Top.Mail.Ru

«Патрэбна эфектыўная сістэма абслугоўвання ў маштабах краіны»

Жорсткая размова ў Палацы Незалежнасці — не толькі аб гандлі



«Мы павінны прыняць усе рашэнні для таго, каб забяспечыць нармальнае жыццё нашых людзей, і перш за ўсё на вёсцы», — з такім пасылам Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пачаў нараду па пытаннях эфектыўнасці сістэмы гандлёвага абслугоўвання

Кіраўнік дзяржавы часта нагадвае, што без вёскі не будзе краіны. Таму людзі на вёсцы павінны жыць камфортна і мець у доступе ўсе неабходныя тавары і прадукты. За дзве з паловай гадзіны, а менавіта столькі працягвалася нарада, абмеркавалі не толькі гандлёвыя пытанні, а паглядзелі шырэй — на забеспячэння камфортнага жыцця на вёсцы.

GOR_0519_R-05_result.jpg

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што цяпер дамы ў сельскай мясцовасці пад дачы або для пастаяннага пражывання ўсё часцей сталі купляць гараджане і, што асабліва каштоўна, маладыя сем’і. «Дай бог, каб гэта было так, што гараджане пачалі купляць дамы ў сельскай мясцовасці. Пра што я беларусаў прасіў, заклікаў іх рабіць гэта цяпер, бо купяць іншыя, — адзначыў Прэзідэнт. — Зразумела, што для жыхароў такіх вёсак закрыццё стацыянарнай крамы — падзея, якая спараджае масу праблем. І натуральна, што ў ХХІ стагоддзі страта магчымасці купіць самае неабходнае выклікае заканамерныя прэтэнзіі»

Закрыццё крамы ў вёсцы беларускі лідар назваў вялікай праблемай для тых людзей, якія там пражываюць. «Для чалавека ўсё роўна, чый аб’ект закрыўся — прыватнага прадпрымальніка, камунальнай уласнасці або сістэмы спажыўкааперацыі», — заявіў Прэзідэнт. Таму ўраду і аблвыканкамам была пастаўлена задача — патрэбна эфектыўная сістэма абслугоўвання ў маштабах краіны, якая павінна стаць гарантам якасці і сацыяльнай адказнасці гандлю перад людзьмі. 

«Зыходзячы з прадстаўленага мне даклада ўрада, высновы такія, як звычайна: усё па плане, насельніцтва абслугоўваецца на належным узроўні, але стрымліваюць развіццё гандлю нейкія рэгулятарныя бар’еры, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Хочацца спытаць, вы самі разумееце, што пішаце? Гэта, па-вашаму, галоўныя перашкоды для работы сельскіх крам? Кіраваць не можам, рэгуляваць працэс не можам. Я б хацеў ведаць, хто вам устанаўлівае гэтыя бар’еры рэгуляторыкі, акрамя вас саміх, і чаму яны яшчэ не ліквідаваны, тыя бар’еры? Па вашых жа даных, рэалізоўваецца некалькі краінавых канцэпцый, стратэгій і планаў для сельскіх жыхароў. Дык чаму такія праблемы і незадаволенасць насельніцтва?».

GOR_1986_R-16_result.jpg

З апошніх прыкладаў непрадуманых рашэнняў Аляксандр Лукашэнка назваў атрыманне электронных лічбавых подпісаў і маркіроўку тавараў спецыяльнымі паметкамі і знакамі, якія, паводле яго слоў, для невялікай крамы ў тры паліцы — цэлы квэст. 

«Наогул, у любой справе можна дайсці да абсурду, увайшоўшы ў адміністрацыйны запал. Даніна модзе — бесталковая лічбавізацыя, напрыклад, уліку і продажу малочных прадуктаў, выклікала бурнае абурэнне як пакупнікоў, так і прадаўцоў (аж да звальнення) ва ўсіх рэгіёнах», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, ураду трэба яшчэ раз вярнуцца да гэтага пытання і ў самыя кароткія тэрміны ўсё разумна спрасціць. А калі неабходна — зрабіць для вёскі асаблівы парадак. Прэзідэнт заўважыў, што людзям на вёсцы не трэба шмат — малако, мяса, кавалак хлеба», а не лічбавізацыя.

