працэдур пашыраны магчымасці АРІП. У сувязі з гэтым з пераліку дакументаў, якія прадстаўляюцца заяўнікам, па мностве працэдур выключаны дакументы, якія пацвярджаюць унясенне платы, — адзначыла Анжаліка Курчак. — Развіццё лічбавізацыі ў нашай краіне дазваляе палегчыць збор грамадзянамі дакументаў — упаўнаважаныя органы для здзяйснення пэўных працэдур будуць атрымліваць неабходную інфармацыю самастойна. Напрыклад, даведка аб унясенні звестак аб жылым памяшканні ў пагаспадарчую кнігу сельскага (пасялковага) выканаўчага камітэта замяняецца запытам адпаведнага органа».

«Разам з тым з’явіліся новыя адміністрацыйныя працэдуры альбо дапоўнены спіс абавязковых да прадстаўлення дакументаў, — заўважыла дэпутат, але гэта таксама ў інтарэсах людзей. — Напрыклад, у рамках працэдуры прадугледжана атрыманне згоды органа апекі на адчужэнне жылога памяшкання альбо яго долі абавязанай асобай на карысць дзяцей — сацыяльных сірот. Пры дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, якая цягне ўзнікненне сумеснай уласнасці мужа і жонкі, пры адсутнасці неабходнай інфармацыі ў рэгістры насельніцтва (напрыклад, муж не з’яўляецца грамадзянінам Беларусі) неабходна прадставіць пасведчанне аб заключэнні шлюбу».

Вераніка КАНЮТА, Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю