Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка параіў беларусам больш актыўна набываць пустуючыя дамы, участкі ў невялікіх населеных пунктах, далей ад гарадской мітусні. Пра гэта кіраўнік дзяржавы заявіў на нарадзе па пытаннях забеспячэння сельскага насельніцтва шырокім асартыментам тавараў пад поўную патрэбнасць, перадае БелТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі развіваюць апорныя сельскія населеныя пункты — аграгарадкі і буйныя вёскі. Рамантуюць і будуюць новыя дарогі, пастаянна павышаюць патрабаванні да гандлёвага абслугоўвання на вёсцы.
Прэзідэнт упэўнены, што ў будучыні якраз аграгарадкі і буйныя вёскі (былыя цэнтры калгасаў і саўгасаў) застануцца і будуць развівацца. Для гандлю зручна, што яны знаходзяцца ў асноўным паблізу буйных дарог. А вось маленькія вёсачкі, магчыма, часткова знікнуць і пераўтворацца ў нейкія іншыя фарматы.
Адзін з іх — такі модны сучасны кірунак, як «избинг». Ён ужо атрымаў распаўсюджанне ў Беларусі, але ў асноўным пакуль за кошт расіян. Хоць Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да беларусаў, якія жывуць у гарадах, даўно заклікае набываць пустуючыя дамы, участкі ў невялікіх населеных пунктах, далей ад гарадской мітусні, дзе ёсць магчымасць і на зямлі папрацаваць, басанож пахадзіць, і дзяцей аздараўляць, прывучаць іх да фізічнай актыўнасці. «Месцаў свабодных хапае», — заўважыў ён.
«Аказваецца, расіяне — яны Бацьку пачулі: скупляюць вось гэтыя ўчасткі. Тым больш у Беларусі развітая сістэма дарог чыгунак, аўтамабільных — усё ёсць. І яны пустыя хаты скупляюць, рамантуюць, у парадак прыводзяць, дзесьці зносяць, — сказаў Прэзідэнт. — А беларусы мяне не чуюць».
«Глядзіце, беларусы, прыйдзе час, будзеце рукамі разводзіць, але будзе позна», — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.