«У невялікія вёскі, хай нават неперспектыўныя, варта прыцягнуць гандлёвыя сеткі для абслугоўвання насельніцтва»

Прэзідэнт выдзеліў яшчэ адну прэтэнзію ў насельніцтва — аптымізацыя маршрутаў аўталавак. «Людзі скардзяцца на нязручны графік работы аўтакрам і бедны асартымент. Мясцовыя ўлады не ў стане гэта ўрэгуляваць? Ці ў вас зноў бар’еры ў рэгуляторыцы?» — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Нароўні з нерытмічнай арганізацыяй стацыянарнага і раз’язнога гандлю ёсць яшчэ адзін адчувальны для спажыўца аспект — наяўнасць тавараў са скончанымі тэрмінамі прыдатнасці. «Няма тавару — дрэнна, але пратэрміноўка — гэта чырвоная лінія! — абурыўся Прэзідэнт. — Такога быць не павінна! Фактаў дастаткова. Адказнасць за абслугоўванне насельніцтва ляжыць на мясцовых органах улады. Вы як ніхто ведаеце, што адбываецца ў рэгіёнах, і абавязаны арганізаваць гандаль у раёнах так, каб не было ніякіх нараканняў. Слухайце, гэта заўсёды было задачай райкама партыі і райвыканкамаў».

2.jpg

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэлым схема павінна быць простая, і расказаў, як яна павінна дзейнічаць на практыцы: «У раённым цэнтры працуюць некалькі добрых, максімальна напоўненых таварамі гандлёвых цэнтраў, у аграгарадках — крамы меншыя. У вялікіх вёсках, што засталіся ад цэнтраў калгасаў, якія аб’яднаны былі, неабходна навесці парадак і арганізаваць работу звычайнай крамкі, пабудаваць, адрамантаваць, забяспечыць кадрамі і таварамі нармальнай якасці. І крайняе звяно — зручны для людзей развазны гандаль або дастаўка (каапсаюз, пошта ці прыватнік)». 

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў невялікія вёскі, хай нават неперспектыўныя, варта прыцягнуць гандлёвыя сеткі для абслугоўвання насельніцтва. «Трэба забяспечыць баланс: будуеш прыбытковы бізнес у сталіцы і іншых буйных гарадах — вазьмі на сябе сацыяльную адказнасць па абслугоўванні спажыўца на вёсцы. Тым больш што праблемных раёнаў не так ужо і шмат. Я хачу, каб вы гэта пачулі: у нас усе разумныя гандляры кінуліся ў буйныя гарады, пабудавалі тут крамы. Нядрэнна жывуць, праўда, на Лазурным беразе ўсе гаспадары і ўласнікі. Ну дык арганізуйце так, каб яны працавалі там, у глыбінцы, — паставіў задачу Прэзідэнт. — Інструменты ёсць. Нядаўна ў васьмі раёнах для буйнога сеткавага гандлю мы пашырылі магчымасць ахопу спажыўцоў».

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пры прызначэнні міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю на пасаду даручаў дабрацца да кожнага аддаленага кутка краіны і навесці там парадак. Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ў міністра Артура Карповіча, як выбудавана сістэма гандлёвага абслугоўвання насельніцтва ў сельскай мясцовасці арганізацыямі ўсіх формаў уласнасці? Што рэальна, а не ў планах зроблена? 

«Прапануйце любыя дзейсныя меры ў раёнах», — запатрабаваў Прэзідэнт. Ён спытаў: як задавальняецца пакупніцкі попыт? «Зразумела, што ў сельскай краме няма сталічнай разнастайнасці. Як вырашаем гэту праблему? Якія меры прымаюцца, каб прыцягнуць прадаўцоў у сельскія крамы і мінімізаваць страты гандлёвых арганізацый? І якая цана вырашэння пытання для дзяржавы?» — пазначыў яшчэ шэраг пытанняў беларускі лідар.
«Такімі тэмпамі вы страціце ўсю гандлёвую сетку»

