Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў Прэзідэнта Ізраіля Іцхака Герцага з Днём Незалежнасці. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Гэта свята з’яўляецца важнай вяхой у лёсе кожнай краіны, атаясамліваецца са станаўленнем дзяржаўнасці і замацаваннем месца на карце свету», — гаворыцца ў віншаванні.
Беларусь і Ізраіль аб’ядноўваюць цесныя гістарычныя сувязі, адзначыў кіраўнік дзяржавы. На беларускай зямлі нарадзіліся і вучыліся многія выдатныя прадстаўнікі яўрэйскага народа, якія садзейнічалі стварэнню сучаснага Ізраіля.
«Беларусь заўсёды была і застаецца прасторай талерантнасці і ўзаемаразумення. Безумоўна, гэтай гасціннай атмасферай даражаць ізраільскія студэнты, якія атрымліваюць адукацыю ў нашых навучальных установах, бізнесмены, якія развіваюць эканамічныя сувязі, паломнікі і шматлікія грамадзяне Ізраіля, якія наведваюць сваякоў», — звярнуў увагу Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў гатоўнасць да актывізацыі двухбаковага палітычнага дыялогу і супрацоўніцтва ў галінах навукі і тэхналогій, інвестыцый, сельскай гаспадаркі, харчовай прамысловасці, медыцыны, фармацэўтыкі, адукацыі і турызму.
«Упэўнены, аднаўленне прамых авіяцыйных зносін стане важкім укладам у павелічэнне дынамікі беларуска-ізраільскіх кантактаў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Добрыя чалавечыя адносіны і агульная гісторыя — гэта трывалы фундамент для далейшага пашырэння двухбаковых сувязей, дадаў Прэзідэнт.
У гэтым годзе адзначаецца 80-годдзе Вялікай Перамогі, і гэта падзея мае асаблівае значэнне для беларусаў і яўрэяў, якія перажылі жахлівыя выпрабаванні і страты ў час Другой сусветнай вайны, разам выстаялі і захавалі ідэнтычнасць. «Без заваяванай тады Перамогі немагчыма ўявіць сучасны свет і існаванне незалежных краін, у тым ліку Беларусі і Ізраіля. Упэўнены, што мы зможам зберагчы памяць сваіх мужных продкаў у імя міру і бяспекі будучых пакаленняў», — падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка пажадаў Іцхаку Герцагу моцнага здароўя і ажыццяўлення планаў, а ўсім жыхарам Ізраіля — мірнага неба над галавой, шчасця і поспехаў.
Фота: БелТА