Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыша з днём нараджэння. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
«Перакананы, што многія дасягненні Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у цяперашніх складаных умовах сталі магчымымі дзякуючы вашаму ўменню арганізаваць працэс перагавораў, аб’яднаць вакол сябе аднадумцаў і неабыякавых людзей. Адметнай рысай Сакратарыята ААН пад вашым кіраўніцтвам з’яўляецца бесперапынны пошук аптымальных рашэнняў па шэрагу вострых праблем сучаснасці», — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што Беларусь высока цэніць асабісты ўклад Антоніу Гутэрыша ў гэту работу і пацвярджае гатоўнасць развіваць міжнароднае супрацоўніцтва з захаваннем прынцыпаў суверэнітэту і неўмяшання ва ўнутраныя справы кожнай дзяржавы.
«Мінск будзе паслядоўна падтрымліваць вашы намаганні і ініцыятывы, накіраваныя на ўрэгуляванне і папярэджанне канфліктаў, паглыбленне ўзаемадзеяння паміж краінамі–членамі ААН у справе пераадолення глабальных выклікаў і пагроз», — падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў Антоніу Гутэрышу добрага здароўя, шчасця і паспяховага ажыццяўлення ўсіх планаў. «Буду рады вітаць вас на гасціннай беларускай зямлі», — адзначыў беларускі лідар.
Фота: ТАСС