Для вырашэння праблемы з дэфіцытам працоўных рэсурсаў у Беларусь трэба прыцягваць мігрантаў з іншых краін. Займацца гэтымі пытаннямі павінны перш за ўсё кіраўнікі прадпрыемстваў і мясцовай вертыкалі. Пра гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 мая, прымаючы кадравыя рашэнні, перадае БелТА.
У размове з новымі кіраўнікамі мясцовай вертыкалі кіраўнік дзяржавы закрануў праблему недахопу працоўных рэсурсаў. «Як і ва ўсім свеце, акрамя, можа быць, некаторых краін Азіі і Афрыкі, у нас дэфіцыт працоўных рэсурсаў. Дзякуй богу, яшчэ не катастрафічны. Але мы не павінны да катастрофы даводзіць, — сказаў прэзідэнт. — Таму прынятая пастанова аб прыцягненні працоўных рэсурсаў, перш за ўсё з былых рэспублік Савецкага Саюза». Пры гэтым, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, прадстаўнікі краіны не выязджаюць за мяжу, каб каго-небудзь агітаваць або настойліва запрашаць на працу ў Беларусь. Ёсць людзі, якія самі хочуць сюды прыехаць.
Па гэтай тэматыцы кіраўніком дзяржавы нядаўна падпісаны ўказ, які датычыцца адказнасці наймальнікаў за замежных работнікаў. Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў першую чаргу кіраўнікі прадпрыемстваў на месцах і кіраўнікі раёнаў павінны быць зацікаўлены ў прыцягненні кадраў. Менавіта яны і павінны займацца іх падборам. «Калі на нейкім прамысловым прадпрыемстве, папяровай фабрыцы ці яшчэ дзесьці патрэбныя людзі, хай кіраўнік наймае гэтых людзей, якія прыязджаюць у Беларусь з розных краін. Мы нікога не абмяжоўваем. Наймайце, заключайце з імі дагавор, працуйце», — арыентаваў кіраўнік дзяржавы.