Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка павіншаваў работнікаў і ветэранаў Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з 65-годдзем з дня ўтварэння прыродаахоўнай службы Беларусі. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта.
«Гэта значная дата з’яўляецца не проста вяхой гісторыі, а сімвалам пераемнасці некалькіх пакаленняў, якія прысвяцілі сябе прымнажэнню неацэннага багацця краіны — яе прыродных рэсурсаў», — гаворыцца ў віншаванні.
Прэзідэнт адзначыў, што міністэрства не толькі сфарміравала эфектыўную сістэму аховы прыроды, але і дабілася міжнароднага прызнання беларускай мадэлі прыродакарыстання.
«Нам ёсць чым ганарыцца. Лясы, якія займаюць больш за 40 % тэрыторыі рэспублікі, чыстыя рэкі і азёры, унікальныя балоты і непаўторныя ландшафты — наш нацыянальны здабытак, які патрабуе штодзённага клопату і прафесійнага падыходу», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівыя словы ўдзячнасці кіраўнік дзяржавы адрасаваў ветэранам, якія заклалі падмурак для сённяшніх дасягненняў.
Прэзідэнт перакананы, што і ў далейшым галіна будзе паспяхова вырашаць маштабныя задачы: умацоўваць экалагічную бяспеку дзяржавы, укараняць зялёныя тэхналогіі і захоўваць прыродную спадчыну для будучых пакаленняў.
Кіраўнік дзяржавы пажадаў работнікам і ветэранам міністэрства добрага здароўя, сямейнага дабрабыту і новых здзяйсненняў у імя моцнай і квітнеючай Беларусі. «Няхай ваша праца і надалей служыць прыкладам гармоніі паміж чалавекам і прыродай», — дадаў беларускі лідар.