Асобна кіраўнік дзяржавы пацікавіўся работай Белкаапсаюза. «Кааперацыі неаднаразова аказвалася дзяржаўная падтрымка. Толькі на паліва для аўталавак сёлета выдзелены адзін мільён трыста тысяч рублёў. Калі вы і далей плануеце так арганізоўваць гандаль Белкаапсаюза, гэта вам будзе сур’ёзны мінус. Мы што, паліва павінны для гандлю закупляць? Гэткіх цудаў яшчэ не было, — іранічна заўважыў Прэзідэнт. — Мы яшчэ летась дамовіліся, што губернатары са сваіх бюджэтаў змогуць вам дапамагчы з рамонтамі крам. Гэта што, не падтрымка?».

Аднак колькасць гандлёвых аб’ектаў на вёсцы ўсё роўна скарачаецца. Аляксандр Лукашэнка прывёў лічбы: год таму іх доля ў агульным аб’ёме складала амаль 25 працэнтаў, а сёння — ужо каля 23. 

«Такімі тэмпамі вы страціце ўсю сваю гандлёвую сетку, у якой пакуль яшчэ можаце збываць прадукцыю, што вырабляецца вамі, — перасцярог Аляксандр Лукашэнка. — Як мне дакладваюць, станоўчых зрухаў у фінансавых патоках ад гандлёвай дзейнасці няма (страты — 33 мільёны рублёў). Але сябе яны не забыліся. Заробак, дапусцім, у кіраўніцтва Белкаапсаюза вышэйшы, чым у большасці міністраў (у 1,5 раза большы, чым у міністраў жыллёвай гаспадаркі і эканомікі, у 1,2 раза — чым у міністра прамысловасці)». А колькасць крам на вёсцы скарачаецца, як звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, па прычыне ў тым ліку і невысокай (часам мізэрнай) зарплаты прадаўцоў.
1.jpg
Трэба з розумам падыходзіць да забеспячэння жыцця людзей на вёсцы

Паводле слоў Прэзідэнта, агучаныя пытанні — гэта толькі малая частка маштабных праблем на вёсцы. «У СМІ, сацыяльных сетках, на форумах людзі сістэматычна падымаюць пытанні закрытых ФАПаў, дзіцячых садкоў, паштовых аддзяленняў, банкаў і да таго падобнае», — адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што трэба да ўсяго падыходзіць з розумам і, вырашаючы пытанне аптымізацыі сацыяльных устаноў, глядзець не на стандарты, а глыбей — на значнасць гэтага аб’екта для людзей. Напрыклад, у асобных выпадках замест таго, каб захоўваць школу, дзе 3-4 чалавекі вучацца ў адным класе, мэтазгодней арганізаваць падвоз дзяцей у суседнюю школу, дзе яны могуць атрымліваць нармальную адукацыю. 

У прыклад таго, што да кожнага выпадку трэба ставіцца індывідуальна, Прэзідэнт прывёў свежы выпадак з аграгарадка Гаршчэўшчына Талачынскага раёна Віцебскай вобласці, з якім даручаў разабрацца адказным асобам. У аграгарадку быў зачынены дзіцячы сад, які наведвалі мала дзяцей, але гэта дзеці работнікаў мясцовага сельгаспрадпрыемства, важных спецыялістаў, патрэбных гаспадарцы. 

«Я быў кіраўніком — быў зацікаўлены ў тым, каб у дзіцячы сад хадзілі дзеці, таму што вызваляюцца ў дадзеным выпадку сем пар рабочых рук», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Як альтэрнатыву людзям прапанавалі падвозіць малых у дзіцячы сад за 7-10 кіламетраў. «Трох-, чатырохгадовых дзетак даярка павязе за 7-10 км у дзіцячы сад? Вы там звар’яцелі? — абурыўся Прэзідэнт. — Вы гэтага не бачыце? Адпраўце свайго ўнука або дзіцятка чатырохгадовае ў гэты дзіцячы сад за трыдзевяць зямель!»

У выніку праблема была вырашана, дзіцячы сад у гэтай мясцовасці застаўся, і бацькі працягваюць працаваць на сваіх месцах са спакойнай душой за тое, што іх дзеці пад наглядам. 

