Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час нарады з кіраўніцтвам Савета Міністраў выказаўся наконт змянення рэжыму вулічнага асвятлення, паведамляе БелТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што скарачэнне часу работы вулічнага асвятлення нават на кароткі прамежак дае ў маштабах краіны значную эканомію грашовых сродкаў. Па сумах гэта супастаўна, напрыклад, з затратамі на будаўніцтва некаторых аб’ектаў для АПК або дадатковымі расходамі для павышэння пенсій. «Кухараў (старшыня Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў. — Заўв. БелТА) на 15 хвілін або на 10 нават святло выключыў раней — божа мой, з Украінай параўналі! Дзесяць хвілін! А ніхто не палічыў, што гэтыя 10-15 хвілін, як Уладзімір Яўгенавіч кажа, па годзе даюць тры малочнатаварныя комплексы па кошце і сем прафілакторыяў для цялят, як модна зараз гаварыць. Але самае галоўнае: з 1 лютага (я падпісаў указ) — павышэнне пенсій. Крыху, на 10 %, але павысілі пенсіі ў гэтых умовах пенсіянерам. Калі за год узяць гэту эканомію (на вулічным асвятленні. — Заўв. БелТА), гэта практычна гэта павышэнне. Дзесяць хвілін пацярпець», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў такіх буйных гарадах, як Мінск, дастаткова і дадатковых крыніц асвятлення, акрамя вулічных ліхтароў, у тым ліку святло ад будынкаў, жылых дамоў, вітрын і гэтак далей. Таму, паводле слоў Прэзідэнта, складана зразумець, як нехта нібыта вымушаны быў перамяшчацца па сталіцы «навобмацак» або з цяжкасцю арыентаваўся ў прасторы з-за карэкціровак у рэжыме гарадскога асвятлення.
Кіраўнік дзяржавы расказаў, што і асабіста раніцай напярэдадні нарады праманіторыў, наколькі светла на вуліцы ў той ці іншы час: «Раз у акно, другі раз, на вуліцу выйшаў — ну, калі можна ўвогуле выключыць святло?»
«Трэба аддаць належнае: нарэшце губернатар Мінскай вобласці выключыў святло ў вёсках вакол вёскі Прэзідэнта. Дзякуй вам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.