Прэзідэнт падпісаў Закон «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці», якім комплексна ўдасканальваецца крымінальнае і крымінальна-працэсуальнае заканадаўства.
Дакумент яшчэ на стадыі законапраекта атрымаў шырокае грамадскае абмеркаванне. Па даручэнні кіраўніка дзяржавы была праведзена маштабная работа ва ўсіх рэгіёнах краіны. Змяненні, абумоўленыя індывідуальным падыходам да крымінальнай адказнасці, падтрыманы як зацікаўленымі органамі, так і простымі грамадзянамі.
У адпаведнасці з законам перагледжаны санкцыі 97 саставаў злачынстваў. З іх 65 дапоўнены альтэрнатыўнымі больш мяккімі відамі пакаранняў (24 саставы да цяперашняга часу ўтрымлівалі пазбаўленне волі як адзінае магчымае пакаранне). Яшчэ 32 саставы зменены ў частцы памеру пакаранняў.
Так, устанаўліваецца, што жанчынам і адзінокім мужчынам, якія выхоўваюць дзяцей ва ўзросце да 14 гадоў, а таксама непаўналетнім і інвалідам І групы, якія ўпершыню ўчынілі няцяжкія злачынствы, пазбаўленне волі не прызначаецца. Пры гэтым злачынства не павінна ўяўляць вялікай грамадскай небяспекі. У шэрагу выпадкаў гэта правіла прымяняцца не будзе. Напрыклад, пры здзяйсненні злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці або гвалтоўных злачынстваў.
Крымінальныя справы аб парушэнні правілаў дарожнага руху, што пацягнула прычыненне шкоды блізкім сваякам або членам сям'і вінаватага ў ДТЗ, будуць падлягаць узбуджэнню толькі па заяве пацярпелых. Такі падыход закліканы спрыяць унутрысямейным урэгуляванням канфліктаў.
Таксама законам прадугледжана ўзмацненне процідзеяння кіберзлачыннасці. У адпаведнасці з дакументам магчыма накладанне арышту на грашовыя сродкі, якія з'яўляюцца прадметам злачынства. Гэта дазволіць аператыўна блакіраваць выкрадзеныя сумы на рахунках і забяспечваць іх вяртанне пацярпелым. Замацоўваецца таксама механізм блакіравання нумароў мабільных тэлефонаў, фішынгавых сайтаў, іншых інтэрнэт-рэсурсаў, якія выкарыстоўваюцца зламыснікамі ў злачынных схемах.
Павышаецца абарона правоў непаўналетніх удзельнікаў крымінальнага працэсу. Цяпер удзел педагога, псіхолага будзе абавязковы як пры допыце падлеткаў, так і пры правядзенні з іх удзелам вочнай стаўкі і праверкі паказанняў на месцы.
Акрамя таго, законам прадугледжаны меры, якія дазваляюць судам больш гнутка (праз альтэрнатыўныя пакаранні ў выглядзе арышту і абмежавання волі) падыходзіць да прызначэння пакарання за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў.
Дарэчы, як адзначыў падчас абмеркавання законапраекта намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Андрэй Ліс, пашырэнне магчымасці дыферэнцыравана падыходзіць да прызначэння пакарання за такія злачынствы апраўдана. «Пад дзеянне гэтага артыкула трапляюць не толькі закаранелыя злачынцы, але і маладыя людзі, якія не да канца разумеюць, што яны здзяйсняюць», — заўважыў дэпутат. Ён таксама звярнуў увагу на тое, што замацаванне альтэрнатыўных пазбаўленню волі пакаранняў дае магчымасць судам пры прызначэнні пакаранняў улічваць усе акалічнасці справы, у тым ліку і асобу вінаватага, і ступень грамадскай небяспекі дзеяння. Такім чынам, цяпер заканадаўства будзе больш збалансаваным.
Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі Сяргей Хаменка падкрэсліў, што законапраект шырока абмяркоўваўся на ўсіх узроўнях: «Пачынаючы з дыялогавых пляцовак у калектывах, працоўных групах, дзе спецыялісты выказвалі, з аднаго боку, сваё меркаванне, а з другога — прагназавалі і мадэлявалі варыянты развіцця падзей пасля прыняцця гэтага закона». Ён таксама адзначыў, што змяненні тэрмінаў пакарання, увядзенне альтэрнатыўных відаў сведчаць аб сацыяльным падыходзе ў адносінах да людзей як судовых органаў, так і органаў унутраных спраў, сілавых структур і іншых. Пры гэтым Сяргей Хаменка заўважыў, што ў нашай краіне ўзровень злачыннасці адзін з самых нізкіх у краінах СНД.