Але гэта толькі адзін падобны выпадак, які трапіў у поле зроку Прэзідэнта. А колькі падобных прыкладаў па краіне? Кіраўнік дзяржавы настойліва запатрабаваў з розумам вырашаць усе праблемныя пытанні па забеспячэнні жыцця людзей на вёсцы: «А то мы разумныя: калі трэба хлеб убіраць, тады мы бачым гэтых калгаснікаў, а больш-менш прыстойныя ўмовы не можам стварыць. Ды калі б мы не маглі!»

Што датычыцца дапамогі таму ж Белкаапсаюзу, ды і іншым галінам і арганізацыям, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў рэальнай аддачы, а не проста даваць ім грошы. «Яшчэ адзін „падарунак“ у мяне сёння раніцай на стале — 10 мільёнаў выдзеліць сельскай гаспадарцы на закупкі рэгулятараў росту для рапсу. Што значыць — выдзеліць? У крэдыт — вось 10 мільёнаў, заўтра павінен вярнуць, калі рапс атрымаеш. Не можаш грашыма, давай натуральную прадукцыю мы ў цябе возьмем», — заявіў кіраўнік дзяржавы. І паўтарыў: раскідвацца бюджэтнымі грашыма проста так нельга, іх ёсць на што выдзяляць. 

1.jpg

Нармальныя крамы людзям патрэбныя ўжо сёння

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч далажыў, што па выніках работы за першае паўгоддзе гандаль займае другое месца ў ВУП — 9,6 %. Паказчык росту рознічнага тавараабароту выконваецца: пры мэтавым значэнні 104,5 % ён склаў 108,6 %. На 1 студзеня 2025 года ў краіне функцыянавала амаль 86 тысяч рознічных аб’ектаў, іх штогадовая колькасць павялічваецца ў сярэднім на 1,5 %. «У вёсках павялічваецца ў нас колькасць гандлёвых пунктаў?» — удакладніў Прэзідэнт, робячы акцэнт менавіта на сельскай мясцовасці. 

Артур Карповіч адказаў, што колькасць гандлёвых пунктаў у вёсках застаецца амаль нязменнай, за апошнія 5 гадоў зменшылася на 1,5 %. Пры гэтым адбываецца замяшчэнне на электронны гандаль, які актыўна развіваецца ў краіне. Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў на гэта скептычна: «Дык вы мяне дэзынфармуеце наконт цяжкага становішча з крамамі на вёсцы?»

Міністр удакладніў, што электронны гандаль актыўна развіваецца не толькі ў горадзе, але і на вёсцы. У сельскай мясцовасці адкрываюцца пункты выдачы, выкарыстоўваецца актыўна «Белпошта», Белкаапсаюз, Wildberries і Ozon, іншыя інтэрнэт-крамы. «Ну так, „баба Дуня“ сядзіць і тыцкае ў айфон...» —  вобразна заўважыў на гэта Прэзідэнт. Ён заклікаў улічваць і інтарэсы людзей больш сталага ўзросту, для якіх электронны гандаль нязвыклы і карыстацца ім яны не ўмеюць. 

Старшыня Нацыянальнага статыстычнага камітэта Іна Мядзведзева ўдакладніла сітуацыю лічбамі. Так, штогод колькасць крамаў у сельскай мясцовасці скарачаецца на 100-250 адзінак. У цэлым доля рознічнага тавараабароту ў сельскай мясцовасці падае. Ён ужо займае 13,4 %, а ў мінулыя гады ён і да 20 % даходзіў. Напрыклад, летась ён быў 14 %. «Гэта значыць, кожны год адымаецца пакрыху доля сельскай мясцовасці. І гэта сведчыць пра тое, што сёння забеспячэнне насельніцтва абслугоўваннем гандлёвымі аб’ектамі недастатковае», — прывяла лічбы кіраўнік Белстата. 

