Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла з гадавінай інтранізацыі. Аб гэтым паведамляе БелТА.
«Вы з’яўляецеся духоўным лідарам для мільёнаў праваслаўных вернікаў з розных краін, архіпастырскім служэннем і малітвай дапамагаеце людзям умацавацца ў веры і канфесійным адзінстве», — гаворыцца ў віншаванні.
Кіраўнік дзяржавы перакананы, што падзвіжніцкія працы Патрыярха Кірыла будуць і ў далейшым усяляк садзейнічаць высакароднай справе ўмацавання добрасуседскіх адносін паміж двума брацкімі народамі. «Сёння, у эпоху глабальных выклікаў і цяжкіх узрушэнняў, сапраўдная згуртаванасць беларусаў і расіян набывае асаблівае значэнне, становіцца надзейнай апорай», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі пажадаў Патрыярху Кірылу душэўных і цялесных сіл у імя нястомнага служэння Царкве Хрыстовай.