Грамадзянам найбольш запатрабаваных прафесій будзе прадастаўляцца права набываць ва ўласнасць арэнднае жыллё ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек (акрамя Мінскага раёна) пры пэўных умовах.
Такое набыццё будзе магчыма, у прыватнасці, пры наяўнасці асноў для прызнання грамадзян маючымі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, стажу працы ў арганізацыі, якая дала жыллё, і тэрміну пражывання ў такім жыллі не менш за 10 гадоў, а таксама невыкарыстанні названымі грамадзянамі і членамі іх сем’яў дзяржаўнай падтрымкі пры ўзвядзенні, рэканструкцыі або набыцці жылля, адсутнасці ў іх іншых жылых памяшканняў ва ўласнасці ў населеным пункце па месцы знаходжання арэнднага жылля альбо фактаў іх адчужэння на працягу трох гадоў.
Аплату кошту арэнднага жылля можна будзе зрабіць у растэрміноўку на 15 гадоў, а таксама выкарыстоўваць на гэтыя мэты імянныя прыватызацыйныя чэкі «Жыллё» і сродкі сямейнага капіталу.
Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, дзяржаўныя органы (арганізацыі) будуць надзелены правам перадачы ва ўласнасць наймальнікаў размешчаных на сяле аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у блакіраваных жылых дамах дзяржаўнага жылога фонду, што эксплуатуюцца больш за 10 гадоў і патрабуюць капрамонту. Пры гэтым такое жыллё, прадастаўленае на час працоўных адносін, можа быць перададзена ва ўласнасць грамадзян, якія маюць стаж працы не менш за 5 гадоў у арганізацыі, што выдзеліла жылое памяшканне.
Прадастаўленне арэнднага жылля стала адной з тэм нарады Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніцтвам Савета Міністраў 29 мая. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта пытанне павінна стаць адным з прыярытэтаў на пяцігодку.
«У будучым годзе мы выйдзем да беларусаў з праектам праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, які будзе разгледжаны на Усебеларускім народным сходзе. Да гэтай сустрэчы трэба дакладна і зразумела адрэгуляваць усе палажэнні: дзе, хто, наколькі хутка і на якіх умовах можа прэтэндаваць на арэнднае жыллё, а з часам набыць яго па жаданні ва ўласнасць. Прычым нават у растэрміноўку», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.