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю адзначыў, што праблему не адмаўляе. Ён звярнуў увагу на тое, што распрацаваныя сацыяльныя стандарты ў частцы забеспячэння насельніцтва аб’ектамі гандлю выконваюцца. Калі казаць пра сельскую мясцовасць, то ў 26 населеных пунктах стандарты не выконваюцца. Але гэтыя населеныя пункты размешчаны літаральна за 100-200 метраў ад іншых, дзе дастаткова крам, у якіх абслугоўваюцца людзі. Артур Карповіч запэўніў, што ўсе пералічаныя пытанні мясцовыя органы ўлады бачаць і кантралююць. Па словах міністра, пад увагай знаходзіцца і якасць прадукцыі. У гэтым удзельнічаюць і дэпутаты, і прадстаўнікі прафсаюза, і мясцовыя органы ўлады. 

«Гандаль на вёсцы заўсёды быў і застаецца нашым прыярытэтам. Бо мае высокае сацыяльнае значэнне. Пасля развалу Савецкага Саюза, у адрозненне ад іншых краін, нам удалося захаваць касцяк спажывецкай кааперацыі на вёсцы, якая і сёння працягвае працаваць. Так, колькасць яе аб’ектаў скарачаецца, гэта мы прызнаём. Але туды прыходзіць прыватны бізнес, малы бізнес, адкрываюцца новыя прадпрыемствы таварыстваў з абмежаванай адказнасцю», — адзначыў Артур Карповіч.

Міністр гандлю звярнуў увагу на тое, што нярэдка скаргі ў Інтэрнэце, у сацыяльных сетках не адпавядаюць рэчаіснасці, у асноўным гэта хайп і накруткі дзеля павелічэння колькасці падпісчыкаў. Прэзідэнт з гэтым пагадзіўся. «Сёння „ціктокаюцца“: ах, недзе пацукі пабеглі. Дык што, Прэзідэнт паедзе пацукоў лавіць? Гэта ж вы там на месцы са сметнікамі разабрацца не можаце і ў вас пацукі бегаюць», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. 

Пры гэтым, падкрэсліў міністр гандлю, спажывец, яго прэтэнзіі і меркаванне застаюцца галоўным фактарам. Прэзідэнт на гэта заўважыў, што, як правіла, ідэалістычная карціна складваецца толькі ў дакладах. Але трэба ведаць, што робіцца на зямлі. 

1.jpg

Да 1 студзеня па гандлі павінна быць сістэма

Падводзячы вынікі нарады, Прэзідэнт паставіў дакладную і канкрэтную задачу: па гандлі павінна быць сістэма. У нас сістэмная дзяржава, падкрэсліў беларускі лідар. 

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што ў краіне ёсць рэгіёны (горад Мінск і вобласці), раёны, больш за 1400 аграгарадкоў, буйныя вёскі. Ёсць і маленькія хутаркі, і вёсачкі, якія называюць неперспектыўнымі. Там жывуць 7-10 чалавек, у асноўным пажылога ўзросту, але яны, зрабіў акцэнт кіраўнік дзяржавы, у свой час стваралі краіну. «Вось зыходзячы з гэтага вы павінны выпрацаваць сістэму абслугоўвання людзей. У вас разам з урадам 1 студзеня тэрмін. І не дай бог памочнікі і ўпаўнаважаныя ўбачаць хоць адну вёсачку, дзе „баба Дуня“ не атрымала тое, на што яна ўсё жыццё працавала», — папярэдзіў Прэзідэнт. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што добрыя прыклады ёсць. Ёсць прыклады, калі мясцовае сельгаспрадпрыемства адкрывае ў вёсцы сваю краму, дзе ёсць усё неабходнае. Чаму б не выкарыстаць падобны вопыт? «Зрабіце па ўсёй краіне так. Гэта невялікія грошы. Задзейнічайце любыя рэсурсы», — даручыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў прарэвізаваць усю краіну на прадмет таго, як жывуць людзі і як яны павінны жыць. Па яго словах, па сутнасці не так шмат для гэтага і трэба: «Важна забяспечыць асартымент. І цэнаўтварэнне. Галоўнае — цэны».

Даслоўна 

«Кіравацца трэба не толькі меркаваннямі прыбытку»

Пра асноўныя пасылы, агучаныя кіраўніком дзяржавы на нарадзе, і пастаўленыя ім задачы, адказныя асобы пасля расказалі журналістам. 

