Палітыка шматвектарнасці ніяк не аддаляе Беларусь ад Расіі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з губернатарам Ульянаўскай вобласці Расіі Аляксеем Рускіх, перадае БелТА.
«Што да нашых гандлёва-эканамічных адносін, вы добра ведаеце нашы магчымасці. Я заўсёды губернатарам Расіі кажу: глядзіце, калі мы нешта можам зрабіць у гэтай сітуацыі для вас, заўсёды зробім. Нягледзячы на тое, што там гавораць вакол нас. І асабліва тое, што пішуць, асабліва ў Расіі, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я вельмі ўважліва адсочваю сродкі масавай інфармацыі, паколькі вайна ў тым ліку сёння ідзе найперш у СМІ. І шчыра вам скажу, што часам са здзіўленнем чытаю тое, што некаторыя там ці то блогеры, ці то яшчэ нехта папісваюць у дачыненні да Беларусі. Пра шматвектарнасць і гэтак далей. Ужо колькі разоў казаў пра гэта, што шматвектарнасць ніяк не аддаляе нас ад Расійскай Федэрацыі».
Лукашэнка падкрэсліў зацікаўленасць Беларусі ў сумесным з Расіяй развіцці самалётабудавання
У ліку сфер, дзе бакі апошнія гады актыўна ўзаемадзейнічаюць у рамках прамысловай кааперацыі, згадвалася самалётабудаванне. Як вядома, ва Ульянаўскай вобласці размяшчаецца авіябудаўнічы завод «Авіястар» — адзін з буйнейшых у Расіі.
Аляксандр Лукашэнка прапанаваў больш інтэнсіўна супрацоўнічаць у гэтай сферы, прыцягваць айчынныя прадпрыемствы для выканання большай колькасці работ.
«Вы нас больш падцягвайце да самалётабудавання. База ёсць, школа ёсць. Дапамагайце з тэхналагічным абсталяваннем, мы будзем добрымі вам памочнікамі. Самалёт мы не зробім — вы павінны яго рабіць. А вось пакрыху падключайце да тых напрамкаў, дзе мы можам нешта зрабіць для вас», — сказаў кіраўнік дзяржавы.
Лукашэнка расказаў аб дамоўленасці з Пуціным па азотным камбінаце і прапанаваў падключыць ЗША
«З Уладзімірам Уладзіміравічам дамовіліся, што „Газпрам“ падключыцца ў нас да рэалізацыі праекта па будаўніцтве азотнага камбіната. Трэба амерыканцам прапанаваць. Яны хочуць угнаенні — азотныя ў тым ліку — калі ласка, давайце разам пабудуем. Па вашай тэхналогіі. Вы (ЗША. — Заўвага БелТА), „Газпрам“ і Беларусь. У нас ужо пляцоўка падабрана, усе сеткі існуюць. Не — будзем з „Газпрамам“, расіянамі будаваць і гатовую прадукцыю прадаваць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.