Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, наведваючы ААТ «Зеніт-БелОМА», даручыў Міністэрству прамысловасці асвоіць вытворчасць гідраўлічных вузлоў для айчыннай тэхнікі, перадае БелТА.
Кіраўніку дзяржавы было падрабязна даложана аб шырокай лінейцы прадукцыі холдынга «БелОМА», у склад якога ўваходзіць «Зеніт-БелОМА». Прадпрыемствы холдынга вырабляюць апараты пнеўматычнага тармазнога прывада, аўтакампаненты для кар’ерных самазвалаў, вагавымяральную тэхніку медыцынскага прызначэння і іншае.
Калі гаворка зайшла аб вытворчасці аўтакампанентаў для кар’ерных самазвалаў, Прэзідэнт звярнуўся да міністра прамысловасці Андрэя Кузняцова, паставіўшы задачу асвоіць вытворчасць гідраўлічных вузлоў для айчыннай тэхнікі.
«Табе задача: гідраўліку мы павінны асіліць у гэтым і наступным годзе. Так што рыхтуйся. Гэта як Каранкевічу (намесніку Прэм’ер-міністра Віктару Каранкевічу. — Заўв. БелТА) — прэс-падборшчык і даільны робат, так табе — гідраўліку, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Колькі я працую Прэзідэнтам, мне толькі абяцаюць яе зрабіць і ніяк не зробяць».