Трэба акуратна, уважліва і кропкава вырашаць 

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур Карповіч адзначыў, што вырашаючы асноўную задачу — выпрацаваць выразную сістэму гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, у першую чаргу, у сельскай мясцовасці — важна дайсці да кожнага дома і да кожнага жыхара. Па яго словах, асноўная нагрузка тут ляжыць на мясцовых органах улады, але і МАРГ у баку не застанецца. 

Журналісты пацікавіліся, хто будзе адказваць за абслугоўванне малых вёсак. «Я не думаю, што тут будзе нейкая ўніверсальная формула. Сказаць, што гэта будзе выключна буйная гандлёвая сетка... Не, гэта залежыць ад знаходжання гандлёвага аб’екта, які найбліжэйшы гандлёвы пункт, якія аўтакрамы абслугоўваюць насельніцтва. МАРГ будзе разглядаць гэтыя пытанні сумесна з аблвыканкамамі, каб выбудаваць надзейную сістэму гандлёвага абслугоўвання. Варта выключыць такія сітуацыі, пры якіх, напрыклад, сеткавая крама пачне работу ў пэўным населеным пункце, а праз некаторы час проста адтуль сыдзе. Тут трэба акуратна, узважана і кропкава вырашаць», — растлумачыў Артур Карповіч. 

На нарадзе ён дакладваў, што сёння на вёсцы актыўна развіваецца электронны гандаль. Журналісты ўдакладнілі, як знайсці баланс паміж інтэрнэт-крамамі і крамамі рэальнымі, станцыянарнымі. Па словах міністра, гэта сапраўды складанае пытанне: «Сёння чалавеку добра і ён купляе па інтэрнэце. А заўтра інтэрнэт-крама зачынілася, пастанавіла, што ёй гэта эканамічна нявыгадна, і пайшла з гэтага раёна. Але да гэтага моманту ўжо і стацыянарны аб’ект зачыніўся, таму што яму стала нерэнтабельна працаваць з-за пакрыцця тэрыторыі інтэрнэт-крамай. Зноў жа тут няма адзінай формулы. Мясцовай уладзе, якая вывучае і ведае канкрэтную мясцовасць і канкрэтнага суб’екта, варта падпісваць з ім адпаведныя абавязацельствы. Проста так узяць і кінуць людзей, сысці з гэтага населенага пункта — будзе прынамсі несправядліва. А па вялікім рахунку, недапушчальна. Таму мы будзем прымаць меры, каб падобных сітуацый не дапусціць», — сказаў Артур Карповіч. 

Ён расказаў, што насельніцтва часта па многіх пытаннях звяртаецца непасрэдна да кіраўніцтва Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. «Мы ў сваю чаргу адкрытыя для спажыўца праз Telegram-канал, праз наш сайт. Мы апытваем людзей, даведваемся, якія праблемы ёсць, даведваемся адрасы крам і, выязджаючы, звязваючыся з мясцовай уладай, вырашаем тыя ці іншыя праблемы», — запэўніў Артур Карповіч. 

1.jpg

Не забываць пра сацыяльныя функцыі 

Пра тое, як арганізаваны гандаль у сельскай мясцовасці, журналістам расказалі і старшыні аблвыканкамаў, якія таксама прысутнічалі на нарадзе. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў галоўным вынікам нарады назваў пасыл кіраўніка дзяржавы аб тым, што не трэба толькі лічыць эканоміку тых, хто прадае і гандлюе на вёсцы. Гэта ўсё ж такі больш сацыяльная функцыя клопату пра нашых людзей. 

Юрый Караеў вылучыў і патрабаванне ўзмацніць ролю вертыкалі ўлады — райвыканкамаў, сельсаветаў, дырэктараў гаспадарак — у рабоце з арганізацыямі гандлю. «Вядома, гандаль там, дзе мала пакупнікоў, стратны. Але за кошт іншых прэферэнцый, якія дадзены аблспажыўтаварыству, яны выцягваюць, як катамаран, і кампенсуюць свае выдаткі», — сказаў старшыня Гродзенскага аблвыканкама. Ён звярнуў увагу, што кіравацца трэба не толькі меркаваннямі прыбытку, эканоміі або ўліку выдаткаў. Гэта, вядома, важна. Але ёсць і сацыяльныя функцыі. Па словах губернатара, для таго, каб людзі жылі на вёсцы, каб працавалі ў сельскай гаспадарцы, каб туды ехала моладзь, ім неабходна ствараць усе ўмовы, забяспечыць асартымент тавараў у мясцовых крамах. 

Юрый Караеў расказаў, што асабіста пастаянна камунікуе з кіраўніком абласной спажыўкааперацыі, цікавіцца праблемамі. «Я заўсёды стараюся вырашаць на яго карысць. Таму што калі ён эканамічна паспяховы, то з яго можна спытаць. Калі стратны, то трэба глядзець чаму, дзе закрэдытаванасць, чым дапамагчы. Можа, проста не хапае арганізатарскіх здольнасцяў», — сказаў старшыня аблвыканкама. 

1.jpg

Гэта важнае кадравае пытанне... 

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык галоўнай задачай назваў «дайсці да кожнага чалавека», каб кожны жыхар сельскай мясцовасці быў забяспечаны як харчовымі, так і нехарчовымі прадуктамі. Асноўную нагрузку нясе ў гэтым плане спажыўкааперацыя. «Вельмі важна, Прэзідэнт гэта падкрэсліў, нашы сеткі, якія працуюць у вялікіх гарадах, якія зарабляюць вялікія грошы, трэба прыцягваць да вырашэння гэтага пытання. І замацоўваць за пэўнымі населенымі пунктамі, каб яны забяспечвалі стандартныя аб’ёмы тавараў, якія патрэбныя людзям», — падкрэсліў губернатар. Пётр Пархомчык таксама звярнуў увагу на кадравае пытанне: знайсці прадаўца ў горадзе, у раённым цэнтры не праблема. А калі гаворка ідзе пра прадаўца аўтакрамы, невялікай крамы ў вёсцы — тады ахвотных менш у тым ліку і з-за заробку. І на гэта трэба звярнуць увагу. 

У старшыні Віцебскага аблвыканкама Аляксандра Субоціна спыталі пра сітуацыю з дзіцячым садком, якую згадваў на нарадзе кіраўнік дзяржавы. Губернатар расказаў, што мясцовыя органы ўлады разам з Міністэрствам адукацыі перыядычна праводзяць аптымізацыю падобных устаноў. Прычыны ў тым ліку і эканамічныя: калі колькасць навучэнцаў або выхаванцаў становіцца зусім невялікай, то ўтрымліваць установу становіцца занадта затратна. Больш эфектыўна арганізаваць падвоз дзяцей у суседнія населеныя пункты. У Віцебскай вобласці сёлета такім чынам былі зачынены 15 садкоў і каля 7 школ. Але ў разлік бярэцца мноства фактараў, абавязкова ўлічваюцца інтарэсы бацькоў і дзяцей. У садку ў аграгарадку Гаршчэўшчына сітуацыя была падобнай. Аднак, акрамя зусім малой колькасці выхаванцаў, сам будынак патрабаваў сур’ёзнага абнаўлення, што патрабуе грошай. Таму было прынята рашэнне арганізаваць падвоз дзяцей у іншы населены пункт. Аднак бацькі гэтаму рашэнню абурыліся і праз той жа TikTok звярнуліся да Прэзідэнта. 

Пасля дадатковага вывучэння пытання па дзіцячым садзе ў аграгарадку Гаршчэўшчына вырашана яго захаваць. «Прэзідэнт патрабуе больш пільна падыходзіць да кожнага выпадку. Бо мы змагаемся за кадравую палітыку на вёсцы, і калі там тыя, хто працуе, нязгодныя з нашым рашэннем, трэба рабіць адступленні і захоўваць. Гэты выпадак паказальны. І дзіцячаму садку ўсё роўна быць. Хоць з гэтай жа вёскі 21 дзіця возяць у суседнюю вёску ў школу. Таму як мінімум сад будзе ў гэтай вёсцы, а школа — у суседняй, каб захаваць гэтыя населеныя пункты», — адзначыў Аляксандр Субоцін.

1.jpg

Галоўная мэта — заслужыць станоўчую ацэнку дзейнасці ад нашага насельніцтва

Старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Інеса Караткевіч заўважыла, што Белкаапсаюз — гэта не толькі гандаль. У яго структуру ўваходзіць прамысловая, нарыхтоўчая дзейнасць, арганізацыя грамадскага харчавання. Гэта міні-сектар эканомікі, які ажыццяўляе сваю дзейнасць на вёсцы. 

«Ёсць вельмі шмат праблем. Гэта і неліквідныя дзеючыя актывы, зношанасць матэрыяльна-тэхнічнай базы, недахоп прафесіянальных кадраў. Мы над усім гэтым працуем. І правільна паставіў задачу кіраўнік дзяржавы, што дадзеную работу трэба актыўней праводзіць з мясцовымі органамі ўлады. Нагрузка павінна размяркоўвацца справядліва», — падкрэсліла Інеса Караткевіч. У сістэме Белкаапсаюза працуе больш за 4 тысячы стацыянарных аб’ектаў, а таксама 482 аўтакрамы, якія абслугоўваюць амаль 13 тысяч населеных пунктаў.

«Белкаапсаюз — гэта і тавараправодная сетка беларускіх вытворцаў, таму што доля айчынных тавараў у абароце перавышае 90 %. Незалежна ад нашай плацежаздольнасці мы заўсёды былі і будзем нацэлены на рэалізацыю тавараў айчыннай вытворчасці», — запэўніла Інеса Караткевіч. Акрамя таго, Белкаапсаюз рэалізуе і прадукцыю ўласнай вытворчасці — у яго структуру ўваходзіць больш за 300 разнастайных магутнасцяў, цэхаў і ўчасткаў, якія, у асноўным нацэлены на рэалізацыю сваёй прадукцыі ва ўласнай гандлёвай сетцы.

«Мы вырашаем праблемы комплексна. Так, у нас у аб’ёме дзейнасці 64 % займае гандаль. Але дадатны фінансавы вынік генерыруюць іншыя галіны, за кошт якіх мы можам кампенсаваць страты», — удакладніла Інеса Караткевіч.

3.jpg

Сёння не стаіць задача аб скарачэнні рознічнага тавараабароту на вёсцы. Ёсць праблема з кадрамі — аўтаматызацыя сыграла сваю ролю — не ўсе прадаўцы гатовыя працаваць з сучаснымі тэхналогіямі і новымі правіламі, таму людзі сыходзяць. «Мы аб’ектыўна атрымалі крытыку. Не паўсюль, але ёсць выпадкі рэалізацыі тавараў з пратэрмінаваным часам прыдатнасці. Гэта недапушчальна. Мы стараемся сачыць, каб такіх фактаў не было. Для гэтага ў нас арганізаваны ўнутрыведамасны кантроль», — адзначыла Інеса Караткевіч. 

«Усе падыходы ўдасканальваюцца. Наша галоўная мэта — заслужыць станоўчую ацэнку дзейнасці ад нашага насельніцтва. Другая мэта — павысіць эфектыўнасць усіх галін. Сёння ўсе на гэта нацэлены. Узмоцнім работу з мясцовымі органамі ўлады ў адносінах да размеркавання абслугоўвання менавіта населеных пунктах з малой колькасцю насельніцтва», — падкрэсліла кіраўнік Белкаапсаюза.

Журналісты пацікавіліся, ці не разглядае Белкаапсаюз магчымасць адкрыцця буйных гандлёвых аб’ектаў у гарадах, як гэта робяць гандлёвыя крамы. Інеса Караткевіч адзначыла, што такая магчымасць ужо страчана. Але Белкаапсаюз шукае новы фармат гандлёвых аб’ектаў і нішы, якія яшчэ можна заняць. У прыклад яна прывяла «Магілёўскі аблкаапкнігагандаль» — унітарнае прадпрыемства, што працуе ў сістэме Белкаапсаюза, і сёння яно паэтапна, з улікам фінансавых магчымасцяў, адкрывае так званыя дыскаўнтары па краіне. Ужо дзве крамы дзейнічаюць у Мінску.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю